Рапану́і (саманазва Rapanui) — карэннае палінезійскае насельніцтва вострава Рапануі ў Ціхім акіяне. Частка рапануі жыве ў Чылі, каля 500 чал. — у Французскай Палінезіі. Агульная колькасць (2012 г.) — 5700 чал.[1]

Рапануі
(Rapanui)
Агульная колькасць 5700
Рэгіёны пражывання Востраў Рапануі
Мова рапануі
Рэлігія політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы Маркізцы, мангарэва

Паходжанне правіць

Дакладны час засялення вострава Рапануі продкамі сучасных астравіцян, а таксама іх паходжанне з’яўляюцца даволі дыскусійнымі пытаннямі ў навуковых колах. У 19501962 гг. нарвежскі даследчык Тур Хеердал прапанаваў найбольш спрэчную гіпотэзу аб дзвюх міграцыйных хвалях з Паўднёвай, а потым з Паўночнай Амерыкі. Абапіраючыся на вусную традыцыю жыхароў Рапануі, ён устанавіў, што першая міграцыя адбылася да 380 г. н.э. Аднак яго доказы амерыканскага паходжання рапануі абапіраліся толькі на ўскосныя дадзеныя. Тур Хеердал вызначыў частку флоры вострава як паўднёваамерыканскую, а таксама звярнуў увагу на падабенства аблічча знакамітых статуй Рапануі на індзейцаў Перу[2]. Супраць гэтага выступілі лінгвісты, якія высветлілі, што мова рапануі з’яўляецца палінезійскай і блізкая да моў карэнных жыхароў Французскай Палінезіі. Выказваліся таксама гіпотэзы аб удзеле меланезійцаў у засяленні вострава. Але і яны не знайшлі аднадушнай падтрымкі.

Нарвежская даследчыца-генетык Эрыка Хагельберг даследавала косці ў старажытных пахаваннях і прыйшла да высновы, што продкі рапануі маюць палінезійскае паходжанне[3]. Генетычныя даследаванні, якія праводзіліся пазней, паказалі ў некаторых рапануі наяўнасць ДНК, характэрнай для індзейцаў Паўднёвай Амерыкі, але, як мяркуюць генетыкі, сувязь з індзейцамі з’явілася не раней за XIX ст., калі востраў Рапануі наведвалі экспедыцыі з Еўропы і Паўднёвай Амерыкі[4]. Радыевугляродны аналіз паказаў, што вуглі на месцы найстаражытнейшых вогнішчаў адносяцца да прамежку часу VII — XIII стст. Такім чынам, большасць сучасных вучоных прытрымліваецца думкі, што рапануі — нашчадкі перасяленцаў з Палінезіі (найбольш імаверныя месцы, адкуль яны прыбылі, — Маркізскія астравы, астравы Гамб'е, астравы Тубуаі)[5].

Гісторыя правіць

 
Карта вострава Рапануі

У вусных паданнях астравіцян сцвярджаецца, што ініцыятарам перасялення з далёкай прарадзімы Хівы на востраў Рапануі быў правадыр Хоту Мату’а, які пад ціскам знешняй пагрозы быў вымушаны шукаць новае месца жыхарства. Хоту Мату’а спярша выслаў на Рапануі разведчыкаў. Хаця тыя паведамілі, што востраў дрэнна прыстасаваны для засялення, правадыр спяшаўся. Яго караблі ўвайшлі ў бухту Анакена, на беразе якой былі пабудаваныя хаціна і печ для смажання ежы. Разам з ім высадзілася больш за 200 чал. З Хівы перасяленцы прывезлі клубні харчовых раслін, парасткі банана, цукровы трыснёг, расліны, з якіх здабывалі фарбу і валокны, а таксама курэй і пацукоў. Апошнія з’яўляліся важным аб’ектам палявання.

Хоту Мату’а некалькі разоў мяняў месца жыхарства на востраве, а пад канец жыцця падзяліў яго паміж шасцю сынамі. Пасля смерці правадыра на востраве таксама з’явіліся новыя «даўгавухія» прышэльцы (ханау эпе), якія не мелі сваіх жанчын і таму былі вымушаны браць шлюб з першапасяленкамі[6].

Да прыходу людзей востраў Рапануі быў пакрыты лясамі. Вулканічныя глебы выдатна падыходзілі да земляробства. Прахалодны клімат вострава не дазваляў вырошчваць какосавую пальму і многія іншыя трапічныя культуры, што адыгрываюць вызначальную ролю ў забеспячэнні харчам жыхароў астатняй Палінезіі. Асноўнай ежай на Рапануі сталі клубневыя культуры. Астравіцяне таксама лавілі рыбу, разводзілі курэй, палявалі пацукоў. Праблема нястачы пітной вады (на востраве Рапануі няма рэк, а ападкі хутка ўсмоктваюцца ў порыстую зямлю) была вырашана ўжо першым пакаленнем перасяленцаў. Хоту Мату’а і яго паслядоўнікі будавалі каменныя калодзежы для збору дажджавой вільгаці.

Пра поспех палінезійскіх пасяленцаў на Рапануі сведчыць стварэнне імі складанай культуры. У прамежак часу паміж 1250 і 1500 гг. імі былі ўсталяваны вялізарныя каменныя статуі — мааі. Іх прызначэнне, выраб і перавозка дагэтуль з’яўляюцца найбольш спрэчнымі пытаннямі сярод археолагаў і гісторыкаў. Але ў XIV — XV стст. рапануі напаткала экалагічная катастрофа. Адбылося поўнае знішчэнне лесу. Гэта магло адбыцца з-за павелічэння колькасці насельніцтва (да 12 тысяч чал.) і пашырэння плошчы сельскагаспадарчых палеткаў, вынішчэння лесу для перавозкі мааі, дзейнасці завезеных чалавекам пацукоў, якія з’елі насенне мясцовых дзікіх раслін. Хутчэй за ўсе, мелі месца адначасова ўсе згаданыя фактары, да таго ж не выключаны часовыя кліматычныя змены.

Адсутнасць дрэў на Рапануі азначала таксама змены ў жыцці людзей. Яны страцілі магчымасць будаваць марскія судны для далёкіх плаванняў па акіяне, а значыць, апынуліся ў ізаляцыі ад астатніх палінезійцаў, не маглі будаваць драўляныя жытлы, вырабляць драўляную зброю і прадметы паўсядзённага побыту[7]. Паміж рознымі групамі астравіцян разгарнуліся кровапралітныя войны. Найбольш вядома вайна паміж «даўгавухімі» ханау эпе і «караткавухімі» ханау мамока (XVII ст.). У пазнейшыя часы даследчыкі апісвалі яе як барацьбу паміж прадстаўнікамі розных рас або паміж высакароднымі ханау эпе і прыгнечанымі ханау мамока. На самай справе ў фальклоры рапануі размова ідзе толькі пра дзве падобныя групы насельніцтва, якія адрознівалі сябе па паходжанню ад розных перасяленцаў, але не па расавых прыкметах і не па сацыяльнаму статусу[8]. Вайна скончылася перамогай ханау мамока. Ацалеў толькі адзін ханау эпе, нашчадкі якога і ў нашы дні жывуць на Рапануі.

5 красавіка 1722 г. востраў Рапануі быў адкрыты галандскай экспедыцыяй на чале з Якабам Рогевенам і названы ім востравам Вялікадня. Галандцы былі вельмі ўражаны наяўнасцю мааі і выказалі сумненне, што карэнныя насельнікі маюць дачыненне да іх стварэння. Паміж маракамі і рапануі адбылася сутычка, падчас якой загінула каля дзясятка тубыльцаў[9]. З гэтага часу востраў наведваўся рознымі еўрапейскімі экспедыцыямі, прычым кантакты з еўрапейцамі прывялі да з’яўлення невядомых дагэтуль эпідэмічных захворванняў, у выніку чаго колькасць абарыгеннага насельніцтва значна скарацілася. Найгоршыя наступствы мелі напады перуанскіх гандляроў рабамі ў 1860-х гг. Яны сілком або хітрасцю вывезлі каля 2 тысяч чал., 90 % з іх памерла ў рабстве. На баку астравіцян выступілі каталіцкая царква і французскія ўлады Таіці. Перуанскі ўрад быў вымушаны вызваліць выжыўшых рапануі, але, вернутыя на радзіму, яны прывезлі з сабою воспу[10]. Новая эпідэмія знішчыла вялікую колькасць астравіцян (засталося каля 600 чал.), выклікала эканамічны, культурны і сацыяльны разлад.

З 1864 г. сярод рапануі актыўна дзейнічалі каталіцкія і пратэстанцкія місіянеры. Супраць іх выступіў французскі авантурыст Жан-Батыст Анеі́мі Дзютру-Барнье, які імкнуўся падпарадкаваць сабе мясцовых жыхароў. Дзютру-Барнье вывозіў рапануі на іншыя астравы Акіяніі для працы на плантацыях, праводзіў палітыку, што вяла да далейшых кровапраліццяў. Ён быў забіты астравіцянамі толькі ў 1877 г., калі насельніцтва вострава скарацілася ў выніку яго дзейнасці да 111 чал. Дзейнасць місіянераў і прыняцце хрысціянства садзейнічалі распаўсюджанню новых культурных раслін і авечкагадоўлі[11]. Місіянеры склалі першыя слоўнікі мовы рапануі і алфавіт на аснове лацінкі, сабралі гістарычныя казанні, але таксама выкаранялі рэшткі мясцовых традыцый.

