Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску

арганізацыя

По́льскае тавары́ства «Асве́та» ў Мі́нску, Тавары́ства «Асве́та», альбо «Асве́та» (польск.: Polskie Towarzystwo «Oświata» w Mińsku) — грамадская арганізацыя, якая была заснавана ў 1905 і дзейнічала ў Мінску і на тэрыторыі Мінскай губерні Расійскай імперыі. Да 1907 таварыства дзейнічала ў канспірацыі, у 19071909 — легальна, пазней — зноў у канспірацыі (верагодна, аж да 1917).

Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску
польск.: Polskie Towarzystwo «Oświata» w Mińsku
Краіна
Сядзіба Мінск
Тып арганізацыі асветніцкая
Афіцыйныя мовы польская і руская
Мечыслаў Пароўскі
Заснаванне
Заснаванне 1905
Рэгістрацыя 11 студзеня 1907
Ліквідацыя
Афіцыйнае самаскасаванне 5 снежня 1909
пасля самаскасавання працягвала дзейнасць у канспірацыі да 20 красавіка (3 мая) 1917

Вызначальная роля ў стварэнні і фінансаванні таварыства належала членам самай уплывовай у канцы XIX — пачатку XX ст. грамадскай арганізацыі Мінскай губерні — Мінскаму таварыству сельскай гаспадаркі (МТСГ), якое згрупоўвала ў сваіх шэрагах, галоўным чынам, прадстаўнікоў карэннага каталіцкага і польскамоўнага дваранства губерні, што менаваліся адначасова і як «літоўцы» (ці па-польску — «літвіны»), і як «палякі», лічачы сябе прамымі нашчадкамі шляхты Вялікага Княства Літоўскага. У дзейнасці і развіцці таварыства значную ролю ігралі і жанчыны, што былі блізкімі сваячкамі членам МТСГ.

Задачай «Асветы» было выхаванне жыхароў Мінскай губерні (асабліва дзяцей) у духу «польскасці», каб супрацьстаяць русіфікацыі края, — галоўным чынам праз арганізацыю і падтрымку прыватнай польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі. Таварыства ўхілялася ад палітызацыі сваёй дзейнасці, афіцыйна дэкларуючы толькі асветніцка-культурныя мэты, але само распаўсюджанне польскай мовы і падтрымка каталіцызма выклікалі негатыўную рэакцыю і пераслед з боку афіцыйнай расійскай улады, бо ўваходзілі ў супярэчанне з неафіцыйнай (пасля ўвядзення ў 1905 законаў аб верацярпімасці і свабоды друку на роднай мове) палітыкай урада па русіфікацыі Заходняга края Расійскай імперыі. Гэта стала галоўным повадам самаскасавання таварыства ў 1909 і пераходу яго на нелегальныя ўмовы работы.

Абставіны стварэння правіць

 
Артыкул «Земскі камітэт» аб справах арганізацыі асветы ў Мінскай губерні, газета «Kurier Litewski» (№ 7, 1905 г.)

Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў расійская ўлада пачала актыўную палітыку русіфікацыі паўночна-заходніх губерняў — як беларускамоўнага сялянства, так і мясцовага польскамоўнага і каталіцкага дваранства, аб’яўляючы забарону выкладання і ўжывання польскай мовы ў сферы адукацыі і ў публічных установах, а таксама ўводзячы жорсткія абмежаванні ў адносінах да каталіцкага касцёла. Галоўная роля ў масавай русіфікацыі адводзілася школе, асабліва царкоўна-прыходскай — для сялян. Цэнтрамі супраціўлення русіфікацыі і аправаслаўлення сталі каталіцкія касцёлы і шляхецкія двары, пры якіх пачалі стварацца нелегальныя польскамоўныя школы і рэлігійныя курсы (каталіцызма), асабліва актыўна з 1880-х[1]. Толькі рэвалюцыя 1905—1907 гадоў увяла свабоду веравызнання і выкарыстання нацыянальных моў.

Самай уплывовай грамадскай арганізацыяй Мінскай губерні напярэдадні рэвалюцыі, дзе мясцовае каталіцкае дваранства мела перавагу і вызначальны ўплыў, было Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), якое аб’ядноўвала мясцовых сярэднезаможных і заможных маянткоўцаў і было арганізацыяй гаспадарчага характару, але дзейнасць таварыства ўжо даўно ахоплівала значна больш шырокі спектр інтарэсаў — таварыства мела свае ўласныя ці цесна з ім звязаныя моцныя фінансавыя, гандлёвыя, гуманітарныя (дабрачынныя) і нават навуковыя ўстановы[2]. Лідары МТСГ актыўна супрацоўнічалі з губернскай уладай і мелі на апошнюю пэўны ўплыў. Па-за сферай легальнага ўплыву МТСГ у губерні знаходзілася сфера польскамоўнай адукацыі і рэлігійнага раўнапраўя. З увядзеннем ліберальных свабод лідары МТСГ (Эдвард Вайніловіч, Аляксандр Скірмунт, князь Геранім Друцкі-Любецкі і інш.) пачалі актыўна выступаць за скасаванне ўсіх абмежаванняў у адносінах да католікаў і польскамоўнага навучання. Так, 4 верасня 1905 у Мінску на пасяджэнні губернскага камітэта па справам гаспадаркі гласны Аляксандр Скірмунт (1830—1909)[3] выступіў супраць фінансавання праваслаўных царкоўна-прыходскіх школ за кошт земскіх збораў з грамадзян усіх веравызнанняў; гласны князь Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919) звярнуў увагу, што Дзяржаўны савет Расійскай імперыі прадугледзеў у бюджэце 1903 г. неабавязковасць фінансавання царкоўна-прыходскіх школ з асігнаванняў земскіх збораў; а гласны Эдвард Вайніловіч (1847—1928), віцэ-старшыня (1888—1907) МТСГ, выказаўся, што земскія школы альбо школы міністэрства асветы лепш за царкоўна-прыходскія, бо танней і маюць больш абшырную праграму[4]. Захаванне абмежаванняў і пагрозы абрусення падштурхоўвала лідараў МТСГ да заснавання ўласнай скаардынаванай сістэмы тайнага навучання, каб наглядаць за адасобленымі дагэтуль нелегальнымі школамі пры касцёлах і маёнтках[5].

Расійскія ўлады з 1904 прымалі рашэнні аб магчымасці выкладання ў Заходнім краі польскай мовы ў якасці факультатыўнага прадмета ў школе (за дадатковую плату), аднак на практыцы выкладанне польскай мовы і асноў каталіцызма па-польску сярод моладзі сустракаліся з непрыхаваным супрацьдзеяннем афіцыйных улад. Напрыклад, у Мінску з 1907 была толькі адна мужская рэальная школа, дзе выкладалася польская мова, што не задавальняла патрэбы жадаючых[6]. Акрамя таго, у дзяржаўных школах гісторыя выкладалася з пункту гледжання афіцыйнай ідэалогіі «заходнерусізма», якая сцвярджала, што Паўночна-Заходні край з’яўляецца «існа рускім», «вернутым ад Польшчы» (г.зн. Рэчы Паспалітай), праваслаўнае насельніцтва (у тым ліку дваране) лічылася «рускім народам», адзіным у трох галінах (вялікарусах, маларусах і беларусах), а католікаў края адносіла да «палякаў»[7]. З той прычыны расійскія ўлады не дазвалялі адкрываць беларускамоўныя і ўкраінскамоўныя школы, а мовай навучання ў дзяржаўных школах для беларусаў і ўкраінцаў абвяшчалася і прапаноўвалася толькі руская мова (вялікаруская мова)[8]. Расійская ўлада (з ініцыятывы праваслаўнага духавенства) нават рабіла крокі ўвесці рускую мову ў дадатковае набажэнства ў каталіцкіх касцёлах, калі ў парафіі меліся беларусы-католікі, што грамадскасцю расцэньвалася як чарговы прыкрыты намер моўнай русіфікацыі беларусаў[9].

