Помнік Льву Сапегу (Слонім)

Помнік Льву Сапегу — помнік у Слоніме Гродзенскай вобласці Беларусі. Размяшчаецца ў цэнтры горада, на плошчы Леніна. Прысвечаны выдатнаму палітыку, дыпламату і дзяржаўнаму дзеячу Льву Сапегу. Другі, пасля лепельскага, помнік Сапегу ў Беларусі.

Помнік
Помнік Льву Сапегу
53°05′34″ пн. ш. 25°19′10″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Слонім
Скульптар Іван Міско, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін
Дата пабудовы 2019 год
Map

Значэнне асобы правіць

Леў Сапега быў старостам слонімскім з 1586 года, пры ім Слонім актыўна развіваўся, стаў цэнтрам гандлю і рамёстваў. Былі пабудаваныя ратуша, гандлёвыя рады, цэхі рамеснікаў, склаўся гістарычны цэнтр горада з брукаванымі вуліцамі, плошчамі і мастамі. Паводле яго хадайніцтва ў 1591 г. гораду было прысвоена Магдэбургскае права, падараваны герб, на якім намаляваны леў, які трымае двойчы перакрыжаваную залатую стралу з родавага герба Сапегаў[1].

Гісторыя правіць

Слонімцы збіралі грошы на помнік з 2008 года. Станам на 2013 год іх было сабрана так мала, што не хапіла б нават на аплату макет помніка[2].

У 2019 годзе горад стаў месцам правядзення чаргова Дня беларускага пісьменства. Да гэтага свята была створана і 22 жніўня 2019 года ўстаноўлена бронзавая скульптура гетмана[3]. Урачыстае адкрыццё адбылося 1 верасня 2019 года ў прысутнасці старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, намесніка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігара Петрышэнкі, старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзя Хоміча і міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча[4].

Аўтары помніка скульптары Іван Міско, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін[3].

Апісанне правіць

Агульная вышыня помніка з пастаментам складае больш за 4 м[3]. Бронзавая скульптура вышынёй 3,2 метра ўстаноўлена на невысокім п’едэстале з цёмна-чырвонага граніту. У адной руцэ Сапега трымае булаву — сімвал гетманскай улады. Першапачаткова меркавалася, што ў другой руцэ будзе тытульны аркуш Статута Вялікага Княства Літоўскага, але разам з гісторыкамі прыйшлі да высновы, што гэта павінна быць вытрымка з прывілею Жыгімонта III, якім ён надзяліў Льва Сапегу правам на выданне збору законаў княства. На аркушы змешчаны настпуны надпіс[5][6]:

  Жыгімонт Трэці, кароль польскі, вялікі князь літоўскі, даем гэты прывілей на выданне Статута Вялікага княства Літоўскага шляхетнаму Льву Сапегу, паколькі яго дабрадзейнасць, майстэрства і руплівасць у справах дзяржаўных нам былі паказаны і даказаны.  

Зноскі