Пілтдаўнскі чалавек

«Пілтда́ўнскі чалаве́к», таксама «Пільтда́ўнскі чалаве́к» (англ.: Piltdown Man; Эаантрап) — адна з самых вядомых містыфікацый XX стагоддзя. Касцяныя фрагменты (частка чэрапа і сківіцы), выяўленыя ў 1912 годзе ў жвіровым кар’еры Пілтдаўна (Усходні Сасэкс, Англія), былі прадстаўлены як скамянелыя астанкі раней невядомага старажытнага чалавека — «адсутнага звяна» ў эвалюцыі паміж малпамі і чалавекам. На працягу сарака гадоў ўзор заставаўся аб’ектам спрэчак, пакуль у 1953 годзе майстэрскую падробку ўсё ж не выкрылі і не ўстанавілі, што гэта чэрап цалкам развітога сучаснага чалавека, наўмысна злучаны з трохі падпілаванай ніжняй сківіцай арангутана і апрацаваны біхраматам калія для імітацыі старажытнай афарбоўкі. Пытанне аб аўтарстве містыфікацыі яшчэ да канца не вырашана, але галоўным падазраваным лічыцца адвакат і археолаг-аматар Чарлз Доўсан.

Копія чэрапа «пілтдаўнскага чалавека»

Гісторыя знаходкі правіць

15 лютага 1912 года Артур Сміт Вудвард, захавальнік аддзела геалогіі Брытанскага музея, атрымаў ліст ад археолага-аматара Чарлза Доўсана (англ.: Charles Dawson). Той паведамляў аб сваёй знаходцы ў жвіровым кар’еры ў Пілтдаўне — часткі масіўнага чэрапа чалавекападобнай істоты. У маі Сміт Вудвард пачаў яе даследаваць і ў выніку зрабіў выснову, што фрагмент належаў да гэтага часу не вядомаму старажытнаму чалавеку, і даў новаму віду навуковую назву «Eoanthropus dawsoni» («Чалавек світання Доўсана»). Разам з Доўсанам летам ён працягнуў раскопкі, знайшоўшы і іншыя сведчанні існавання старажытнага «пілтдаўнскага чалавека»: яшчэ больш фрагментаў чэрапа, сківіцы з двума зубамі, разнастайныя акамянеласці жывёл і прымітыўныя каменныя прылады працы[1].

 
Рэканструкцыя чэрапа «пілтдаўнскага чалавека» у выкананні Артура Вудварда

Лічачы, што знойдзеныя рэшткі належалі аднаму чалавеку, Сміт Вудвард зрабіў рэканструкцыю чэрапа, і 21 лістапада 1912 года газета «Манчэстэр Гардыян» апублікавала артыкул пра «дзіўнае адкрыццё ў Сасэксе», дзе, у прыватнасці, адзначалася, што, хутчэй за ўсё, істота, якой належаў чэрап, жыла мільён гадоў таму і што гэта найбольш ранні продак чалавека, выяўлены ў Англіі[2]. Праз некалькі тыдняў, 18 снежня 1912 года, на пасяджэнні Лонданскага геалагічнага таварыства аб адкрыцці «пілтдаўнскага чалавека» было абвешчана сусветнай супольнасці. Знаходка, заяўленая як «адсутнае звяно» ў эвалюцыі паміж малпай і сучасным чалавекам, стала сапраўднай сенсацыяй.

Падчас прэзентацыі Доўсан паведаў гісторыю адкрыцця. У прыватнасці аб тым, што сам чэрап знайшлі, уласна, працоўныя жвіровага кар’ера, разбілі яго і раскідалі абломкі на ўчастку. Большасць фрагментаў, наколькі гэта было магчыма, пасля знайшлі. А акрамя таго, паблізу ад месца знаходкі чэрапа сам Доўсан выявіў палову ніжняй чалавечай сківіцы. Яшчэ былі знойдзены два абломкі карэннага зуба слана пліяцэнавай эпохі і моцна сплюшчаны кончык зуба мастадонта — акрамя зубоў гіпапатама, бабра і каня, фрагмента рога аленя[3][4].

Пасля Доўсана выступіў Сміт Вудвард са сваімі высновамі адносна знойдзенага. Ён змястоўна далажыў аб будове чэрапа, пры гэтым адзначыўшы, што той мае ўсе асноўныя рысы роду Homo і аб’ём мозгу не менш за 1070 см³. У прамове, ілюстраванай дыяпазітывамі і схемамі, Вудвард зрабіў здагадку, што ўзор належыць асобе жаночага полу, абгрунтаваў сваё меркаванне аб тым, што яе можна разглядаць як прадстаўніка да гэтага часу невядомага віду Homo, і прапанаваў новую назву для яго[4].

У далейшай працяглай дыскусіі навукоўцы звярнулі ўвагу на тое, што форма знойдзенага чэрапа, будова вушэй і скронева-ніжнясківічнага сустава характэрныя для істоты супрацьлеглай чалавекападобнаму тыпу, у адрозненне ад неандэртальцаў. З іншага боку, тады шыя павінна быць спарахнелай і «малпападобнай», а форма падбародка — выступаючай, як у сабакі[4]. Нягледзячы на гэта і іншыя наяўныя супярэчнасці, большасць навукоўцаў падтрымалі адкрыццё Чарлза Доўсана. Па здагадках, гэта адбылося таму, што на той час у палеанталогіі Вялікабрытаніі быў застой і яе практыкі ад безвыходнасці хацелі верыць у тое, што нарэшце з’явілася ўнікальная і неацэнная знаходка. Раскопкі ў пячоры Кра-Маньён у Францыі, у цясніне Неандэрталь і ў Гайдэльбергу ў Германіі далі свету ўражальныя знаходкі старажытных людзей. У Вялікабрытаніі ж не было зусім нічога, а пілтдаўнскае адкрыццё давала вучоным тое, чаго яны хацелі, — «самага першага англічаніна» і доказ таго, што і Англія была важным звяном у фарміраванні нашага віду[5]. Акрамя таго, згулялі сваю ролю і расісцкага кшталту меркаванні аб тым, што найбольш раннія знаходкі выкапняў чалавечых астанкаў павінны быць зроблены менавіта ў Заходняй Еўропе як нібыта «найбольш прагрэсіўным» рэгіёне свету[6].

Чарлз Доўсан працягнуў раскопкі са сваім сябрам, ксяндзом езуітам П’ерам Тэярам дэ Шардэнам, які вучыўся палеанталогіі і геалогіі. Менавіта ён 30 жніўня 1913 года і знайшоў ікол, які, на думку Сміта Вудварда, бясспрэчна належаў выяўленай раней сківіцы[7]. Пасля, у 1914 годзе, быў знойдзены яшчэ адзін артэфакт — старажытная прылада працы, выразаная з косткі выкапнёвага слана[8]. Завяршыла карціну апошняя знаходка, зробленая Доўсанам ў пачатку 1915 года на адлегласці каля двух міль ад папярэдніх, у Шэфілдскім парку, — два скамянелыя абломкі чалавечага чэрапа і карэнны зуб, якія, па яго здагадцы, належалі яшчэ адной асобіне Eoanthropus dawsoni. Крыху пазней ён выявіў яшчэ частку ніжняга карэннага зуба прадстаўніка да гэтага часу нявызначанага вiда насарогаў. Інфармацыю аб знойдзеным Сміт Вудвард апублікаваў не адразу, а значна пазней — у 1917 годзе, праз пяць месяцаў пасля смерці Доўсана ад сепсісу ў жніўні 1916 года[9]. Пасля гэтага ніякіх іншых доказаў існавання «пілтдаўнскага чалавека» ўжо ніколі выяўлена не было[1].

 
Мемарыял на месцы знаходкі чэрапа «Пілтдаўнскага чалавека»

24 ліпеня 1921 года Брытанскі музей наведаў прэзідэнт Амерыканскага музея прыродазнаўства Генры Файрфілд Осбарн, які да таго меў вялікія сумневы адносна каштоўнасці адкрыцця. Але, агледзеўшы пілтдаўнскія знаходкі, ён таксама прызнаў іх: «Якім бы парадаксальным гэта ні было, тым не менш гэта праўда…»[10]

На месцы знаходкі Чарлза Доўсана ў Пілтдаўне 23 ліпеня 1938 года быў усталяваны мемарыяльны камень. Падчас яго адкрыцця брытанскі антраполаг Артур Кіт (англ.: Arthur Keith), які ў свой час быў адным з галоўных скептыкаў, выступіў з прамовай. Ён заявіў, што гэта вялікі гонар для яго, і адзначыў важнасць працы Чарлза Доўсана[11].

Выкрыццё правіць

З самага пачатку рэканструкцыя чэрапа «пілтдаўнскага чалавека» ў выкананні Сміта Вудварда выклікала шмат сумненняў. У прыватнасці, Артур Кіт яшчэ падчас першага паказу 18 снежня 1912 года выказаў меркаванне аб тым, што скронева-ніжнясківічны сустаў чэрапа падобны да сустава сучаснага чалавека і «малпападобны» ікол несумяшчальны з ім. Пасля, у чэрвені 1913 года, са злепкаў пілтдаўнскіх фрагментаў, якія паступілі ў Музей Англійскага каралеўскага хірургічнага каледжа, ён самастойна змадэляваў чэрап і выявіў, што чарапной поласці ў рэканструкцыі Сміта Вудварда яшчэ да таго ж і не хапае мінімум 250—300 см³. А. Кіт выклаў свае меркаванні спачатку ў вузкім коле навукоўцаў, сярод якіх быў і яго даўні сябар, прафесар анатоміі з Манчэстэра, Графтан Эліёт Сміт. Але адзіным, каго ён змог тады пераканаць, быў брытанскі заолаг Эдвін Рэй Ланкестэр. Гэта не спыніла Артура Кіта, і ён, адстойваючы сваё меркаванне, паказаў на анатамічныя неадпаведнасці ў рэканструкцыі Вудварда замежным навукоўцам, удзельнікам Міжнароднага медыцынскага кангрэса, які праходзіў у жніўні 1913 года ў Лондане, і надрукаваў адпаведны матэрыял у «Таймс». Такія дзеянні выклікалі абурэнне навуковай супольнасці Вялікабрытаніі, а Эліёт Сміт разарваў сяброўства з Кітам[12].

Зрэшты, пазней да Артура Кіта далучыўся анатам Дэвід Уотэрстан (англ.: David Waterston), які 13 лістапада 1913 года выказаў свае крытычныя заўвагі адносна пітлдаўнскай знаходкі ў публікацыі часопіса «Nature» і зрабіў выснову, што сківіца практычна ідэнтычная шымпанзэ, а фрагменты чэрапа, па сутнасці, маюць чалавечае аблічча, а таму было б нелагічна лічыць, што яны маглі належаць адной асобіне[13].

У 1915 годзе амерыканскі заолаг Герыт Сміт Мілер апублікаваў вынікі больш дэталёвага вывучэння злепкаў пілтдаўнскіх узораў з высновай аб тым, што сківіца належыць выкапнёвай шымпанзэ. Пасля такая кропка гледжання атрымала значную падтрымку і сярод іншых навукоўцаў, у прыватнасці французскага палеантолага Марселена Буля[14].

І нарэшце, у 1923 годзе нямецкі анатам Франц Вейдэнрэйх (ням.: Franz Weidenreich), прааналізаваўшы рэшткі, паведаміў, што гэта чэрап сучаснага чалавека і сківіца арангутана з падпілаванымі зубамі[15].

Акрамя таго, рэшткі старажытных людзей, знойдзеныя ў наступныя гады ў Афрыцы, Кітаі, Інданезіі і іншых частках Азіі і Еўропы, не сведчылі аб наяўнасці вялікага мозгу і малпападобнай сківіцы, як у «пілтдаўнскага чалавека». Наадварот, яны наводзілі на думку аб тым, што спачатку сківіца і зубы набылі чалавекападобны выгляд, а ўжо потым значна развіўся і мозг. Калі рознагалоссяў стала занадта шмат, каб іх можна было ігнараваць, і з’явіліся новыя метады даследаванняў, пілтдаўнскія рэшткі зноў пачалі аналізаваць[16].

У 1949 годзе англійскі антраполаг Кэнэт Оклі (англ.: Kenneth Page Oakley) правёў серыю тэстаў фторнага аналізу знойдзеных акамянеласцяў, якія паказалі, што знаходкам, верагодна, не больш за 50 000 гадоў. Пасля гэтага для больш стараннага вывучэння матэрыялаў да Оклі далучыліся прадстаўнікі Оксфардскага універсітэта: антраполаг Вілфрыд ле Грос Кларк (англ.: Wilfrid Le Gros Clark) і анатам Джозэф Вайнер (англ.: Joseph Weiner). Сумеснымі намаганнямі яны высветлілі, што пілтдаўнскія фрагменты чэрапа і сківіцы належалі двум розным відам — чалавеку і малпе, хутчэй за ўсё, арангутану. Драпіны на паверхні зубоў, якія відаць пад мікраскопам, паказалі на тое, што яны былі падпілаваныя знізу, каб больш быць падобнымі да чалавечых. Навукоўцы таксама выявілі, што большасць знаходак з пілтдаўнскага кар’ера былі штучна састараныя і пафарбаваныя пад колер мясцовага жвіру. З усяго гэтага яны зрабілі выснову, што «пілтдаўнскі чалавек» — гэта нахабная падробка і вытанчаны навуковы падман, аб чым і паведамілі грамадскасці 30 лістапада 1953 года публікацыяй у «Таймс»[17].

Складнікі знаходкі правіць

Як высветлілася з часам, для містыфікацыі аб «пілтдаўнскім чалавеку» быў створаны цэлы шэраг фальшывых археалагічных знаходак[18].

Фрагменты чэрапа Усяго было знойдзена 5 фрагментаў чэрапа. Іх карычневую афарбоўку патлумачылі наяўнасцю жалеза ў жвіровым кар’еры. На сёння лічыцца, што фрагменты былі штучна афарбаваныя з выкарыстаннем сульфату жалеза і іх узрост складае толькі каля 1 тыс. гадоў.
Сківіца і зубы Сама сківіца не падобная да чалавечай, але ў спалучэнні з зубамі вонкава падобная да сківіцы, знойдзенай у 1907 годзе ў Гайдэльбергу і датаванай 500 тыс. гадоў таму. У 1953 годзе высветлілася, што сківіца і зубы, верагодна, належалі арангутану, а зубы былі падпілаванымі, каб быць блізкімі да чалавечых.
Ікол Ікол, знойдзены ў жніўні 1913 года, па памеры быў сярэднім паміж малпавым і чалавечым, а значыць, пацвердзіў статус «пілтдаўнскага чалавека» як прамежкавага звяна ў эвалюцыі. Таксама меў карычневую афарбоўку. У 1955 годзе тэсты пацвердзілі, што ікол, верагодна, быў афарбаваны пігментам, вядомым як карычневы вандэйк.
Рэканструяваны чэрап Рэканструкцыі чэрапа, зробленыя з аналагічных фрагментаў Смітам Вудвардом і Артурам Кітам, значна адрозніваліся і сталі аб’ектам працяглых спрэчак у навуковых колах. У 1953 годзе было выяўлена, што знаходкам значна менш гадоў, чым меркавалася, а таксама што фрагменты чэрапа і сківіцы належаць двум розным відам.
Прылады працы Знойдзены ў 1914 годзе абломак косткі выкапнёвага слана з прыкметамі апрацоўкі чалавекам быў прадстаўлены як прылада працы для капання. Цяпер устаноўлена, што прылада была выраблена з дапамогай сталёвага нажа.
Каменныя прылады і акамянеласці жывёл Знойдзеныя шматлікія зубы жывёл і прылады працы з крэменю сталі доказам таго, што «пілтдаўнскі чалавек» працаваў з выкарыстаннем інструментаў, і паказвалі на яго рацыён харчавання. У 1953 годзе з дапамогай тэстаў высветлілі, што знаходкі паходзяць не з Пілтдаўна, а камяні штучна афарбаваныя. Таксама выклікала падазрэнні, што пры такой колькасці зубоў выкапневых жывёл не знойдзена ніякіх іншых костак.

