Сар’янка
Сар'я́нка (лат.: Sarjanka, Sārija) — рака ў Лудзенскім і Краслаўскім раёнах Латвіі і ў Верхнядзвінскім раёне Беларусі.
Сар'янка | |
---|---|
![]() Рэшткі грэблі млына | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 87 км |
Басейн | 1 047 км² |
Расход вады | 7,4 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | в. Біжас |
• Каардынаты | 56°15′18″ пн. ш. 27°44′15″ у. д.HGЯO |
Вусце | р. Заходняя Дзвіна |
• Каардынаты | 55°49′39″ пн. ш. 27°52′54″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Заходняя Дзвіна |
Краіна | |
![]() ![]() |
|
![]() |
Даўжыня ракі — 87 км (з якіх 38 км прыпадаюць на беларускі ўчастак), плошча вадазбору — 1000 км² (у Беларусі — 800 км²), сярэднегадавы расход вады ў вусці — 7,4 м³/с, сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,9 м/км. Па вышыні рака спадае больш як на 100 м.
Паходжанне назвыПравіць
Паводле Казіміра Бугі, назва ракі балцкая, аналагі літоўскі гідронім Saria, прускі гідронім Sar-appe.[1] Апошнія гідронімы мовазнавец Аляксандрас Ванагас звязвае са старажытным індаеўрапейскім коранем *ser-, *sor- "цячы".[2]
Асноўныя прытокіПравіць
Справа: Асуніца (у Латвіі — Суніца), Віранка, Ціўша (у Латвіі — Чаўшыца). Злева: ручай Каменка, Тур'я.
АгульнаеПравіць
Выцякае з усходняга краю возера Біжас, упадае ў Заходнюю Дзвіну за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Вусце (дакладныя геаграфічныя каардынаты: шырыня — 55° 49' 60 N, даўжыня — 27° 52' 60 E). Цячэ ў межах Латгальскага ўзвышша і паўночна-заходняй частцы Полацкай нізіны. На адлегласці ў 7 км рака ўтварае натуральную мяжу паміж Беларуссю і Латвіяй. У басейне ракі знаходзяцца 75 дробных азёр агульнай плошчай 29 км².
Даліна ракі трапецападобная, пераважная шырыня — 250—300 м. Пойма перарывістая, шырыня — ад 150 да 200 м, у паводку затапляецца на глыбіню да 1 м, а ў высокую паводку — нават да 1,5—2,5 м. Схілы вышынёй да 10—15 м, перарэзаныя ярамі. Рэчышча звілістае, шырынёй 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні і 15—25 — у ніжнім. На тэрыторыі Латвіі рэчышча Сар'янкі на працягу 15 км штучна рэгулявалася.
На правым беразе ракі, за 10 км ад вусця, знаходзіцца вёска Сар'я, цэнтр Сар'янскага сельсавета.
Турызм і адпачынакПравіць
Рэкі Сар'янка і Асуніца з'яўляюцца адным з этапаў адзінага ў Беларусі воднага турысцкага маршруту 2-й катэгорыі складанасці.
Басейн Сар'янкі ў сярэднім цячэнні бязлюдны, тут шмат помнікаў на магілах спаленых і неадноўленых вёсак, сустракаюцца старадаўнія курганы. У Беларусі даліна і рэчышча ракі амаль на ўсім працягу аб'яўлены помнікам прыроды. На яе берагах растуць хваёвыя бары і пушчы, у лясах і на лугавой абалоне нямала рэдкіх прадстаўнікоў флоры і фаўны, у т.л. занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (шпажнік чарапіцавы, скочкі, рагулькі высокія, гарычка крыжакветная; зімародак, аляпка, чорны бусел, буры мядзведзь і інш.).
Ля былой вёскі Пустэльнікі цягнуцца маляўнічыя пясчаныя яры, руіны былога млына; каля вёскі Абухава — россып валуноў і донныя ключы, флювіягляцыяльны цырк і геалагічны помнік — агаленне міжледавіковых арганагенных адкладаў. Па берагах нямала крыніц. Найбольш вядомыя з іх крыніца ў Сар'і і каля моста праз раку Асуніцу, абедзве маюць статус помнікаў прыроды.
Каля былой вёскі Калюты на дзённую паверхню выходзяць дэвонскія даламітазаваныя вапнякі, якія ў рэчышчы ўтвараюць каскады парогаў, а на берагах — праявы карставага рэльефу. Захаваліся рэшткі старых земляных печаў па абпальванні вапняку.
Мясціны адпачынку добраўпарадкаваны ў Пустэльніках і пры вусці ракі Віранкі, а таксама ў Суніцы. Паўсюдна шмат прыдатных месцаў для купання. Дно ракі пясчанае або камяністае, часта сустракаюцца пясчаныя і галечныя пляжы.
ЛітаратураПравіць
- Макарэвіч А. А. Сар’янка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 189. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Сяцко Ф. І. Сар'янка // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.