Прывакзальная плошча (Мінск)
Прывакзальная плошча — плошча ў Мінску, прымыкае да вакзалу чыгуначнай станцыі Мінск-Пасажырскі.
Прывакзальная плошча Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Плошча Леніна, Вакзальная |
Ранейшыя назвы | Плошча 25 кастрычніка |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сучасная плошча мае прамавугольную форму, выцягнутую ўздоўж вуліцы Бабруйскай. Яе называюць плошчай трох вакзалаў. Тут размешчаны аўтавакзал «Цэнтральны» і чыгуначныя пасажырскія вакзалы далёкага і прыгараднага руху. Плошчу ўпрыгожвае шкляны фасад галоўнага корпуса чыгуначнага вакзала.
Комплекс кварталаў, размешчаных насупраць будынка вакзала, успрымаецца як парадны ўезд у горад з боку чыгуначнага і аўтобуснага вакзалаў. Такое ўспрыманне ўзмацняецца дзвюма адзінаццаціпавярховымі вежамі па вуглах пяціпавярховых жылых дамоў, размешчаных сіметрычна. Гэтыя вежы атрымалі назву «Вароты горада» або «Мінскія вароты». Дамы былі пабудаваныя ў стылі сталінскага класіцызму паводле праекта ленінградскага архітэктара Барыса Рубаненкі. На адной вежы размешчаны найбуйнейшы ў рэспубліцы гадзіннік, дыяметр яго цыферблату складае больш за 3,5 метраў. Гэты гадзіннік быў створаны больш за сто гадоў таму ў Германіі і ў Беларусь трапіў як ваенны трафей пасля Другой сусветнай вайны. На другой вежы — герб БССР.
Характарыстыка
правіцьАкрамя чыгуначнага вакзала, на плошчы размяшчаюцца таксама:
- аўтавакзал «Цэнтральны»,
- комплекс будынкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта,
- «Вароты Мінска» — два 11-павярховыя будынкі-вежы, размешчаныя сіметрычна адзін да аднаго па цэнтры плошчы.
Сістэма падземных пераходаў пад плошчай злучае паміж сабой вакзал, пасадачныя платформы і станцыю метро «Плошча Леніна».
Гісторыя
правіцьФарміраванне плошчы пачалося ў 1871—1874 гадах з будаўніцтва Віленскага вакзала (да нашых дзён не захаваўся). У 1890 годзе паміж драўлянымі пабудовамі быў узведзены мураваны будынак вакзала.
Курлоўскі расстрэл
правіцьЗ Прывакзальнай плошчы таксама звязана гістарычная падзея, вядомая як «курлоўскі расстрэл». 31 кастрычніка 1905 года ў будынку вакзала адбыўся мітынг чыгуначнікаў і іншых рабочых горада. Для падаўлення забастоўкі мінскі губернатар П. Р. Курлоў даў загад прымяніць зброю. У выніку больш за 80 чалавек было забіта, некалькі соцень паранена.
Пад ціскам грамадскасці Курлоў быў пераведзены царскім урадам у Санкт-Пецярбург. Па ініцыятыве чыгуначнікаў Гарадская дума ў 1905 годзе прыняла рашэнне аб будаўніцтве на Прывакзальнай плошчы на сродкі горада і грамадскіх арганізацый помніка ахвярам курлоўскага расстрэлу. Узведзены помнік уяўляў сабой масіўны крыж на пастаменце. З чатырох бакоў стаялі слупкі, злучаныя ланцугамі. Да нашых дзён не захаваўся.
Пасля рэвалюцыі
правіцьПасля Кастрычніцкага перавароту плошча насіла назву — «Плошча 25 кастрычніка». У 1939—1940 гадах праводзілася рэканструкцыя прывакзальнага раёна. У 1941 годзе пад кіраўніцтвам тагачаснага галоўнага архітэктара Мінска Герасіма Якушкі распачаты праект рэканструкцыі Прывакзальнай плошчы, якая ў той час насіла назву Плошча Памяці ахвяр 1905 года, планавалася пашырыць яе, пабудаваць па перыметры новыя дамы, устанавіць помнік ахвярам Курлоўскага расстрэлу[1][2].
Пасляваенны перыяд
правіцьУ 1946 годзе быў адноўлены будынак вакзала, зруйнаванага ў час Другой сусветнай вайны. Сучасны выгляд прывакзальнай плошчы склаўся ў 1948—1956 гадах. Да пач. 1960-х на месцы, дзе стаіць аўтавакзал «Цэнтральны», стаяла воданапорная вежа. У канцы 1990-х у сувязі з будаўніцтвам новага будынка вакзала плошча (дакладней яе месца з боку будынка чыгуначнага вакзала) значна змянілася. У пачатку 2000-х пасунутыя трамвайныя рэйкі.
У 2003 годзе праведзена добраўпарадкаванне плошчы і сквера (арх. Г. Аксёнава)[3].
Зноскі
- ↑ Карпечанка, М. Архітэктар Герасім Якушка : застылай музыкі маэстра : [Беларускі архітэктар] / Міхась Карпечанка // Зара над Друццю. — 2015. — 7 лютага. — С. 4.
- ↑ Застывшая музыка зодчего Якушко(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Аксенова Анна Алексеевна // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Архитекторы Беларуси. / Редакционный совет: И. В. Чекалов (пред.) и др. — Минск: Энциклопедикс, 2014. — 140 с. — ISBN 978-985-7090-29-7. (руск.)
Літаратура
правіць- Минск: путеводитель / Н. А. Чирский, Е. Н. Чирский. — Минск : Вышэйшая школа, 2005. — 96 с.: фотогр. — ISBN 985-06-1058-1 (руск.)
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Прывакзальная плошча (Мінск)
- Стары-Новы Мінск Архівавана 7 красавіка 2013. (руск.)