Рамуальд Гедройц
Рамуальд Тадэвуш Гедройц (7 лютага 1750, вёска Бобчын Браслаўскага павета — 15 кастрычніка 1824, Варшава) — ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, генерал-маёр; адзін з кіраўнікоў паўстання Т. Касцюшкі (1794).
Рамуальд Гедройц | |
---|---|
| |
| |
Нараджэнне |
7 лютага 1750 |
Смерць |
15 кастрычніка 1824 (74 гады) |
Месца пахавання | |
Род | Гедройцы |
Бацька | Юзаф Гедройц |
Маці | Ружа з Келпшаў |
Жонка | Караліна Ганна Бажымоўская |
Дзеці | Юзаф, Аляксандр Канстанцін Юльян, Кунегунда Францішка Ружа, Барбара Люцыя |
Адукацыя | |
Званне | генерал |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьЗ княжацкага роду Гедройцаў гербу «Гіпацэнтаўр», сын Юзафа і Ружы з Келпшаў.
У 1765 кадэтам уступіў у II пяхотны полк Вялікага Княства Літоўскага. Падтрымаў Барскую канфедэрацыю, спачатку служыў пад камандай К. Пулаўскага, потым М. К. Агінскага. Браў удзел у бітвах з расійскай арміяй пад Гродна, Моўчаддзю (1769), Бездзежам (1771), Сталавічамі (1772), атрымаў раненне.
3 1778 намеснік каменданта брыгады літоўскіх гусараў, пасол на Гродзенскі сойм 1784 года. У вайну з Расіяй (1792) атрымаў званне генерал-маёра.
Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 года, член Найвышэйшай Літоўскай Рады, адзін з найбліжэйшых паплечнікаў яе кіраўніка Я. Ясінскага. Пазней удзельнічаў у ваенных дзеяннях на тэрыторыі Курляндыі, атрымаў званне генерал-лейтэнанта і ганаровы пярсцёнак «Айчына свайму абаронцу». Па паразе паўстання на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з 5-тысячным атрадам прыбыў у Варшаву і браў удзел у яе абароне. Пад Радошыцамі (Польшча) трапіў у палон.
Праз некалькі месяцаў выехаў у Парыж, дзе ўвайшоў у склад Польскай дэпутацыі, на даручэнне якой у 1796 прыбыў у Жамойць для падрыхтоўкі паўстання. У выніку раскрыцця змовы ўцёк у Саксонію. Перапісваўся з Т. Касцюшкам, які знаходзіўся ў ЗША, вітаў яго вяртанне ў Парыж[1].
У расійска-французскую вайну (1812) патрымаў Напалеона, зладзіў паспалітае рушэнне на Літве. Быў камандзірам 17 палка літоўскіх уланаў. 12 лютага 1813 пад Сераковам (Польшча) разам з сынам Юзафам трапіў у палон. Расійскія ўлады выслалі іх у Архангельск. Амаль праз 2 гады вярнуўся ў Варшаву і ўступіў у армію Каралеўства Польскага ў званні генерала дывізіі, член Ваеннага камітэта[2].
У шлюбе з Каралінай Ганнай Бажымоўскай меў сыноў Юзафа і Аляксандра Канстанціна Юльяна; дачок Кунегунду Францішку Ружу і Барбару Люцыю[3].
Узнагароджаны ордэнам Св. Станіслава.
Пахаваны у Старых Павонзках (месца 25-3-3).
Зноскі
- ↑ ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Н. К. Мазоўка. Гедройц Рамуальд Тадэвуш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 502.
- ↑ Giedroyć (польск.). Genealogy of Giedroyć (25 студзеня 2011).
Літаратура
правіць- Мазоўка Н. Гедройц Рамуальд Тадэвуш // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 520. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.