Ракаў

аграгарадок у Валожынскім раёне Беларусі, цэнтр Ракаўскага сельсавета

Ра́каў[2] (трансліт.: Rakaŭ) — аграгарадок у Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Ракаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад Валожына, за 39 км ад Мінска; за 16 км ад чыгуначнай станцыі Беларусь, каля аўтамабільнай дарогі Мінск — Гродна.

Аграгарадок
Ракаў
Герб
Герб
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Аграгарадок з
Вышыня цэнтра
212 м[1]
Насельніцтва
2 100 чалавек (2006)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1772
Паштовы індэкс
222365
Аўтамабільны код
5
СААТА
6220857156
Ракаў на карце Беларусі ±
Ракаў (Беларусь)
Ракаў
Ракаў (Мінская вобласць)
Ракаў

Ракаў — колішні магдэбургскі[3] горад гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства.

Назва правіць

У балцка-літоўскіх імёнах, ад якіх сучасныя літоўскія прозвішчы Rakas, Rakys, Rakis, Rakulis, Rakutis, Rakūnas, балцкая антрапанімічная аснова Rak-. Яна вядомая і ў двухасноўных імёнах тыпу Rak-lin'as, Rak-tar'as[4].

Тая ж аснова ў былым імені Raklys (< Rak-l-), ад якога тапонім Раклевічы каля Дзятлава.

Падобнага ўтварэння, як і Ракаў (з элементам -аў), напрыклад, і тапонім Войлаў (сёння не існы, быў цераз Пціч ад Халопенічаў), ад былога імя тыпу Vailys.

Аснове Rak- роднасная аснова Ruk-, як у імені Рукліс (сын князя Міндоўга), у адыменных тапонімах Рукшы, Руклі (< Ruk-š-, Ruk-l-).

Гісторыя правіць

Упершыню Ракаў згадваецца ў XIV стагоддзі як вялікакняжацкае ўладанне.

У Літоўскай Метрыцы засведчаныя балцкія імёны жыхароў Ракава па стане на XV стагоддзе: Пацюс, Малдуціс, Яўлейка, Цябут Лімейкавіч, Люмант ("Пацюс, Молдутис", "Евлеико, Тябутъ Лимеиковичъ", "Люмонтъ")[5].

У 1465 годзе вялікі князь Казімір перадаў паселішча Кезгайлам, з 1550 года — ва ўладанні Завішаў. У другой палове XVI стагоддзя тут заснавалі кальвінскі збор (дзейнічаў да пачатку XVIII стагоддзя). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства.

У 1568 годзе Ракаў атрымаў статус мястэчка. У першай палове XVII стагоддзя паселішча перайшло да Сангушкаў, пры якіх зрабілася значным гадлёвым горадам, цэнтрам графства. У гэты час тут працавала вядомая друкарня. У 1686 годзе Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў мястэчку дамініканскі кляштар Св. Духа.

У 1701 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Ракаву прывілей на 2 кірмашы. Пачаўся хуткі эканамічны ўздым. Праз мястэчка праходзілі два гасцінцы: Менск — Пяршаі — Валожын — Ашмяны і Ракаў — Вілейка. У 1702 годзе Казімір Сангушка заснаваў тут базыльянскі манастыр. У 1742 годзе адбыўся пажар, які знішчыў кляштар Св. Духа (неўзабаве адбудаваны).

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ракаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Мінскага павета. У 1794 годзе за ўдзел у паўстанні расійскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Сангушкаў і перадалі царскаму фельдмаршалу Салтыкову. У 1804 годзе Салтыкоў прадаў Ракаў Здзяхоўскім. У 1824 годзе мясцовыя вернікі збудавалі драўляны касцёл і капліцу, у 1830 годзе — змуравалі прымогілкавую капліцу Св. Ганны. Па задушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) у 1835 годзе расійскія ўлады ліквідавалі кляштар Св. Духа, а касцёл гвалтоўна перарабілі ў царкву Маскоўскага патрыярхата. У 1839 годзе царскія ўлады скасавалі базыльянскі манастыр, царкву перадалі Маскоўскаму патрыярхату, багатую бібліятэку і архіў, што знаходзіліся пры манастыры — разрабавалі, манастырскі шпіталь — закрылі.

У 1843 годзе ў Ракаве пабудаваныя майстэрні сельскагаспадарчых машын (веялкі, малатарні, сячкарні і інш.), якія добра разыходзіліся ў Мінскім, а таксама ў Пскоўскім, Пецярбургскім паветах; апроч таго, у мястэчку працавалі 2 млыны, цагельня, піваварня. Мясцовыя майстры выраблялі драўляныя малатарні, арфы і сячкарні для навакольных сельскіх гаспадарак. Паводле М. Улашчыка[6], у 1901 годзе тут вырабілі 80 малатарань. Станам на 1859 год у мястэчку было 140 двароў[7].

