Расціслаў Мсціславіч, хроснае імя Міхаіл (паміж 1100—1110 — 14 сакавіка 1167, Заруб) — князь смаленскі (1125—1159), вялікі князь кіеўскі (1154, 1159—1167); заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў.
Сын вялікага кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча, унук Уладзіміра Манамаха. Паводле В. Тацішчава, у 1125 атрымаў ад бацькі ва ўдзел Смаленск, што дало пачатак асобнаму Смаленскаму княству. Смаленскім князем упершыню называецца Лаўрэнцеўскім летапісам пад 1127, калі разам з іншымі князямі ўдзельнічаў у паходзе супраць Полацкай зямлі (яму даручаны быў захоп Друцка). У гады яго княжання Смаленскае княства дасягнула росквіту і ахапіла тэрыторыі Верхняга Падняпроўя (з Копыссю, Лучынам, Мсціславам і інш.) і Верхняга Паволжа. Пры Расціславе Мсціславічы заснавана Смаленская епархія (1136), якой былі нададзены вялікія ўладанні. Статут Расціслава Мсціславіча (1136) аб падараванні даходаў на карысць епіскопіі (гл. Княжацкія царкоўныя статуты) згадвае воласці Смаленскага княства, размешчаныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Копысь, Лучын, Басея, Мірачыцы, Вітрына, Прупой, Крэчут. У выніку паходаў 1127 і 1142 Расціслаў Мсціславіч значна пашырыў свае ўладанні за кошт зямель радзімічаў. Ім былі пабудаваны гарады Мсціслаўль, Расціслаўль і Ізяслаўль, названыя ў гонар бацькі, сябе і брата. У 1146 Расціслаў Мсціславіч па даручэнні свайго брата вялікага кіеўскага князя Ізяслава Мсціславіча ўдзельнічаў у паходзе супраць тураўскага князя Вячаслава Уладзіміравіча. 8 снежня 1154 Расціслаў Мсціславіч пасля смерці Ізяслава стаў вялікім князем кіеўскім. Першапачаткова княжыў у Кіеве разам са сваім дзядзькам Вячаславам Усеваладавічам, а пасля яго смерці — адзін. Перадаў Тураў і Пінск Святаславу Усеваладавічу. У канцы 1154 Расціслаў Мсціславіч прайграў барацьбу за Кіеў чарнігаўскаму князю Ізяславу Давыдавічу і вярнуўся на княжанне ў Смаленск. У 1158 аказаў дапамогу полацкаму князю Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі сталец і падтрымліваў яго пазней. Другі раз Расціслаў Мсціславіч заняў кіеўскі прастол 12 красавіка 1159. У 1162 заключыў мір з тураўскім князем Юрыем Яраславічам, які змагаўся за незалежнасць ад Кіева з 1158.
Памёр на шляху са Смаленска да Кіева ў Зарубе, сяле сваёй сястры Рагнеды Мсціслаўны. Пахаваны ў Кіеве ў Фёдараўскім манастыры.
За міралюбнасць, імкненне вырашаць спрэчкі мірным шляхам і дапамогу царкве атрымаў мянушку Набожны. Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор беларускіх святых. Дзень святкавання памяці Расціслава Мсціславіча 14 (27) сакавіка.
Зноскі