Рагачоўска-Жлобінская аперацыя (1941)

Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941, Рагачоўска-Жлобінскі контрудар 1941. Праведзены 63-м стралковым корпусам (камкор Л. Р. Пятроўскі  (руск.)) 21-й арміі  (руск.) Заходняга фронту (з 24 ліпеня 1941 Цэнтральнага) фронту з удзелам Жлобінскага і Рагачоўскага знішчальных батальёнаў 13 ліпеня17 жніўня.

Корпус займаў абарону на ўсходнім беразе Дняпра на лініі Шыпчыцы—Гадзілавічы—РагачоўЖлобінСтрэшын. 6 ліпеня часці 117-й дывізіі з яго складу правялі разведку боем, на досвітку фарсіравалі Дняпро, авалодалі Жлобінам і прасунуліся на захад уздоўж бабруйскай шашы. Вермахт вымушаны быў тэрмінова падцягнуць 10-ю матарызаваную і 255-ю пяхотную дывізіі. Ноччу савецкія войскі адарваліся ад праціўніка. Нанёсшы яму вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, адышлі на зыходныя пазіцыі.

13 ліпеня паводле загаду камандуючага Заходнім фронтам С. К. Цімашэнкі войскі 21-й арміі перайшлі ў контрнаступленне, у ходзе якога 63-і корпус фарсіраваў Дняпро, вызваліў Жлобін (з дапамогай народнага апалчэння), Рагачоў, развіў наступленне на Бабруйск і да канца ліпеня ўклініўся на 30 км у глыб размяшчэння вермахта. Толькі з дапамогай перакінутых сюды 8 дывізій рэзерву вермахт здолеў замацавацца на заходнім беразе Друці, 14 жніўня прарваць абарону і акружыць корпус[1].

Паводле загаду ваеннага савета фронту з 17 жніўня часці корпуса з баямі выходзілі з акружэння ў напрамку Гомеля. Пры прарыве з акружэння быў смяротна паранены камкор Пятроўскі.

За гераізм і мужнасць дзясяткі воінаў корпуса ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а камандзіру батальёна капітану Ф. А. Баталаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Зноскі

  1. Жданович, П. Боевые действия 21-й армии на территории Беларуси летом 1941 // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2008. — Вып. 24. — С. 150.

Літаратура правіць

  • Лемяшонак, У. Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 / Уладзімір Лемяшонак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6: У 2 кн. Кн. 1: Пузыны — Усая / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. – С. 40. — ISBN 985-11-0214-8.