Заснаванне правіць

У 1905 членамі МТСГ было прынята рашэнне арганізаваць нелегальнае Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску, што было даручана пачаць Мечыславу Пароўскаму, уплывоваму члену Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і блізкаму сябру Эдварда Вайніловіча[10], а таксама Міхаліне Ленскай (1882—1940), якая была блізкай сваячкай Міхала Ленскага — члена Рады МТСГ[11]. Галоўнай задачай таварыства была каардынацыя польскамоўнага тайнага навучання, якое — паводле рапартаў царскай паліцыі — ў Мінскай губерні было шырока распаўсюджана дэгэтуль[12].

Пасля выдання ў сакавіку 1906 расійскім урадам больш ліберальнай уставы аб таварыствах і саюзах, члены МТСГ вырашылі пачаць адкрытую дзейнасць у галіне польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі, што, на іх погляд, магло прынесці большы плён. Так, 11 студзеня 1907 расійскімі ўладамі было афіцыйна зарэгістравана Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску. 12 сакавіка 1907 у Мінску адбыўся сход МТСГ (каля 130 асоб), на якім Эдвард Вайніловіч быў аднагалосна абраны з пасады віцэ-старшыні на пасаду старшыні МТСГ, а таксама вырашаліся пытанні дзейнасці МТСГ[13]. А праз перапынак вечарам у зале Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі адбыўся заснаваўчы сход (каля 300 асоб), дзе прысутнічалі члены МТСГ і іншыя асобы, у тым ліку жанчыны (Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, князь Геранім Друцкі-Любецкі, граф Ежы Чапскі, граф Канстанцін Прушынскі, Міхал Ленскі, Ігнат Віткевіч, Вітальд Ваньковіч, ксёндз Казімір Міхалкевіч і інш.)[14]. Узначальваў сход Мечыслаў Пароўскі. На сходзе прынялі статут арганізацыі і абралі галоўнае кіраўніцтва: старшыня — ксёндз Казімір Міхалкевіч; намеснік старшыні — лекар Ян Офенберг (1867—1953); скарбнік — адвакат Зыгмунт Венцлавовіч, уплывовы член МТСГ — дырэктар Таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання; сакратар — лекар Чэслаў Грабавецкі; члены рады: Ядвіга Кастравіцкая — родная сястра старшыні МТСГ Эдварда Вайніловіча; Міхаліна Ленская; Эдмунд Івашкевіч — уплывовы член МТСГ; К. Главацкая; В. Лапа; Ванда Абрампальская; Т. Паўлікоўская; Станіслаў Корзан, Леў Красоўскі; Занеўская; Вендарф; ксёндз Казімір Букраба; ксёндз Адам Лісоўскі[15]. З 25 сакавіка 1907 у склад Нагляднай рады таварыства ўваходзіў Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939), віцэ-старшыня (1907—1917) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[16][17].

У складзе кіраўніцтва таварыства было шмат жанчын, бо мужчыны былі заняты працай у маёнтках, МТСГ і палітычнай дзейнасці. Акрамя таго, галоўныя лідары МТСГ (у першую чаргу — Эдвард Вайніловіч) былі занятыя рэалізацыяй ідэй ліберальна-кансерватыўнага кірунку «краёвасці» (аўтаномія свайго края ў складзе Расійскай імперыі, скасаванне саслоўных адрозненняў, прававая роўнасць народаў, моў, культур, канфесій і інш.) у парламенцкіх інстытутах Расійскай імперыі, разумеючы, што без ліквідацыі прававой дыскрымінацыі і зняцця розных абмежаванняў у адносінах да розных катэгорый насельніцтва літоўска-беларускіх губерняў цяжка захаваць традыцыйнае культурнае і канфесійнае аблічча свайго края.

Пасля таго як у кастрычніку 1907 ксёндз Казімір Міхалкевіч пакінуў Мінск, паехаўшы ў Вільню[18], на пасаду расійскімі ўладамі быў прызначаны князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (член Рады МТСГ), які займаў пасаду да 1908, пасля чаго пасада старшыні «Асветы» заставалася вакантнай да афіцыйнай ліквідацыі таварыства. Абавязкі старшыні ў 19081909 выконваў тагачасны намеснік старшыні Мечыслаў Пароўскі[19].

Праграма правіць

Мэтай таварыства ставілася «узняцце ўзроўня разумовага і маральнага развіцця ўсіх слаёў польскага грамадства, галоўным жа чынам — распаўсюджанне сярод палякаў асветы на роднай мове»[20]. Акрамя таго, адной з галоўных мэт было супрацьстаянне прымусовай русіфікацыі («змаскавічэнню») праз падтрымку польскай мовы, культуры былой Рэчы Паспалітай і каталіцкай веры, а таксама выхаванне дзяцей у духу «польскага патрыятызму» для рэалізацыі «польскай ідэі»[21]. Прафесар Марыян Здзяхоўскі (1861—1938), ураджэнец бацькоўскага маёнтка Ракаў, вядомы навуковец і ў будучым рэктар (1925—1927) віленскага ўніверсітэта, у сваім рэфераце «Польская ідэя на ўскраінах», чытаным у Вільні ў 1923 у часы Другой Рэчы Паспалітай, казаў, што «польская ідэя» ў літоўска-беларускіх губернях Расійскай імперыі — былых землях Вялікага Княства Літоўскага — была ідэяй адраджэння былой федэрацыйнай Рэчы Паспалітай (саюза Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага), у межах да яе першага падзелу (1772). А стварэнне Другой Рэчы Паспалітай не як федэрацыйнай, а як унітарнай дзяржавы Здзяхоўскі палічыў за крыўду: «Разнастайны этнічна наш край з’яўляецца часткай гістарычнай Літвы, і нас — людзей майго пакалення — выхоўвалі як літоўцаў, вядома, у тым значэнні, у якім быў ім Міцкевіч, калі казаў „Літва, мая айчына“. У дзяцінстве мяне вучылі, разам з гісторыяй Польшчы, таксама і гісторыі Літвы. Дзякуючы гэтаму я лічыў нацыянальнымі героямі не толькі тых, якія будавалі Польшчу, але і таго, хто імкнуўся адарваць Літву ад Польшчы — вялікага князя Вітаўта. Але хто ж тады задумваўся над гэтай непаслядоўнасцю? І калі б мяне сёння запыталі, кім я сябе адчуваю ў глыбіні душы, адказаў бы, што адчуваю сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, непарыўнай уніяй звязанага з Польшчай. Калі я бачу сцяг з Арлом, але без Пагоні, які развіваецца тут з вышыні Замкавай гары, то ўспрымаю гэта як нанесеную мне крыўду»[22][23].

Мечыслаў Пароўскі, падсумоўваючы вынікі 12-гадовай дзейнасці таварыства і аддаючы павагу працы ў ёй жанчынам, падкрэсліў, што стварэннем «Асветы» хацелі падтрымаць «неўміручы польскі дух, які на ўсходніх рубяжах Вялікай Рэчы Паспалітай бараніў яе межы перад маскоўскай прагнасцю і кідаў пасевы заходняй культуры»[24].

 
князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1861—1919)

«Польскасць» ў дзейнасці таварыства разумелася як падтрымка польскай мовы, культуры былой Рэчы Паспалітай і каталіцызма[25], а свядомасць заставалася той, якая была раней, бо лідары МТСГ і іншыя дваране, Мінскай губерні, за кошт якіх і ішло галоўнае фінансаванне арганізацыі, вызначалі сябе і як «літоўцы» (ці па-польску «літвіны»), і як «палякі». Самавызначэнне «літоўцы» («літвіны») зыходзіла ад таго, што карэнныя дваране (заможныя маянткоўцы; збяднелыя, што сталі гарадской інтэлігенцыяй; ці дэкласаваныя ў катэгорыю сялян ці «засцянкоўцаў») былі прамымі нашчадкамі шляхты ВКЛ і лічылі сябе пераемнікамі гісторыі і традыцый ВКЛ, а самавызначэнне «палякі» звязвалася з прыналежнасцю да гісторыі ўсёй «Польшчы» — былой федэрацыйнай Рэчы Паспалітай[26]. Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску дзейнічала інтэнсіўна як раз у 19051909, калі быў самы апагей дамінавання ліберальна-кансерватыўнай плыні «краёвасці», што была ў многім працягам г.зв. «літоўскага сепаратызму» ў Рэчы Паспалітай (калі шляхта ВКЛ супраціўлялася ўсялякім захадам скасаваць унію ВКЛ і Польскага каралеўства і ператварыць Рэч Паспалітую з польска-літоўскай федэрацыі ва ўнітарную і польскую дзяржаву), а таксама спробай супрацьстаяць ператварэнню свайго краю ў звычайную акраіну Расіі ці Польшчы ў цяперашні час[27].

