Рапу́ха звычайная, або шэрая (Bufo bufo) — земнаводнае, якое належыць да роду Жабы (Bufo) сямейства Рапухі (Bufonidae).

Рапуха шэрая
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Bufo bufo Linnaeus, 1758

Падвіды
  • Bufo bufo bufo
  • Bufo bufo grediscola
  • Bufo bufo spinosus
Арэал

выява

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  173480
NCBI  8384
EOL  333310

Апісанне

правіць

Звычайна даўжыня цела складае 6—8 см, можа дасягаць 10—15 см і нават 20 см. Маса 20—200 г. Цела масіўнае, адносна шырокае. Морда круглаватая. Канечнасці адносна кароткія. Перамяшчаецца рапуха часцей за ўсё паўзком. Афарбоўка верху звычайна аднатонная, шэрага, карычневага, часам амаль чорнага, шэра-аліўкавага колеру. Знізу брудна-белая, светла-шэрая або жаўтаватая, аднатонная ці часам з дробнымі цёмнымі плямамі. На ўнутраным баку задняй лапкі, на выгінах пальцаў ёсць двайныя сучляноўныя гурбячкі.

Распаўсюджанне

правіць

Распаўсюджана шэрая рапуха даволі шырока: у Паўночна-Заходняй Афрыцы, Еўропе, на Каўказе, у Азіі на ўсход — да Карэі і Японіі, на поўдзень — да Усходняга Кітая. У еўрапейскай часткцы Расіі на поўнач дасягае 65° пн.ш. Шырока распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі.

Шэрая рапуха звычайна ў прыродных ландшафтах трымаецца вільготнейшых мясцін, яе даводзіцца сустракаць у алешніках, забалочаных лясах. Але нізкая патрабавальнасць да вільгаці дазваляе жыць і ў сухіх месцах. Шэрая рапуха звычайная ў культурных ландшафтах: садах, парках, агародах, на палях.

Асаблівасці біялогіі

правіць

Удзень рапухі малапрыкметныя. Звычайна ў гарачыя гадзіны сядзяць у сховішчах: пад карчамі, каменнем, у лясным подсціле. На паляванне выходзіць на змярканні. Паколькі яны не могуць спрытна скакаць, у рацыёне рапух менш насякомых, якія лётаюць, а больш тых, што поўзаюць і бегаюць. У меню сустракаюцца розныя лічынкі насякомых (у асноўным шкоднікаў). Шмат паядае рапуха мошак і камароў, лістаедаў. 3 іншых беспазваночных яе здабычай становяцца павукі, кіўсякі, слізнякі, дажджавыя чарвякі. Нярэдка ласуецца мурашкамі.

Нягледзячы на свае атрутныя выдзяленні, шэрая рапуха трапляе ў страўнік многіх жывёлін. Часта на рапух палююць вужы і гадзюкі, якія таксама жывуць ва ўвільготненых лясных біятопаў. Шэрая рапуха сустракаецца ў корме некаторых птушак і сысуноў (гарнастай, тхор, барсук).

Шэрая рапуха ідзе на зімоўку позняй восенню і раней за іншых земнаводных прачынаецца. Зімуе ў норах пад тоўстым лясным подсцілам, частая госця таксама ў падвалах, склепах.

Шлюбны перыяд рапух звычайна не больш як 10 дзён, самцы спяваюць блага. Ікру самкі адкладваюць у выглядзе шнуроў, якія дасягаюць 3—5 м у даўжыню. Яны звычайна моцна «заблытаныя» сярод вадзяной расліннасці. Адна самка адкладвае ад 1200 да 7000 ікрынак. Лічынкі (апалонікі) даволі дробныя, чорнага колеру. Развіццё лічынак у вадаёме доўжыцца каля 50 дзён. Маленькія рапухі, якія выходзяць на сушу, маюць даўжыню каля 12—15 мм.

Фотагалерэя

правіць

Літаратура

правіць
  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
  • Пікулік М. М. Навошта нам амфібіі? — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-00383-4