Практычны расійска-беларускі слоўнік
«Практычны расійска-беларускі слоўнік» — адзін з першых аб’ёмных двухмоўных слоўнікаў 1920-х гг., складзены М. Байковым і М. Гарэцкім. Выдадзены ў 1924 годзе ў Менску ў Белтрэстдруку, другое выданне, дапрацаванае выдадзена ў 1926 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі. Змяшчае каля 20 тысяч слоўнікавых артыкулаў. Ён змяшчае агульнаўжывальную лексіку, а таксама асобныя тэрміны, пазначаныя спецыяльнымі паметамі. Першае і другое выданні слоўніка істотна адрозніваюцца, што сведчыць як пра навуковую эвалюцыю аўтараў, так і пра станаўленне метадалогіі лексікаграфічнага апісання[1].
Практычны расійска-беларускі слоўнік | |
---|---|
Аўтар | Мікола Байкоў і Максім Іванавіч Гарэцкі |
Мова арыгінала | беларуская |
Выпуск | 1924 |
Месца публікацыі | Мінск |
Электронная версія ў Вікікрыніцах |
Калі ў 1926 г. выйшла з друку другое выданне слоўніка, у ім, на адрозненне ад першага выдання 1924 г., было адлюстравана пашырэнне акання на ўсе запазычаныя словы, ігнаруючы правіла ў версіі Б. Тарашкевіча, згодна з якім галосны о ў запазычаных словах у значнай меры не павінен быў падпарадкоўвацца заканамернасцям беларускай мовы[2].
Спасылаючыся на гэтую акалічнасць, у пачатку 1926 г. рэдакцыя часопіса «Асвета» ў спецыяльнай заяве абвясціла, што ў сваёй практыцы яна адмаўляецца праводзіць размежаванне запазычаных слоў на абеларушаныя і неабеларушаныя і любы ненаціскны о ў запазычаных словах будзе перадаваць праз а[2].
Зноскі
- ↑ Дзмітрый Дзятко. ПЕРЫЯДЫЗАЦЫЯ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЛЕКСІКАГРАФІІ XIII — ПАЧАТАК XX СТ. Працяг. Пачатак у № 3, 4 // «Роднае слова» № 6, 2017
- ↑ а б Запрудскі, С. М. Гісторыя беларускага мовазнаўства (1918–1941) : дапаможнік / С. М. Запрудскі. — Мінск: БДУ, 2015. — С. 34, 37. — 191 с. — ISBN 978-985-566-249-6.