Напрыклад, старшыня Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску князь Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919) быў плённым творцам тэатральных п’ес (асабліва патрыятычнага характару), сярод якіх самую вялікую папулярнасць у літоўска-беларускіх губернях атрымала драма «Так паміралі літоўцы», якую Гелена Ромер-Ахенкоўская так ацаніла: «складанай была драма князя Г. Друцкага-Любецкага, пастаўленая некалькі разоў па прычыне свайго зместу (здабыццё крэпасці і смерць на вогнішчы незалежных літоўцаў)[28], але не прадстаўляла мастацкай вартасці»[29][30]. Самавызначэнне «беларусы» было непапулярным сярод многіх карэнных каталіцкіх дваран Беларусі, што азначала б факт абрусення, бо ў Расійскай імперыі «беларусы» (галоўным чынам, сялянскае праваслаўнае насельніцтва края) паводле афіцыйнай расійскай ідэалогіі і навукі лічыліся за складовую частку «рускага народа», адзінага ў трох галінах («вялікарусах», «беларусах» і «маларусах»)[31].

Беларускі гісторык Алесь Смалянчук, апісваючы сітуацыю ў «Краёвага кола Літвы і Русі», дэпутатам якой быў князь Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919), адзначае, што граф Юзаф Патоцкі прызнаваў існаванне супярэчнасцяў і з раздражненнем заўважыў пра дэпутатаў «Краёвага кола Літвы і Русі»: «Я заўсёды выказваюся як паляк, а некаторыя іншым разам выступаюць як беларусы». Алесь Смалянчук таксама дадае, што ў польскамоўнай газеце «Дзеннік Кіёўскі» у 1906 г. быў апублікаваны ананімны ліст «грамадзяніна Забранага краю П. В.», дзе аўтар быў абураны паводзінамі польскіх дэпутатаў ад Мінскай губерні, якія нібыта публічна прызналі, што з’яўляюцца «тутэйшымі», а таксама «беларусамі польскай культуры», а ў якасці гэтых «здраднікаў» фігуравалі дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» ад Мінскай губерні — князь Геранім Друцкі-Любецкі, Віктар Янчэўскі, Раман Скірмунт і Пётр Масоніус[32]. У ананімным лісце сцвярджалася існаванне ў «Краёвым коле Літвы і Русі» двух дэпутатцкіх груповак, якія змагаюцца паміж сабой — пры гэтым дэпутаты-«беларусы» нібыта абзываюць дэпутатаў апанентаў «ляхамі» і г.д. Беларускі гісторык Алесь Смалянчук заўважае, што «ляхамі» аказаліся якраз дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» з украінскіх губерняў («паўднёва-заходніх губерняў»), у т.л. дэпутат граф Юзаф Патоцкі[32].

Для дасягнення адукацыйных і выхаваўчых мэт планавалася засноўваць і ўтрымліваць прытулкі, школы розных тыпаў, чытальні, бібліятэкі, курсы ліквідацыі непісьменнасці для дарослых; выдаваць падручнікі і перыёдыку на польскай мове, прадстаўляць моладзі стыпендыі для атрымання адукацыі; апрацоўваць дадзеныя аб стане і патрэбах школьнай сістэмы[33]. На практыцы план стварэння польскамоўных школ не рэалізаваўся, бо для адкрыцця кожнай школы быў патрэбны новы дазвол расійскай улады. За ўвесь перыяд легальнай дзейнасці таварыства ўлады не далі ні аднаго дазволу адчыніць польскамоўную школу на тэрыторыі Мінскай губерні і на іншых зямлях былой Рэчы Паспалітай на ўсход ад Мінска[34].

Польскамоўнае і каталіцкае насельніцтва Мінскай губерні правіць

У ходзе Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі (1897)  (руск.), не праводзілася апытанне насельніцтва аб этнічнай прыналежнасці асобы (ці як казалі ў тыя часы па-руску — «народности»), а толькі аб роднай (ужыванай) мове і веравызнанні. Дакладнасць вынікаў перапіса аспрэчваецца, але іншай усеахопнай статыстычнай інфармацыі няма. Так, перапіс паказаў, што ў Мінскай губерні польскую мову ўказалі роднай 64 617 чалавек (3 % ад усяго насельніцтва губерні)[1], а ў Мінску — 10 369 чалавек (11,4 % ад усяго насельніцтва горада)[2]. Да рымска-каталіцкай канфесіі ў Мінскай губерні належала 217 959 чалавек (10,14 % ад усяго насельніцтва губерні)[3].

Чарговы перапіс насельніцтва Міншчыны (з-за баявых дзеянняў у час Першай сусветнай вайны) быў праведзены толькі ў 1919 Грамадзянскай управай усходніх зямель (часовай польскай грамадзянскай адміністрацыяй на літоўска-беларускіх землях, не інкарпараваных у склад Польшчы, а занятых у 19191920 польскім войскам), паказаў, што на тэрыторыі Мінскай акругі колькасць палякаў складала 159 706 чалавек (14,6 % ад усяго насельніцтва акругі), а ў Мінску — 18 713 чалавек (18,3 % ад усяго насельніцтва горада)[35][36]. Польскай адміністрацыяй крытэрыем прыналежнасці да палякаў было выбрана каталіцкае веравызнанне[37].

Структура і дзейнасць правіць

 
Члены рады і настаўніцы Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску[38], фота 1907—1908 гг.

Паводле статуту дзейнасць таварыства распаўсюджвалася на Мінск і ўсю Мінскую губерню. Таварыства мела галоўную сядзібу ў Мінску і пяць філіялаў (адзяленняў) у Мінскай губерні: у Мазыры, Пінску (кіраваў філіялам Ежы Асмалоўскі), Уздзе, Наваградку і Ракаве (кіраваў фліліялам Казімір Здзяхоўскі). Просьбы аб адкрыцці дадатковых аддзяленняў Польскага таварыства «Асвета» ў іншых гарадах сустракалі адмовы ў мясцовых павятовых улад, якім з Мінска ад губернскай адміністрацыі высылаліся цыркуляры «няўхільна адмаўляць у рэгістрацыі іншародцкіх таварыстваў»[39]. Многія структурныя аддзелы таварыства (пачатковае навучанне, настаўніцкая семінарыя, дзіцячыя летнікі, лекцыя, бібліятэка) узніклі тайна яшчэ ў 1905[40].

Таварыства падзялялася на секцыі, якія займаліся рознымі галінамі дзейнасці: пачатковае навучанне, адукацыя непісьменных дарослых, настаўніцкая семінарыя, дзіцячыя летнікі, лекцыя, бібліятэка, чытальня, фінансаванне асветы[41].

  • Секцыя пачатковага навучання — займалася навучаннем дзяцей на тайных занятках. Дзейнасць з’яўлялася нелегальнай. Вучоба дзяцей мела скаардынаваны характар і адбывалася на аснове аднолькавай дыдактычнай праграмы. З улікам умоў канспірацыі, яе дакладны маштаб невядомы. Паводле Мечыслава Пароўскага, толькі ў Мінску адначасова вучылася ў 32 групах каля 500 дзяцей, а цалкам у 1909 (на момант афіцыйнага закрыцця таварыства) колькасць дзяцей, якія вучыліся ў школках налічвала 7—8 тысяч. Секцыяй кіравалі адныя жанчыны — Станіслава Сільвестровіч, Фялінская, Страневіч і Баброўская. Галоўная ўвага надавалася польская мове і рэлігіі, але выкладаліся і іншыя прадметы. У пачатковым перыядзе існавання таварыства, гэтая праца была не вельмі інтэнсіўнай і пераследавалася расійскімі ўладамі. У 1911 годзе, ва ўмовах ўзросту эфектыўнасці дзейнасці паліцыі, колькасць вучняў зменшылася, напрыклад у Мінску прыблізна да 400[42].
  • Секцыя адукацыі непісьменных дарослых — навучала вечарам непісьменных дарослых чытанню і пісьму. У Мінску ў ёй навучаліся 180 асоб, у асноўным рамеснікі, якія яшчэ і далучаліся ў грамадскую працу ў таварыстве. Секцыяй кіравалі жанчыны — Чарнеўская, Легатовіч, Дуброўская, а таксама Славінскі і доктар Чэслаў Грабавецкі[43].
  • Секцыя настаўніцкай семінарыі — займалася падрыхтоўкай настаўніц на хуткіх моўных курсах да працы ў польскамоўных школах. Ад пачатку да канца існавання яна дзейнічала нелегальна. Кіравалі ёй Міхаліна Ленская і Ганна Чакатоўская. Спачатку гэта былі адкрытыя ў снежні 1905 шасцімесячныя курсы для «народных настаўніц». Неўзабаве яны атрымалі падтрымку з боку таварыства і паступова ператварыліся ў настаўніцкую семінарыю. У семінарыі былі створаны два аддзяленні: вышэйшае, сканчэнне якога давала званне «народнай настаўніцы»; і ніжэйшае, выпускніцы якога атрымлівалі назву «людуўка» («сяляніца»). Гэтая дзейнасць мела вялікае значэнне, таму што пашырэнне асветніцкай працы прывяло да ўзросту запатрабаванасці «народных настаўніц». Адчуваўся недахоп кандыдатаў з адпаведнай кваліфікацыяй, асабліва ў плане добрага ведання польскай мовы. На настаўніцкіх курсах выкладалі польскую мову і літаратуру, гісторыю «Польшчы» (г.зн. Рэчы Паспалітай), каталіцкую рэлігію, а таксама прыродазнаўства, арыфметыку, спевы, дзяцячыя гульні, педагогіку і методыку. Выкладалася таксама беларуская і руская мова. Вучні знаёміліся таксама з навінкамі беларускамоўных кніг[44]. Мінскі маянтковец і мемуарыст Міхал Крыспін Паўлікоўскі напісаў у сваіх мемуарах аб стаўленні дваран Беларусі да беларускай мовы ў канцы XIX — пачатку ХХ ст.: «Маёнтак быў, як правіла, прыхільны да беларушчыны. З селянінам размаўлялі па-беларуску. Правільная і беглая беларуская гаворка была як бы своеасаблівым стылем. Заахвочванне беларускай мовы, фальклору і звычаю і клопат пра іх лічыліся адзіным плённым, і прытым легальным, спосабам змагання з русіфікацыяй»[45].
 
Ядвіга Адамаўна Кастравіцкая (1867—1935)
  • Секцыя гутарак і публічных лекцый — займалася арганізацыяй чытанняў і папулярных дыскусій. Дзейнасць пачала 29 красавіка 1907 года. Кіраваў ёю Ян Офенберг, актыўны ўдзел бралі правінцыйныя колы «Асветы». У Мінску галоўным месцам яе сустрэч была самавя вялікая ў горадзе зала «Парыж», дзе збіралася да 1000 чалавек. Найчасцей прамаўлялі князь Геранім Друцкі-Любецкі, граф Канстанцін Прушынскі, Аляксандр Яноўскі і інш.[46] Напрыклад, у Пінску аддзяленне займалася толькі арганізацыяй лекцый па польскай літаратуры і слоўніцтву, што, паводле рапарту павятовай паліцыі, «выклікала ўзрост польскай нацыянальнай свядомасці». Мерапрыемствы, арганізаваныя секцыяй выкладання, выклікалі вялікую зацікаўленасць з боку слухачоў[47].
  • Секцыя бібліятэк і пракату кніг — была створана пасля дазволу расійскіх уладаў 22 снежня 1907 стварыць «польскую» бібліятэку. Бібліятэка імя Адама Міцкевіча была афіцыйна адкрыта 4 мая 1908 і знаходзілася ў плябаніі касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску[48]. Спачатку мела 700 кніг, з якіх большасцю былі падарункам графа Юзафа Тышкевіча з Лагойску, астатнія былі набытыя ў кнігарні Вацлава Макоўскага. У 1915 Ядвіга Кастравіцкая перадала бібліятэцы шмат кніг з маёнтка Савічы. Бібліятэкай найчасцей загадваў Чэслаў Грабавецкі. Расійскія ўлады, хоць і дазволілі адчыніць гэтую ўстанову, несупынна адмаўлялі ў просьбах з боку правінцыйных аддзяленняў таварыства на адкрыццё сваіх бібліятэк. Напрыклад, 14 кастрычніка 1908 яны далі такую адмову на просьбу аддзялення таварыства «Асвета» ў Пінску[49].
  • Секцыя дзіцячых летнікаў — была створаная для самых бедных дзяцей з гарадоў, напрыклад з Мінску. Секцыяй кіравалі жанчыны — Ядвіга Кастравіцкая, Станіслава Сільвестровіч і Баброўская. Летнікі арганізоўваліся пры дваранскіх маёнтках, у тым ліку: у Савічах — Вайніловічаў, Устроні — Прушынскіх, Начы — Чарноцкіх, Ігнатычах — Ельскіх, Грошаве — Рэйтанаў. Іх мэтай было псіхічнае і фізічнае развіццё дзяцей, адпачынак на прыродзе[50].
  • Секцыя фінансаў — займалася зборам сродкаў на дзейнасць таварыства і асветніцкую працу. Сярод сяброў збіралася ўнёскі, якія аднак былі няздольныя задавальніць патрэбы. Фінансаванне таварыства заўсёды было праблематычным і часта «трымалася на пазыках і надзеях». Каб здабыць дадатковыя крыніцы фінансавання, арганізоўваліся канцэрты, лекцыі, штогадовыя «паненскія балі». «Асвету» падтрымлівалі таксама мецэнаты. Значныя гранты на яе дзейнасць перадалі: ксёндз Казімір Міхалкевіч, Вільгельм Ельскі, Марыян Абязерскі і граф Канстанцін Прушынскі з Устроні. Дакладных звестак пра фінансаванне таварыства няма. Хоць таварыства публікавала звесткі пра свой бюджэт, у тым ліку пра выдаткі, аднак заяўляныя сумы часта былі несапраўднымі, бо кіраўніцтва хавала інфармацыі аб сродках, якія вылучаліся членамі таварыства і мецэнатамі[51].

Члены таварыства падзяляліся на ганаровых, дзейных і звычайных. Членскі ўзнос у касу таварыства складаў 6 рублёў штогадова, што ў сукупнасці было невялікай сумай. Большасць членаў належала да катэгорыі гараджан і малазаможнага дваранства, але актыўную і галоўную ролю спаўняла невялікая колькасць чалавек[48]. Таварыства моцна залежала ад пазачленскіх узносаў.

Праект газеты «Pogoń» правіць

17 кастрычніка 1907 года таварыства «Асвета» прэзентавала праект выдання ў Мінску польскамоўнай газеты пад сімвалічнай назвай «Pogoń» («Пагоня») — ад назвы герба «Пагоня», што быў гербам Вялікага Княства Літоўскага. Планавалася, што гэта павінен быў быць штотыднёвік, які б у першую чаргу публікаваў артыкулы рэлігійна-маральнай тэматыкі, а таксама артыкулы аб гісторыі, грамадскіх і палітычных падзеях, літаратурнага і спецыялізаванага характару. Маючы падтрымку ад таварыства, просьбу даць дазвол на яго выданне накіраваў афіцыйным уладам паляк Уладзімеж Дваржачак[52] — кіраўнік мінскага аддзела газеты «Kurier Litewski», галоўнай газеты «краёўцаў»-кансерватараў[53]. 18 студзеня 1908 года расійскія ўлады далі станоўчы адказ. Ідэя выклікала вялікую зацікаўленасць: наконт характару будучай газеты ладзіліся абмеркаванні і дыскусіі, у тым ліку ў польскамоўнай прэсе ў Вільні. Ішлі спрэчкі, ці павінна газета «Pogoń» быць штодзённікам альбо штотыднёвікам. Канчаткова аднак ідэя выдання газеты не была здзейснена, бо не ўдалося атрымаць 4000 падпісчыкаў, што б дазволіла акупіць выданне газеты. Звычайна стварэнне новых польскамоўных перыядычных выданняў і іх актывізацыя ў Мінску ініцыявалася ў час сходаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, калі з’язджаліся заможныя ўласнікі, што маглі выдаткаваць грошы[54].

Умовы працы настаўніц правіць

Да працы ў нелегальныя школы накіроўваліся як выпускніцы настаўніцкай семінарыі таварыства «Асвета», так і непадрыхтаваныя спецыяльна асобы, у тым ліку мужчыны. Умовы працы былі цяжкімі. Настаўніцы і настаўнікі атрымлівалі невялікую зарплату, якой ледзь хапала на пражытак, у дадатак яна не выплочвалася ў перыяд вакацыяў. Асаблівую праблему гэта рабіла на вёсцы, дзе з улікам працы ў сельскай гаспадарцы школьны год трываў з 1 кастрычніка па 1 красавіка, а часам яшчэ карацей. Часта галоўным фактарам, які вырашаў лёс далейшай асветніцкай працы была «удзячнаць і прывязанасць дзяцей»[55].

Стаўленне з боку насельніцтва правіць

Тайныя школы для дзяцей ініцыянаваліся дваранамі-каталікамі і арганізоўваліся таварыствам у першую чаргу для дзяцей мяшчан і асабліва сялян каталіцкага веравызнання. Стаўленне сялян-каталікоў Мінскай губерні да асветніцкай дзейнасці таварыства звычайна было прыхільным. Бацькі ахвотна адпраўлялі сваіх дзяцей на вучобу ў тайныя школы, нягледзячы на тое, што ў выпадку раскрыцця дзейнасці школы паліцыяй, ім пагражала пакаранне. На вёсцы лічылася, што гэтыя школы даюць значна большы аб’ём ведаў, чым царкоўна-прыходскія ці свецкія ўрадавыя (на рускай мове), таму бацькі праваслаўнага веравызнання таксама хацелі аддаць сваіх дзяцей у тайныя школы. Аднак дзеці праваслаўнага веравызнання прымаліся ў школы зрэдку — у тактычных мэтах (каб у выніку выкрыцця тайнай школы не было асабліва жорсткіх рэпрэсій з боку ўлады), бо праваслаўнае святарства заўсёды рэзка негатыўна рэагавала на выпадкі навучання праваслаўных дзяцей[56].

Звычайна тайныя школы на вёсцы знаходзіліся пад патранажам жанчын-землеўласніц каталіцкага веравызнання і мясцовых ксяндзоў[56]. Здараліся выпадкі даносаў уладам на «народных настаўніц». Часам іх рабілі нават ксяндзы і маянткоўцы-каталікі, якія традыцыйна асацыяваліся на гэтых землях з польскасцю. Верагодна, што імі кіраваў страх рэпрэсій альбо нежаданне асветы ніжэйшых сацыяльных слаёў як шкоднае для іх інтарэсаў. Аднак гэта былі адзінкавыя выпадкі. Здаралася таксама, што сяляне тлумачылі адпраўку сваіх дзяцей у школы таму, што «так хацеў пан»[55].

Супраць пашырэння польскамоўнай і каталіцкай адукацыі пратэставалі некаторыя расійскія арганізацыі, у тым ліку «чарнасоценцы». 2831 жніўня 1908 у Мінску адбыўся сход «праваслаўнага брацтва», які прапанаваў зрабіць больш жорсткімі законы ў справе пакарання за сакрэтнае навучанне. Негатыўныя каментарыі з’яўляліся таксама ў расійскай прэсе[57].

Стаўленне з боку польскіх «эндэкаў» правіць

Віленскія прыхільнікі Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі (т.зв. «эндэкаў»), што былі галоўнымі супернікамі і праціўнікамі «краёўцаў», негатыўна савіліся да азнаямлення вучняў з навінкамі беларускамоўнай літаратуры і навучання беларускай мовы ў школах Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску побач з рускай і польскай мовамі. Ананімны аўтар пад крыптанімам «Z» у калонцы пра навіны з Мінска ў галоўнай газеце віленскіх «эндэкаў» у літоўска-беларускіх губернях «Dziennik Wileński», не прыводзячы доказы, напісаў, што настаўніц, якія выказвалі думку, што школы не павінны мець рэлігійны (каталіцкі) характар або выкладанне ў іх варта весці толькі на беларускай мове, звальняліся з працы[58][59].

Стаўленне з боку расійскай ўлады правіць

Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску ад заснавання да афіцыйнай рэгістрацыі ў 1907 вяло сваю дзейнасць у падполлі і нелегальна. Яшчэ з 1905 таварыства знаходзілася пад пільным наглядам расійскай улады, якая рабіла пераслед арганізацыі, але не вельмі інтэнсіўна. Легалізацыя ў 1907 дзейнасці таварыства не значыла, што яго праца была цалкам простай. Праводзіліся несупынныя і падрабязныя праверкі, падчас якіх шукаліся парушэнні статуту, што дало б падставу для закрыцця таварыства. Улады лічылі, што такая дзейнасць ідзе «насуперак з асноўнымі задачамі рускай дзяржаўнай палітыкі ў краі», бо з’яўляецца перашкодай да «стварэння нацыянальна-палітычнага адзінства ў мэтах асімілявання рускай народнасцю <…> польскага элемента», таму рознымі спосабамі стваралі цяжкасці ў дзейнасці «Асветы» і іншых падобных арганізацый ў Заходнім краі Расійскай імперыі[39]. Па гэтай прычыне праваслаўная царква негатыўна глядзела на існаванне тайных «польскіх» школ. Хоць у статуце таварыства было ўказана, што арганізацыя не ставіць перад сабой палітычных мэт, расійскі ўрад вырашыў, што «сілаю абставін і нават міжволі сваіх заснавальнікаў [таварыства] непазбежна стане на слізкі шлях вузка-нацыянальнай палітычнай дзейнасці»[39]. Самай шкоднай урад лічыў дзейнасць таварыства на вёсцы, бо з-за адлегласці ад Мінска і павятовых цэнтраў і слабаразвітой сеткі ўрадавых і царкоўна-прыходскіх школ кантраляваць установы «Асветы» было цяжка[39].

З 1908 у Расійскай імперыі рэакцыйная палітыка ўрада, пасля завяршэння агульнарасійскай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, пачала няўхільна пашырыцца амаль ва ўсіх сферах жыцця дзяржавы. З 1909 пачалося ўзмацненне барацьбы супраць польскамоўнага нелегальнага навучання. Повадаў для закрыцця таварыства знаходзілася шмат, бо «Асвета» арганізоўвала тайныя школы без дазволу ўлад, мелі месца выпадкі прыцягнення да судовай адказнасці за такую дзейнасць[39]. У верасні 1909 у Мінску адбылася беспрэцэдэнтая рэвізія ўсіх дакументаў таварыства, але нічога нелегальнага не было знойдзена[60].

Афіцыйнае самаскасаванне і пераход на нелегальную дзейнасць (1909) правіць

У снежні 1909 мінскі губернатар палічыў, што дзейнасць таварыства з’яўляецца «шкоднай для рускай дзяржаўнасці»[61]. Неўзабаве начальнік паліцыі Мазырскага павета выдаў рапарт, у якім заявіў, што мясцовае аддзяленне таварыства «Асвета» нелегальна трымае там 5 школ. Школы не былі выяўлены, таму падставай для закрыцця таварыства сталі знойдзеныя ў мазырскім аддзяленні дакументы таварыства «Асвета» на польскай мове, бо таварыства павінна было весці сваю дакументацыю на рускай мове[61].

5 снежня 1909 Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску было афіцыйна самаскасавана на агульным сходзе і перайшло зноў на нелегальную дзейнасць, якая з рознымі поспехамі працягвалася аж да 1917. Прычым галоўная роля ў практычнай дзейнасці належала жанчынам, многія з якіх арыштоўваліся і прыцягваліся да судовай адказнасці (5—10 сутак арышту ці 5—10 рублёў штрафу)[62]. Раней былі скасаваны і перайшлі на нелегальную работу падобныя арганізацыі ў Кіеве і Вільні[63].

Работа на нелегальнай аснове (1909—1917) правіць

 
Касцёл Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску. На першым плане драўляны дом-плябанія, дзе з 4 мая 1908 знаходзілася бібліятэка імя Адама Міцкевіча Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску. Фота раней 1917 г.

Каб зменшыць верагоднасць раскрыцця тайных школ, у 1911 кіраўніцтва «Асветы» пастанавіла, каб яны налічвалі не больш за 4 дзяцей кожная[60]. Гэта значна абмежавала колькасць вучняў, аднак разам з тым мацней уцягнула ў польскамоўную асвету гараджан Мінска. Напрыклад, у кастрычніку 1911 паліцыя атрымала даносы пра тое, што Мечыслаў Пароўскі разам з ксяндзом Казімірам Букрабам арганізуюць цэнтры нелегальнай польскамоўнай адукацыі ў Мінску. Таварыства кожны год арганізоўвала нелегальныя сходы сваіх настаўніц, дзе чыталіся рэфераты, рабіліся дыскусіі, абмен вопытам і г.д. Настаўніцы мелі свае касы ўзаемадапамогі на выпадак хваробы ці няздольнасці працаваць[64]. Пасля пераходу таварыства на нелегальны, канспіратыўны характар дзейнасці ўзрастала колькасць тайных школ, але сукупная колькасць вучняў у іх змяншалася[65].

Нелегальныя школы працавалі бясплатна, хоць імкнуліся ўвесці прынцып выплаты па 20 капеек з вучня штомесяц, аднак галоўнае фінансаванне зыходзіла ад штогадовых складак з боку членаў таварыства. На карысць школ таксама паступалі прыбыткі ад арганізацыі канцэртаў і «паненскіх баляў»[66].

З пачаткам Першай сусветнай вайны пераслед тайных школ трошкі зменшыўся, бо ўлады былі заняты ваеннымі праблемамі, аднак адначасова спадала зацікаўленнасць людзей удзельнічаць у нелегальнай польскамоўнай адукацыі і памяншаліся ахвяраванні з-за цяжкасцей ваеннага часу[66]. Адначасова ў Мінск і Мінскую губерню прыбывалі ссыльныя і шмат бежанцаў з польскіх губерняў (да 100 тысяч чалавек[67]), занятых нямецкімі войскамі. Былі створаны Цэнтральны грамадзянскі камітэт і Польскае таварыства дапамогі ахвярам вайны, якія арганізавалі для гэтых польскіх бежанцаў асобную сетку школ, да якіх пераходзілі некаторыя настаўніцы з «Асветы», бо там аплата працы была больш высокай[66]. Фінансаванне гэтых школ зыходзіла ад польскіх эмігранцкіх арганізацый, самаападаткавання і ахвяраванняў польскіх бежанцаў[68].

Пераемніца таварыства правіць

 
Картка Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу 1917 года, дзе старшыня (1907—1908) Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску князь Геранім Друцкі-Любецкі ўласна пазначыў сваю нацыянальнасць як «беларус».

Непасрэднай пераемніцай Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску стала Польская школьная маціца Мінскай зямлі, якая была ўрачыста заснавана ў дзень ўгодак Канстытуцыі 3 мая 1791 года ўплывовымі членамі МТСГ 20 красавіка (3 мая) 1917 у Мінску падчас арганізацыйнага сходу ў залі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[66]. На пасаду старшыні «маціцы» быў абраны Мечыслаў Пароўскі, а з 15 лютага 1918 яго месца заняў Канстанцін Рдултоўскі (1880—1953), уплывовы член МТСГ[69].

Пасля няўдачы рэалізаваць ідэю «краёўцаў» аб адзінстве ўсіх літоўска-беларускіх губерняў і звяржэння расійскага самаўладдзя ў лютым 1917, лідары МТСГ, якім была падначалена Польская маціца Мінскай зямлі — пераемніца Польскага таварыства «Асвета», узялі арыенцір на палітычную суб’ектнасць Беларусі, праявілі сябе патрыётамі Беларусі і выказваліся супраць інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы, дапускаючы толькі дзяржаўны саюз з ёй[70]. У Мінску, які падпарадкоўваўся тады ўладзе Часовага ўрада Расіі на чале з князем Георгіем Львовым, Мечыслаў Пароўскі 2 красавіка 1917 г. выступіў у гарадской думе з патрабаваннем увядзення школьніцтва на беларускай мове, якога афіцыйна не было ў Расійскай Імперыі, і выказаўся, што беларусы маюць права адрадзіць сваё пісьменства, якім шырока карысталіся яшчэ ў XVI ст.[71] Акрамя таго, Польская маціца Мінскай зямлі планавала ліквідаваць ці падпарадкаваць сабе сетку часовых польскіх школ, што былі створаны ў Мінскай губерні арганізацыямі бежанцаў з польскіх губерняў. А сярод тых польскіх бежанцаў вызначальны ўплыў мелі польскія «эндэкі», якія выказваліся супраць палітычнай суб’ектнасці Беларусі і за інкарпарацыю Беларусі (ці яе часткі) у склад польскай дзяржавы ў статусе звычайных польскіх зямель з далейшай паланізацыяй мясцовых жыхароў[72].

Рознасць поглядаў на лёс і статус беларускіх зямель прывялі да канфлікту бакоў (лідараў МТСГ і лідараў польскіх бежанцаў) у складзе Польскай рады Мінскай зямлі, які завершыўся ў канечным выніку перамогай лідараў МТСГ у той арганізацыі, насаджэннем у шэрагах «польскай рады» ідэі палітычный суб’ектнасці Беларусі і заняццем у канцы 1917 — пачатку 1918 членам МТСГ Эдмундам Івашкевічам пасады кіраўніка адукацыйнага аддзела Польскай рады Мінскай зямлі, які загадваў сеткай школ для польскіх бежанцаў, хоць дзве сеткі польскамоўных школ у Мінскай губерні не былі аб’яднаны арганізацыйна[73][74]. Пазней, у 1927 лідар МТСГ Эдвард Вайніловіч выказваўся, што паланізаванасць карэннага каталіцкага дваранства беларускіх зямель мела павярхоўны характар (беларуская мова не забывалася), а таксама, што пасля «адарвання» Беларусі ад Расіі і стварэння беларускай дзяржавы магчыма адмова ад тагачаснай павяхоўнай паланізаванасці мясцовага дваранства і інтэлігенцыі і вяртанне да пастаяннага выкарыстання беларускай мовы[75][76].

Ацэнка дзейнасці правіць

У многім тайны, канспіратыўны характар дзейнасці Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску, што прывяло да адсутнасці поўнай інфармацыі аб маштабе дзейнасці арганізацыі, фінансаванні і колькасці вучняў, этнічным і канфесійным складзе, не дае магчымасці поўнасцю аб’ектыўна ацаніць вынікі дзейнасці таварыства, а таксама прывесці статыстычныя паказчыкі (напрыклад, дынаміку ліквідацыі непісьменнасці, якасць выкладання і г.д.).

Польскі гісторык Дарыуш Тарасюк, імкнучыся вызначыць колькасць прадстаўнікоў польскага этнасу ў Беларусі ў той перыяд, лічыць, што галоўным крытэрыем польскасці з’яўляецца веравызнанне, у прыватнасці — прыналежнасць асобы да каталіцызма, што, на думку гісторыка, у большасці выпадкаў уплывала на зацікаўленасць асобы да польскамоўнай адукацыі і звязвалася з польскасцю[77]. Тарасюк характарызуе дзейнасць «Асветы» як арганізацыі, дзе дзейнічалі палякі для мэт польскай адукацыі, польскай культуры і польскага патрыятызма, а тэрмін «літоўцы» ў сваіх даследаваннях ужывае толькі ў адносінах да балтамоўных сялян Ковенскай і Віленскай губерняў[78]. На яго думку, вынік дзейнасці тайнай польскай асветы быў меншым, чым чакалася арганізатарамі[79].

Беларускі гісторык Аляксандр Смалянчук адзначае, што для карэннага каталіцкага дваранства Літвы і Беларусі ў той перыяд яшчэ было характэрным вызначаць сябе і як «літоўцы» («літвіны»), і як «палякі». Ён адхіляе меркаванне, што каталіцкае веравызнанне было крытэрыем прыналежнасці да польскага этнасу, бо ў касцёле традыцыйна панавала польская мова набажэнстваў, што лагічна і выклікала зацікаўленасць вернікаў да польскай мовы. Смалянчук сцвярджае, што слова «паляк» не мела этнічнага зместу, а было палітонімам (звязвалася з ідэяй адраджэння федэрацыйнай Рэчы Паспалітай). На яго думку, толькі пасля распада Расійскай імперыі ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917) і грамадзянскай вайны ў Расіі «палякі» літоўска-беларускіх губерняў, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад Другой Рэчы Паспалітай па выніках Рыжскага мірнага дагавора, пачалі ўцягвацца ў працэс фармавання сучаснай польскай нацыі, а слова «паляк» пачало набываць у Літве і Беларусі этнічны змест[80]. Смалянчук так сцвярджае пра нацыянальную свядомасць т.зв. «палякаў» («польскай грамадскасці») Літвы і Беларусі ў часы Расійскай імперыі: «Відавочна, што нацыянальная свядомасць гэтых колаў краёвай грамадскасці трымалася не на культурнай і моўнай ідэнтыфікацыі, а на ўсведамленні свайго паходжання і сваёй сувязі з мінуўшчынай і сучаснасцю гістарычнай Літвы»[81][82]. Смалянчук характарызуе дзеянні таварыства «Асвета» як «польскамоўную адукацыю», а таксама як яшчэ адзін эпізод канфлікту паміж «заходняй» і «праваслаўнай цывілізацыяй» у барацьбе за культурнае дамінаванне ў Беларусі[83].

Старшыні таварыства правіць

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

  1. Łęska, M. Działalność popowstaniowa… С. 39—40; Porowski, M. Praca społeczna… С. 3—4.
  2. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 75—78; Мельнікаў, І. Польская гістарыяграфія дзейнасці Мінскага сельскагаспадарчага таварыства Архівавана 28 сакавіка 2016..
  3. Бацька Рамана Аляксандравіча Скірмунта (1868—1939) — члена Нагляднай рады Польскага таварыства «Асвета» у Мінску.
  4. X. Komitet Ziemski / X. // Kuryer Litewski. — 1905. — № 7. — С. 3.
  5. Porowski, M. Praca społeczna… С. 3—4.
  6. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 30—33.
  7. Самбук, С. М. Политика царизма… С. 13—14; Западные окраины… С. 209—252, 343—353, 361—378.
  8. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 222—223, 273—274.
  9. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 273.
  10. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 69.
  11. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 259—260; Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909… С. 148.
  12. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 33.
  13. Ż.A. Listy z Białejrusi. Mińsk, 12 marca (I) / A.Ż. // Kuryer Litewski. — 1907. — № 60. — С. 2.
  14. Ż.A. Listy z Białejrusi. Mińsk, 12 marca (II) / A.Ż. // Kuryer Litewski. — 1907. — № 60. — С. 3.
  15. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 260; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 34; Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909… С. 148.
  16. Brzoza, Cz. Skirmunt Roman… С. 185.
  17. У тыя часы Раман Скірмунт разам са сваім сябрам Ежы Асмалоўскім (1872—1952), які таксама паходзіў з Пінскага павета і быў адным з блізкіх сябраў князя Гераніма Друцкага-Любецкага, фінансава падтрымліваў «Нашу Ніву» — галоўную газету беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руха. Гл.: Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 208.
  18. Прычынай пераезду Міхалкевіча ў Вільню было тое, што пасля высылкі ў кастрычніку 1907 г. віленскага біскупа Эдварда Ропа, мінскі дэкан Казімір Міхалкевіч пачаў выконваць абавязкі адміністратара Віленскай дыяцэзіі. Гл.: Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 260.
  19. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 91; Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909… С. 148.
  20. Statut Polskiego Towarzystwa «Oświata»… С. 1.
  21. Porowski, M. Praca społeczna… С. 4, 15.
  22. Zdziechowski, M. Idea polska na kresach… С. 3.
  23. Бацька Марыяна — Эдвард Фартунатавіч Здзяхоўскі (1836—1900) — яшчэ з 1878 г. разам з Эдвардам Адамавічам Вайніловічам стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і быў адным з яго ветэранаў.
  24. Porowski, M. Praca społeczna… С. 15.
  25. Porowski, M. Praca społeczna… С. 4.
  26. Szpoper, D. Gente Lithuana… С. 8—9; Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 115—124, 360, 361—366.
  27. Szpoper, D. Sukcesorzy… С. 49—61.
  28. Маецца на ўвазе патрыятычны змест „незалежнасці Літвы“.
  29. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 91—92.
  30. Газета «Kurier Litewski» давала вельмі станоўчую характарыстыку князю Гераніму Друцкаму-Любецкаму, выбранаму дэпутатам (1906) у I Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі: «Адзін з найсімпатычнейшых і найпапулярнейшых грамадзян Міншчыны <…> у яго асобе мінская зямля атрымлівае здольнага дэпутата, адданага справе дабра для ўсіх і неаспрэчна сумленнага. Гарачы патрыёт, вельмі прывязаны да сялян, з якімі працуе, робіць ён, без сумнення, вельмі важную паслугу нашым памкненням, як народным, так і грамадскім». Гл.: Akcja wyborcza mińska. Hier. ks. Drucki-Lubecki // Kuryer Litewski. — 1906. — № 86. — С. 2.
  31. Графіня Марыя Чапская (дачка члена Рады МТСГ — графа Ежы Чапскага) у сваім эсэ «Florian Czarnyszewicz» (1965 г., Парыж) напісала пра палеміку паміж польскамоўным пісьменнікам Фларыянам Чарнышэвічам  (польск.) (1895—1964) і беларускамоўным пісьменнікам Кастусём Акулам (1925—2008), калі апошні, жадаючы польска-беларускага паразумення, усё ж папракаў Чарнышэвіча ў фальшаванні гісторыі Беларусі і казаў, што землеўласнікі-«палякі» і беззямельная шляхта гэта чарвякі, якія крывавілі цела яго айчыны і сялян-«беларусаў». У эсе графіня патлумачыла, якія адносіны былі ў карэннага дваранства да сялян і чаму «польскія» дваране не прымалі слова «беларусы», прыводзячы вытрымкі з палемічных лістоў Фларыяна Чарнышэвіча, напісаных па-беларуску да Кастуся Акулы і перасланых копіяй пазней Марыі Чапскай: «Сяляне станавіліся шляхтай, а шляхта выгасала, пераходзячы ў становішча сялян. <…> Важна тое, што спадар з’яўляецца сынам свайго краю. Я таксама ёсць сын Вялікага Княства Літоўскага. Мой бацька і дзед, і дзед майго дзеда нарадзіліся і злажылі свае косці ў гэтай зямлі; і суджу, што можна мне родны край кахаць і тужыць па ім, і думаць аб ім, і цешыцца, калі гаспадары чыняць штось мудрае і шляхетнае, і самоціцца, калі памнажаюць памылкі. <…> І не былі гэта караняжы, а сыны Вялікага Княства Літоўскага, многія ў доме не мовілі па-польску, але назвы „бела-“ ці „чарнарусаў“ не прымалі, бо „рускі“ для іх азначаў тры чацвёртых маскаля. Называлі сябе палякамі, але чулі сваю своеасаблівасць. І калі б тады якая мудрасць, якісь аўтарытэт пагадзіўся і прывёў у жыццё найменне „літоўца“ (у значэнні міцкевічаўскім) альбо крывічаніна, ахвотна бы тое прынялі». (Гл.: Czapska, M. Florian Czarnyszewicz … С. 166—167.). Фларыян Чарнышэвіч, хоць і не належаў да ідэолагаў «краёвасці», выказваў тыповыя для краёўцаў думкі.
  32. а б Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — С. 284.
  33. Statut Polskiego Towarzystwa «Oświata»… С. 2.
  34. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 35.
  35. Romer, E. Spis Ludności… С. 31.
  36. У 1916 г. нямецкая акупацыйная ўлада праводзіла перапіс, але ён быў не ўсеагульным.
  37. Мельнікаў, І. Польская гістарыяграфія дзейнасці Мінскага сельскагаспадарчага таварыства Архівавана 28 сакавіка 2016.… С. 114.
  38. Сядзяць (злева — направа): Розум, Вайткевіч, Ганна Чакатоўская, Міхаліна Ленская, Мечыслаў Пароўскі. Стаяць (злева — направа): (скарбнік) Людамір Брадоўскі, Барсукова, Вітвінская, Пятроўская, Цякавая, М. Чарноцкая, (настаўніцы) Лернянтовіч, Кажалоўская, Янкайціс, Макарэвіч, Моенк, Залуцкая, Язвінская, Прыялгоўская.
  39. а б в г д Матусевич, О. Польское общество «Освята» в Минске… С. 135.
  40. Porowski, M. Praca społeczna… С. 5—7.
  41. Porowski, M. Praca społeczna… С. 8; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 35.
  42. Porowski, M. Praca społeczna… С. 8, 10; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 35, 39—40.
  43. Porowski, M. Praca społeczna… С. 8; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 39—40.
  44. Porowski, M. Praca społeczna… С. 5; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 35.
  45. Pawlikowski, M.K. Mińszczyzna… С. 301.
  46. Porowski, M. Praca społeczna… С. 8.
  47. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 36—37.
  48. а б Матусевич, О. Польское общество «Освята» в Минске… С. 134.
  49. Porowski, M. Praca społeczna… С. 8—9; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 48.
  50. Porowski, M. Praca społeczna… С. 6, 9; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 36.
  51. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 37.
  52. Нарадзіўся ў Варшаўскай губерні і скончыў Венскі ўніверсітэт.
  53. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 258—259; Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909… С. 258.
  54. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 50, 54.
  55. а б Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 36.
  56. а б Porowski, M. Praca społeczna… С. 10.
  57. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 39.
  58. Z. Mińsk / Z. // Dziennik Wileński. — 1906. — № 68. — С. 3.
  59. Польскі гісторык Дарыуш Тарасюк, прыводзячы гэты адзінкавы бяздоказны факт з газеты галоўных супернікаў «краёўцаў», лічыць, што кіраўнікі Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску не падтрымлівалі беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух. Гл.: Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 36.
  60. а б Porowski, M. Praca społeczna… С. 11.
  61. а б Матусевич, О. Польское общество «Освята» в Минске… С. 136.
  62. Porowski, M. Praca społeczna… С. 11—12.
  63. Porowski, M. Praca społeczna… С. 10.
  64. Porowski, M. Praca społeczna… С. 13.
  65. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 257.
  66. а б в г Porowski, M. Praca społeczna… С. 14.
  67. Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej… С. 72.
  68. Эдвард Вайніловіч у сваіх мемуарах дадаў, што калі аб польскіх бежанцах спачатку ніхто не апекаваўся, то пасля расійскія ўлады кінуліся ў іншую крайнасць і стварылі празмерную колькасць арганізацый і таварыстваў дапамогі бежанцам, дзе пачала квітнець карупцыя, хабарніцтва, крадзёж, а ўмовы забеспячэння бежанцаў харчаваннем і жытлом часта былі лепш, чым мелі мясцовыя жыхары, якія самі працавалі на свой пражытак. Гл.: Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 187—189.
  69. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 42.
  70. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 72—73; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 184.
  71. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 184.
  72. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 42—43; Jurkowski, R. Rada Polska … С. 70—71.
  73. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 66—80; Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 43.
  74. Аналагічныя працэсы праходзілі і ў іншых «польскіх радах» у Віцебскай і Магілёўскай губернях. Гл.: Jurkowski, R. Rada Polska … С. 66—80.
  75. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 212; Woyniłłowicz, E. Granice Polski w 1771-m i w 1920-m roku / Edward Woyniłłowicz // Słowo. — 1927. — № 96. — С. 3.
  76. Раюк, А. Р. Чэшскі вопыт адраджэння ў асэнсаванні каталіцкіх дваран-кансерватараў Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. — С. 307—312.
  77. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 17.
  78. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 17, 29—47.
  79. Tarasiuk, D. Między nadzieją… С. 47.
  80. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 115—124, 360, 361—366
  81. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 126.
  82. Пад «гістарычнай Літвой» маюцца на ўвазе землі Вялікага Княства Літоўскага ў межах напярэдадні 1772 г.
  83. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 257, 259, 362.
  84. а б в Łęska, M. Działalność popowstaniowa… С. 35; Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 91.
  85. Porowski, M. Praca społeczna … С. 14.

Літаратура правіць

  • Западные окраины Российской империи / Л. А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — Москва: Новое литературное обозрение, 2006. — 608 с.
  • Матусевич, О. Польское общество «Освята» в Минске / О. Матусевич // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 133—136.
  • Мельнікаў, І. Польская гістарыяграфія дзейнасці Мінскага сельскагаспадарчага таварыства Архівавана 28 сакавіка 2016. // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 108—115.
  • Раюк, А. Р. Чэшскі вопыт адраджэння ў асэнсаванні каталіцкіх дваран-кансерватараў Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2019. — Вып. 26. — С. 307—312.
  • Самбук, С. М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века / Ред. В. П. Панютич. — Минск : Наука и техника, 1980. — 224 с.
  • Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — 460 с.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Akcja wyborcza mińska. Hier. ks. Drucki-Lubecki // Kuryer Litewski. — 1906. — № 86. — С. 2.
  • Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa etc.: Ossolineum, 1998. — T. XXXVIII/2. — Zesz. 157: Skimbrowicz Hipolit — Skowroński Ignacy. — S. 184—187.
  • Czapska, M. Florian Czarnyszewicz // Ostatnie odwiedziny i inne szkice / M. Czapska. — Warszawa : Więź, 2006. — S. 164—171.
  • Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 80—108.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
  • Kalendarz ilustrowany «Kurjera Litewskiego» na rok 1909. — Wilno: Nakładem «Kurjera Litewskiego», 1909.
  • Łęska, M. Działalność popowstaniowa Polaków na ziemi Mińskiej: materiały i wspomnienia / L. Życka, M. Łęska. — Warszawa : Wydano nakł. Koła Przyjaciół Uchodźców z Mińszczyzny, 1939. — 312 s.
  • Pawlikowski, M.K. Mińszczyzna, Pamiętnik Wileński / M.K. Pawlikowski; Polska Fundacja Kulturalna. — Londyn, 1972.
  • Porowski, M. Praca społeczna kobiety-Polki w Mińszczyźnie na polu oświaty ludowej w okresie 1900—1916 roku / M. Porowski. — Nieśwież : Druk. «Wspólnej Sprawy», 1917. — 16 s.
  • Romer, E. Spis Ludności Na Terenach Administrowanych Przez Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich / E. Romer. — Grodno : Książnica Polska Towarzystwa Nauk Szkół Wyższych, 1920. — Zesz. VII. — 55 s.
  • Statut Polskiego Towarzystwa «Oświata». — Wilno, 1907.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • X. Komitet Ziemski / X. // Kuryer Litewski. — 1905. — № 7. — С. 3.
  • Woyniłłowicz, E. Granice Polski w 1771-m i w 1920-m roku (I) // Słowo. — 1927. — № 96.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
  • Z. Mińsk / Z. // Dziennik Wileński. — 1906. — № 68. — С. 3.
  • Zdziechowski, M. Idea polska na kresach / M. Zdziechowski // Widmo przyszłości : szkice historyczno-publicystyczne / M. Zdziechowski. — Wilno : Grafika, 1939. — S. 1—17.
  • Ż.A. Listy z Białejrusi. Mińsk, 12 marca (I) / A.Ż. // Kuryer Litewski. — 1907. — № 60. — С. 2.
  • Ż.A. Listy z Białejrusi. Mińsk, 12 marca (II) / A.Ż. // Kuryer Litewski. — 1907. — № 60. — С. 3.

Спасылкі правіць