Храналогія правіць

  • 1908 — знойдзеныя першыя фрагменты чэрапа «пілтдаўнскага чалавека», або, па меншай меры, так сцвярджае Чарлз Доўсан
  • 1911 — Доўсан знаходзіць астатнія фрагменты чэрапа, а таксама розныя акамянеласці жывёл, каменныя прылады працы
  • 1912
    • 14 лютага — Доўсан піша лісты Сміту Вудварду адносна першых фрагментаў чэрапа
    • 24 мая — Чарлз Доўсан сустракаецца са Смітам Вудвардом і паказвае яму знаходкі
    • 2 чэрвеня — Доўсан, Вудвард і дэ Шардэн пачалі раскопкі ў Пілтдаўне і знайшлі яшчэ адзін фрагмент чэрапа
    • летам — знойдзена сківіца з карэннымі зубамі
    • 21 лістапада — газета «Манчэстэр Гардыян» апублікавала артыкул аб пілтдаўнскай знаходцы
    • 18 снежня — на пасяджэнні Лонданскага геалагічнага таварыства афіцыйна абвешчана аб адкрыцці «пілтдаўнскага чалавека»
  • 1913
    • 30 жніўня — П’ер Тэяр дэ Шардэн знаходзіць ікол
    • 13 лістапада — Дэвід Вотэрэстан ў часопісе «Нэйчэ» апублікаваў сваю выснову аб тым, што сківіца належыць шымпанзэ, а фрагменты чэрапа — чалавеку
  • 1914 — знойдзена старажытная прылада працы, выразаная з косткі выкапнёвага слана
  • 1915 — Доўсан знаходзіць у Шэфілдскім парку фрагменты чэрапа і карэннага зуба яшчэ адной асобіны Eoanthropus dawsoni
  • 1915 — Герыт Сміт Мілер апублікаваў сваю выснову аб тым, што сківіца належыць выкапнёваму шымпанзэ
  • 1916, 10 жніўня — ад сепсісу памірае Чарлз Доўсан
  • 1917 — Сміт Вудвард публікуе інфармацыю аб знойдзеных фрагментах яшчэ адной асобіны Eoanthropus dawsoni
  • 1921, 24 ліпеня — Генры Файрфілд Осбарн агледзеў пілтдаўнскія знаходкі і прызнаў іх
  • 1923 — Франц Вайдэнрайх паведаміў, што знойдзены чэрап належаў сучаснаму чалавеку, сківіца — арангутану, і што зубы былі падпілаваны
  • 1938, 23 ліпеня — на месцы знаходкі Чарлза Доўсана ў Пілтдаўне ўсталяваны мемарыяльны камень
  • 1944 г., 2 верасня — памірае Сміт Вудвард
  • 1949 — Кенет Оклі праводзіць серыю тэстаў па даных фторнага аналізу знойдзеных закамянеласцяў і даказвае, што пілтдаўнскім знаходкам не больш за 50 000 гадоў
  • 1953 — Вілфрыд ле Грос Кларк, Джозэф Вайнер і Кенет Оклі выкрылі падман
  • 1953, 21 лістапада — Лонданскі музей прыродазнаўства афіцыйна аб’яўляе, што «пілтдаўнскі чалавек» — гэта містыфікацыя
  • 2003 — Майлз Раселз выкрывае і іншыя археалагічныя падробкі Чарльза Доўсана

Высвятленне аўтарства містыфікацыі і падазроныя правіць

 
Партрэт асноўных дзеючых асоб пілтдаўнскай гісторыі на фоне партрэта Чарлза Дарвіна (мастак Джон Кук, 1915). У цэнтры Артур Кіт (сядзіць, у белым халаце); злева ад яго Чарлз Доўсан і Артур Вудвард (стаяць), А. С. Андэрвуд (сядзіць); справа ад Кіта — Ф. А. Барлоў і Г. Е. Сміт (стаяць), В. П. Пайкрафт і сэр Ланкастэр (сядзяць).

Да гэтага часу канчаткова не вызначана, хто менавіта і з якіх памкненняў здзейсніў падробку «пілтдаўнскага чалавека». Галоўнымі падазронымі лічацца: Чарлз Доўсан, Артур Сміт Вудвард, П’ер Тэяр дэ Шардэн, Марцін Хінтан і Артур Конан Дойл[19].

  • Чарлз Доўсан (1864—1916) — адвакат і археолаг-аматар, які і выявіў першыя фрагменты «пілтдаўнскага чалавека», галоўны падазраваны. Мяркуецца, што ён мог дзейнічаць як самастойна, так і разам з саўдзельнікамі. Пасля яго смерці ніякіх іншых доказаў у карысць «пілтдаўнскага чалавека» знойдзена не было. Больш таго, Доўсан за гады сваёй жыцця знайшоў і шмат іншых акамянеласцяў, і па меншай меры 38 з іх пасля таксама прызналі фальшыўкамі. Археолаг Майлз Раселз, які даследаваў жыццё і дзейнасць Чарльза Доўсана, прыйшоў да такой высновы[20]:

Пілдтаўн быў не «аднаразовай» містыфікацыяй, а хучэй кульмінацыяй працы ўсяго жыцця.

  • Сэр Артур Сміт Вудвард (1864—1944) — палеантолаг, хавальнік аддзела геалогіі Брытанскага музея, член Лонданскага каралеўскага таварыства. Ён прэзентаваў «пілтдаўнскага чалавека» сусветнай супольнасці, хоць недастаткова добра разбіраўся ў гэтым — яго асноўнай спецыялізацыяй былі выкапнёвыя рыбы. Пасля выхаду на пенсію ў 1924 годзе ён пераехаў у Сасэкс і працягнуў раскопкі ў пошуках доказаў на карысць «пілтдаўнскага чалавека». Сміт Вудвард меў магчымасць здзейсніць махлярства, але ў гэта мала хто верыць[19].
  • Марцін Хінтан (1883—1961) — заолаг-валанцёр, працаваў са Смітам Вудвардом у Брытанскім музеі, калі былі знойдзеныя пілтдаўнскія артэфакты. У музеі заўсёды існавала здагадка, што ажыццявіць падман мог хто-небудзь з уласных работнікаў Вудварда з помсты. І, як вядома, у Хінтана была спрэчка са Смітам Вудвардам аб незаплачанай узнагародзе за сваю працу. Падазрэнне пала на заолага пасля знаходкі 1978 года. На гарышчы, над памяшканнем, якое займаў Марцін Хінтан на пасадзе хавальніка музея заалогіі ў перыяд з 1936 па 1945 гады, быў знойдзены яго стары куфар. У ім выявілі косткі і зубы, састараныя і афарбаваныя аналагічна пілтдаўнскім, а некаторыя выразаныя такім жа чынам, як і знойдзеная ў свой час старажытная прылада працы з косткі выкапнёвага слана. Яшчэ некалькі састараных зубоў былі ў старой бляшанцы для тытуню[21]. У сувязі з гэтым у цяперашні час існуе некалькі версій адносна Марціна Хінтана, а менавіта:
     — існавала два містыфікатары — Доўсан і Хінтан, якія працавалі асобна[5], і Хінтан быў аўтарам падробкі прылады працы з косці выкапнёвага слана, якую наўмысна падкінуў навукоўцам, каб выклікаць недавер да «пілтдаўнскага чалавека»[22];
     — Хінтан падазраваў Сміта Вудварда і самастойна даследаваў магчымасці штучнага састарвання і афарбоўкі костак[19];
     — Хінтан быў саўдзельнікам тых падзеяў і дапамагаў у вырабе пілтдаўнскіх падробак[19][21].
  • П’ер Тэяр дэ Шардэн (1881—1955) — святар-езуіт, які вучыўся палеанталогіі і геалогіі, дапамагаў Доўсану і Вудварду ў пілтдаўнскіх раскопках і знайшоў там ікол ніжняй сківіцы. Некаторыя даследчыкі лічаць яго датычным да фальсіфікацыі, у прыватнасці Луіс Лікі быў настолькі ў гэтым упэўнены, што ў 1971 годзе адмовіўся прыехаць на сімпозіум, арганізаваны ў гонар французскага святара.[23] Падазраваць дэ Шардэна ў дачыненні да падману стаў ў 1979 годзе і вядомы амерыканскі палеантолаг Стывен Гулд. Старанна вывучыўшы лісты святара, ён выявіў шэраг неадпаведнасцяў і непаслядоўнасцяў ў яго выказваннях адносна пілтдаўнскіх знаходак. Па здагадках Стывена Гулда, П’ер Тэяр дэ Шардэн ведаў аб фальшыўках Доўсана або нават дапамагаў у іх стварэнні[24].
    У 2012 годзе паўднёва-афрыканскі палеантолаг Фрэнсіс Текерэй (англ.: Francis Thackeray) зрабіў здагадку, што Тэяр дэ Шардэн быў адным з містыфікатараў ў справе «пілтдаўнскага чалавека», але меў на ўвазе проста жарт, які, нягледзячы на гэта, навуковая грамадскасць ўспрыняла цалкам сур’ёзна[25]. Тэкерэй таксама сцвярджае, што існуе ліст аб пілтдаўнскай знаходцы, напісаны дэ Шардэнам, і што ліст захоўваецца ў банку з указаннем аб апублікаванні толькі пасля смерці ўсіх асоб, якія маюць дачыненне да адкрыцця[26].
    Ёсць і прыхільнікі версіі аб тым, што П’ер Тэяр дэ Шардэн быў «ахвярай» і што яго падманулі, як і ўсіх іншых[27][28].
  • Сэр Артур Конан Дойл (1859—1930) — аўтар «Закінутага свету» і «Шэрлака Холмса», былы ўрач і калекцыянер акамянеласцяў. Ён у свой час жыў побач з Пілтдаўнам і быў знаёмы з Чарлзам Доўсанам. Даследчыкі выявілі шмат кропак судакранання паміж выдуманымі прыгодамі ў «Закінутым свеце» і пілтдаўнскім падманам. Пры гэтым раман быў надрукаваны задоўга да апублікавання Доўсанам знаходкі і не выяўлена ніякіх пацверджанняў таго, што пісьменнік наведваў пілтдаўнскія раскопкі раней той даты (Дойл скончыў раман і адаслаў яго ў выдавецтва ў снежні 1911 года, у красавіку 1912 г. ён ужо выйшаў у друк, а Доўсан зрабіў афіцыйную заяву з нагоды адкрыцця толькі ў снежні 1912 года). Гэта наштурхнула навукоўцаў на думку, што Конан Дойл быў датычны да пілтдаўнскай справы, або нават больш: што менавіта ён і з’яўляецца аўтарам містыфікацыі[29].
    Адным з верагодных матываў Конан Дойла даследчыкі лічаць помсту навуковай супольнасці. Пісьменнік захапляўся спірытызмам, і гэта прывяло да яго канфлікту з навукай і супрацьстаяння з прадстаўнікамі процілеглых поглядаў — матэрыялістамі, або, як іх называў сам Дойл, «дэструктыўнымі і пагардлівымі эвалюцыяністамі». Махлярства з «пілтдаўнскім чалавекам» і далейшае яго выкрыццё мелі на мэце зняважыць і паставіць пад сумнеў прафесіяналізм навукоўцаў і наогул усю іх дзейнасць і перакананні[19][21][29]. Але разам з тым абаронцы Конан Дойла дарэчы адзначаюць, што калі гэта сапраўды так, то тады з яго боку нелагічна было маўчаць і не аб’явіць аб сваім трыумфе[5].

