Прадвызначэ́нне, наканава́нне, промысел Божы (ад лац.: provideo — прадбачу, прадугледжваю) — паводле рэлігійных вучэнняў, наперад устаноўленыя этапы здзяйснення сусветных падзей і развіцця лёсаў індывідаў, суполак, народаў, чалавецтва. Ідэя прадвызначэння лічыцца універсальным выяўленнем і прызнаннем усемагутнасці Бога і бяссілля чалавека. Іудзеяхрысціянская дактрына прадвызначэння, якая мела на ўвазе звышнатуральнасць стваральніка і прадвесніка, была накіравана супраць антычных ідэй безаблічнага лёсу і касмічнай неабходнасці.

Першай сістэматызаванай канцэпцыяй прадвызначэння быў правідэнцыялізм Аўгусціна. Ён уключаў вучэнне пра дар божы, або прадвызначэнне да выратавання выбраных, і тэлеалагічную канцэпцыю гісторыі, якая ўяўлялася ажыццяўленнем недасягальнага чалавечаму разуменню боскага плана і павінна завяршыцца канцом свету і ўсталяваннем божага царства. Альтэрнатывай жорсткаму прадвызначэнню было дапушчэнне свабоды волі, якая часткова азначала пэўную самадзейнасць чалавека ў пытаннях выратавання і сацыяльнай творчасці (пелагіянства) і ў большай меры — здольнасць да граху і магчымасць збавення пры пасрэдніцтве царквы (каталіцызм, праваслаўе).

Пратэстантызм ажывіў і развіў[ru] ідэі аўгусціянства. Лютэранства прыняло больш мяккія прынцыпы прадвызначэння, што тлумачыцца некаторымі ўступкамі каталіцызму і адбілася ў Аўгсбургскай споведзі, яшчэ ў большай ступені гэта адносіцца да англіканства. Кальвінізм у трактоўцы дару божага прапаведваў ідэю жорстка ўстаноўленага прадвызначэння яшчэ да нараджэння індывіда, а ў разуменні свецкай гісторыі — прынцыпы эсхаталогіі і фаталізму. У трактоўцы гісторыі для большасці сучасных пратэстанцкіх плыняў характэрна разуменне яе як барацьба дабра і зла, канчатковы вынік якой прадвызначаны на карысць сіл дабра.

ЛітаратураПравіць