Пржэмысловічы
Пржэмысловічы (чэшск.: Přemyslovci) — першая княжацкая і каралеўская дынастыя ў Чэхіі, якая атрымала назву ад імя яе легендарнага заснавальніка Пржамысла, селяніна-аратага з сяла Стадзіцэ, і Лібушы - князёўны-прадказальніцы. Дынастыя існавала ад гістарычна пацверджанага 872 года да 1306. У 1198 годзе князь Пржамысл Отакар I стаў чэшскім каралём і атрымаў права перадаваць гэты тытул па спадчыне.
Найбольш вядомыя прадстаўнікі Пржэмысловічаў: Пржамысл Отакар I (кароль у 1198-1230), Вацлаў I (кіраваў у 1230-1253), Пржамысл Отакар II (кіраваў у 1253-1278), Вацлаў II. Пржэмысловічы былі першай і адзінай па паходжанні чэшскай кіруючай дынастыяй. У далейшым, за выключэннем караля Іржы з Падэбрад, усе каралі на чэшскім троне належалі да нечэшскіх дынастый.
Легендарны перыяд
правіцьПаводле «Чэшскай хроніцы» («Chronica Boemorum», 1119—1125) Казьмы Пражскага заснавальнікам роду Пржэмысловічаў быў Пржамысл-Араты, з якім ажанілася Лібуша, адна з дочак міфічнага Крока, прабацькі чэшскага народа. Адным з іх нашчадкаў быў Госцівіт, а яго сын, Барывой — першы, гістарычна пацверджаны (872) князь дынастыі Пржэмысловічаў.
Пржэмысловічы ў IX—XII стагоддзях
правіцьПершым Пржэмысловічам прыйшлося змагацца за ўладу над Чэхіяй. Іх праціўнікамі ўнутры Чэхіі выступалі роды Слаўнікавічаў і Вршовічаў. Баляслаў I, а потым і Олдржых далучылі да Чэхіі Маравію. Бржэціслаў I спрабаваў узмацніцца за кошт Польшчы і часова захапіў Сілезію, але яму прыйшлося стаць васалам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Ураціславаў II падтрымліваў імператара Генрыха IV у барацьбе з ворагамі і за гэта атрымаў Лужыцкую (пазней абмененую на Усходнюю марку) і Мейсенскую маркі. А ў 1158 годзе стаў першым каралём Чэхіі і намінальным каралём Польшчы.
Познія Пржэмысловічы
правіцьПржамысл Отакар I у 1198 годзе зноў атрымаў тытул караля і змог зрабіць яго спадчынным. Пры ім адбывалася актыўнае развіццё гарадоў. Яго ўнук Пржамысл Отакар II паспрабаваў пашырыць сваю ўладу да Адрыятычнага мора. У барацьбе з канкурэнтамі ён змог падпарадкаваць Аўстрыю, Штырыю, Карынцію, Краіну і Фрыуль. Новы імператар падтрымаў незадаволеных Пржамыслам суседзяў. Пржамысл Отакар II загінуў у адной з бітваў і яго сын Вацлаў II атрымаў толькі Чэхію і Маравію. Але Вацлаў II правёў шэраг мерапрыемстваў, якія ўмацавалі яго ўладу. Актыўная здабыча срэбра і рэформа фінансавай сістэмы дазволіла яму весці актыўную знешнюю палітыку. Вацлаў II стаў у 1300 годзе каралём Польшчы. У 1301 годзе ён змог зрабіць свайго сына каралём Венгрыі (кантралюючы толькі паўночна-заходнія раёны). Вацлаў памёр у 34 гадовым узросце, а яго 16-гадовы сын Вацлаў III хоць і атрымаў тры каралеўскія кароны (Чэхіі, Польшчы і Венгрыі), не змог іх захаваць. У 1305 годзе ён саступіў венгерскую карону, а ў 1306 годзе загінуў у Сілезіі.
Спадчына Пржамыслаў
правіцьПасля смерці Вацлава III пачалася барацьба паміж сваякамі Пржэмысловічаў за чэшскі трон, якая доўжылася чатыры гады — з 1306 па 1310. Спачатку чэшскі трон заняў Генрых, герцаг Карынцкі, граф Цірольскі (муж Ганны, сястры Вацлава), неўзабаве яго выгнаў Рудольф Габсбург (айчым Вацлава), але ў 1307 годзе ён памёр, і шляхта зноў абрала каралём Генрыха Карынцкага (1307—1310). Тым не менш, дваране не былі задаволены яго кіраваннем і ў выніку падтрымалі шлюб васямнаццацігадовай Елізаветы Пржамыслаўны, сястры Вацлава, з адзіным сынам імператара Генрыха VII чатырнаццацігадовым Янам Люксембургскім. Іаан Люксембургскі ў 1310 годзе авалодаў Прагай і быў каранаваны як чэшскі кароль (1310—1346).
Пасля 1306 года (забойства апошняга Пржэмысловіча) працягвала існаваць бакавая лінія Пржэмысловічаў, якая бярэ пачатак ад пазашлюбнага сына Пржамысла Отакара II — Мікулаша I. Прадстаўнікі гэтай лініі былі кіраўнікамі Опавы, Крнова і Раціборжа. У 1521 годзе, у сувязі са смерцю Валянціна Раціборскага уся опаўская лінія Пржэмысловічаў цалкам спынілася.
- Баржывой I, сын Гасцівіта (870/872 — 889/894).
- Стоймір, князь Біліна (каля 883/884).
- Спытыгнеў I, сын Баржывоя I (каля894 — 915)
- Ураціславаў I, брат папярэдняга (915—921)
- Вацлаў (Венцэслаў) I Святы, сын (916/921 — 929/935)*
- Баляслаў I Грозны, брат (929/935 — 972).
- Баляслаў II Набожны, сын (972—999).
- Баляслаў III Руды, сын (999—1002)(1003, пам. 1037).
- Уладзівой, сын Мешка I, князя Польшчы (1002—1003)*
- Ярамір, сын 8 (1003)(1004—1012)(1033—1034)(1034)*
- Баляслаў I Храбры, кароль Польшчы (1003—1004).
- Олдржых (Удальрых), сын 8 (1012—1033)(1034).
- Бржэціслаў I, сын (1034—1055).
- Спытыгнеў II, сын (1055—1061).
- Ураціславаў II, брат (1061—1092, маркграф Маравіі 1048—1061, кароль Чэхіі з 1086).
- Юдзіта Чэшская, дачка (каля 1056/58 — 25.12.1086)
- Конрад, брат (1092).
- Бржэціслаў II Малодшы, сын Ураціславава II (1092—1100)*
- Баржывой II, брат (1101—1107)(1117—1120, пам. 1124).
- Сватоплук (Святаполк), пляменнік (1107—1109)*
- Атон (Ота) Чорны, брат (1109, у Оламаўцы 1107—1126).
- Уладзіслаў I, сын 15 (1109—1117)(1120—1125).
- Сабеслаў I, брат (1125—1140, у Брно 1115—1123).
- Уладзіслаў II, сын Уладзіслава I (1140—1173, з 1158 кароль).
- Фрыдрых (Бедржых), сын Уладзіслава II (1173)(1178—1179).
- Сабеслаў II, сын Сабеслава I (1173—1178)*
- Фрыдрых (Бедржых), сын Уладзіслава II (1179—1189).
- Конрад II Ота, унук 20 (1189—1191, у Зноеме 1150—1189).
- Вацлаў II, сын 21 (1191—1192)*
- Пржэмысл Отакар I, сын 22 (1192—1193)(1197—1230, з 1198 кароль).
- Індржых (Генрых) Бржэціслаў, арх. Прагі, брат 26 (1193—1197)*
- Уладзіслаў Індржых, сын 22 (1197, маркграф Маравіі з 1186).
- Вацлаў I Аднавокі, сын 28 (1230—1253).
- Пржэмысл Отакар II, сын (1253—1278)*
- Вацлаў II, сын (1278—1305, кароль Польшчы 1300—1305).
- Атон IV, маркграф Брандэнбурга (апякун 1278—1283).
- Завіш з Фалькенштэйна (апякун 1284—1290).
- Вацлаў III, сын (1305—1306, кароль Венгрыі з 1301, кароль Польшчы з 1305)*
- Эльжбета Рыкса, маці (рэгентка 1305—1306).
- Рудольф Габсбург, герцаг Аўстрыі, унук 32 (1306—1307).
- Індржых Харутанскі (Генрых, герцаг Карынціі), зяць 33 (1307—1310).
Гісторыя роду Пржэмысловічаў падрабязна апісана Казьмой Пражскім у «Чэшскай хроніцы» (1119—1125).
Спасылкі
правіць- [1] Архівавана 29 сакавіка 2014.
- BOHEMIA (англ.). Foundation for Medieval Genealogy. Праверана 17 ліпеня 2011.
- MORAVIA (англ.). Foundation for Medieval Genealogy. Праверана 17 ліпеня 2011.
- DUKES of TROPPAU [OPAWA and JÄGERNDORF (PŘEMYSLID)] (англ.). Foundation for Medieval Genealogy. Праверана 17 ліпеня 2011.