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў. Ракаў знаходзіўся ва ўладанні Марыяна Здзяхоўскага, прафесара Кракаўскага і Віленскага ўніверсітэтаў. У гэты час у сядзібе Здзяхоўскага збіраліся вядомыя літаратары і музыканты. Эліза Ажэшка называла Ракаў «Паўночнымі Афінамі». На 1905 год у мястэчку было 740 будынкаў, у 1906 годзе тут збудавалі неагатычны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У пачатку XX стагоддзя існавалі некалькі млыноў, касцёл Св. Духа, капліца Св. Ганны, царква, праваслаўная прымогілкавая капліца, каталіцкая і праваслаўная пачатковыя школы, паштовая станцыя і тэлеграф, аптэка; набліжэйшы доктар — у Заслаўі. У 1906—1909 гадах дзейнічала правінцыйнае кола Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску, якое займалася падтрымкай польскай адукацыі[8].

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ракаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Віленскага ваяводства. Непадалёк ад мястэчка праходзіла граніца з БССР, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў быў улюблёным месцам кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, тут адкрываліся рэстарацыі, публічныя дамы.

У 1939 годзе Ракаў увайшоў у БССР, дзе атрымаў статус гарадскога пасёлка. У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 года да ліпеня 1944 года Ракаў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 16 ліпеня 1954 года статус Ракава панізілі да вёскі, Ракаў далучаны да Выганіцкага сельсавета, дзе стаў яго цэнтрам, сельсавет перайменаваны ў Ракаўскі[9].

28 лютага 2008 года Ракаву нададзены статус аграгарадка[10].

Насельніцтва правіць

 
Вуліца Ракава
 
Забудова Ракава
  • XIX стагоддзе: 1859 — 1501 чал.; 1897 — 3641 чал., з іх 59,5 % іўдзеяў, 27,9 % каталікоў, 12 % праваслаўных
  • XX стагоддзе: 1921 — 3323 чал.
  • XXI стагоддзе: 2001 — 2106 жыхароў, 765 двароў[11]; 2006 — 2,1 тыс. чал.

Інфрастуруктура правіць

У Ракаве працуюць сярэдняя школа, бальніца і пошта.

СМІ правіць

У 2000—2008 гадах выходзіла краязнаўчае выданне «Ракаўскі шлях» пад рэдакцыяй прафесара Вячаслава Рагойшы[12].

Эканоміка правіць

Ракаў — вядомы ў Беларусі ганчарны цэнтр (гэтак званая «Ракаўская кераміка»). Апроч таго, у вёсцы працуюць лясніцтва і прамысловы камбінат.

Турызм правіць

 
Музей-галерэя «Янушкевічы»

Ракаў уваходзіць у турыстычныя маршруты «Свет беларускіх мястэчак», «Дойлідства Налібоцкага края», Ракаў — Тупальшчына — Івянец і інш.[13]

У наваколлі вёскі дом адпачынку НАН Беларусі «Іслач», аздараўленчы комплекс «Світанак», 9 дзіцячых арганізацый адпачынку і аздараўлення.

Запрашае наведвальнікаў музей-галерэя «Янушкевічы». Краязнаўчая экспазіцыя музея прысвячаецца жыццю старасвецкай шляхты і дробнай местачковай буржуазіі, найстарэйшы яе экспанат датуецца XVII стагоддзем.

Славутасці правіць

У Ракаве шмат славутасцей, якія ўяўляюць цікавасць для турыстаў[14][15].

У вёсцы размяшчаецца магіла беларускага кампазітара М. Грушвіцкага, на якой пастаўлены помнік.

Страчаная спадчына правіць

  • Касцёл (1824)
  • Кляштар дамініканцаў (1686)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Здзяхоўскіх (XIX ст.)
  • Сінагога

Вядомыя асобы правіць

Зноскі правіць

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  3. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 312.
  4. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. C. 128.
  5. Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 3 (1440-1498). Užrašymų knyga 3 // Vilnius, 1998. Стар. 53, 66.
  6. «Была такая вёска…» // Мікалай Улашчык. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 88.
  7. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 379.
  8. Dariusz Tarasiuk: Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007, ss. 34-37. ISBN 978-83-227-2629-7. 
  9. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об упразднении городского поселка Раков, Радошковичского района, Молодечненской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  10. Решение Воложинского районного Совета депутатов от 28.02.2008 N 61 «О преобразовании деревни Раков в агрогородок»
  11. БелЭн 2001.
  12. Пётр Дарашчонак. Ад «Ракаўскіх чытанняў» да «Ракаўскага шляху»: летапіс роднага краю пад рэдакцыяй прафесара Вячаслава Рагойшы // Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання (памяці антраполага Зінаіды Мажэйкі): зборнік навуковых прац [удзельнікаў XI Міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 21—23 красавіка 2017 г.]. — Мінск: БДУКМ, 2017. — С. 180—182.
  13. Раков // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  14. Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  15. Глобус Беларусі. Ракаў
  16. В Беларуси можно окунуться в историю… и в озера ледникового периода Архівавана 27 верасня 2011.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць