Рапуха чаротавая

(Пасля перасылкі з Рапуха чаротная)

Чаротавая рапуха (Epidalea calamita) — земнаводнае роду Epidalea сямейства сапраўдных рапух (Bufonidae).

Рапуха чаротавая
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Epidalea calamita Laurenti, 1768

Сінонімы
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  661748
NCBI  30326
EOL  1019146

Апісанне правіць

 
Чаротная рапуха

Даўжыня цела 4-6 см, часам да 8 см, маса 6-22 г. Афарбоўка верхняга боку цела шэравата-аліўкавая, бураватая або пясочнага колеру, з цёмнымі або зялёнымі плямамі. Уздоўж галавы і спіны праходзіць светлая вузкая палоска, што з’яўляецца найбольш характэрнай прыкметай віду. Ніжні бок цела брудна-белы з дробнымі плямінкамі.

Скура пакрыта грудкамі, але без шыпікаў. Сачленаўныя грудкі на пальцах падвойныя. Маецца падоўжная зморшчына на прадплюсне. Самцы з добра развітым гарлавым рэзанатарам.

Канечнасці адносна кароткія. У адрозненне ад іншых рапух, чаротная не поўзае, не скача, а даволі хутка бегае.

Генетыка правіць

Храмасомны набор рапух гэтага віду прадстаўлены 22 храмасомамі (2n=22, NF=44). Далейшае вывучэнне асаблівасцяў будовы карыятыпу ўкраінскіх папуляцый перспектыўнае ў плане вывучэння геаграфічнай (міжпапуляцыйнай) зменлівасці (напрыклад, іх параўнанне з дадзенымі папярочна-паласатай афарбоўкі храмасом чаротных рапух з Чэхіі). Памер геному ў гэтага віду з Іспаніі складае 8,2 пг. Не выключана, што Іберыйскі паўвостраў адыграў ролю прытулку ў ледніковы перыяд, і пасля заканчэння абляднення адсюль ішло рассяленне чаротных рапух на іншыя ўчасткі сушы.

Распаўсюджанне правіць

Пашырана чаротная рапуха па ўсёй Заходняй Еўропе, уключаючы Брытанскія астравы і Паўднёвую Швецыю, акрамя Італіі і Балканскага паўвострава. Праз паўночна-заходнюю Украіну, Беларусь (па лініі Лепель-Бабруйск), Прыбалтыку праходзіць усходняя мяжа арэала віду. На тэрыторыі Расіі вядомая толькі ў Калінінградскай вобласці. Адзначаецца спарадычнасць, нераўнамернасць размеркавання.

Месцы пражывання правіць

 
Апалонікі

Аддае перавагу нізінам. Сустракаецца пераважна на лёгкіх пясчаных глебах на сухіх праграваемых адкрытых участках, якія мяжуюць з забалочанымі землямі і вадаёмамі. Засяляе верасовыя пусткі, пясчаныя берагі вадаёмаў — азёр, рэк, вадасховішчаў, парослыя хмызняком і травяністай расліннасцю.

Сустракаецца на ўскрайку лясоў, лугоў, у месцах лесанарыхтовак пад складзенымі ў штабель стваламі дрэў, на балотах. Часта сустракаецца на сельскагаспадарчых ўгоддзях з рыхлымі глебамі, на агародах, у парках. Можа насяляць у саланаватых вадаёмах. У Пірэнэях падымаецца да 2600 метраў над узроўнем мора. Можа жыць на меліяраваных тэрыторыях.

Колькасць правіць

Вынікі колькасных улікаў у сезон размнажэння і пасля яго заканчэння істотна адрозніваюцца. Так, па дадзеных улікаў на розных месцах нерасту ў красавіку — пачатку чэрвеня ў Валынскай, Ровенскай і Львоўскай абласцях колькасць чаротавых рапух складае ад 21 да 112 ас./1000 м², а пазней па заканчэнні сезона размнажэння (сярэдзіна чэрвеня — пачатак жніўня) ад 1 да 12 ас./1000 м². Па матэрыялах іншых даследаванняў колькасць на месцах нерасту можа складаць каля 20 ас./м², пасля заканчэння размнажэння — у дзесяткі разоў менш. Аднак у перыяд метамарфоз і выхаду на сушу сяголеткаў, колькасць зноў расце і можа скласці да 40 ас./м². У яшчэ больш паўночных участках арэалу (востраў Altarholmen ля заходняга ўзбярэжжа Швецыі плошчай каля 10 га) метадам пазначэння і паўторнага адлову колькасць ізаляванай папуляцыі ацэньвалася ў 1500 асобін.

Асаблівасці біялогіі правіць

Ярка выяўлена актыўнасць на змярканні, днём чаротная рапуха трапляецца толькі ў пахмурную пагоду, а звычайна хаваецца ў норах, пад камянямі, бярвеннем, закопваецца ў пясок. Аснову рацыёну складаюць наземныя насякомыя. У перыяд размнажэння практычна не харчуецца. Апалонікі сілкуюцца фітапланктонам, дэтрытам, прасцейшымі, і дробнымі ракападобнымі.

На зімоўку чаротная рапуха адыходзіць у канцы жніўня — пачатку верасня пры зніжэнні тэмпературы ніжэй за 10 °C і хаваецца ў розных наземных сховішчах або зарываецца ў глебу. Вясной з’яўляецца звычайна ў маі. Самцы маюць добра развіты рэзанатар і падаюць гучныя, рэзкія і скрыпучыя шлюбныя крыкі «эррр-эррр-эррр» або «ра-ра-ра». «Канцэрты» пачынаюцца ў першай дэкадзе мая, іх можна пачуць у цёмны час сутак. Спароўванне адбываецца толькі ў гэты час сутак, а днём яны хаваюцца на дне вадаёмаў. Для размнажэння чаротная рапуха выкарыстоўвае розныя тыпы вадаёмаў, што маюць водмелі, якія добра праграюцца.

Полавая спеласць у 3-4 гады. Адкладванне ікры з красавіка па жнівень. Самка адкладвае 3-4 тыс. ікрынак, размешчаных у два рады шнурамі даўжынёй да 1,5-1,8 м. Развіццё лічынак доўжыцца каля 50 сутак, пасля чаго маладыя асобіны пакідаюць вадаёмы і жывуць на сушы.

Працягласць жыцця — 15—16 гадоў.

Размнажэнне правіць

Для размнажэння аддае перавагу дробным, вадаёмам са стаялай вадой, якія добра праграваюцца і часта зарослыя расліннасцю. Часам могуць адкладаць ікру ў вадаёмы з саланаватай вадой. Размножваюцца пры тэмпературы вады 16-18 °C. Перыяд размнажэння доўжыцца з III дэкады красавіка да канца ліпеня. Масавае нераставанне адбываецца ў маі — чэрвені. Днём асобіны звычайна хаваюцца пад вадой на дне вадаёма.

Шнуры з ікрой маюць таўшчыню 4,5-5 мм, пры даўжыні 1-1,6 м, максімум да 3,2 м. Яны звычайна размяшчаюцца на невялікай глыбіні 4-20 см. Дыяметр ікрынак 1-1,6 мм, яны размешчаны у 2 шэрагі. За раз самка можа адкласці ад 1250 да 5250 ікрынак.

Лічынкі дасягаюць даўжыні 7-8,5 мм. Развіццё адбываецца 42-55 сутак. Апалонікі перад метамарфозам вырастаюць да 25-28 мм.

Заўвагі па ахове правіць

 
Рапуха чаротная. Манета Банка Расіі — Серыя: «Чырвоная кніга», срэбра, 1 рубль, 2004

Ахоўваецца Бернскай Канвенцыяй (дадатак II). Від занесены ў Чырвоныя кнігі Расіі, Беларусі, Латвіі, Літвы, Украіны і Эстоніі.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

  Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU)