Пінск

горад у Беларусі

Пінск[3] (трансліт.: Pinsk) — горад абласнога падпарадкавання ў Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Пінскага раёна, каля зліцця рэк Піна і Прыпяць. За 180 км на ўсход ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст — Лунінец. Вузел аўтадарог на Іванава (М10), Івацэвічы і Столін (Р6), Лунінец (Р8). Рачны порт. Пінск называюць сталіцай Палесся, тут знаходзяцца 44 гістарычна-культурныя помнікі, якія ахоўваюцца Рэспублікай Беларусь. Насельніцтва 137 961 чал. (2018)[4].

Горад
Пінск
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Унутраны падзел
Мікрараёны: Бяляўшчына, Верасы, Загорскі, Жамчужны, Заходні, Казляковічы, Калонія, Крайновічы, Красічын, Лугі, Паўночны, Саломінка, Цэнтральны, Альбрэхтава, Каралін, Лешчы, перабор, Сонечны, Стары горад
Кіраўнік
Валерый Васілевіч Рабкавец
Заснаваны
1097
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Піньск, Пінеск
Плошча
50,48[1] км²
Вышыня цэнтра
141 м
Тып клімату
умерана-кантынентальны
Насельніцтва
124 613 чалавек (2023)
Шчыльнасць
2759 чал./км²
Нацыянальны склад
беларусы — 89,29 %,
рускія — 6,76 %,
украінцы — 2,09 %,
іншыя — 2,32 %[2]
Этнахаронім
пінчукі, пінчук, пінчанка
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 165
Паштовыя індэксы
225700, 225710, 225716, 225745
Аўтамабільны код
1
СААТА
1445000000
Афіцыйны сайт
pinsk.by  (руск.)
Пінск на карце Беларусі ±
Пінск (Беларусь)
Пінск
Пінск (Брэсцкая вобласць)
Пінск

Назва Пінск утварылася ад назвы ракі Піны. У гістарычных крыніцах таксама згадваецца як Пиньск[5], Пинеск[6].

Назва ракі Піна балцкага паходжання. Балцкія назоўныя аналагі — прускія тапонімы Pinno, Pynouwe, літоўскі гідронім Pynauja[7]. Звязана з літоўскім pinti «плесці (кош, плот, касу)», pynė «каса», прускім panto «путы». Далей да індаеўрапейскага *(s)pen- «сплятаць, скручваць»[8]. Назва адносілася да звілістасці рачнога рэчышча.

Згодна з народна-этымалагічнай версіяй, назва Піны ад украінскага (паляшуцкага) піна «пена», якая па рацэ плавала. Паводле іншай версіі, украінска-паляшуцкая вымова назваў «Пыньск» і «Пына» дазваляе звязаць са словамі тыпу «спыніць» (укр.: спинити)[9].

Гісторыя

правіць

У Сярэднявеччы

правіць

Першы пісьмовы ўспамін пра Пінск («Пінеск») змяшчаецца ў «Аповесці мінулых часоў» і датуецца 1097 годам[10]. Узнікненне горада ў XI стагоддзі пацвярджаюць археалагічныя звесткі. Да XII стагоддзя ён уваходзіў у склад Тураўскага княства.

У 1174 годзе Пінск стаў сталіцай удзельнага княства. У летапісах згадваюцца князі пінскія: Яраслаў (1183) і Яраполк (1190). На той час горад меў гандлёвыя сувязі з Валынню, Сярэднім Падняпроўем і Паўночным Прычарнамор’ем[10].

У XIII стагоддзі Пінск стаў цэнтрам Пінска-Тураўскай епархіі[11]. Пад 1263 годам упершыню ўпамінаецца праваслаўны храм пры манастыры ў прадмесці Лешча — рэлігійным і асветніцкім цэнтры Піншчыны.

У пачатку XIV стагоддзя Пінскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве ў самім горадзе збудавалі замак. З 1320 года тут княжыў Нарымунт Гедзімінавіч, які ў 1348 годзе загінуў у бітве з крыжакамі. У 1396 годзе будучы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч заснаваў у Пінску касцёл францысканцаў[12]. Станам на 1471 год у горадзе валадарыла княгіня Марыя — удава Сямёна Алелькавіча, які вёў свой род ад Гедзіміна. У вялікай колькасці яе дароўных грамат ўтрымліваюцца першыя вядомыя пісьмовыя ўпамінанні вёсак Піншчыны[13].

У 1521 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Пінск сваёй жонцы вялікай княгіні Боне, якая пачала актыўна праводзіць аграрныя пераўтварэнні на Палессі. У 1527 годзе сцены Пінскага замка спынілі апошні набег татар на Літву. З 1539 года горад стаў цэнтрам староства.

У сярэдзіне XVI стагоддзя ў Пінску было 27 вуліц і 800 двароў, а таксама магутная сістэма ўмацаванняў[11]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад стаў сталіцай павета Берасцейскага ваяводства.

У Рэчы Паспалітай

правіць

12 студзеня 1581 года кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Пінску магдэбургскае права (пацвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785 гадах) і герб: «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой»[14]. Неўзабаве тут збудавалі ратушу.

Пасля заключэння Берасцейскай уніі (1596) утварылася Турава-Пінская грэка-каталіцкая епархія. У 1636—1675 гадах у горадзе ўзвялі мураваныя езуіцкія касцёл і калегіум[15]. У 1648 годзе на Запарожжы пачалося паўстанне Хмяльніцкага, якое набыла характар рэлігійнай вайны. Хваляванні дайшлі і да Пінска, але іх удзельнікаў разам з казакамі разбіў гетман польны Януш Радзівіл. У сярэдзіне XVII стагоддзя горад быў важным цэнтрам гандлю, тут праходзіў шлях з Балтыі да паўднёвых гарадоў Каралеўства Польскага.

У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) 5 кастрычніка 1655 года маскоўскі ваявода Валконскі заняў Пінск, разрабаваў яго і спаліў разам з навакольнымі слабодамі[16]. Пазней у 1660—1664 гадах горад неаднаразова трымаў аблогу казацкіх і маскоўскіх загонаў, якія 25 чэрвеня 1660 года зноў узялі яго штурмам[11].

У 1705 годзе князь Міхал Вішнявецкі і яго жонка Кацярына заснавалі ў Пінску кляштар бернардзінцаў (праіснаваў да 1832 года). У Вялікую Паўночную вайну ў 1706 годзе кароль Швецыі Карл XII заняў горад, разрабаваў і спаліў яго. Разбурэнні спазнаў і бастыённы замак у прадмесці Каралін, збудаваны спярша для маршалка вялікага і перададзены пазней князям Вішнявецкім. У 1710 годзе ў Пінску, Парахонску, Плешчыцах, Марозавічах, Лапаціне, Калбах спыняўся Васіль Тацішчаў — аўтар пяцітомнай «Гісторыі Расійскай», навуковец, дыпламат, асветнік, падарожнік, дзяржаўны дзеяч XVIII стагоддзя. Таго ж года на Піншчыне па загаду цара маскоўскага Пятра I ён зладзіў вытворчасць 30 гармат і 7 суднаў.

У 1729—1746 гадах пры Пінскім езуіцкім калегіуме працавала друкарня. У 1750—1782 гадах на паўночна-ўсходняй ускраіне прадмесця Каралін айцы-камуністы збудавалі мураваны касцёл, вядомы цяпер пад тытулам Карла Барамеуша. У 1784 годзе ў Пінску спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які прысутнічаў на цырымоніі закладкі Палаца Бутрымовічаў і наведаў таксама вёскі Лапаціна, Горнава і Альбрэхтова. У 1787 годзе пачалося будаўніцтва мураванага касцёла пры кляштары дамініканцаў. 1 ліпеня 1791 года пачала працу Пінская генеральная кангрэгацыя, чыёю мэтай было ўтварэнне аўтакефальнай праваслаўнай царквы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Аднак другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі здзейсніцца гэтым планам[17].

У Расійскай Імперыі

правіць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пінск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе з 1795 года атрымаў статус павятовага горада Мінскага намесніцтва. У 1804 годзе на землях памешчыка Рыдзеўскага знайшлі вялікі манетны скарб.

У сяряэдзіне XIX стагоддзя Пінск стаў буйным цэнтрам гандлю, тут працавалі 2 гарбарні, завод апрацоўкі медзі, піваварня, тытунёвая фабрыка, млын. У 1857 годзе ў горадзе адкрылася гімназія, пераўтвораная ў 1878 годзе ў рэальнае вучылішча. У 1865 годзе муж і жонка Фляросы заснавалі ў Пінску бальніцу. У 1882 годзе праз горад прайшла паўднёвая лінія Палескіх чыгунак[16]. У 1885 годзе пачалі працаваць суднарамонтны і механічны завод, у 1892 годзе — запалкавая фабрыка «Прагрэс — Вулкан».

У пачатку XX стагоддзя ў Пінску было 5 бальніц, 3 аптэкі, 3 царквы, мужчынскі манастыр, 2 касцёлы, 2 сінагогі, паштова-тэлеграфная кантора, турэмны замак, 22 фабрыкі і заводы з 1100 рабочымі. Станцыя Палескай чыгункі, суднаходства па Прыпяці. Акрамя грузавой прыстані, мелася параходная пасажырская з лініямі Пінск — Кіеў, Пінск — Любяшоў, Пінск — Целяханы. У горадзе працавалі Азова-Данскі камерцыйны банк, рэстарацыя, тэатр, рэальнае вучылішча, жаночая гімназія, 6 прыходскіх школ, 2 пачаткевыя вучэльні, 2 прыватныя гімназіі, 3 прыватныя пачатковыя навучальныя ўстановы, мужчынская духоўнае вучылішча, кнігарні, фатаграфіі, крамы і розныя адміністрацыйныя ўстановы[18]. У сакавіку 1904 года ў Пінску з’явілася тэлефонная сетка (станам на 1910 год яе паслугамі карысталіся 196 абанентаў). У лістападзе 1911 года ў горадзе пачаліся першыя сеансы кінематографа. У 1912—1914 гадах тут жыў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас.

Найноўшы час

правіць

У Першую сусветную вайну 15 верасня 1915 года Пінск занялі нямецкія войскі. 4 сакавіка 1918 года ўрад УНР III Устаноўчай граматай ад лістапада 1917 года абвясціў горад часткай украінскай дзяржавы, адначасова з 25 сакавіка таго ж года Пінск уключаны ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесся была прадметам перагавораў паміж БНР і УНР[19]. Пад канец 1918 года германскія войскі зышлі з Палесся.

1 студзеня 1919 года Пінск занялі бальшавікі, якія, у адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі, далучылі яго да БССР як цэнтр павета («падраёна») Брэсцкага раёна[20]. 22 студзеня 1919 года войскі УНР пакінулі Пінск. 5 сакавіка 1919 года адбылася бітва за Пінск паміж Палескай групай войска Польскай Рэспублікі і бальшавікамі, у выніку якой палякі здабылі горад, а таксама цягнікі, ваенныя склады, калону пантонаў і ўзялі ў палон некалькі дзясяткаў салдат[21]. У жніўні 1920 года Пінск зноў занялі бальшавікі, якія ўтрымлівалі горад да 26 верасня 1920 года, але вымушаны былі адступіць.

 
Рыначная плошча каля 1930 года

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Пінск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў сталіцай павета Палескага ваяводства. У міжваенны перыяд Пінск быў адным з найзначнейшых у Польшчы цэнтраў пасялення расійскай эміграцыі (гл. Рускае дабрачыннае таварыства, Рускае таварыства моладзі), а таксама самы «яўрэйскі» горад на Усходніх Крэсах[22]. 7 верасня 1921 года здарыўся вялікі пажар: агонь знішчыў практычна ўсю цэнтральную частку горада. У 1924 годзе ў Пінску заснавалі краязнаўчы музей (адкрыўся ў 1926 годзе). Увосень 1934 года Пінск і сучасны Пінскі раён з навуковай экспедыцыяй наведала сусветна вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд. У 1936 годзе ў гарадскім парку «Лешча» прайшла вялікая сельскагаспадарчая выстаўка, напярэдадні якой выйшаў «Informator m. Pinska»[23].

 
Краявід Пінска, Іван Дзіміч. Музей Беларускага Палесся

У 1939 годзе Пінск увайшоў у БССР, у кастрычніку таго ж года савецкія карныя органы расстралялі ці вывезлі ў Катынь больш за 500 палякаў і беларусаў. Васіль Корж і яго паплечнікі з НКВД бралі ўдзел у забойстве людзей. 4 снежня 1939 года горад стаў цэнтрам Пінскай вобласці (існавала да 1 жніўня 1954). У Другую сусветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 14 ліпеня 1944 года Пінск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

10 жніўня 1946 года распачаўся рух на першым аўтобусным маршруце. У 1953 у Пінску ўсталявалі першыя чатыры тэлефоны-аўтаматы. У 1956 годзе пры рэканструкцыі горада быў знішчаны помнік архітэктуры барока — Касцёл Св. Станіслава, Рыначная плошча з гандлёвымі радамі, а таксама рэнесансная Вялікая сінагога. 30 ліпеня 1958 года ў межы горада ўвайшлі вёскі Альбрэхтава, Казлякевічы, Калонія і пасёлак пяньковага завода[24]. У 1960 годзе пачалася будова аўтамабільнай трасы Пінск — Столін, у 1965 годзе — камбіната верхняга трыкатажу, вядомага цяпер як ААТ «Палессе».

17 студзеня 1987 года ў Пінску адкрыўся новы будынак аўтавакзала, 5 красавіка таго ж года да новага Пінскага порта прычаліла першае судна. 7 лістапада 1989 года ў горадзе адкрыўся новы будынак Цэнтральнай бібліятэкі. 15 жніўня 1992 ода выйшла першая тэлепраграма пінскага тэлеканала «Вараг».

Рэспубліка Беларусь

правіць

25 кастрычніка 2010 года на заводзе «Пінскдрэў» адбыліся выбух і пажар, у выніку якіх загінула 14 чалавек.

9 і 10 жніўня 2020 года ў Пінску адбываліся жорсткія сутыкненні паміж супрацоўнікамі МУС і пратэстоўцамі: людзі заблакавалі будынак Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта і сталі патрабаваць сумленнага падліку галасоў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Як кажуць сведкі тых падзей, жыхары Пінска накіраваліся да выбарчых участкаў дазнацца вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, але іх накіроўвалі ў выканкам, маўляў, усе вынікі перадалі туды. Такім чынам людзі і пазбіраліся пад будынкам выканаўчага камітэта. На прапанову ўладаў, пяць прадстаўнікоў грамадзян пайшлі ў будынак «паразмаўляць», астатнія мірна чакалі, пляскалі ў ладкі, смяяліся, нават перакідваліся словамі з міліцыянтамі, сярод якіх было шмат знаёмых. А ў гэты час мясцовыя ўлады пільна сцягвалі дадатковыя сілы праваахоўнікаў, пасля чаго людзей узялі ў кола, а людзі спрабавалі вырвацца з гэтага ачаплення, баронячыся ад узброеных сілавікоў. У выніку супрацьстаяння ўладамі была распачата «Пінская справа».

Геаграфія

правіць
 
Рака Піна

Пінск стаіць у вусці ракі Піны ля месца яе ўпадзення ў Прыпяць, якая аддзяляе горад ад прылеглых балот. У старажытнасці балоты, якія лічыліся дном міфічнага «Герадотава мора», былі адзінай прыроднай абаронай ад захопнікаў. Раней Піна і Струмень (так палешукі называюць Прыпяць у верхнім цячэнні), зліваліся насупраць старога замка. Рэчышча ракі ў межах Пінска зрэзанае, шырыня складае 35—55 метраў[25].

Пінск знаходзіцца ў часавым поясе, які пазначаецца па міжнародным стандарце як Eastern European Time (Усходнееўрапейскі час), EET (UTC+2). Улетку ў Беларусі выкарыстоўваецца ўсходнееўрапейскі летні час (UTC+3).

Прырода

правіць

Горад атачае лесапаркавая зона «Лугі». На тэрыторыі Пінска знаходзіцца некалькі паркаў (у тым ліку парк культуры і адпачынку, дзіцячы гарадок на вул. Заслонава) і сквераў. Ландшафт навакольных тэрыторый галоўным чынам антрапагенны — сельскагаспадарчыя ўгоддзі, дачныя пасёлкі, сустракаюцца асобныя лясныя масівы (сасна, бяроза і г.д.).

Пінск — цэнтр меліярацыі Палесся на некалькі дзесяцігоддзяў. У наш час у горадзе працягвае сваю працу РУП «Палессегіправадхаз».

Клімат

правіць

Пінск размяшчаецца ў зоне ўмерана кантынентальнага клімату[26]. Праз уплыў марскіх паветраных мас тут мяккая зіма і ўмерана цёплае лета. Цыклоны, якія з’яўляюцца прычынай гэтага, перамяшчаюцца з Атлантычнага акіяна з захаду на ўсход. Сярэдняя тэмпература студзеня складае −4,5 °C, ліпеня 18,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў — каля 630 мм. Колькасць дзён з тэмпературай, вышэйшай за нуль, складае 253. У сярэднім назіраецца 165 дзён з ападкамі[27].

Клімат Пінска
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне
Абсалютны максімум, °C 11,2 16,4 21,2 30,2 31,8 34,0 35,8 35,8 35,5 29,5 20,3 18,0
Сярэдні максімум, °C −1,3 0,3 5,8 13,7 20,0 22,5 24,7 24,0 18,4 12,0 5,0 0,4
Сярэдняя тэмпература, °C −4,5 −3 1,5 8 14 17 18,5 17,5 13,5 8 2,5 −1,5
Сярэдні мінімум, °C −6,7 −6 −2,3 3,5 8,6 11,8 13,9 12,8 8,4 3,6 −0,5 −4,4
Абсалютны мінімум, °C −30,6 −28,1 −24,2 −6,3 −7 1,0 1,4 2,9 −4,5 −8,6 −18,1 −26,6
Норма ападкаў, мм 40 30 30 40 60 70 80 75 50 40 50 45
Крыніца: Клімат Пінску (руск.). Метеоновости (15 кастрычніка 2011)., Пінск Надвор'е і клімат (Абсалютны максімум, Сярэдні максімум, Сярэдні мінімум, Абсалютны мінімум)

Насельніцтва

правіць
  • XVI стагоддзе: сяр. 1550 — каля 3,5 тыс. чал.[11], 1600 — каля 5 тыс. чал.
  • XVII стагоддзе: 1625 — каля 30 тыс. чал.[28], 1650 — каля 10 тыс. чал.[11]
  • XVIII стагоддзе: 1794 — 3 716 чал.
  • XIX стагоддзе: 1825 — 4,2 тыс. чал.; 1841 — 6,8 тыс. чал.; 1860 — 8,6 тыс. чал.[28]; 1861 — 11,3 тыс. чал.; 1870 — 18 тыс. чал.[28]; 1887 — 22 967 чал. (11 847 муж. і 11 120 жан.), у тым ліку паводле стану: шляхты — 266 муж. і 275 жан., духоўнікаў праваслаўных — 49 муж. і 37 жан., духоўнікаў каталіцкіх — 3 чал., купцоў і ганаровых грамадзян — 208 муж. і 224 жан., мяшчан і цэхавых — 10 806 муж., 10 439 жан., вайскоўцаў — 325 муж., сялян — 190 муж. і 145 жан.; паводле веры: 2 848 праваслаўных, 1 082 каталікоў, 20 евангелістаў, 19 017 іўдзеяў[28]; 1897 — 28 028 чал. (13 649 муж. і 14 379 жан.)[29]; 1900 — 29,5 тыс. чал.
 
