Расціслаў Уладзіміравіч, хроснае імя Міхаіл (1038 — 3 лютага 1067) — князь тмутараканскі (1064—1067).

Расціслаў Уладзіміравіч
Князь тмутараканскі
1064 — 1067
Папярэднік Глеб Святаславіч
Пераемнік Глеб Святаславіч
Нараджэнне 1038
Смерць 3 лютага 1067
Род Рурыкавічы
Бацька Уладзімір Яраславіч
Дзеці Валадар Расціславіч, Рурык Расціславіч[1][2] і Васілька Расціславіч
Веравызнанне праваслаўе
Дзейнасць манарх

Раннія гады, праблема ўдзела правіць

Адзіны сын наўгародскага князя Уладзіміра Яраславіча. Праз раннюю смерць бацькі, паводле лесвічнага права, Расціслаў не мог разлічваць на старшыя стальцы і мусіў задаволіцца воласцю, якую дадуць старшыя родзічы. Няма пэўнасці які ўдзел атрымаў 15-гадовы Расціслаў па смерці бацькі. В. М. Тацішчаў пад 1052 годам пісаў, што Расціслаў па смерці бацькі застаўся на княжанні ў Ноўгарадзе і Растове. Аднак далей, пад 1064 годам, В. М. Тацішчаў паведамляе ўжо, што Расціслаў у 1052 годзе атрымаў Растова-Суздальскую воласць, а ў 1060 годзе па смерці Ігара Яраславіча быў пераведзены дзядзькамі ва Уладзімір-Валынскую воласць.[3]

Выглядае, аднак, што гэта толькі здагадкі В. М. Тацішчава, бо яго звесткі пярэчаць некаторым летапісам. У Наўгародскім I летапісе малодшага ізводу пад 989 годам запісана, што ў 1054 годзе Растова-Суздальскую воласць паводле тастаменту кіеўскага князя Яраслава Уладзіміравіча атрымаў яго сын Усевалад разам з Пераяслаўскай, Белазерскай валасцямі і Паволжам. «Аповесць мінулых часоў» кажа пра атрыманне Усеваладам толькі Пераяслаўскай воласці. А. Рапаў слушнейшымі лічыць наўгародскія звесткі, бо атрыманне Усеваладам толькі Пераяслаўскай воласці азначала б, што любімы сын быў абдзелены валасцямі — Пераяслаўская воласць мела дужа абмежаваныя памеры і цярпела ад сталых наездаў качэўнікаў.[3]

Таксама зусім не зразумела, чаму Расціслаў мусіў бы атрымаць Уладзімір-Валынскі толькі па смерці Ігара, бо Ігар апошнія тры гады жыцця трымаў не Уладзімір-Валынскі, а Смаленск. Таму звесткі В. М. Тацішчава адносна ўладанняў Расціслава ў 1050-х — пачатку 1060-х гадоў наўрад ці верныя.[3]

Захоп Тмутаракані і смерць правіць

Далей, у «Аповесці мінулых часоў» пад 1064 годам запісана: «Пабег Расціслаў да Тмутаракані, сын Уладзіміраў, унук Яраславаў і з ім пабеглі Парэй і Вышата, сын Астраміра, ваяводы наўгародскага. І прыйшоў і выгнаў Глеба з Тмутаракані, а сам сеў на яго месца». Шэраг летапісаў паведамляе, што Расціслаў бег у Тмутаракань з Ноўгарада, аднак ні адзін з іх, у т.л. наўгародскія, не кажа, што Расціслаў у 1064 годзе трымаў Наўгародскую воласць. Ноўгарад у 1060-я гады трымаў сам вялікі князь Ізяслаў Яраславіч або адзін з яго сыноў. А. Рапаў прапануе версію, магчыма, Расціслаў Уладзіміравіч, які атрымаў ад старэйшых родзічаў нейкую воласць, збіраўся захапіць бацькаў сталец з дапамогай наўгародскіх баяр, але пацярпеў няўдачу і вымушаны быў бегчы на поўдзень.[3]

У 1065 годзе Святаслаў Яраславіч прыйшоў да Тмутаракані, Расціслаў не хацеў ваяваць з дзядзькам пакінуў горад, а Глеб Святаславіч зноў заняў тмутараканскі сталец. Аднак, калі Святаслаў з войскам вярнуўся да Чарнігава, Расціслаў зноў заняў Тмутаракань, а Глеба выслаў да бацькі.[4]

Княжыўшы ў Тмутаракані, Расціслаў заваяваў касогаў і наклаў на іх даніну. Паводле адной з версій, актыўная дзейнасць князя занепакоіла грэкаў, яны паслалі да яго херсанескага катапана, які на піру атруціў Расціслава.

Сям’і і нашчадкі правіць

Магчыма, Расціслаў быў у Тмутаракані без сям’і. В. М. Тацішчаў у свой час пісаў, што расціславава жонка, даведаўшыся пра смерць мужа, хацела разам з дзецьмі выехаць у Венгрыю да свайго бацькі, але вялікі князь Ізяслаў Яраславіч дзяцей ёй не аддаў, а самой ехаць дазволіў. Звесткі гэтыя, як усе тацішчаўскія, падлягаюць пільнай рэвізіі. Вядома, пасля смерці Расціслава, не магло і весціся пра перадачу Тмутаракані яго дзецям, княства вярнулася ва ўладанне Святаслава Яраславіча.[5]

Заўвагі правіць

  1. Рюрик Ростиславич // Русский биографический словарь / под ред. Б. Л. МодзалевскийСПб.: 1918. — Т. 17. — С. 771–772.
  2. В. Р—в Рюрик // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1899. — Т. XXVIIа. — С. 510.
  3. а б в г Рапов О. Княжеские… С. 68.
  4. Рапов О. Княжеские… С. 68-69.
  5. Рапов О. Княжеские… С. 69.

Літаратура правіць

  • Плахонин А. Г. Потомство Владимира Ярославича и Волынь // Вестник Удмуртского университета. 2003. Серия «История». — С. 98-107.
  • Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.