Праметэй
Праметэ́й (па-старажытнагрэчаску: Προμηθεύς) — у старажытнагрэчаскай міфалогіі[1] тытан, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. Ён хацеў, каб багі не перашкаджалі людзям жыць уласным жыццём. Сын Япета і Клімены (па Апаладору, Асіі[2]). Па Эсхілу, сын Феміды-Геі[3]. Па Эўфарыёну, сын Геры і тытана Эўрымедонта[4]. Яго жонка Гесіёна[5].

Імя тытана «Праметэй» азначае «думаючы спярша», «той, які прадбачвае» (у процілежнасць імені яго брата Эпіметэя, «думаючага пасля») і з'яўляецца вытворным ад індаеўрапейскага корня me-dh-, men-dh-, «разважаць», «пазнаваць»[6].
Паводле міфаў, Праметэй стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, таксама астраноміі, медыцыне, пісьму. Выкраў з Алімпа і прынёс людзям агонь, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць Праметэя да скалы на Каўказе. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да Праметэя прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Стогны Праметэя чулі арганаўты ў час свайго падарожжа. Нарэшце з дазволу Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў Праметэя. У старажытных Афінах культ Праметэя шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў яго гонар — праметэі — бег з факеламі.
Вобраз Праметэя — адзін з найбольш значных у сусветнай літаратуры (П. Кальдэрон, Эсхіл, І. В. Гётэ, П. Б. Шэлі, Дж. Байран, Ф. Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўленчага мастацтва (Л. Карачы, П. П. Рубенс, Я. Іорданс і інш.) і музыкі (Л. ван Бетховен, А. Скрабін і інш.).
Гл. таксамаПравіць
Зноскі
- ↑ Мифы народов мира. М., 1991-92. В 2 т. Т.2. С.337-340, Любкер Ф. Реальный словарь классических древностей. М., 2001. В 3 т. Т.3. С.155-157 (руск.)
- ↑ Псевдо-Аполлодор. Мифологическая библиотека I 2, 3 далее (руск.)
- ↑ Эсхіл. Прыкуты Праметэй 18, 209
- ↑ Евстафий. Комментарий к «Илиаде» Гомера XIV 294 // Вестник древней истории. 1947. № 1. С.290 (руск.)
- ↑ Эсхіл. Прыкуты Праметэй 560
- ↑ Мифы народов мира. М., 1991-92. В 2 т. Т.2. С.337-340 (руск.)
ЛітаратураПравіць
- Праметэй // БЭ ў 18 т. Т. 12. — Мн., 2001. ISBN 985-11-0198-2
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Праметэй