Працэс 45-ці — палітычны працэс над беларускімі дзеячамі ў Польскай Рэспубліцы.

Зала суда падчас «працэсу 45-ці»
Вера Маслоўская ў зале суда.
«Нашае жыцьцё» № 1, 1923 г.
Будынак акруговага суда па вул. Варшаўскай, 63, у якім адбываўся працэс

Працэс над беларускімі дзеячамі пачаўся 14 мая 1923 г. у Беластоцкім акруговым судзе, 45-ць асобаў былі абвінавачаныя ва ўдзеле ў нелегальнай беларускай арганізацыі і спробе адарвання шляхам узброенага паўстання паўночна-ўсходняй часткі Польшчы з мэтай далучэння яе да Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізацыя, паводле абвінаваўчага акту, прыняла канкрэтныя меры па здзяйсненні пастаўленых кіраўніцтвам мэтаў. Доказам гэтаму было знойдзенае ў падпольшчыкаў узбраенне — 10 пісталетаў розных марак і 7 заржавелых вінтовак.

Польскі суд сцвердзіў, што разглядае канфлікт паміж дзвюма нацыянальнымі ідэямі — польскай і беларускай, якія спасылаліся на права народаў да незалежнасці і ўзаемна выключаліся. Усходняя Беласточчына ці Гродзеншчына, якія для палякаў былі неад’емнай часткай іх краіны, беларускімі дзеячамі акрэсліваліся «акупаванай палякамі часткай Беларускай Народнай Рэспублікі».

Апрача Веры Маслоўскай абвінавачанымі ў канспірацыйнай дзейнасці былі яе брат Канстанцін і сястра Яўгенія Матэйчукі, паслы Сейма Сяргей Баран і Сымон Якавюк. У ліку 45-ці падсудных было 7 настаўнікаў, 2 былых афіцэраў, інжынер, фельчар, некалькі рабочых, аднак большасць складалі сяляне. У вялікай частцы сведкамі былі агенты яўнай і тайнай паліцыі, якія аднак не выступалі перад судом. Іх паказанні былі адчытаны як матэрыял пракуратуры.

У акце абвінавачання пісалася, што падпольная беларуская арганізацыя ўзнікла пасля з’езда прадстаўнікоў беларускіх партый у Празе восенню 1921 г. Тады тэрмін паўстання быў назначаны на пачатак сакавіка 1922 г. Удзельнікамі з’езда было трое абвінавачаных — Вера Маслоўская, Сяргей Баран і Сцяпан Жабінскі. Беларусы, паводле пракуратуры, мелі атрымаць падтрымку з боку Літвы і Германіі. На пачатку 1922 г. былі арганізаваны чатыры вайскова-тэрытарыяльныя групы. Беларускія землі былі падзелены падпольнымі ўладамі на раёны, арганізаваліся штабы, сеткі афіцэраў для лучнасці і мабілізацыі на выпадак паўстання. Рух узначальваў Цэнтральны беларускі штаб у Коўне, падпарадкаваны ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлава Ластоўскага. У Беластоку судзілі арганізатараў чацвёртай групы, падпарадкаванай Вячаславу Разумовічу («Хмары»), якога штаб знаходзіўся ў Мерачы недалёка літоўска-польскай мяжы. Раён мярэчыцкага штаба ахопліваў тэрыторыю Беластоцкага, Бельскага, Гродзенскага, Ваўкавыскага, Лідскага і Сакольскага паветаў.

Галоўным сведкам абвінавачання быў жыхар Саколкі Эдвард Лянкевіч, які быў членам кіраўніцтва арганізацыі, але пасля здрадзіў сваіх сяброў і пачаў супрацоўнічаць з паліцыяй. За яго справай большасць канспіратараў была арыштавана. Лянкевіча прыцягнула да канспірацыі Маслоўская. Выконваў ён абавязкі афіцэра лучнасці. Некалькі разоў пабываў ён у Мерачы, меў доступ да дакументаў штаба Разумовіча. З захаваных матэрыялаў цяжка, аднак, зарыентавацца, што са сказанага Лянкевічам было праўдай, а што гаварыў ён па загадзе паліцыі. Хаця арыентаваўся ён у структуры арганізацыі і прадставіў паліцыі дакладную сетку начальнікаў паўстанчых секцый, аднак прыводзіў малаверагодныя лічбы адносна падпарадкаваных ім партызан. Як патэнцыяльных салдат паўстанчай арміі лічыў ён усіх жыхароў вёсак вакол Белавежскай пушчы. Начальнік Ваўкавыскага павета Герман Шыманюк («Скамарох») — паводле Лянкевіча — меў атрымаць з Літвы ўзбраенне для 5 тысяч салдат. Невядома аднак ці гэта адбылося, ці толькі такая аперацыя планавалася. Літва рыхтавалася тады да вайны з Польшчай і, магчыма, разлічвала на дапамогу беларусаў. Паўстаннем у Беларусі былі зацікаўлены таксама ўлады камуністычнай Расіі.

Пасля арышту Маслоўскай і некалькі іншых асоб з палітычнага кіраўніцтва, некаторыя начальнікі секцый пачалі некантраляваную вайну супраць польскай улады. Мела яна, аднак, мала супольнага з ідэйным беларускім рухам. Такія акцыі як, напрыклад, напады на пастарунак паліцыі ў Кляшчэлях ці на дом ляснічага ў вёсцы Белая на Бельшчыне аблягчалі ўладам змаганне з беларускім рухам. Афіцыйна падкрэслівалася перш за ўсё яго бандыцкі характар і прымалі незвычайныя сродкі для ліквідацыі сапраўдных і прыдуманых падпольшчыкаў. Партызанаў аднаго дня судзілі, другога расстрэльвалі. Такі лёс спаткаў менавіта салдат Кляшчэлеўскай секцыі аддзела «Скамароха» Янку Захарчука ды Андрэя і Васіля Тамашукоў.

Пасол Сяргей Баран не прызнаўся да пастаўленых яму закідаў, а абвінавачанне супраць пасла Сымона Якавюка было — як высветлілася ў судзе — зроблена на падставе выказванняў правакатара. Сястра Маслоўскай, Яўгенія Матэйчук, паінфармавала, што да ўдзелу ў канспірацыі прымусіла яе палітыка польскіх улад, а перш за ўсё праследаванне беларускай асветы і культуры, прыніжаючыя адносіны да людзей беларускай нацыянальнасці. Аляксандр Станкевіч з Крынак свой удзел у паўстанчым руху тлумачыў словамі: «Зіма была жудасная. Дзеці і кабеты замярзалі ў зямлянках ад холаду і голаду, у нас памёрла 405 чалавек. Ад гэтых людзей дамагаліся падаткаў і данінаў». Станкевіч расказаў таксама перад судом пра зверствы паліцыі падчас допытаў. Катаванні арыштаваных былі галоўным метадам працы функцыянераў следчых ізалятараў.

Па той прычыне, што нікому з абвінавачаных суд не даказаў непасрэднага ўдзелу ў мілітарных акцыях, а толькі ідэйнае змаганне, не было падстаў для рэпрэсій, якім падвяргаліся партызаны. Маслоўская і іншыя беларускія дзеячы былі прыгавораны да шматгадовага турэмнага зняволення.

ЛітаратураПравіць