9 верасня 1888 г. на Рапануі высадзіліся чылійцы, якія абвясцілі востраў уладаннем сваёй краіны. У 1896 г. адбылося афіцыйнае далучэнне Рапануі да Чылі. Чыліец Энрыке Мерле стварыў авечкагадоўчую кампанію, якая ў 1903 г. шатландскім прадпрымальнікам Вільямсанам Бальфурам была пераўтворана ў Кампанію Вострава Вялікадня. Яна адабрала ў астравіцян большую частку зямель. Вакол Хангароа быў пабудаваны каменны плот, за які рапануі не дазвалялася выходзіць. Кампанія мала клапацілася пра становішча тубыльцаў. У чылійскіх газетах пісалі пра іх гаротны стан. Але спробы астравіцян пратэставаць супраць прадпрымальнікаў заканчваліся высылкай на кантынент. У 19441958 гг. 41 рапануі збег на лодках у Французскую Палінезію.

У 1953 г. востраў Рапануі быў перададзены пад кантроль чылійскіх ваенных. У 1965 г. быў пабудаваны грамадзянскі аэрадром. У 1966 г. сталі праводзіцца выбары мясцовай адміністрацыі[12]. Адкрытасць вострава прывяла да эміграцыі. Некаторыя рапануі пераехалі ў Чылі ў пошуках адукацыі або працы. Чылійскі закон 1993 г. прызнаў рапануі карэнным насельніцтвам і гарантаваў ім дадатковыя правы ў сферах эканомікі і культуры[13]. Некаторыя эканамічныя перавагі для рапануі былі замацаваны мясцовым заканадаўствам[14].

Традыцыйная культура правіць

 
Каменны фундамент для доўгай хаціны

Асноўным заняткам рапануі ў XVIII — XIX стст. з’яўлялася земляробства. Асноўнымі земляробчымі культурамі былі клубневыя, асабліва батат-кумара. Мясцовыя жыхары казалі, што з самага нараджэння ядуць батат, потым працягваюць есці батат і пад канец паміраюць[15]. Даволі распаўсюджаная ў іншых месцах Палінезіі расліна тара, якая патрабуе вільготнай глебы, на сухой порыстай зямлі дае малы ўраджай, таму яе амаль не вырошчвалі. Рапануі трымалі курэй. Будавалі для іх каменныя хованкі. Курынае мяса ўжывалі рэдка, у вельмі асаблівыя моманты жыцця. Продкі астравіцян завезлі на новую радзіму палінезійскіх пацукоў. На іх палявалі. Пацучынае мяса лічылася дэлікатэсам. Назапашвалі яйкі дзікіх птушак.

Яшчэ адным важным заняткам было рыбалоўства. Яно патрабавала пэўных навыкаў з-за стромкіх скалістых берагоў і адсутнасці надзейных лодак. Рыбу лавілі сеткамі, касцянымі і каменнымі крукамі або проста рукамі. Лодкі майстравалі з кароткіх дошак і чароту. Нават вёслы складвалі з дзвюх кароткіх дошчачак. Як і ў іншых палінезійцаў, лодкі забяспечвалі балансірам.

Асноўным жытлом з’яўлялася хаціна ў выглядзе перавернутай лодкі даўжынёй да 110 м. Дах крылі саломай і лісцем. Жылі таксама ў паўзямлянках ці ў натуральных пячорах, якіх даволі шмат на востраве. Да распаўсюджвання еўрапейскага тыпу вопраткі рапануі выраблялі плашчы і фартухі з тапы. Мужчыны часам апраналі дыядэмы з птушынага пер’я, а жанчыны — саламяныя капелюшы. Мочкі вушэй пратыкалі, разразалі на часткі, упрыгожвалі птушыным пухам, пер’ем, завушніцамі з ракавін і дрэва. Мужчыны татуіраваліся з ног да галавы, жанчыны толькі часткова. Быў распаўсюджаны звычай фарбаваць цела.

Рапануі падзяляліся на 10 аб’яднанняў-мата, кожнае з якіх лічыла сваім продкам аднаго з сыноў Хоту Мату’а. Яны падзяляліся на меншыя па памерах аб’яднанні і саюзы. Ніжэйшай сацыяльнай адзінкай была пашыраная сям'я-іві. Паселішчы будавалі ля ўзбярэжжа. Цэнтр вострава фактычна не быў заселены. На чале мата стаялі правадыры-арыкі. Іх улада лічылася свяшчэннай і перадавалася па спадчыне. Ніжэй на сацыяльнай лесвіцы стаялі жрацы-іві матуа, яшчэ ніжэй — воіны-мататоа і залежныя служкі і земляробы-кіа. Апошнімі станавіліся прадстаўнікі падначаленых аб’яднанняў. Найбольш важная маёмасць (лодкі, зямля, жытлы, пячоры) належала абшчынам, але мелася і родавая маёмасць.

Рапануі былі ваяўнічым народам. Большасць вусных паданняў прысвечана суперніцтву і барацьбе паміж асобнымі правадырамі і аб’яднаннямі. Асноўнай зброяй з’яўляліся дзіды з абсідыянавымі навершамі. Астравіцяне абараняліся з дапамогай камянёў, трапна кідалі іх рукамі. Пераможаныя часцяком станавіліся ахвярамі рытуальнага канібалізму[16]. Некаторыя даследчыкі лічаць, што канібалізм таксама практыкаваўся для забеспячэння свежым мясам.

Найбольш вядомая частка старажытнай культуры рапануі — статуі-мааі. Іх выраблялі з каменю ў кратары Рану-Рараку. Кратар быў падзелены паміж рознымі аб’яднаннямі. Найвышэйшы мааі зваўся Пара і дасягаў амаль 10 м у вышыню. У наш час лічыцца, што мааі былі рытуальнымі выявамі продкаў, але існуюць і іншыя думкі. Напрыклад, некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што выявы носяць выразныя рысы хворых на лепру. Іх выраб і размяшчэнне ўздоўж старажытных дарог тлумачыцца магічнай практыкай аховы ад хваробы[17]. Рапануі таксама выраблялі з касцей (птушыных і чалавечых) і дрэва малыя рытуальныя статуэткі — тэраміра. Традыцыі разьбярства існуюць у нашы дні.

Мова правіць

 
Ронгаронга

Мова жыхароў вострава Рапануі блізкая да іншых палінезійскіх моў, у першую чаргу мангарэва, маары, тубуаі і маркізцаў.

Рапануі стварылі пісьмовасць ронгаронга са 120 знакаў[18], якой карысталіся жрацы. Ёю пакрывалі спецыяльныя дошчачкі. Відавочна, тэксты спяваліся падчас свяшчэнных цырымоній. Час стварэння ронгаронга дакладна не вядомы. Многія даследчыкі лічаць, што гэта адбылося ўжо пасля кантактаў з еўрапейцамі. Эпідэмія воспы ў 1860-я гг. прывяла да смерці апошніх жрацоў, і навык разумення ронгаронга быў згублены. Гэта пісьмовасць не расшыфравана да нашых дзён.

Французскія каталіцкія місіянеры распрацавалі алфавіт рапануі на аснове лацінкі.

Рэлігія правіць

Да прыняцця хрысціянства ў другой палове XIX ст. рапануі спавядалі політэістычную рэлігію. Агульнапалінезійскі пантэон не меў сярод іх папулярнасці. Найбольшую павагу аказвалі богу Макемаке[19], заступніку рода Хоту Мату’а. Таксама верылі ў шматлікіх духаў акуаку, якія пагражалі непрыемнасцямі і хваробамі.

Большасць сучасных вернікаў — каталікі.

Зноскі правіць

  1. Rapa Nui, Easter Islander
  2. Thor Heyerdahl — Easter Island — Bradshaw Foundation
  3. The Mystery of Easter Island — programme summary
  4. Lie BA, Dupuy BM, Spurkland A, Fernández-Viña MA, Hagelberg E, Thorsby E. Molecular genetic studies of natives on Easter Island: evidence of an early European and Amerindian contribution to the Polynesian gene pool
  5. West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. — New York, 2009. Р. 683—684
  6. Ю. В. Кнорозов, Легенды о заселении острова Пасхи
  7. West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. — New York, 2009. Р. 684—685
  8. Legends and Traditions of Easter Island translated from Sebastian Englert's Leyendas
  9. First contact with Rapa Nui/Easter Island Архівавана 20 жніўня 2013.
  10. SLAVERY AND DISEASE Архівавана 12 студзеня 2012.
  11. Post-contact History of Easter Island
  12. ANNEXATION BY CHILE Архівавана 4 лістапада 2008.
  13. LEY INDÍGENA Архівавана 30 кастрычніка 2008.
  14. Maria Pereyra­-Uhrle, EASTER ISLAND LAND LAW Архівавана 2 чэрвеня 2013.
  15. Народы Австралии и Океании / под ред. С. А. Токарева, С. П. Толстова. — М.: Издательство Академии наук СССР, 1956. С. 665
  16. Easter Island: Genocide or Ecocide
  17. Has the mystery of Easter Island finally been solved?
  18. Rongorongo script
  19. Top God of the Rapanui people of Easter Island