Рудаміны-Дусяцкія
Рудаміны, Рудаміны-Дусяцкія — шляхецкі род у Вялікім Княстве Літоўскім. Карыстаўся гербам «Трубы».
Рудаміны-Дусяцкія | |
---|---|
Герб «Трубы» | |
Краіна паходжання | Вялікае Княства Літоўскае |
Першы з роду | Андрэй Мікалай Рудаміна |
Гісторыя
правіцьРод вядомы з XVI стагоддзя. Родапачынальнікам лічыцца купец Андрэй Мікалай Рудаміна, радца віленскі ў 1521, які валодаў землямі ў Рудамінскай воласці недалёка ад Вільні (падараваны вялікім князем Аляксандрам). У 1576 Мацей Рудаміна атрымаў шляхецтва, Мікалай Радзівіл Руды прыняў яго з родам да сябе ў гербавае братэрства (род атрымаў герб «Трубы»). У 1585 Мацей купіў маёнтак Дусяты, ад якога род пачаў пісацца Рудамінамі-Дусяцкімі.
Прадстаўнікі рода валодалі Дусятамі, Відзішкамі ў Вількамірскім павеце, Лучаем, Камаямі, Граўжышкамі, Гняздзілавічамі, Вольберавічамі, Дудамі, Даўгінавам, Мільчай у Ашмянскім павеце, Дукштамі ў Браслаўскім павеце, Муснікамі ў Віленскім павеце, Палонкай, Сваятычамі ў Новагародскім павеце і іншымі маёнткамі. У 17-18 стагоддзях займалі пасады пераважна ў Браслаўскім павеце, траплялі ў Сенат Рэчы Паспалітай.
Вядомыя прадстаўнікі
правіць- Андрэй Рудаміна-Дусяцкі (каля 1595 — 1632) — езуіт, місіянер.
- Ян Рудаміна-Дусяцкі (1581 — 1646) — кашталян новагародскі, ваенны дзеяч, паэт.
- Крыштаф Рудаміна-Дусяцкі (? — 1655) — ваявода менскі.
Літаратура
правіць- Пазднякоў В. Рудаміны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 514. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.