Помнік Альгерду (Віцебск)

Помнік Альгерду — конная скульптура на Рыначнай плошчы ў Віцебску, першы і адзіны помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду ў Беларусі.

Помнік
Помнік Альгерду
55°11′40″ пн. ш. 30°12′21″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Віцебск
Скульптар Сяргей Бандарэнка
Дата заснавання 2014
Дата пабудовы 2014 год
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Да ўстаноўкі скульптуры князя пастамент выглядаў як помнік віцебскім замкам

Ідэя ўсталяваць помнік віцебскаму князю Альгерду ўзнікла ў віцебскіх уладаў яшчэ ў 2010 годзе. Конкурс на лепшую мадэль помніка выйграў скульптар Валерый Магучы. У 2011 годзе насупраць Свята-Васкрасенскай царквы ўсталявалі пастамент для будучай кампазіцыі, які пуставаў тры гады[1].

Калі помнік аўтарства Магучага быў ужо адліты, манумент адпрэчыла Міністэрства культуры Беларусі. У выніку гэту працу даручылі мінскаму скульптару Сяргею Бандарэнка, які ў кароткі тэрмін — за 7 месяцаў — стварыў другую версію помніка. Пры гэтым прыйшлося павялічыць сам пастамент для помніка, бо папярэдні варыянт скульптуры, аўтарства Магутнага, быў меншы[1].

Помнік быў усталяваны на Рыначнай плошчы ў Віцебску насупраць Свята-Васкрасенскай царквы 24 чэрвеня 2014 года. Урачыстае адкрыццё коннай скульптуры адбылося 27 чэрвеня 2014 года падчас святкавання 1040-годдзя Віцебска[1].

Апісанне правіць

Конны помнік князю створаны мінскім скульптарам Сяргеем Бандарэнкам і адліты на полацкім прадпрыемстве «Тэхналіт»[1].

Помнік арыентаваны на ўсход і адлюстроўвае конна вялікага князя літоўскага і віцебскага Альгерда ў даспехах, але з непакрытай галавой. Конь пад князем ідзе алюрам. З выцягнутай правай рукі князя зрываецца ў палёт сокал — сімвал княжацкай улады.

Помнік важыць каля 3,5 тоны, вышыня скульптуры складае 3,6 метра, пастамента — 2,8 метра[1].

Альгерд і Віцебск правіць

У 1318 годзе Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Марыяй. Калі ў 1320 годзе віцебскі князь памёр, Віцебскае княства адышло па спадчыне яго зяцю. Такім чынам, шляхам дынастычнага шлюбу Віцебск і Віцебскае княства ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага[2].

Дзейнасць князя Альгерда была накіравана на ўмацаванне і развіццё горада. У адпаведнасці з найноўшымі еўрапейскімі дасягненнямі Віцебск быў абнесены мураванымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі. Каменнымі сценамі з абарончымі вежамі былі ўмацаваны Ніжні і Верхні замкі, у апошнім Альгердам пабудаваны княжацкі палац. За перыяд яго княжання Віцебск ператварыўся ў важны фарпост Вялікага Княства Літоўскага на ўсходніх рубяжах. Князем і княгіняй Марыяй Яраслаўнай была ўзведзена царква Святога Духа ў Заручаўі, а таксама адрамантавана Дабравешчанская царква XII стагоддзя.

Альгерд праявіў сябе як таленавіты палітык і палкаводзец. Ён у міры і дружбе жыў з братам Кейстутам, які фактычна выступаў суправіцелем. Разам браты паспяхова супрацьстаялі націску крыжакоў. Альгерд працягваў палітыку свайго бацькі на ўсходзе, актыўна пашыраў межы дзяржавы за кошт усходнеславянскіх земляў. Перамога ў бітве на Сініх Водах у 1362 (1363) годзе паклала пачатак вызваленню земляў Русі ад ардынскага панавання. Пры Альгердзе ўсе беларускія землі апынуліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага.

Зноскі

Спасылкі правіць