18 снежня 2012 года таямніцы «пілтдаўнскага чалавека» споўнілася ўжо 100 гадоў, і з гэтай нагоды Геалагічным таварыствам Лондана была праведзена спецыяльная канферэнцыя[30]. На ёй гісторыкі, геолагі і антраполагі абмяркоўвалі спрэчныя погляды сучасных навукоўцаў адносна знаходкі і шляхі аднаўлення працы па аналізе пілтдаўнскага матэрыялу з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій, паколькі канчаткова і дакладна не ўстаноўлена, па якіх матывах і хто менавіта здзейсніў падробку[31]. Хоць даследаванні ўсё яшчэ працягваюцца, навукоўцы лічаць, што яны сабралі дастаткова доказаў, каб звузіць пералік з больш чым 15 падазраваных, абвінавачаных у махлярстве, у тым ліку вядомага пісьменніка Артура Конан Дойла, да аднаго чалавека — Чарлза Доўсана, археолага-аматара, які першым выявіў косткі[32].

Уплыў на далейшыя даследаванні антрапагенезу правіць

Містыфікацыя «пілтдаўнскага чалавека» мела істотны ўплыў на раннія даследаванні эвалюцыі чалавека. У прыватнасці, яна прымусіла пайсці ілжывым шляхам і дала пацверджанне тагачаснай тэорыі аб тым, што спачатку мела месца развіццё мозгу, а пасля яго развілася і сківіца, адаптаваўшыся да новых відаў ежы[4]. Разам з тым, акамянеласці старажытных людзей, выяўленыя ў іншых рэгіёнах, сведчылі пра адваротнае: удасканальванне органаў і будовы цела папярэднічала павелічэнню аб’ёму мозгу. І з-за гэтага на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў навукоўцы не маглі канчаткова схіліцца ў бок адной з версій.

За межамі Вялікабрытаніі многія навукоўцы з самага пачатку крытычна ставіліся да «пілтдаўнскага чалавека» і сумняваліся ў яго сапраўднасці па цэлым радзе прычын: 1) ён не ўпісваўся ў астатнія знаходкі продкаў чалавека і супярэчыў карціне эвалюцыі чалавека, якая вынікала з іх; 2) чэрап і сківіца былі знойдзеныя асобна адзін ад аднаго; 3) чэрап быў занадта падобны да чэрапа сучасных людзей, а ніжняя сківіца — да сківіцы шымпанзэ. У прыватнасці, у савецкіх падручніках 1920-40-х гадоў «пілтдаўнскаму чалавеку» надавалі нязначную ўвагу і ў асноўным яму давалася скептычная ацэнка:[33][34]

Вакол гэтага «чалавека світання» загарэліся шматлікія спрэчкі. Адныя вучоныя даказвалі, што магла існаваць такая істота з ніжняй сківіцай малпы і чалавечым чэрапам; іншыя ім супярэчылі і казалі, што тут знайшлі рэшткі дзвюх істот: па-першае, чалавека, які жыў у пасляледніковую эпоху і нічым асаблівым ад цяперашніх людзей не адрозніваўся; і, па-другое, малпы, вельмі падобнай да шымпанзэ, якая жыла ў межах Англіі значна раней — у канцы трацічнага часу, значыць, яшчэ да наступлення ледавікоў. Усе гэтыя спрэчкі яшчэ не завершаны, і канчатковага вырашэння пытання аб гэтай цікавай знаходцы пакуль яшчэ няма.

— Гремяцкий М. Происхождение человека (1925)[35]

Таксама асобна стаіць чэрап так званага пільтдаўнскага чалавека, знойдзены не так даўно ў Англіі: пры высокім развіцці чарапнога зводу ён мае сківіцу, вельмі блізкую да сківіцы шымпанзэ; паколькі чэрап і сківіца былі знойдзены паасобку, то з’явілася сумненне ў іх прыналежнасці да аднаго арганізма.

— Милькович Н. Жизнь и история Земли (1928)[36]

Гэты палеалітычны чалавек з’яўляецца вялікай загадкай, калі прыпісаць рэшткі чэрапа і ніжнюю сківіцу адной і той жа істоце, што шмат кім аспрэчваецца.

— Павлова М. Палеозоология (1929)[37]

Выклікаўшы ў апошнія гады шмат спрэчак, ніжняя сківіца, якая была знойдзена ў наносных слаях гравія, верагодна, плейстацэнавага ўзросту каля Пільтдаўна (Piltdown) у Англіі, ці так званая «пільтдаўнская ніжняя сківіца» («Piltdown Unterkiefer»), па Герыт Мілеру (Gerrit S. Miller, 1915), належыць «старажытнаму шымпанзэ»

— Вебер М. Приматы (1936) [38]

У падручніку антрапалогіі пад рэдакцыяй В. В. Бунака (1941 г.) на 350 старонках «пілтдаўнскаму чалавеку» прысвечаны толькі адзін абзац у зносках да апісання гейдэльбергскай сківіцы[33]:

Вялікую старажытнасць прыпісвалі эаантрапу (Eoanthropus dawsoni), ад якога ў Англіі у 1911 і ў 1915 гг. былі знойдзены рэшткі двух чарапоў; знойдзеная разам з першым чэрапам ніжняя сківіца, на думку Г. Мілера, належыць «старажытнаму шымпанзэ» (Pan vetus).

— Бунак В., Нестурх М., Рогинский Я. Антропология (1941)[39]

У артыкуле «Пілтдаўнскі чалавек» з Вялікай Савецкай Энцыклапедыі ад 1940 года з нагоды дадзенай знаходкі падводзіцца наступны вынік:

Супярэчліваць звестак аб П. ч, няпоўнасць знаходкі, нявызначанасць геалагіч. датыроўкі не дазваляе пакуль вырашыць пытанне аб значэнні пілтдаўнскага чалаека ў эвалюцыі чалаека.

— Синельников Н. Пилтдаунский человек // Большая советская энциклопедия. Т. 45. М.: ОГИЗ РСФСР, Гос. ин-т «Советская энциклопедия». 1940. С. 364-365

 
Былы паб «Пілтдаўнскі чалавек» (англ.: Piltdown Man) у Пілтдаўне

У цэлым, на даследаванні і дэбаты вакол «пілтдаўнскага чалавека» выдаткавана велізарная колькасць часу і высілкаў: паводле ацэнак, на гэтую тэму было напісана больш за 250 артыкулаў. Але цяпер цікавасць прыціхла, і месца знаходкі, якое некалі лічылася адным з найважнейшых у эвалюцыйнай гісторыі, таксама ўжо не мае такой папулярнасці, як раней. Нават мясцовы паб, які да таго меў назву «Пілтдаўнскі чалавек» (англ.: Piltdown Man), у 2011 годзе змяніў уладальнікаў, інтэр’ер і меню, а, галоўнае, аднавіў старую назву — «Ягня» (англ.: Lamb), і паводле ацэнак спецыялістаў, гэтыя змены былі да лепшага[40][41]. Адным з праяў іранічных адносінаў сучаснікаў, у тым ліку і саміх брытанцаў, да гэтай тэмы з’яўляецца выкарыстанне музыкам Майкам Олдфілдам у адным са сваіх самых папулярных альбомаў «Трубчастыя званочкі» (англ.: Tubular Bells) «спеваў» «пілтдаўнскага чалавека». Вырашыўшы, што ў адным з урыўкаў альбома не хапае вакалу, ён, выпіўшы дастаткова шмат віскі, запісаў свае ляманты і крыкі, апрацаваныя праз вакодэр, і назваў іх вакалам пілтдаўнскага чалавека[42]. Як заўважыў Джозэф Вайнер, адзін з выкрывальнікаў містыфікацыі, «„пілтдаўнскі чалавек“ страціў сваё месца ў прыстойным грамадстве»[5].

Нягледзячы на той факт, што містыфікацыя была аспрэчаная навукоўцамі, бо не ўпісваецца ў карціну эвалюцыйнага развіцця чалавека, выпадак з «пілтдаўнскім чалавекам» часта выкарыстоўваецца крэацыяністамi для крытыкі навуковых уяўленняў аб продках сучасных людзей.

Уплыў на вучэбную літаратуру правіць

Згадкі «пілтдаўнскага чалавека» ў вучэбнай і вучэбна-даведачнай літаратуры сустракаюцца нават пасля таго, як факт падробкі быў прызнаны навуковай супольнасцю. Напрыклад, артыкул «Чалавек» у выпушчанай у 2000 годзе «Вялікай школьнай энцыклапедыі» (раздзел «Біялогія») паведамляе, што ў ледніковы перыяд існавалі тры расы, якія адрозніваліся ад сучаснага чалавека: «гейдэльбергскі чалавек, пілтдаўнскі чалавек і неандэртальскі чалавек»[43].

Сучасныя даследаванні правіць

  Вонкавыя відэафайлы
Дакументальныя фільмы на «Дзіскаверы Саенс»
  Piltdown Man Hoax. Part 1
  Piltdown Man Hoax. Part 2

Пасля канферэнцыі ў Лонданскім геалагічным грамадстве, праведзенай 18 снежня 2012 года з нагоды 100-й гадавіны адкрыцця, група з 15 навукоўцаў пачала даследаванні пілтдаўнскіх знаходак з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій. Плануецца, што тэсты будуць працягвацца некалькі месяцаў і дапамогуць дакладна ўсталяваць, да якіх менавіта відаў адносяцца часткi чэрапа, дзе яны знаходзіліся да раскопак і іх сапраўдны ўзрост. Таксама навукоўцы спадзяюцца, нарэшце, выявіць аўтара містыфікацыі[5][32].

Так, з дапамогай аналізу ДНК навукоўцы плануюць дакладна вызначыць, да якога менавіта віду адносяцца пілтдаўнскія знаходкі, у прыватнасці фрагменты сківіцы ад арангутана, паколькі сёння геном гэтага біялагічнага віду ўжо вядомы. Вывучэнне ізатопаў асобных элементаў знаходкі можа паказаць на месца іх паходжання, а радыёвугляроднае датаванне павінна паказаць рэальны ўзрост узораў[32].

Таксама пры дапамозе сучасных метадаў спадзяюцца ўсталяваць і асобу містыфікатара. Спектраскапія штучна састараных фрагментаў пакажа, якія менавіта хімічныя рэчывы для гэтага былі выкарыстаныя. І калі для ўсіх элементаў выкарыстоўваўся адзін і той жа метад, то злачынец, хутчэй за ўсё, — Чарлз Доўсан, паколькі апошнія артэфакты з Шэфілдскага парку ён знайшоў самастойна. Калі ж высветліцца, што метады былі розныя, то датычным можа быць і Марцін Хінтан (пасля смерці ў яго выявілі больш за дзесятак костак і зубоў, афарбаваных аналагічна пілтдаўнскім), а таксама П’ер Тэяр дэ Шардэн (знайшоў ікол да сківіцы)[32].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б Discoveries at Piltdown(нявызн.). Nature online. Лонданскі музей прыродазнаўства. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 15 студзеня 2013.
  2. The earliest man? Remarkable discovery in Sussex // Манчэстэр Гардыян. — 1912-11-21. (англ.)
  3. From the archive, 19 December 1912: Piltdown Man «a hitherto unknown species»(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 17 студзеня 2013.
  4. а б в г The earliest skull: «A hitherto unknown species». Story of the Sussex discovery. (англ.)
  5. а б в г д Robin McKie. Piltdown Man: British archaeology's greatest hoax(нявызн.). The Guardian. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 17 студзеня 2013.
  6. Гулд, Стывен Джэй (1980). The Panda's Thumb. W. W. Norton and Co. pp. 108–124. ISBN 0-393-01380-4.
  7. Note on the Piltdown Man (Eoanthropus Dawsoni)..(недаступная спасылка) (англ.)
  8. On a Bone Implement from Piltdown (Sussex) // The Quarterly Journal of the Geological Society. — Vol. 71.(недаступная спасылка) (англ.)
  9. Fourth Note Journal of Piltdown Gravel // The Quarterly Journal of the Geologicak Society.(недаступная спасылка)
  10. Henry Fairfield Osborn. Man rises to Parnassus: critical epochs in the prehistory of man. — Princeton, N.J.: Princeton University Press, 1927. — С. 61. — 222 с. (англ.)
  11. The Piltdown Man Discovery. Unveiling of a Monolith Memorial // Nature. (англ.)
  12. Sir Arthur Keith. An autobiography. — London: Watts, 1950. — С. 326-327. (англ.)
  13. The Piltdown Mandible // Nature. — Т. 92. (англ.)
  14. The Great Piltdown Hoax // Science, New Series. — Т. 119. (англ.)
  15. Finlay MacRitchie. Scientific Research as a Career. — CRC Press, 2011. — С. 30. — 117 с. — ISBN 1439869650. (англ.)
  16. Piltdown hoax revealed(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 23 студзеня 2013.
  17. End as a Man // Time Magazine. — 1953-11-30. Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2010. (англ.)
  18. Piltdown fossils(нявызн.). Лонданскі музей прыродазнаўства. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 30 студзеня 2013.
  19. а б в г д Piltdown suspects(нявызн.). Музей прыродазнаўства (Лондан). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 24 студзеня 2013.
  20. [http://www.bournemouth.ac.uk/landscapeandtownscapearchaeology/piltdown_man_a.html Piltdown Man: Case Closed](нявызн.). Борнмуцкі ўніверсітэт. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013.
  21. а б в Kate Bartlett. Piltdown Man: Britain's Greatest Hoax(нявызн.). BBC. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 25 студзеня 2013.
  22. Современные ученые объясняют крупнейшую археологическую аферу 20 века. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 27 студзеня 2013.
  23. Джохансон Д., Иди М. — Люси. Истоки рода человеческого. М.: Мир — 1984. Часть 1, глава 3.
  24. Stephen Jay Gould. The Piltdown Conspiracy // Hen's Teeth and Horses' Toes. — Norton, 1983. — 413 с. — ISBN 0393017168. (англ.)
  25. Deceiver, Joker or Innocent? Teilhard De Chardin and Piltdown Man. (англ.)
  26. Shaun Smillie. Hint of smoking gun in Piltdown Man hoax(нявызн.). The Star. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 29 студзеня 2013.
  27. Pierre Teilhard de Chardin and the Quest for an Interface between Science and Religion // Journal of Unification Studies. — Vol. 10. — P. 141-172. (англ.)
  28. The haunting [Teilhard de Chardin and Piltdown] // Antiquity. — P. 7-11. (англ.)
  29. а б John Hathaway Winslow and Alfred Meyer The perpetrator at Piltdown // Science 83. — 1983. — С. 32-43. (англ.)
  30. Events: Conference(нявызн.). Геалагічнае таварыства Лондана. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 15 студзеня 2013.
  31. Policy & Media: Press Releases(нявызн.). Геалагічнае таварыства Лондана. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 15 студзеня 2013.
  32. а б в г Piltdown Man tests could solve hoax(нявызн.)(недаступная спасылка). News. Лонданскі музей прыродазнаўства. Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 15 студзеня 2013.
  33. а б Соколов А. Мифы об эволюции человека. М.: Альпина нон-фикшн, 2015. — 390 с. С.21-22.
  34. Что писали об «эоантропе» в старых советских книгах (20-е, 30-е, 40-е годы)// Антропогенез. Ру
  35. Гремяцкий М. Происхождение человека. - М.-Л. Госиздат, 1925. С. 84-85
  36. Милькович Н. Жизнь и история Земли. - М.Л.: Госиздат, 1928. С. 44
  37. Павлова М. В. Палеозоология. Ч. 2. Позвоночные. - М.-Л.: Госиздат, 1929. С. 229.
  38. Вебер. М. Приматы. - М.: Биомедгиз, 1936. С. 244, 246
  39. Бунак В. В., Нестурх М. Ф., Рогинский Я. Я.. Антропология. Краткий курс. - М.: Изд-во Наркомзема, 1941. С. 104
  40. James Foster. Piltdown Man, Piltdown, Sussex(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 2 лютага 2013.
  41. Review: The Lamb, Piltdown, East Sussex(нявызн.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 2 лютага 2013.
  42. Tubular Bells(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2013. Праверана 2 лютага 2013.
  43. Большая школьная энциклопедия. 6 — 11 кл. / Сост. П. Кошель. — В 2-х т.: Т. 2. — М.: ОЛМА-ПРЕСС, 2000. — С. 437.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

  Вонкавыя відэафайлы
  Пилтдаунский человек
  Величайший обман Великобритании. Пилтдаунский человек. Загадки истории