Праваслаўе

(Пасля перасылкі з Праваслаўныя)

Правасла́ўе (калька з грэчаскага слова ὀρθοδοξία (артадоксія) — «правільнае меркаванне»), першапачаткова — тэрмін, які абазначаў супрацьлегласць гетэрадоксіі («памылка ерэтыкоў»). Узнік у II стагоддзі у Сусветнай царкве для абазначэння адрознення яе вучэння ад поглядаў розных расколаў, ерасей і сект, якімі лічыліся іншыя хрысціянскія і псеўдахрысціянскія кірункі. У дактрынальных дакументах часта ўжываўся як сінонім тэрміна «кафалічны» (у лацінскай традыцыі — «каталіцкі»)(καθολικός). Трэба, аднак, адзначыць, што блытаць гэтыя тэрміны не варта: пад «кафалічнасцю» ў багаслоўі маецца на ўвазе палната і цэласнасць Царквы Хрыстовай, яе прасторавая, часавая і якасная ўніверсальнасць.

У сучасным свецкім рэлігіязнаўстве — адзін з асноўных накірункаў хрысціянства, які аформіўся пасля расколу адзінай царквы на Усходнюю і Заходнюю.

У праваслаўнай царкве — вучэнні і духоўныя практыкі Адзінай Святой Саборнай і Апостальскай Царквы, якая складаецца з 15 аўтакефальных памесных цэркваў, што ўтвараюць адзіную сусветную царкву. У гэтым разуменні гісторыя царквы да 1054 года з'яўляецца часткай гісторыі Сусветнай Праваслаўнай Царквы, ад якой, на погляд праваслаўных, у выніку шэрагу памылак і скажэнняў праваслаўнага вучэння (напрыклад: філіокве, дагмат аб беззаганным зачацці Багародзіцы, вучэнне пра Чысцец, дагмат аб непамыльнасці рымскага першасвятара ў пытаннях веры і маралі, дагмат аб першаснасці ў хрысціянскай царкве рымскага епіскапа (у лацінскай традыцыі — «біскупа») і г.д.) і Сімвала веры адкалолася Каталіцкая царква. Вучэнне апошняй назвалі «каталіцтвам» і разглядаюць як ерась там, дзе яно супярэчыць праваслаўнаму.

Гл. таксама

правіць