Раіса Мікалаеўна Жук-Грышкевіч
Раі́са Мікала́еўна Жук-Грышке́віч, дзявочае Жукоўская (22 кастрычніка 1919, Пружаны, цяпер Брэсцкая вобласць — 2 красавіка 2009, Бары, Канада) — беларуская грамадская дзяячка.
Раіса Мікалаеўна Жук-Грышкевіч | |
---|---|
Род дзейнасці | стаматолаг, грамадская дзяячка |
Дата нараджэння | 22 кастрычніка 1919 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 красавіка 2009 (89 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Муж | Вінцэнт Антонавіч Жук-Грышкевіч |
Альма-матар | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзілася Раіса Жукоўская 22 кастрычніка 1919 года ў Пружанах у сям’і Міколы Жукоўскага і Надзеі Меярэвіч. Скончыла тут польскую пачатковую школу і гімназію імя Адама Міцкевіча. У 1938 годзе паступіла ў Віленскую беларускую гімназію. Пасля прыходу ў Заходнюю Беларусь бальшавікоў працавала настаўніцай беларускай мовы ў Пружанах, пасля была накіравана ў Смаляніцу.
У 1942 годзе выехала ў Германію, працавала ў «Вінеце». Пасля сканчэння вайны трапіла ў лагер для перамешчаных асоб брытанскай акупацыйнай зоны ў горадзе Ватэнштэце[1]. Раіса была сцяжной жаночага скаўтынгу і пэўны час працавала ў лякарні. Потым выехала ў Марбург вучыцца на дантыстку.
У 1949 годзе з’ехала ў Канаду. Еўрапейскія медыцынскія дыпломы ў Канадзе не прызнаваліся, таму вымушана была вучыцца наноў. У 1954 годзе скончыла ўніверсітэт у Таронта і атрымала дыплом доктара дантычнай хірургіі. Адначасова з вучобай на дантыста наведвала курсы беларусазнаўства, адкрытыя пры ўніверсітэце В. Жук-Грышкевічам. Працавала стаматолагам да 1990 года.
4 верасня 1953[2] выйшла замуж за доктара Таронцкага ўніверсітэта Вінцука Жук-Грышкевіча, на той час таксама намесніка Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка.
З першых дзён жыцця ў Канадзе стала сябрам Згуртавання беларусаў Канады, была сярод яго заснавальнікаў. Шмат гадоў узначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, выдавала яго друкаваны орган «Камунікаты». У 1965—1975 гадах узначальвала Задзіночанне беларускіх жанчын Канады, была сакратаром-скарбнікам Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе, сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. У 1973 годзе як прадстаўніца ад беларускай этнічнай групы ўведзена канадскім урадам у Кансультацыйную Раду па пытаннях мультыкультуралізму. Ад 1978 года сяброўка Рады БНР. Разам з мужам у 1988 годзе ў Мідлендзе на плошчы Мучанікаў усталявалі Памятны крыж тысячагоддзя хрысціянства ў Беларусі. З 1997 года — член Прэзідыума Рады БНР.
Выдала кнігі «Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (Таронта, 1993) і «Род Жукоўскіх-Меярэвічаў». У рамках Выдавецкага камітэта Згуртавання беларусаў Канады спрычынілася выданню двух падручнікаў беларускай мовы аўтарства сваёй сястры Валянціны Пашкевіч.
У ліпені 1993 была ўдзельніцай першага з’езду беларусаў свету ў Мінску. Падчас гэтага прыезду ў Беларусь наведала і родныя Пружаны[3]. У 1995 годзе ўзяла ўдзел у другім Міжнародным кангрэсе беларусістаў у Мінску.
Раіса Жук-Грышкевіч жыла ў мясцовасці Бары, дзе памерла 2 красавіка 2009 года. Яе пахавалі 4 красавіка 2009 года побач мужа на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку (штат Нью-Джэрсі, ЗША).
Зноскі
- ↑ Барыс Рагуля.. Беларускае студэнцтва на чужыне(недаступная спасылка). Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (23 лістапада 2011). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 19 ліпеня 2019.
- ↑ Раіса Жук-Грышкевіч. Вінцэнт Жук-Грышкевіч(недаступная спасылка). «Новы час» (21 чэрвеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 11 лютага 2005. Праверана 19 ліпеня 2019.
- ↑ Раіса Жук-Грышкевіч. На Бацькаўшчыне(недаступная спасылка). Беларускі грамадска-культурны часопіс «Czasopis» (21 чэрвеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2016. Праверана 10 лютага 2022.
Літаратура
правіць- Здановіч Іван Юльянавіч. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны, 2003. — С. 32—34.
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Раіса Мікалаеўна Жук-Грышкевіч
- Сурвіла, Івонка. Івонка Сурвіла памяці Раісы Жук-Грышкевіч . Каментары. «Наша Ніва» (9 красавіка 2009). Праверана 21 чэрвеня 2009.
- Алесь Дашчынскі. Раіса Жук-Грышкевіч . Вянок памяці. Радыё «Свабода» (3 красавіка 2009). Праверана 21 чэрвеня 2009.