Пінскія яўрэі чытаюць Мішну. Фрагмент фотаработы «Пінскія партрэты»
  • XX стагоддзе: 1907 — 34 756 чал.[30]; 1910 — 36 409 чал., у тым ліку 26 626 яўрэяў[31]; 1921 — 23,5 тыс. чал.; 1931 — 33,5 тыс. чал., з іх 73,5 % складалі яўрэі, да 10 % — «рускія»; палякі складалі некалькі працэнтаў і былі ў асноўным прыбылым элементам — ваенныя, ксяндзы, служачыя, настаўнікі[22]; 1939 — 35,9 тыс. чал.; 1959 — 41,5 тыс. чал.; 1974 — 77,1 тыс. чал.[32]; 1986—112,6 тыс. чал.; 1993—123 тыс. чал.[33]; 1995—130 тыс. чал.[34]; 1996—130 тыс. чал.; 1998—132,6 тыс. чал.[35].; 2000—132,6 тыс. чал.
  • XXI стагоддзе: 2006—129,9 тыс. чал.; 2007—131,0 тыс. чал.; 2008—130,8 тыс. чал.; 2009—131,2 тыс. чал.[36]; 2009—130 355 (перапіс), у тым ліку больш за 85 % беларусаў, каля 9 % рускіх, каля 3,5 % украінцаў, каля 1 % палякаў, каля 0,15 % яўрэяў[2][37][38]; 2016—138 415 чал.[39]; 2017—138 202 чал.[4]

Эканоміка

правіць
 
Запалкавая фабрыка ЗАТ «Пінскдрэў»

Прадпрыемствы машынабудаўнічай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай, мікрабіялагічнай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Пінск — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы «Аэліта», «Прыпяць», «Спорт».

У 1836—1910 гадах працаваў Альбрэхтаўскі стэарынавы і мылаварны купецкі завод.

Транспарт

правіць
 
Аўтобусны парк

Пінск — значны чыгуначны, аўтамабільны, рачны транспартны вузел. Працуюць два аўтапаркі (пасажырскі і грузавы), некалькі аўтамабільных баз. Эксплуатацыяй ракі Піны займаецца РУЭСП «Дняпроўска-Бугскі водны шлях». У сферы чыгуначнага транспарту працуе «Даследчы завод шляхавых машынаў».

Грамадскі транспарт у Пінску прадстаўлены аўтобусамі. Аўтобусная сетка Пінска адкрылася 10 жніўня 1946 і налічвае цяпер больш за 40 маршрутаў[40]. Рухомы састаў — галоўным чынам аўтобусы МАЗ-103, МАЗ-105 і МАЗ-107. Прыгарадныя і міжгародныя аўтобусныя рэйсы ажыццяўляюцца з аўтавакзала. Аўтобусныя маршруты злучаюць Пінск з Брэстам, Гродна, Мінскам і іншымі гарадамі Беларусі, а таксама з Варшавай, Вільнюсам, Масквой, Чарнаўцамі[41].

 
Рачны вакзал

Чыгуначная станцыя «Пінск» адкрылася ў 1884 годзе. Чыгуначныя маршруты злучаюць Пінск з многімі гарадамі Беларусі, Украіны і Расіі. Цягнікі далёкага руху ходзяць праз Пінск да Мінска, Смаленска, Масквы, Гомеля, Віцебска, Кіева, Сімферопаля. Праз горад праходзяць маршруты прыгарадных цягнікоў: Брэст — Лунінец, Драгічын — Лунінец і іншыя.

Культура

правіць
 
Палескі драматычны тэатр

У Пінску дзейнічаюць гарадскі Дом культуры, Палац культуры «Трыкатажнік», Дом культуры ЗАТ «Пінскдрэў», дзяржаўны Музей Беларускага Палесся, гарадскі парк культуры і адпачынку, Палескі драматычны тэатр, гарадская кінавідэасетка (кінатэатр «Перамога», відэатэка), кінавідэапракат, гарадская канцэртная зала. У горадзе працуюць тэатр-студыя «Дыяген» і народны моладзевы тэатр «Візаві».

 
Гарадская цэнтральная бібліятэка

Дзейнічае цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, у якую ўваходзяць: цэнтральная бібліятэка для дарослых, дзіцячая бібліятэка і 7 філіялаў з агульным кніжным фондам у 600 тысяч асобнікаў. У 1986 адкрылася дзіцячая бібліятэка, у фондах якой больш за 100 тысяч кніг[42].

У горадзе налічваецца больш за 100 калектываў мастацкай самадзейнасці: харавыя, харэаграфічныя, тэатральныя, інструментальныя, вакальныя, эстрадна-цыркавыя. 34 калектывы маюць званне «народны» і «ўзорны». Дзейнічае 5 навучальных устаноў, дзе навучаецца больш за 1,5 тысячы навучэнцаў, вучэльня мастацтваў, дзіцячыя музычныя школы № 1, № 2, дзіцячая харэаграфічная школа, дзіцячая школа выяўленчага мастацтва[43].

Раз у два-тры гады ў канцы вясны — пачатку лета ў Пінску праходзіць Міжнародны фестываль фальклору «Палескі карагод». У апошні месяц зімы ў горадзе традыцыйна праходзяць творчыя сустрэчы пад агульнай назвай «Лютаўскія музычныя вечары». Раз у два гады ў красавіку праходзіць традыцыйнае свята гітарнай музыкі «Каралеўская фіеста». Таксама раз у два гады ў маі праходзіць музычнае свята «Віват, баян!» Летам ці ў пачатку восені ў наваколлях Пінска праходзіць міжнародны мотафестываль «Пінск»[44].

Адукацыя

правіць
 
Галоўны корпус Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта

У Пінску працуе 33 дзіцячых дашкольных устаноў; 15 сярэдніх школ; 3 гімназіі; ПУА «Сярэдняя школа „Бейс-Агарон“»; ліцэй УА «Палескі дзяржаўны ўніверсітэт»; цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; сацыяльна-педагагічны цэнтр; цэнтр сучасных сродкаў навучання; цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі[45].

У горадзе працуюць 2 музычныя школы, дзіцячая харэаграфічная школа, школа выяўленчага мастацтва.

Атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі забяспечваюць:

  • УА «Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова» (раней — сельскагаспадарчы тэхнікум, гідрамеліярацыйны тэхнікум імя А. Я. Кляшчова)
  • УА «Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж» (раней — тэхналагічны тэхнікум, тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, каледж мясной і малочнай прамысловасці)
  • УА «Пінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж» (раней — ПТВ № 137 машынабудавання, прафесійны ліцэй машынабудавання, прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання)
  • УА «Пінскі дзяржаўны каледж будаўнікоў» (раней — ПТВ № 88 будаўнікоў, прафесійны ліцэй будаўнікоў)
  • УА «Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў» (раней — вучылішча мастацтваў)
  • УА «Пінскі дзяржаўны медыцынскі каледж» (раней — фельчарска-акушэрская школа, медыцынскае вучылішча)
  • УА «Пінскі дзяржаўны каледж тэхнікі і тэхналогій» (раней — ПТВ № 108 трыкатажнікаў, вышэйшае прафесійнае вучылішча лёгкай прамысловасці, прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці)
  • Пінскі каледж УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна» (раней — педагагічнае вучылішча імя А. С. Пушкіна, педагагічны каледж імя А. С. Пушкіна)
  • Філіял УА «Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт» Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж (раней — індустрыяльны тэхнікум, індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, індустрыяльна-педагагічны каледж)

Атрыманне вышэйшай адукацыі забяспечвае УА «Палескі дзяржаўны ўніверсітэт» і Пінскі філіял УА «Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія».

12 верасня 2001 г. у Пінску адбылося адкрыццё Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя Святога Тамаша Аквінскага.

 
Былы шахматна-шашачны клуб

Пінск — адзін з самых спартыўных гарадоў Беларусі, у 2009 годзе ён заняў 2 месца ў гэтай намінацыі.

У Пінску размяшчаецца Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву ў вяслярных відах спорту, выхаванцы якой — алімпійскія чэмпіёнкі 1996 года Тамара Давыдзенка, Яраслава Паўловіч. Тры чэмпіянаты Еўропы па мотаболе прымаў за апошнія паўтара дзесяцігоддзі спартыўны комплекс БЕЛАСТТ.

Станам на 1 студзеня 2003 года ў Пінску было 128 спартыўных збудаванняў, у тым ліку 3 стадыёны з трыбунамі, 50 спартыўных зал, 2 басейны, 11 міні-басейнаў, 38 прыстасаваных памяшканняў. У спартыўных школах горада займалася каля 30 тыс. юных спартсменаў па 15 відах спорту. Апроч таго, у горадзе працуе шахматна-шашачны клуб.

Спарткомплекс «Хваля»

правіць

Універсальны спартыўны комплекс «Хваля», які ўмясціўся на плошчы 32740 м², аб’ядноўвае ў сабе футбольны стадыён з трыбунамі, медыцынска-аднаўленчы цэнтр, лядовую арэну, басейны і ўніверсальную спартыўную залю. Адначасова наведваць яго могуць больш за 5000 чалавек. Спартыўнае збудаванне ўяўляе сабой 2-3-павярховы комплекс з аб’ёмаў розных форм і памераў.

Увод у эксплуатацыю лядовай арэны «Хваля» адбыўся 29 снежня 2007. Унікальнасць яе ў тым, што тут упершыню ў Беларусі выкарыстоўваюцца гнута-клееныя драўляныя аркі пад дахам. Асноўныя параметры арэны адпавядаюць еўрапейскім стандартам: шырыня лядовага пакрыцця — 29 м, даўжыня — 60 м, агульная плошча — 8450 м², колькасць гледачоў — звыш 600 чалавек.

Басейны прызначаюцца не толькі для студэнцкіх заняткаў, але і для ўсіх жыхароў Пінска. Пры неабходнасці спаборніцтва могуць глядзець каля 500 чалавек. Стадыён мае сучаснае інжынернае абсталяванне, яго трыбуны разлічаны на больш чым 3000 гледачоў.

ФК «Хваля-Пінск»

правіць

У Пінску ёсць уласны футбольны клуб «Хваля», заснаваны ў 1987 годзе, зваўся «Камунальнік» (1989—1996), «Пінск-900» (1997—2005). Хатнія гульні праводзіць на стадыёне «Хваля» (умяшчальнасцю 3100 месцаў). Срэбны прызёр чэмпіянату Беларусі ў першай лізе, а таксама 4-разовы бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі. За 18 сезонаў, праведзеных у чэмпіянатах і Кубках Беларусі, «Хваля» згуляла 497 матчаў: 238 перамогаў, 94 нічыі, 165 паразаў, розніца мячоў 806:597 (станам на 1 студзеня 2009).

«Аўтамабіліст»

правіць

Найбольш тытулаваны клуб Беларусі, заснаваны ў 1979 годзе. 17-разовы чэмпіён Беларусі, 6-разовы срэбны прызёр, 16 разоў здабываў кубак Беларусі, срэбны прызёр чэмпіянату Усходне-Еўрапейскай лігі 2007 года, бронзавы прызёр 2006 года.

Медыцына

правіць

Медыцынскія паслугі насельніцтву Пінска аказвае шэраг спецыялізаваных устаноў аховы здароўя. У горадзе дзейнічае УАЗ «Пінская цэнтральная паліклініка» (1 філіял), УАЗ «Пінская цэнтральная бальніца» (1 філіял), УАЗ «Дзіцячая бальніца» (1 філіял), УАЗ «Міжраённы радзільны дом» (2 філіяла), УАЗ «Стаматалагічная паліклініка» (1 філіял).

У горадзе ёсць філіялы наступных устаноў: «Міжраённы скурна-венералагічны дыспансэр», «Міжраённы псіханеўралагічны дыспансэр», «Міжраённы супрацьсухотны дыспансэр», «Міжраённы наркалагічны дыспансэр», «Станцыя пералівання крыві», «Спецыялізаваны дом дзіцяці», «Станцыя хуткай медыцынскай дапамогі»

Дзяржаўны санітарны нагляд у забеспячэнні санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва ажыццяўляе ДУ «Пінскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».

Турыстычная інфармацыя

правіць
 
Калегіум езуітаў

Пінск — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння[46]. У колішнім кляштары езуітаў працуе Музей Беларускага Палесся.

Гатэлі: «Аэліта», «Прыпяць», «Спорт», «Хваля», «Пінскі дворык».

Пінск з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі горадам пасля Гродна. На працягу стагоддзяў у Пінску ўзводзіліся грамадзянскія і сакральныя збудаванні, у якіх не толькі захоўваліся мясцовыя традыцыі і рысы Палескага дойлідства папярэдніх эпох, але і выкарыстоўваліся дасягненні еўрапейскай архітэктуры.

Архітэктура Пінска

правіць

Архітэктурнае аблічча Пінска складвалася з XVI ст.: у гэты час існавалі Траецкі мост, 2 брамы, 14 цэркваў, 3 праваслаўныя манастыры (Лешчанскі, Варварынскі і Богаяўленскі) і 2 каталіцкія кляштары (францысканцаў і дамініканцаў). Цягам XVIIXVIII стст. сфарміраваўся архітэктурны цэнтр горада: тут збудавалі мураваныя езуіцкі касцёл і калегіум, дамініканскі і кармеліцкі кляштары, ратушу, палац Бутрымовічаў, кляштар бернардзінцаў, у прадмесці Каралін — замак, касцёл Карла Барамеуша.

Аснову планіроўкі Пінска склалі гарадскія вуліцы, крыніцамі назваў якіх служылі асабістыя імёны князёў і мяшчан, геаграфічныя назвы, прыродныя ўмовы мясцовасці, рамесныя заняткі часткі мяшчан, нацыянальная прыналежнасць жыхароў. Яшчэ з XVI ст. згадваюцца асобныя пінскія вуліцы: Вялікая Спаская, Замкавая, Вароўская і іншыя. Вуліцы масціліся лесам, што было асабліва важна ва ўмовах вялікай забалочанасці гарадской тэрыторыі. Брукоўка на цэнтральных вуліцах Пінска з’явіліся ў канцы XIX ст. Да нашага часу ў горадзе захавалася частка яго даўняй радыяльна-паўкольцавай планіроўкі.

