Геральдычны шлем

(Пасля перасылкі з Прылбіца)

Шлем[1][2], прылбіца[1][3], або гелм[2] (фр.: le casque) — адзін з элементаў герба, упрыгажэнне гербавага шчыта. Уяўляе сабой выяву часткі ўзбраення, назначэнне якой — ахова галавы і шыі рыцара. На шлеме змяшчаецца бурэлет, карона, клейнод.

Шлемы бываюць закрытыя і адкрытыя. На шчыце знаходзіцца пасярэдзіне[2]. Шлем, павернуты направа, сведчыць аб старажытнасці герба альбо рода яго ўладальніка[3], з XV ст. шлемы сталі рабіць павернутымі да гледача[2].

Калі на шчыце сустракаюцца два шлемы і болей (але абавязкова парамі), тады іх краты павінны быць павернуты адзін да аднаго. Калі іх тры — сярэдні шлем павернуты проста, а тыя, што па баках, павінны быць павернуты кратамі да яго[2].

Тэрмін правіць

На думку геральдыста Аляксея Шаланды тэрмін «прылбіца», уведзены А. Цітовым, наўрад ці ён можа задаволіць айчынных геральдыстаў, не зусім удалым ён таксама лічыць тэрмін «шолам». Паводле беларускіх слоўнікаў другой паловы XVI — першай паловы XVII ст., у слова «шлем» было некалькі адпаведнікаў: «прилбица», «мисюрка», «шишак». Апошнім варыянтам, «шишак», карыстаўся ў першай палове XVII ст. аўтар геральдычнага трактата князь Ю. А. Ябланоўскі[2].

Набольш шырока ў шляхецкай геральдыцы Вялікага Княства Літоўскага выкарыстоўваўся іншы тэрмін — «гелм». Ён паходзіў ад нямецкага слова «helm», якое трапіла спачатку ў Польшчу і замацавалася там у форме «hełm», а пазней перайшло ў беларускую мову[2].

Віды шлемаў правіць

Адрозніваюць шлемы:

  • шлем імператара і каралёў — залаты адкрыты шлем без кратаў[2];
  • у прынцаў крыві, герцагаў і вялікіх князёў — адкрыты срэбраны шлем[2];
  • У маркізаў — закрыты срэбраны шлем[2];
  • У графаў — срэбраны шлем з дзевяццю крацінамі, павернуты на тры чвэрці[2];
  • У баронаў — срэбраны шлем з сямю крацінамі, павернуты на тры чвэрці;
  • у старажытнай шляхты — срэбраны шлем з сямю крацінамі, павернуты ў профіль[2];
  • у набілітаванай шляхты — срэбраны шлем з амаль апушчанымі кратамі, павернуты ў правы бок і профіль[2];
  • у незаконнанароджаных — срэбраны шлем з апушчанымі кратамі, павернуты проста[2].

Зноскі

  1. а б Герб. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н Аляксей Шаланда. Таямнічы свет беларускіх гербаў: Шляхецкая геральдыка Вялікага княства Літоўскага. — Мінск: Янушкевіч. — 220 с., [12] л. іл. с. — ISBN 978-985-90346-1-9.
  3. а б Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010.— 144 с.: іл. ISBN 978-985-454-500-4.

Спасылкі правіць