Радаслаў Астроўскі

Радасла́ў Казімі́равіч Астро́ўскі (25 кастрычніка (6 лістапада) 1887, фальв. Заполле Слуцкага павета Мінскай губерні, Расійская імперыя — 17 кастрычніка 1976, Бентан-Харбар, Мічыган, ЗША; Псеўданімы: Эра; Kalush V.) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, арганізатар Слуцкай беларускай гімназіі (1917), удзельнік Слуцкага паўстання (1920), дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1924—1936), у 1943 годзе абраны прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады[1]. Беларускі калабарант з нацыстамі ў часы Другой сусветнай вайны.

Радаслаў Казіміравіч Астроўскі
Сцяг1-ы Прэзідэнт Беларускай цэнтральнай рады Сцяг
снежань 1943 — 17 кастрычніка 1976
Папярэднік пасада заснавана
Пераемнік Нікандар Мядзейка
Нараджэнне 25 кастрычніка 1887(1887-10-25)
Смерць 17 кастрычніка 1976(1976-10-17) (88 гадоў)
Месца пахавання
Жонка Антаніна Язэпаўна
Дзеці Віктар Астроўскі
Партыя Беларуская сялянска-работніцкая грамада
Камуністычная партыя Заходняй Беларусі
Член у
Адукацыя
Прафесія настаўнік
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Маладосць і рэвалюцыйныя гады

правіць
 
Радаслаў Астроўскі (1913)

Нарадзіўся 25 кастрычніка 1887 года ў вёсцы Заполле Слуцкага павета Мінскай губерні (сёння Клецкі раён, Мінская вобласць, Рэспубліка Беларусь). Быў сынам нясвіжскіх мяшчан, якім прыходзілася часта мяняць месца пражывання іх сям’і. Вучоба Радаслава пачалася ў 1898 годзе ў Слуцкім духоўным вучылішчы. У лістападзе 1901 года ён пакінуў гэтую ўстанову і са студзеня 1902 года вучыўся ў Слуцкай мужчынскай гімназіі.[1]

За ўдзел у рэвалюцыі 1905—1907 гадоў выключаны са Слуцкай гімназіі. У 1908 годзе паступіў на матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Як удзельнік рэвалюцыйных хваляванняў у лютым 1911 года арыштаваны. Быў зняволены ў турмах Пецярбурга і Пскова. Пасля вызвалення жыў у бацькоў у Пружанскім павеце пад наглядам паліцыі[1]. Аднавіўся ва ўніверсітэце ў сакавіку 1912 года, у студзені 1913 года перавёўся ў Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт і 20 снежня 1913 года скончыў там фізіка-матэматычны факультэт[2].

Працаваў настаўнікам у Чэнстахове (Польшча) і Мінску; у 1915—1917 гадах выкладаў у Мінскім настаўніцкім інстытуце, з якім яму прыйшлося пасля выбуху вайны эвакуявацца ў Яраслаўль, дзе ўдзельнічаў у таемным аб’яднанні Інстытута «Наш край».[1]

У 1917 годзе вярнуўся ў Слуцк, дзе пасля Лютаўскай рэвалюцыі стаў камісарам Слуцкага павета ад Часовага ўрада. У жніўні яго абралі сябрам прэзідыума Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. У тым самым месяцы ён удзельнічаў у працы скліканай Часовым урадам Дзяржаўнай нарады[ru]. Арганізатар і дырэктар Слуцкай беларускай гімназіі (верасень 1917 года). Выступаў супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі. У той жа час з’яўляецца сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады і ўдзельнічае ў яе канферэнцыях і з’ездах.

У снежні 1917 года становіцца дэлегатам Першага Усебеларускага з’езда. Выступаў у прэсе за ідэю незалежнасці Беларусі. У лютым 1918 года ўвайшоў у першы склад Беларускага нацыянальнага камітэта ў Слуцку, які адразу ж стаў на бок Рады і Урада Беларускай Народнай Рэспублікі. 9 ліпеня 1918 года Рада Рэспублікі зацвердзіла яго на пасадах таварыша (намесніка) старшыні Народнага сакратарыята і народнага сакратара асветы пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта.[1][3]

3 прыходам бальшавікоў Астроўскі ў снежні 1918 года падаўся ва Украіну, далучыўся да расійскай Добраахвотнай арміі генерала Антона Дзянікіна. У снежні 1920 года вярнуўся на Случчыну. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 года. Увосень 1920 года падчас палескага паходу генерала Станіслава Булак-Балаховіча, разам з Паўлам Алексюком, бацькам ды сынам Адамовічамі, увайшоў у склад Беларускага палітычнага камітэта, з’яўляўся «міністрам асветы» ў цывільным урадзе Булак-Балаховіча.

У Заходняй Беларусі

правіць

З 1921 года знаходзіўся ў Вільні, Заходняя Беларусь. У пачатку 1920-х гадоў працаваў у Польска-амерыканскім камітэце дапамогі дзецям. У 1923 годзе ён стаў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі, а з 1924 па 1936 гады (з перапынкам) быў яе дырэктарам.[1]

 
Партыйны білет сябра БСРГ Радаслава Астроўскага. 1926

У другой палове 1920-х гадоў рэзка змяніў свой палітычны курс. У лютым 1924 года стаў адным з закладчыкаў праўрадавага Польска-беларускага таварыства, а пасля яго распаду — супрацоўнік КП(б)Б і КПЗБ, куратар падпольнага камсамолу ў гімназіі. З 1925 па 1926 гады быў намеснікам старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня Таварыства беларускай школы (ТБШ), Беларускага дабрачыннага таварыства і дырэктар Беларускага кааператыўнага банку ў Вільні, праз які праходзілі з СССР грошы, прызначаныя на падтрымку дзейнасці БСРГ. У 1926 годзе становіцца членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У студзені 1927 года арыштаваны і абвінавачаны па працэсе Грамады.[1][3]

У астрозе знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. Дзеля вызвалення Астроўскага, яго жонка даводзіла інстанцыям, што, выйшаўшы на волю, яе муж будзе супрацоўнічаць з адміністрацыйнымі ўладамі. Пасля выхаду на волю мяняе палітычны курс і робіцца арганізатарам і прапагандыстам супрацоўніцтва з санацыяй (1928—1936).[1] У 1929 годзе Астроўскі быў адным з ініцыятараў стварэння Беларускага прафесійнага настаўніцкага саюза і адным з заснавальнікаў Цэнтрсаюза ў 1930 годзе. У тым жа годзе стаў дырэктарам новаадкрытай Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі імя Багушэвіча. У 1931 годзе апублікаваў у часопісе «Беларуская думка» даклад «Беларуская справа высоўваецца на парадак дзённы польскім грамадзянствам». Пад псеўданімам «Эра» друкаваўся ў беларускіх кнігах-календарах, газетах «Наперад!»[4] і «Родны край» (1933—1936).

На судовым працэсе супраць Грамады апраўданы, але палітыка польскіх уладаў адносна беларускага насельніцтва пагаршаецца разам са згортваннем беларусізацыі ў БССР. У 1934 годзе закрываецца Цэнтрсаюз. Адносіны Астроўскага з многімі дзеячамі заходнебеларускага нацыянальнага руху значна пагаршаюцца і ў маі 1934 — снежні 1935 гадоў яны праводзяць над ім грамадскі суд. Антон Луцкевіч, Уладзімір Самойла і былы старшыня Цэнтрасаюза Антон Трэпка вінавацілі яго ў дэмаралізацыі моладзі і адвольным распараджэнні фондамі. У 1936 годзе ўлады закрываюць Таварыства беларускай школы, у 1937 годзе — Настаўніцкі саюз. Астроўскі вымушаны пакінуць Вільню і пераехаць у Лодзь.[1]

3 чэрвеня 1937 года Галоўнае ўпраўленне ў справах літаратуры і выдавецтваў (Галоўліт) Беларускай ССР выдала Загад № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Радаслава Астроўскага прадугледжвалася «спальваць»[5].

 
Радаслаў Астроўскі аглядае паліцыянтаў
 
Радаслаў Астроўскі выступае на Другім Усебеларускім кангрэсе ў 1944 годзе

Падчас Другой сусветнай вайны

правіць

З пачаткам Другой сусветнай вайны актыўна супрацоўнічаў з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Увосень 1941 года прыехаў у Мінск, працаваў у цывільнай адміністрацыі; пасля быў бургамістрам у Смаленску, Бранску, Магілёве. Са снежня 1943 года прэзідэнт Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), стварэнне якой было дазволена немцамі, якія пачалі цярпець паразы на ўсходнім фронце, і спадзяваліся набыць сімпатыі беларусаў, каб потым мабілізаваць іх супраць Чырвонай Арміі; адзін з галоўных арганізатараў у чэрвені 1944 года Другога Усебеларускага кангрэса.

Астроўскі і яго паплечнікі падтрымлівалі генацыд яўрэйскага насельніцтва, але прымалі адносна мінімальны ўдзел у ажыццяўленні масавых забойстваў.[6]

Эміграцыя і апошнія гады жыцця

правіць

Пасля вайны — палітычны дзеяч у эміграцыі, жыў у Заходняй Германіі на вуліцы Фольксгартэнштрасэ 1 у Лангенфельдзе[7], з 1956 года ў Саўт-Рыверы ў ЗША. Уваходзіў у кіраўніцтва Антыбальшавіцкага блока народаў[8]. Кіраўнік і ідэолаг «бэцээраўскай» плыні беларускай эміграцыі, лічыў БЦР легітымным беларускім урадам у выгнанні і адмаўляў такі статус у Рады БНР.

Памёр 17 кастрычніка 1976 года ў Бентан-Харбар, Мічыган.[9] Пахаваны на могілках Св. Еўфрасінні ў Саўт-Рыверы.

Сям’я

правіць

Меў двух дзяцей: Віктара і Галіну[10].

  • Fragments from the history of Byelorussia (to 1700): material for historical research and study of the subject. London: Byelorussian Central Council, 1961. 102 p.
  • (як V. Kalush) In the service of the people for a free Byelorussia: biographical notes on Professor Radoslav Ostrowski. London: Abjednańnie, 1964. 92 p.

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з Сідарэвіч, Анатоль. Яны былі першыя. Радаслаў Астроўскі . Стагодзьдзе БНР. Радыё «Свабода» (18 чэрвеня 2017). Праверана 20.01.2023.
  2. Эстонскі гістарычны архіў. 402.12.63, арк. 141, № 24833.
  3. а б Гардзіенка, Алег (2009). Беларускі Кангрэсовы Камітэт Амэрыкі (БККА) [The Belarusian Congress Committee of America (BCCA)]. Смаленск: BINIM.
  4. Эра. Яшчэ адна - можа апошняя - спроба : (be) : артыкул. — Вільня : Наперад!, 1930. — 19 ліпеня (№ 21). — С. 1.
  5. Алесь Лукашук. Мова гарыць (загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019. Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2021.
  6. Efraim Zuroff: Occupation, Nazi-hunter: the continuing search for the perpetrators of the Holocaust. KTAV, 1994, p. 40.
  7. http://www.foia.cia.gov/sites/default/files/document_conversions/1705143/OSTROWSKY%2C%20RADISLAW_0012.pdf Архівавана 16 красавіка 2016.
  8. Anti-Bolshevik Bloc of Nations (англ.). Encyclopedia of Ukraine. Праверана 2 мая 2020.
  9. Магільны камень надпіс Архівавана 8 мая 2016.
  10. Кіт, Барыс. Радаслаў Астроўскі. Успаміны Барыса Кіта пра вядомых людзей. «Родныя вобразы» (8 сакавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 30.06.2013.(недаступная спасылка)

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць