Цярлецкія

шляхецкі род
(Пасля перасылкі з Род Цярлецкіх)

Цярлецкія (польск.: Terleccy) — шляхецкі род герба «Сас», з якога выйшла шмат рэлігійных дзеячаў.

Гісторыя правіць

Цярлецкія былі дробным шляхецкім родам герба «Сас» на Перамышльшчыне і паходзілі з сяла Церла («Терло») над р. Стрвяж (цяпер у Старасамбарскім раёне Львоўскай вобласці). У Церлі знаходзіўся значны рэлігійны цэнтр з царквой і манастыром, фундацыю якіх атрымалі шляхцічы Цярлецкія: прывілеем Уладзіслава ІІ ад 28.4.1415 пацверджана святару Міхаілу і яго нашчадкам спадчыннае права на валоданне землямі і павіннасцямі ў Церлі, якія належалі храму Раства Багародзіцы і Церлаўскаму манастыру і былі ім падораны князем Львом. Род быў святарскім, з яго выйшла цэлая плеяда епіскапаў, манахаў і святароў. Найстаражытная пісьмовае фіксацыя святароў з роду Цярлецкіх на тэрыторыі Перамышльскай праваслаўнай епархіі датуецца пачаткам 16 ст. Напрыклад, у 1528—1549 гадах Перамышльскую праваслаўную кафедру займаў Лаўрэнцій Цярлецкі[uk][1].

Адна з галін роду Цярлецкіх перасялілася на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Непасрэдныя сведчанні аб паходжанні гэтай галіны роду, у тым ліку і епіскапа Кірыла, знаходзяцца ў валынскіх і перамышльскіх судовых актах. Магчыма, першым перасяленцам быў Марцін Цярлецкі, імя якога зафіксавана ў перамышльскіх актах 20.5.1516. Сямён, бацька Кірылы, быў яго унукам. Верагодна, ён знаходзіўся на службе ў Вільні, дзе зафіксаваны пісарам некалькіх кніг Метрыкі ВКЛ (1585—1589, 1589—1594, 1589—1598 і 1589—1614)[1].

Галіна роду, якая перасялілася ў ВКЛ, разраслася. З крыніц канца 16—пачатку 17 ст. вядома, што Цярлецкія валодалі на Піншчыне і Берасцейшчыне некалькімі маёнткамі: сёламі Асабовічы, Грыўкавічы, Дубай, Рэчыца, Корсуні, Цеўкавічы, Пярковічы (Пірковічы)[1], Прывітаўка, Чамярын[2].

З дакументаў відаць, што з 1719 г. Цярлецкія пазычалі розным асобам гроша ў рост пад невялікі працэнт: у 1719 г., у 1770-я гг. розным асобам на 12 тыс. злотых; у 1811 г. Пётр Цярлецкі харунжаму Уладзіславу Чарнецкаму — пад заклад млыноў і сялян на 3 тыс.злотых, якія, у сваю чаргу, спагнаць удалося толькі праз судовую цяжбу ў 1822 г[2].

Паводле пазямельнага спісу 1889 г., Францу Пятровічу Цярлецкаму ў Пінскім павеце належалі 4758 дзесяцін у маёнтках Прывітаўка (1735 дзесяцін) і Рэчыца (3023 дзесяцін), а таксама невялікі млын і карчма; Івану Францавічу Цярлецкаму — маёнтак Вулька Рэчыцкая (2977 дзесяцін) з 1 карчмой; Вікенцію Францавічу Цярлецкаму — маёнтак Малая Марочная (731 дзесяцін) з 1 карчмой[2].

У кастрычніку 1901 г. быў спалены двор памешчыка ў Прывітаўцы, Габрыэла Цярлецкая не ведала, хто і чаму гэта зрабіў і сцвярджала, што «знаходзіцца ў дружалюбных адносінах» з сялянамі села Рэчыца, а пра Прывітаўку замоўчала[2].

Зноскі

  1. а б в Цярлецкі Кірыла Сямёнавіч на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»
  2. а б в г Хозяйство в имениях на Полесье в 1861—1914 гг. Архівавана 14 мая 2016. / Виктор Кохнович; БГУ. — Saarbrűcken: LAP LAMBERT Academic Publishing, 2015. — 356 c. — ISBN 978-3-659-75249-0