Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці

Прэмія «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» (англ.: Civil Society Champions award) — штогадовая прэмія, якой адзначаюцца найбольш значныя, выбітныя і яскравыя асобы, арганізацыі і падзеі знакавыя для развіцця беларускага трэцяга сектара. Прэмія заснавана Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі (далей — Асамблея НДА) у 2009 годзе. Першая цырымонія ўзнагароджання адбылася 23 снежня 2009 года ў Мінску.[1]

Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці

Ідэі прэміі правіць

Ідэя — адзначыць найбольш паспяховыя рэалізаваныя крэатыўныя ідэі ў грамадскім сектары, вызначыць усе цікавыя падзеі года ў жыцці грамадзянскай супольнасці і прыцягнуць да іх увагу беларускага грамадства.[2]

Працэдура вызначэння пераможцаў правіць

Пералік намінацый прэміі вызначаецца Праўленнем Асамблеі НДА. Сябры Рабочай групы Асамблеі НДА прапаноўваюць кандыдатаў на кожную намінацыю з абгрунтаваннем яе вылучэння. Шорт-ліст складае Праўленне. Максімальная колькасць намінантаў па кожнай намінацыі 7. За пераможцаў галасуюць сябры Рабочай групы, кіраўнікі і эксперты ўплывовых беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, лаўрэаты прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» мінулых гадоў. Галасаваць можна толькі за адну кандыдатуру ў кожнай намінацыі. Пераможцам абвяшчаецца кандыдат, які набраў найбольшую колькасць галасоў. Вынікі галасавання зацвярджаюцца Праўленнем Асамблеі НДА.[3]

Намінацыі правіць

  • Грамадскі лідар года — уручаецца грамадскаму дзеячу за яго ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі ў бягучым годзе. Улічваюцца ягоны ўплыў на грамадскі сектар, аўтарытэт і дасягненні.
  • Кампанія года — уручаецца ініцыятарам і/або прадстаўнікам найбольш значнай агульнанацыянальнай кампаніі, праведзенай НДА ў бягучым годзе. Улічваецца важнасць паднятай тэмы, маштаб кампаніі, дасягнутыя вынікі, а таксама розгалас у СМІ.
  • Новая ініцыятыва — уручаецца прадстаўнікам новай грамадзянскай ініцыятывы, якая распачала сваю дзейнасць у бягучым годзе. Улічваецца актуальнасць абранага кірунку дзейнасці і важнасць ініцыятывы для мэтавай аўдыторыі.
  • Рэгіянальная падзея — уручаецца ініцыятарам найбольш значнай рэгіянальнай грамадскай акцыі/кампаніі/падзеі. Улічваецца маштаб падзеі, дасягнутыя вынікі і розгалас пра падзею ў агульнанацыянальным маштабе.
  • Месца года — уручаецца прадстаўнікам адміністрацыі памяшкання, якое актыўна выкарыстоўваецца ў дзейнасці НДА. Улічваецца даступнасць месца для грамадскіх актывістаў і ягоная папулярнасць.
  • Крэатыў года — уручаецца ініцыятарам найбольш яскравай і крэатыўнай грамадскай акцыі/кампаніі/ падзеі. Улічваецца нестандартны падыход да актуалізацыі грамадсказначнай тэмы.
  • «Гарбуз» года — уручаецца за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх прадстаўнікоў.
  • Медыя/журналіст года — уручаецца за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадскай дзейнасці ў масмедыя. Улічваецца адкрытасць да супрацоўніцтва з НДА і асвятленне актуальных для няўрадавага сектара тэмаў.
  • Найлепшы сайт НДА (Медыяактыўнасьць года) — уручаецца найбольш прыкметнаму ў бягучым годзе сайту няўрадавай арганізацыі ці ініцыятывы. Улічваюцца ягоная наведвальнасць, абнаўляльнасць, зручнасць падачы інфармацыі, карысць для мэтавай аўдыторыі і прамоцыі грамадскай дзейнасці ў Беларусі.
  • Партнёрства года — уручаецца за салідарныя дзеянні і рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, якая аб’яднала партнёраў з розных сфер і сектараў на карысць грамадзянскай супольнасці. Улічваецца колькасць партнёраў і сацыяльная важнасць увасобленых імі імпрэзаў або кампаній.
  • Талака года — уручаецца за найбольш паспяховае далучэнне да грамадскай актыўнасці людзей праз краўдфандынг, супольныя акцыі, валанцёрства і іншыя формы дзейнасці. Улічваецца колькасць удзельнікаў, важнасць тэматыкі, дасягнутыя вынікі і трываласць далучанасці да грамадскай дзейнасці.

Пераможцы 2009 года[4] правіць

23 снежня 2009 года ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджання найбольш выбітных грамадскіх ініцыятыў ды кампаній.

  • Нерэгістрацыя года — Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
  • Грамадзянская кампанія года — супольная ініцыятыва беларускіх праваабаронцаў «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі».[5]
  • Рэгіянальная падзея года — масавы Форум Асамблеі НДА Магілёўскай вобласці, які сабраў пад адным дахам больш за 80 актывістаў дэмакратычных аб’яднанняў Магілёўшчыны.[6]
  • Крэатыў года — выправа Дзядоў Марозаў у пракуратуру, якія дамагаюцца адмены крымінальнага артыкула 193.1 у межах кампаніі Stop 193.1.[7]
  • За дзейсную дабрыню — група ініцыятыўных блогераў, якія самаарганізаваліся дзеля дапамогі дзіцячаму дому.
  • За чалавечнае стаўленне да жывёл — кампанія ў абарону бяздомных жывёл, якая ладзілася цэлым шэрагам арганізацый і асобаў: грамадскімі аб’яднаннямі «Эгіда» і «Ратаванне», «Абаронім жыццё», «Заасвет», былымі валанцёрамі «Фаўна гораду», «Ініцыятыва», «БМАgroup» ды інш.
  • Найбольш абсурдная адмова года — галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Чыноўнікі адмовілі ў рэгістрацыі грамадскай арганізацыі «Залаты леў», таму што «ў тэксце статута арганізацыі адсутнічае расшыфроўка назвы „Залаты леў“».[8]

Пераможцы 2010 года[9] правіць

21 лютага 2011 года ў Галерэі «Ў» прадстаўнікі Асамблеі НДА адзначылі найбольш значныя ў 2010 годзе ініцыятывы. 2010 год прайшоў пад знакам прэзідэнцкай кампаніі. Аднак, грамадскія ініцыятывы і аб’яднанні спраўна дзейнічалі ў неспрыяльных умовах. 19 снежня 2010 адбыўся жорсткі разгон акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, шэраг палітыкаў, грамадскіх актывістаў, журналістаў апынуліся ў турмах.[10] Салідарнасць і ўзаемную павагу можна адзначыць як асноўны прынцып дзейнасці трэцяга сектару ў 2010 годзе.

  • Кампанія года — ініцыятыва Беларускага Хельсінкскага камітэта і Праваабарончага цэнтру «Вясна» «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
  • Грамадскі лідар года — старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябра Рабочай групы Асамблеі НДА, Жанна Літвіна.
  • Рэгіянальная падзея года — Фэст маладзёжнай журналістыкі «Твой стыль», які адбыўся ў Гродне і ў якім прымалі ўдзел каля 150 рэпарцёраў-пачаткоўцаў.
  • Акцыя года — Акцыя Салідарнасці з рэпрэсаванымі 19-20 снежня.[11]
  • Нечаканая рэгістрацыя года — Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы, якой першапачаткова было адмоўлена ў рэгістрацыі, пасля чаго адмова паспяхова была аспрэчана ў судзе.[12]
  • Адмова года — аб’яднанне «Берасцейская вясна». Колькасць адмоваў у рэгістрацыі арганізацыі наблізілася да дзесяці.[13]
  • Асяродак грамадзянскай супольнасці — Кнігарня «Ў».
  • Выкарыстанне віртуальнай прасторы ў грамадскай дзейнасці — блогер Zmagarka (Таццяна Елавая), якая правяла ў Інтэрнэце грамадскае расследаванне па падзеях 19 — 20 снежня.[14]

Пераможцы 2011 года[15] правіць

Цырымонія ўзнагароджання прайшла 7 лютага 2012 года ў Мінску ў «Арт-сядзібе». Пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы і гадзіннікі з выяваю персанажу Вож Проста Вож.

  • Грамадскі лідар года — праваабаронца, старшыня ПЦ «Вясна», Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца за кратамі праз сваю праваабарончую дзейнасць. Прэмію за Алеся Бяляцкага атрымалі праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Таццяна Рэвяка.
  • Месца года — галерэя «Ў».
  • Найлепшая грамадская ініцыятыва — «Народны журналіст».
  • Рэгістрацыя года — Офіс па правах людзей з інваліднасцю.[16]
  • Адмова года — «Цэнтр развіцця валанцёрства» па прычыне адмовы кіраўніка цэнтру Мікалая Кванталіяні супрацоўнічаць з КДБ.[17]
  • Найлепшая кампанія года — Кампанія па зборы подпісаў за непрыняцце закону аб некамерцыйных арганізацыях, якую праводзілі супольна Асамблея НДА і Цэнтр прававой трансфармацыі «Lawtrend».
  • Найлепшая рэгіянальная падзея — Страйк супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада Барысава. Супрацоўнікі ЖКГ пабаяліся прыехаць у Мінск, таму прызы за іх атрымаў барысаўскі журналіст Міхаіл Васільеў, які асвятляў гэтую падзею. Разам з дыпломам, гадзіннікам і кубкам у Барысаў перадалі цвікі з бел-чырвона-белымі стужкамі як сімвал непахіснасці характару барысаўскіх пралетарыяў.[18]
  • Крэатыў года — віртуальны абменнік — сайт Prokopovi.ch. Самі стваральнікі сайту не рызыкнулі прыйсці за ўзнагародай і ў звароце папрасілі пакінуць да лепшых часоў прызы ў офісе Асамблеі НДА.[19]

Пераможцы 2012 года[20] правіць

1 лютага 2013 года ў Мінску ў кнігарні «Логвінаў» адбылася цырымонія ўзнагароджання.

  • Грамадскі лідар года — гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут і выдавец часопісу ARCHE Валер Булгакаў. Узнагароды ў гэтай намінацыі давялося ўручаць дыстанцыйна.
  • Месца года — офіс праваабарончага цэнтра «Вясна».
  • Адмова года — «Арт Сядзіба».
  • Крэатыў года — плюшавы дэсант, які быў зладжаны Studio Total.
  • Кампанія года — Беларуская антыядзерная кампанія.
  • Рэгістрацыя года — Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Платформ Інавэйшн»[21].
  • Новая ініцыятыва — Марафон салідарнасці «Свабоду палітвязням».[22]
  • Рэгіянальная падзея — стварэнне структураў незалежных прафсаюзаў на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах.[23]

Пераможцы 2013 года[24] правіць

23 снежня 2013 года ў памяшканні «Арт Сядзібы» адбылася пятая штогадовая цырымонія ўручэння прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Сёлета паступіла рэкордная колькасць прапановаў па кожнай намінацыі — агулам больш за 160 прапановаў.

  • Грамадскі лідар года — Сяргей Міхалок, лідар гурта «Ляпіс Трубяцкі».
  • Кампанія года — агульнанацыянальная кампанія Асамблеі НДА «Зробім лепш!», удзел у якой узялі 27 грамадскіх арганізацый з 14 гарадоў Беларусі. У межах кампаніі праведзены шэраг разнастайных мерапрыемстваў, якія аб’ядналі больш за шэсць тысяч чалавек па ўсёй краіне. Кампанія завяршылася вялікім фэстам «Зробім лепш!» у мінскім клубе Re:public.[25]
  • Новая ініцыятыва — моўныя курсы «Мова ці кава», што цягам года праходзілі ў сталічнай галерэі «Ў». Прэмію атрымала аўтар курсаў журналістка Кацярына Кібальчыч.[26]
  • Рэгіянальная падзея — народныя бунты супраць ліквідацыі хатніх свіней у сувязі з небяспекаю распаўсюджання афрыканскай чумы. Атрымаць прэмію ў Мінск прыехала актыўная ўдзельніца кампаніі Кацярына Музыкантава з вёскі Сумарокава (Магілёўскі раён).[27]
  • Месца года — пляцоўка «ЦЭХ».
  • Крэатыў года — PRацоўня сацыяльнай рэкламы за крэатыўную прамоцыю НДА[28] і прыватная ініцыятыва па ўсталяванні ў Астравецкім раёне помніка паўстанцам Каліноўскага мецэнатам Мікітам Забудам[29]
  • СМІ года — інтэрнэт-тэлебачанне партала TUT.by. Статуэтку і дыплом атрымала рэдактар TUT.BY-TV Алёна Андрэева.
  • Найлепшы сайт НДА — сайт Праваабарончага цэнтра «Вясна».
  • Лапаць года — Ірына Бійнік, арганізатар велапрабегу «Стылягі на роварах». За арганізацыю велапрабегу яе прысудзілі да штрафу ў два мільёны беларускіх рублёў.

Пераможцы 2014 года правіць

13 студзеня 2015 года ў Арт Сядзібе прайшла шостая цырымонія ўручэння прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый адзначыла выбітныя і яскравыя акцыі ў грамадскім сектары за 2014 год. Сёлета ў журы ўвайшло 100 чалавек з ліку лідараў трэцяга сектару, мінулагодніх пераможцаў і журналістаў, якія стала пішуць пра НДА.

  • Грамадскі лідар года — вядоўцы моўных шоў «Мова нанова», «Мова ці кава», «Мова веда» і «Мова TUT».
  • Кампанія года — кампанія «Пазнач сябе беларусам». Цягам 2014 года моладзь з Арт Сядзібы правяла шэраг акцый па прамоўцыі беларускіх сімвалаў, вышымаек, былі зладжаныя два Дні вышыванкі і раздадзеныя 5 кіламетраў стужкі з нацыянальным арнаментам.
  • Новая ініцыятыва — эксперты ў абарону Курапатаў. Археолагі, архітэктары, інжынеры, юрысты, культуролагі, журналісты ў 2014 годзе аб’ядналі свае намаганні, каб юрыдычна бараніць ахоўныя межы Курапатаў ад незаконнага скарачэння і забудовы.
  • Рэгіянальная падзея — Дзень памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы. У 2014 падзея адзначыла свой 20-гадовы юбілей.
  • Крэатыў года — акцыя салідарнасці футбольных фанатаў на матчы «Беларусь-Украіна», які прайшоў 9 кастрычніка на Барысаў-Арэне.
  • Журналіст/медыя года — Марат Гаравы, журналіст газеты «Новы Час».
  • Найлепшы сайт НДА — інфармацыйна-метадычны партал для настаўнікаў www.nastaunik.info.
  • Гарбуз года — антыпрэмію атрымалі Упраўленне па грамадзянству і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама і Аддзел па грамадзянству і міграцыі Першамайскага РУУС г. Мінска  (бел. (тар.)) г. Мінска за ануляванне віду на жыхарства праваабаронцы Алены Танкачовай.

Пераможцы 2015 года правіць

15 студзеня 2016 года Асамблея зладзіла сёмую цырымонію ўганаравання пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянcкай супольнасці», каб адзначыць лідараў і найбольш значныя падзеі трэцяга сектару за мінулы год. Журы складалася з 114 грамадскіх лідараў, экспертаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, з якіх за намінантаў прагаласавала 75 чалавек.

  • Грамадскі лідар года — Святлана Алексіевіч. Атрыманне ёй Нобелеўскай прэміі аб’яднала беларусаў, а грамадская пазіцыя прымусіла задумацца пра сітуацыю ў краіне.
  • Кампанія года — кампанія салідарнасці з кадэтамі Ястрэмбельскай школы-інтэрната (#Пагоняпобач). Прэмію ўручылі ініцыятарам кампаніі — прадстаўнікам «Арт Сядзібы».
  • Новая ініцыятыва — серыя перформансаў у падтрымку людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якую зладзілі студэнты Тэатральнай лабараторыі «Фартынбрас» пры Беларускім свабодным тэатры.
  • Рэгіянальная падзея — абарона берагу возера Балдук у Пастаўскім раёне ад забудовы. Сябры арганізацый «Зялёная сетка», «Экадом», «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разам з мясцовымі жыхарамі з 2012 года змагаюцца супраць забудовы ля возера.
  • Партнёрства года — Гуманітарны маршрут «Беларусь-АТО». У 2015 годзе гэта намінацыя была ўведзена ўпершыню, і ўручалася за салідарныя дзеянні і рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, якая аб’яднала партнёраў з розных сфер і сэктараў на карысць грамадзянскай супольнасці.
  • Найлепшы сайт НДА — партал adukacyja.info.
  • Крэатыў года — стрыт-арт фэст Urban Myths у Мінску.
  • Гарбуз года — антыпрэмію атрымала Міністэрства інфармацыі за загад знішчыць наклад кнігі Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі».
  • Медыя/журналіст года — блогер Антон Матолька.

Пераможцы 2016 года правіць

23 снежня 2016 года ў Мінску прайшла восьмая цырымонія ўручэння прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый адзначыла найбольш выдатныя і яскравыя падзеі ў грамадскім сектары за бягучы год. Журы складалася з 116 грамадскіх лідараў, экспертаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, а лонг-ліст намінантаў сёлета склаў 166 прапаноў.

  • Грамадскі лідар года — Зміцер Дашкевіч. Ён цягам 2016 года ініцыяваў збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычнай каштоўнасці, знішчыў «3,5 кв.м урадлівага слою глебы» на беларуска-расійскай мяжы, пратэставаў супраць адкрыцця графіці «Масква-Мінск» і ўсталявання помніку Леніну.
  • Кампанія года — кампанія па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, #нашсцяг.
  • Новая ініцыятыва — установа «Human Constanta», якая запомніліся грамадству дзеяннямі ў абарону правоў уцекачоў і мігрантаў у Брэсце.
  • Рэгіянальная падзея — кампанія ў абарону гісторыка-культурнага раёна Мінска «Асмалоўка».
  • Партнёрства года — платформа Talaka.by. На гэтай некамерцыйнай пляцоўцы актыўныя людзі знаходзяць каманду, памочнікаў і фінансы для рэалізацыі сваіх ідэй. Найбольшую падтрымку на платформе атрымліваюць ідэі ў сферы развіцця беларускай мовы і культуры.
  • Медыяактыўнасць года — онлайн-часопіс «Имена», які дае магчымасць не толькі даведацца пра гісторыі, лёс і ўчынкі беларусаў, а таксама ствараць і падтрымліваць важныя для грамадства праекты.
  • Крэатыў года — невядомы мастак, які дамаляваў калючы дрот на прапагандысцкім графіці «Мінск-Масква».
  • Гарбуз года — супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама, якія сёлета жорстка затрымалі ўдзельнікаў негвалтоўнай акцыі раварыстаў «Крытычная маса».
  • Мэдыя / журналіст года — Галіна Абакунчык, карэспандэнтка Радыё Свабода, аўтар 98 матэрыялаў пра грамадзянскую супольнасць, яе ініцыятывы і пераслед у 2016 годзе.

Пераможцы 2017 года правіць

21 снежня 2017 года Асамблея НДА зладзіла дзявятую цырымонію ўганаравання пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянcкай супольнасці», каб адзначыць выбітных асобаў і важныя падзеі трэцяга сэктара Беларусі ў 2017 годзе. Журы складалася з 110 грамадcкіх лідараў, экспертаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў, з якіх за намінантаў прагаласавала 90 чалавек.

  • Грамадскі лідар года — Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, рухавік кампаніі «Павестка 50». Кампанія разгарнулася ў пяці беларускіх гарадах і была накіравана на імплементацыю палажэнняў Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю.
  • Кампанія года — Кампанія ў абарону Курапатаў, #курапаты.
  • Новая ініцыятыва — грамадскі рух «Дзея» разам з кампаніяй Legalize Belarus[30] ды ініцыятыва «Хайсы» з Віцебску (2 пераможцы).
  • Рэгіянальная падзея — «маршы недармаедаў» супраць дэкрэта № 3, якія прайшлі сёлета ў розных гарадах Беларусі. У акцыях бралі актыўны ўдзел грамадскія актывісты і мясцовыя жыхары. 
  • Партнёрства года — Беларускія ўікэнды. Дзякуючы ім цягам 2017 года беларускамоўныя версіі фільмаў былі паказаныя ў шэрагу кінатэатраў краіны. 
  • Медыяактыўнасць года — сацыяльныя сеткі пошукава-выратавальнага атрада «Анёл».
  • Крэатыў года — акцыя «Ноч расстраляных паэтаў» — супольная ініцыятыва Маладога Фронту і творчых асяродкаў.
  • Гарбуз года — журы вырашыла «адзначыць» антыпрэміяй крымінальную справу па «факце» навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былых актывістаў арганізацыі «Белы легіён» і спартыўна-патрыятычнага клубу «Патрыёт». 
  • Медыя / журналіст / журналістка года — гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч. Ягоны канал на YouTube стаў такім папулярным, што ўлады абвінавацілі Максіма ў «падмене дзяржаўных СМІ».

Пераможцы 2018 года правіць

У чацвер 10 студзеня 2019 года ў культурніцкай прасторы «Корпус» у Мінску назвалі пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Дзясяты раз яе ўручала Асамблея НДА. У шорт-лісце было 57 намінантаў, а ў журы — 112 грамадскіх лідараў, экспэртаў і журналістаў з усёй Беларусі.

  • Грамадскі лідар года — Павел Белавус, заснавальнік «Арт Сядзібы». Адзін з арганізатараў святкавання 100-годдзя БНР, канцэрту і інфармацыйнай кампаніі #БНР100, акцыяў #добрыясловы і «Брукаванка памяці» ў Курапатах.
  • Кампанія года — кампанія па адзначэнні 100-годдзя БНР. Агульнабеларуская грамадская кампанія, якая ўцягнула мноства людзей, арганізацый, камерцыйных структураў і нават дзяржаўных устаноў у дзясятках гарадоў нашай краіны.
  • Новая ініцыятыва — універсітэт імя Ніла Гілевіча. Зарэгістраваны ў якасці ўстановы ў сакавіку 2018. Заснаваны ТБМ, каб выправіць ганебную сітуацыю з немагчымасцю атрымаць вышэйшую адукацыю на беларускай мове.
  • Рэгіянальная падзея — кампанія супраць акумулятарнага завода ў Берасці.
  • Партнёрства года — кааліцыйная праца праваабарончых НДА Беларусі пры падрыхтоўцы дакладу для Камітэта па правах чалавека ААН. У выніку больш як 60 рэкамэндацый Камітэта правоў чалавека ААН да ўраду Беларусі маюць у сваім складзе прапановы беларускіх праваабаронцаў дзеля выпраўлення сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.
  • Медыяактыўнасць года — кароткія ролікі ў сацсетках і перадача «Мова пра мову» Вінцука Вячоркі папулярызуюць мову сучаснымі сродкамі.
  • Крэатыў года — бацькоўская ініцыятыва «Дзеткі-кветкі», якая правяла грамадскі маніторынг моўнага статуса 106 дзіцячых садкоў у Мінску.
  • Гарбуз года — антыўзнагарода «Гарбуз года» дастаўся БелТА, па заяве якой 14 журналістаў недзяржаўных медыя абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі.
  • Мэдыя / журналіст / журналістка года — Таццяна Каравянкова, якая на БелаПАН прафесійна асвятляе грамадска-палітычныя тэмы ў Беларусі.
  • Талака года — краўдфандынгавая платформа «Талака», якая летась дасягнула паказальніку ў 1 мільён рублёў, сабраных на грамадскія праекты.

Пераможцы 2019 года правіць

9 студзеня ў мінскім клубе «Брюгге» адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці-2019». Асамблея НДА ў адзінаццаты раз адзначыла асоб і важныя падзеі грамадскага сектару. Сёлета ў журы была рэкордная колькасць грамадскіх лідараў, экспертаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў — агулам 150 чалавек.

  • Грамадская лідарка года — першае месца падзялілі Святлана Гатальская з руху «Маршыруй, дзетка!», які прасоўвае прыняцце закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, і Алена Маслюкова, лідарка ініцыятывы супраць запуску завода па вытворчасці бялёнай цэлюлозы ў Светлагорску.
  • Кампанія года — кампанія па ўшанаванні паўстанцаў 1863—1864 гадоў у Вільні.
  • Новая ініцыятыва — адукацыйна-асветніцкая пляцоўка «Тэрыторыя правоў», заснаваная Беларускім домам правоў чалавека і ПЦ «Вясна».
  • Мэдыяактыўнасць — перамог відэаблог на YouTube «Рудабельская паказуха».
  • Талака года — краўдфандынгавая пляцоўка MolaMola.
  • Рэгіянальная падзея — праект «Інклюзіўны барыста», які распаўсюдзіў сваю працу на абласныя і малыя гарады.
  • Партнёрства года — усталяванне помніка Алесю Адамовічу ў Глушы. Грамадзянская супольнасць ініцыявала і сабрала сродкі. Праект падрыхтаваў скульптар Гэнік Лойка, падтрымала дачка пісьменніка Галіна Адамовіч, а мясцовая ўлада вылучыла годнае месца для помніка і дапамагла з арганізацыяй урачыстасці.
  • Крэатыў года — мабільная аплікацыя reBrest — гід па архітэктурнай спадчыне горада.
  • Журналістка года — Дыяна Серадзюк, якая вядзе рубрыку «Грамадства» у «Новым Часе».
  • Антыпрэмія «Гарбуз» года — апраўданне зноса памятных крыжоў у Курапатах і пераследу абаронцаў мемарыялу.

Зноскі правіць

  1. Асамблея раздала ўзнагароды
  2. Асамблея НДА ўручыць прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці»
  3. Хто стане чэмпіёнамі грамадзянскай супольнасці-2013?
  4. Асамблея НДА раздала ўзнагароды
  5. У Беларусі распачалася кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання»
  6. Адбыўся форум грамадскіх арганізацый Магілёўшчыны
  7. Снегурочки, зайчики и Деды Морозы штурмовали палату представителей национального собрания Архівавана 4 сакавіка 2016.
  8. Гарадзенскі суд над Залатым Львом Архівавана 4 лютага 2014.
  9. Названы «Чэмпіёны грамадскай супольнасці — 2010»
  10. [1] Архівавана 2 лютага 2014.
  11. Хваля рэпрэсій выклікала цунамі салідарнасці(недаступная спасылка)
  12. [2] Архівавана 20 сакавіка 2014.
  13. Вынікі 2010 года: палітыка «лібералізацыі» завяршылася небывалымі рэпрэсіямі і масавымі арыштамі Архівавана 5 сакавіка 2016.
  14. Таццяна Елавая: Правакатары маглі быць наймітамі спецслужбаў
  15. Алесь Бяляцкі — «Грамадскі лідар году-2011»
  16. Офіс па правах людзей з інваліднасцю адчыніўся ў Беларусі! Архівавана 2 снежня 2021.
  17. Кіраўнік Цэнтра развіцця валанцёрства заявіў пра націск напярэдадні вырашэння пытання аб рэгістрацыі грамадскага аб’яднання ў Міністэрстве юстыцыі Архівавана 6 сакавіка 2016.
  18. Страйк у Барысаве завяршыўся поспехам(недаступная спасылка)
  19. Сайт Prokopovi.ch перамог у намінацыі «Крэатыў году» Архівавана 12 лютага 2014.
  20. У Мінску ўручаны прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці — 2012» Архівавана 6 сакавіка 2016.
  21. Андрэй Бандарэнка: Зарэгістравалі новую арганізацыю, працуем далей
  22. Ганна Шапуцька: Мэта марафону — узмацніць хвалю салідарнасці(недаступная спасылка)
  23. Незалежны прафсаюз на «Граніце» стаў падзеяй года(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 3 лютага 2014.
  24. У Мінску аб’яўлены лаўрэаты пятай штогадовай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» Архівавана 6 сакавіка 2016.
  25. Кампанія «Зробім лепш!»
  26. Першая мінская «Мова ці кава» сабрала сто чалавек
  27. Куды падзець сьвіней? Перасяліць!
  28. У Мінску стартаваў праект «PR недзяржаўных арганізацый, ініцыятыў, кампаній. Візітоўкі»
  29. Прыватны помнік Кастусю Каліноўскаму
  30. https://www.svaboda.org/a/28932737.html

Відэа правіць

Спасылкі правіць