Славутасці

правіць
 
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пры кляштары францысканцаў
 
Палац Бутрымовічаў

Страчаная спадчына

правіць
 
Касцёлы Св. Дамініка і Св Станіслава, знішчаныя бальшавікамі
  • Капліца Святога Георгія (пач. XX ст.)
  • Касцёл Маці Божай Балеснай (1820)
  • Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1635)
  • Касцёл Святога Дамініка (1787)
  • Кляштар бернардзінцаў (XVIII ст.)
  • Кляштар кармелітаў (1734)
  • Кляштар марыявітак (XVIII ст.)
  • Манастыр і царква Яўлення Гасподняга (1596)
  • Сінагога Вялікая (1506)
  • Царква Святога Хведара (XII ст.)
  • Царква Святога Мікалая (1823)

Вядомыя асобы

правіць
 
Будынак, у якім нарадзіўся Рышард Капусцінскі

Гарады-пабрацімы

правіць
  1.   Ковель, Украіна
  2.   Альтэна, Германія
  3.   Добрыч, Балгарыя
  4.   Чэнстахова, Польшча
  5.   Істра, Расія
  6.   Балахна, Расія

Гл. таксама

правіць

Зноскі

правіць
  1. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 4 сакавіка 2016. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  2. а б Вынікі перапісу 2009 года
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  4. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. ПСРЛ. Т.1. — М., 1962. С. 258.
  6. М. Н. Тихомиров. Список русских городов дальних и ближних // Исторические записки. Т. 40. — М., 1952.
  7. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 201.
  8. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 988.
  9. В. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 290.
  10. а б Згадкі пра Пінск у летапісе (руск.)(недаступная спасылка). Гісторыя Пінска (14 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2012. Праверана 11 лютага 2013.
  11. а б в г д Пінск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 432. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  12. Ярашэвіч А. Пінскі кляштар францысканцаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 436. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  13. Пісцовая кніга Пінскага і Клецкага княстваў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 508.
  14. Пінск // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  15. Ярашэвіч А. Пінскі езуіцкі калегіум // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 435. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  16. а б Юлія Гаева. Пётр Лысенка. Пінск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 495.
  17. Ярашэвіч А. Пінская кангрэгацыя // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 434. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  18. Пінск // Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн.: Беларусь, 2001. С. 209.
  19. Валянціна Лебедзева. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) Архівавана 19 лістапада 2008. // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15.
  20. У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
  21. Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 65.
  22. а б Tadeusz Zienkiewicz. Rosyjskie zycie kulturalno-literackie w Pinsku 1918—1939 // Acta Polono-Ruthenica XII, 2007. Uniwersytet Warminsko-Mazurski w Olsztynie. ISSN 1427-549X. С.8.
  23. Informator m. Pinska. Rok 1936.
  24. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Пінска рада населеных пунктаў Пінскага раёна ад 30 ліпеня 1958 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1958, № 7.
  25. Апісанне ракі Піна (руск.). FisherMenFromPinsk (15 кастрычніка 2011).
  26. Т. М. Прокопович, Атлас географии Беларуси. — РУП «Белкартография», Минск, 2004. С. 14.
  27. Т. М. Прокопович. Атлас географии Беларуси. — РУП «Белкартография», Минск, 2004. С. 16.
  28. а б в г Pińsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście (польск.). — Warszawa, 1887. S. 174.
  29. Пинск // Пінск // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  30. Pińsk Архівавана 27 студзеня 2012. // Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
  31. Наш Пинск исторический. — Пинск: Пинск-900, 1997.
  32. Пинск // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  33. Пинск // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
  34. Pinsk // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 172.
  35. Юлія Гаева. Пётр Лысенка. Пінск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 494.
  36. У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
  37. Т. М. Прокопович. Атлас географии Беларуси. — Минск: РУП «Белкартография», 2004. С. 32.
  38. https://web.archive.org/web/20111011125310/http://belstat.gov.by/homep/ru/indicators/regions_annual_data/1_Brest/03.pdf
  39. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  40. Расписание движения городских автобусов // ОАО «Пинский автобусный парк»
  41. Отправления автобусов от АВ «Пинск» // ОАО «Пинский автобусный парк»
  42. Пинск — город для человека (руск.). Epinsk.net (15 кастрычніка 2011).
  43. Пинск. Культура и искусство (руск.)(недаступная спасылка). Pinsk-city.info (15 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2013. Праверана 11 лютага 2013.
  44. Столица Белорусского Полесья (руск.)(недаступная спасылка). Interfax.by (15 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 27 красавіка 2011. Праверана 11 лютага 2013.
  45. Образовательное пространство города Пинска // Отдел образования, спорта и туризма Пинского городского исполнительного комитета(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2016. Праверана 31 сакавіка 2016.
  46. Пинск // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
  47. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). — С. 187.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць