Помнікі дойлідства Беларусі (серыя)
«Помнікі дойлідства Беларусі» — серыя аўталітаграфій, створаных у 1977—2009 гадах беларускім мастаком Уладзімірам Басалыгам[1].

Высокамастацкія творы «Мірскі замак», «Царква ў Сынковічах», «Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку», «Каложская царква ў Гродне», «Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі», «Вежа замка ў Любчы», «Нясвіжскі замак», «Слуцкая гімназія» і інш. знаёмяць з беларускай архітэктурнай спадчынай[1]. Сваімі аўталітаграфіямі мастак заклікаў грамадства да захавання гэтых помнікаў. Кожны помнік архітэктуры мастак аздобіў арнаментальнай рамай з пазначэннем месца і часу пабудовы[2].
Паводле ўспамінаў мастака, на серыі яго натхніў пісьменнік Уладзімір Караткевіч. У 1980 годзе Басалыга быў звольнены з пасады галоўнага мастака Мастацкага фонду БССР за «няправільнае разуменне шляхоў развіцця беларускага выяўленчага мастацтва». Амаль дзесяць гадоў быў без працы, што дазволіла яму скончыць сваю серыю[3].
![]() |
І калі рыхтавалася выстаўка «Мы будуем камунізм», я прынёс на яе свае творы «Мірскі замак», «Касцёл у Ішкальдзі», «Царква ў Малым Мажэйкаве». Было шмат спрэчак, была апаска, што творы здымуць з выстаўкі, бо, маўляў, дзе ж логіка — касцёл, царква і камунізм. Тады я на ленце напісаў вытрымку з закона аб ахове помнікаў і павесіў яе над сваімі работамі. Гэта іх і выратавала[3]. | ![]() |
Серыя «Помнікі дойлідства Беларусі» прынесла вядомасць мастаку. Літаграфіі шмат разоў выстаўляліся, друкаваліся на паштоўках, плакатах, у кнігах і школьных падручніках. Работы вызначылі асаблівасці яго творчага стылю, прыхільнасць да нацыянальнай тэматыкі. Выявы архітэктурных помнікаў У. Басалыга лічыў сваім галоўным мастацкім плёнам[1].
Крыніцы
правіць- ↑ а б в Басалыга Уладзімір Самойлавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- ↑ Выстава мастака-графіка Уладзіміра Басалыгі “Мая споведзь” (руск.). artpalace.by. Праверана 25 студзеня 2025.
- ↑ а б «Беларусь». Выдавецтва «Полымя». 2001