Помнік Аляксандру Пушкіну (Магілёў, каля бібліятэчнага каледжа)

Магілёў, каля бібліятэчнага каледжа

Помнік Аляксандру Пушкіну — помнік у Магілёве, размешчаны каля галоўнага ўвахода ў будынак былога Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А. С. Пушкіна (у 2017 годзе далучаны да каледжа мастацтваў) па вуліцы Касманаўтаў, 7. Прысвечаны класіку рускай літаратуры Аляксандру Пушкіну.

Помнік
Помнік Аляксандру Пушкіну
53°54′42″ пн. ш. 30°18′50″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата пабудовы 2015
Map

Гісторыя

правіць

Урачыста адкрыты 6 чэрвеня 2015 года, у гадавіну з дня нараджэння паэта. У цырымонія адкрыцця ўзялі ўдзел прадстаўнікі гарадской улады, грамадскасці і моладзі. Бюст Пушкіна Магілёў атрымаў у якасці падарунка ў рамках праекта «Алея расійскай славы», удзельнікі якога — мастакі і архітэктары — дарылі гарадам СНД помнікі знакамітых людзей Расіі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё сваёй краіны[1]. Помнік Пушкіну стаў трэцім у горадзе, два іншыя пастаўлены ў скверы каля кінатэатра «Космас» і на тэрыторыі гарвадаканала[2].

Скандал з вершам

правіць

На пастаменце помніка былі змешчаны ўрыўкі з вершаў класіка рускай літаратуры. Адзін з іх, «Клеветникам России[ru]» (бел.: Паклёпнікам Расіі), выклікаў абурэнне ў беларускім грамадстве, паколькі быў адрасаваны тым, хто спачуваў у Еўропе паўстанню 1830 года супраць расійскай улады. Таксама незадаволенасць выклікаў той факт, што ў горадзе няма паўнавартасных помнікаў беларускім дзеячам, а помнік Пушкіну ўжо няпершы[3].

Кіраўнік праекта «Алея Рускай Славы» Міхаіл Сердзюкоў заявіў, што не хацеў абразіць пачуцці беларусаў вершам Пушкіна пра здушэнне паўстання 1830-31 гадоў[4]:

  Верш «Клеветникам России», які я выбраў для бюсту Пушкіна, што мы падарылі Магілёву, не павінен абражаць пачуцці беларусаў. Гэты верш Пушкін напісаў супраць агульных нашых ворагаў — Напалеона, Гітлера. Прынамсі, я так зразумеў. Калі верш быў напісаны з іншай нагоды, то я гэтага проста не ведаў, гэта наша агульная бяда — няведанне гісторыі.  

Таксама ён дадаў, што тэкст на помніку быў узгоднены з мясцовымі ўладамі Магілёва.

Магілёўскія гісторыкі Аляксандр Агееў і Ігар Пушкін адзначылі, што тэкст на помніку ў парушэнне працэдуры не разглядаўся тапанімічнай камісіяй[3].

Пасля шырокага розгаласу радкі верша «Паклёпнікам Расіі» былі прыбраныя з помніка, што, у сваю чаргу, выклікала абурэнне прарасійскіх сіл у Беларусі. 18 удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі «Расія і славянскія народы ў войнах і ваенных канфліктах XIX—XX стагоддзяў» падпісалі зварот, у якім назвалі гэтыя дзеянні «спробай цэнзуры вялікага паэта праз 178 гадоў пасля яго смерці». На іх думку, выдаленне скандальнага вершу нанесла «велізарны маральны ўрон мільёнам беларускіх грамадзянаў»[5].

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка адзначыў[6]:

  Гэтыя радкі маглі атрымаць розную ідэалагічную інтэрпрэтацыю, не адэкватную афіцыйнай пазіцыі. У сувязі з чым, а таксама на падставе водгукаў, якія з'явіліся ў інтэрнэце на ўстаноўку помніка, кіраўніцтвам гарвыканкама было дадзена ўказанне па змене выгляду пастамента, на жаль, гэта было выканана ў дзень дзяржаўнага свята Расійскай Федэрацыі і не мела антырасійскай скіраванасці.  

Зноскі