Праспект Ракасоўскага (Мінск)
Праспе́кт Ракасо́ўскага — магістральная вуліца ў Ленінскім раёне Мінска, кампазіцыйная вось жылога раёна Серабранка.
Праспект Ракасоўскага Мінск | |
---|---|
![]() | |
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Ленінскі |
Працягласць | каля 3 км |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
![]() ![]() ![]() |
Назва ў гонар | Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі |
![]() |
Названы ў гонар Канстаціна Ксавер’евіча Ракасоўскага (1896—1968), савецкага военачальніка, Маршала Савецкага Саюза, Маршала Польшчы, Двойчы Героя Савецкага Саюза.
Будаўніцтва пачалося ў 1970-я гады. Праспект забудаваны пераважна дзевяціпавярховымі і больш высокімі панэльнымі дамамі. У апошняе дзесяцігоддзе ўздоўж праспекта пачата ўзвядзенне вышынных маналітных і каркасна-блокавых дамоў.
Архітэктурна-планіровачная арганізацыя ансамбля праспекта Ракасоўскага звязаная з бульварам (арх. В. Звалінскі), які на ўсім працягу ад вул. Ванеева да вул. Малініна служыць для пешаходнай сувязі паміж цэнтрамі, аб’ектамі культурна-побытавага абслугоўвання і транспартнымі прыпынкамі. Фантаны і іншыя малыя архітэктурныя формы, пляцоўкі адпачынку, розныя прыёмы азелянення ствараюць спрыяльнае асяроддзе для кароткачасовага адпачынку і прагулак. Заканчваецца бульвар уваходам у парк імя Грэкавай Н. Р. на паўночным беразе Чыжоўскага вадасховішча[1].
Праспект пачынаецца ад развязкі з вуліцамі Ванеева, Трасцянецкай і Алега Кашавога, перасякае вуліцу Пляханава і канчаецца скрыжаваннем з вуліцай Малініна каля Чыжоўскага вадасховішча. Паралельна праспекту ідзе вуліца Гараўца. На ўсім працягу праспекта дзейнічае аўтобуснае і інтэнсіўнае тралейбуснае злучэнне. Найбліжэйшыя станцыі метро — Пралетарская, Трактарны завод, Партызанская — размешчаны прыкладна ў двух кіламетрах ад праспекта.
У 2011 годзе планавалася пашырыць праспект да васьмі палос і ўладкаваць уздоўж яго пешаходны бульвар з невялікімі зонамі адпачынку і веладарожкамі. Раней планавалася пусціць уздоўж праспекта лінію хуткаснага трамвая[2]. Пазней будаўніцтва трамвайнай лініі было выключана з праекта. На месцах, адведзеных пад трамвайныя пуці, былі размешчаны аўтамабільныя паркоўкі[3].
Забудова
правіць- № 44 — Фізкультурна-аздараўленчы комплекс у жылым раёне Серабранка (архітэктары В. Раманенка, У. Крывашэеў)[4].
- № 67 — яслі-сад № 351 на 320 месцаў (1970, архітэктар Ігар Есьман)[4].
- № 134 — 23-я гарадская паліклініка, 14-я гарадская стаматалагічная паліклініка (№ 134-1), падстанцыя № 3 гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі (№ 134-2). Будынак пабудаваны па праекце архітэктара М. Чаркасавай[4].
- № 150А — кінатэатр «Салют» (архітэктар С. Стружкін)[4].
Зноскі
- ↑ Серабранка // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Першы хуткасны трамвай пусцяць у Мінску ў 2011 годзе Архівавана 17 мая 2014.
- ↑ Трамвайную лінію на праспекце Ракасоўскага будаваць не будуць(недаступная спасылка)
- ↑ а б в г Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Праспект Ракасоўскага (Мінск)
- map.by Архівавана 28 снежня 2010.