Прафесійны саюз (або прафсаюз) — гэта добраахвотнае грамадская арганізацыя(руск.) бел., якая аб’ядноўвае грамадзян звязаных агульнымі інтарэсамі па роду дзейнасці, як у вытворчай, так і невытворчай сферах, для абароны працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў.

Першыя прафсаюзы пачалі з’яўляцца ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Брытанскай імперыі. Яны называліся трэд-юніёнамі і аб’ядноўвалі рабочых баваўнянай прамысловасці. У 90-ых гадах XVIII стагоддзя ўтвараюцца прафсаюзы прадзільшчыкаў Ланкашыра, шарсцянікаў Ёркшыра і металістаў Шэфілда. У пачатку XIX стагоддзя прафсаюзы ўтвараюцца і ў іншых дзяржавах — у ЗША (прафсаюз працоўных-шаўцоў у Філадэльфіі), Францыі (клуб друкароў Парыжа), Прусіі (страхавыя касы ткачоў), Бельгіі (саюз капялюшнікаў), Іспаніі (таварыства ўзаемадапамогі ткачоў Барселоны), Італіі, Швейцарыі і Швецыі[1].

ГісторыяПравіць

БеларусьПравіць

Першыя прафсаюзы на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў канцы XIX стагоддзя. У 1894 годзе ўтварыўся прафсаюз шчаціншчыкаў, у 1898 годзе — прафсаюз гарбароў, які аб’ядноўваў працоўных Смаргоні, Ашмянаў, Беластока і Вільні. У 1901 годзе аформіўся прафсаюз друкароў у Гомелі, у 1904 годзе — прафсаюз гарбароў ў Віцебску, ў 1905 годзе — прафсаюз чыгуначнікаў, работнікаў пошт і тэлеграфаў, крэдытных і гандлёва-прамысловых устаноў практычна ва ўсіх гарадах Беларусі.

Рэвалюцыя 1905 года ў Расійскай імперыі прывяла да росту колькасці прафсаюзаў і членаў прафсаюзаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1906 годзе ўтварыліся першыя прафсаюзы настаўнікаў і сялян. У 1907 годзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзейнічаў 101 прафсаюз, у якіх лічылася 14 533 члена. Да пачатку Першай сусветнай вайны практычна ўсе гэтыя прафсаюзы спынілі існаванне.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пачаўся працэс «бальшавізацыі» беларускіх прафсаюзаў. Беларускія прафсаюзы былі падпарадкаваныя кіраўніцтву РСДРП(б). У ліпені 1920 года па прапанове савецкіх уладаў было створана Цэнтральнае бюро прафсаюзаў Беларусі, а праз некалькі дзён яно было пераўтворана ў Савет прафсаюзаў Беларусі. X з’езд РКП(б) ў 1921 годзе зацвердзіў задачу неабходнасці партыйнага кіраўніцтва над прафсаюзным рухам. У Беларусі арганізацыйнае афармленне прафсаюзнага руху ў адпаведнасці з рашэннямі X з’езда РКП(б) было завершана на Першым Усебеларускім з’ездзе прафсаюзаў у маі 1921 года. Паступова прафсаюзы ўсё больш укараняюцца ў сістэму дзяржаўнай улады і ім надаюць паўнамоцтвы, уласцівыя для выканаўчай улады, такія як арганізацыя культурнага вольнага часу рабочых і сацыяльнае страхаванне. Так, у 1937 годзе ў прафсаюзах знаходзілася 84,1 % усяго працаздольнага насельніцтва БССР.

Вялікая Айчынная вайна цалкам разбурыла дзяржаўную сістэму прафсаюзаў у БССР. Для яе аднаўлення ўжо ў снежні 1944 года ЦК КП(б)Б выпусціла пастанову «Аб аднаўленні прафсаюзных арганізацый у БССР». У выніку гэтага, у 1946 годзе ў прафсаюзах БССР ужо ўваходзіла 64,4 % усяго працаздольнага насельніцтва БССР. Таксама працягваўся працэс цэнтралізацыі прафсаюзаў: у 1948 годзе міжраённая канферэнцыя прафсаюзаў БССР стварыла Беларускі рэспубліканскі савет прафесійных саюзаў, які аб’ядноўваў у сабе ўсе галіновыя прафсаюзы БССР. Гэта структура праіснавала да 1990 года.

Прыналежнасць да прафсаюзаў у пасляваеннай БССР стала практычна абавязковай. Так, у 1980 годзе ў дзяржаўных прафсаюзах складалася 52,3 % усіх жыхароў БССР. Адначасова з гэтым, незалежныя ад дзяржавы прафсаюзы ствараць забаранялася.

З пачаткам Перабудовы ў СССР становішча прафсаюзаў у Беларусі змянілася. Дэмакратызацыя савецкай дзяржавы і легалізацыя незалежных прафсаюзаў разам з абвастрэннем сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў СССР далі штуршок для развіцця незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі. Так, у 1989 годзе пры садзейнічанні сябра Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» Віктара Івашкевіча быў створаны аргкамітэт па стварэнні Працоўнага саюза Беларусі, які аб’ядноўваў працоўных Мінска, Барысава і Салігорска. У наступстве на базе аргкамітэта быў створаны першы незалежны ад савецкай улады прафсаюз салігорскіх гарнякоў. Беларускі рэспубліканскі савет прафсаюзаў у сваю чаргу ў 1990 годзе правёў свой 17-ы з’езд, на якім прыняў рашэнне дыстанцыявацца ад дзяржавы і перайменавацца ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі.

Таксама на тэрыторыі БССР пачаліся забастоўкі рабочых. У 1989 годзе страйкавалі шахцёры ў Салігорску, у 1990 годзе забастоўка была аб’яўлена на заводзе «Гомсельмаш», у 1991 годзе забастоўкі перакінуліся на Мінск і Оршу[2].

Пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць, у рэспубліцы ўтварылася два асноўныя прафсаюзныя цэнтры — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Зноскі

  1. Панамароў Б.М. На путях объединения и организации в класс // Международное рабочее движение (Вопросы истории и теории). — М.: Мысль, 1976. — Т. 1. — С. 220-221. — 668 с.
  2. Аляксей Хадыка, Валянцін Голубеў. Профсоюзы Беларуси: трансформация и перспективы. — Мн.: Фонд імя Фрыдрых Эберта, 2003. — 105 с.