Рукапісы Мёртвага мора

Ру́капісы Мёртвага мо́ра — пісьмовыя помнікі на іўрыце, арамейскай, грэчаскай і іншых мовах, знойдзеныя каля заходняга ўзбярэжжа Мёртвага мора.

Першыя рукапісы Мёртвага мора знайшлі пастухі-арабы ў 1947 годзе. У ходзе археалагічных раскопак у 1940-х — 1960-х гадах адкрыты шматлікія сховішчы старажытных рукапісаў на папірусе, скуры, медзі і іншых матэрыялах.

Большая іх частка знойдзена ў Вадзі-Кумране ў 11 пячорах. Яны датуюцца II ст. да н.э. — 68 г. н.э.

Рэшткі рукапісаў складаюцца з больш чым 40 тысяч фрагментаў каля 800 твораў. Уключаюць дакананічныя спісы большай часткі кніг Старога Запавета, тлумачэнні біблейскіх тэкстаў, апакрыфічныя творы, а таксама дакументы гаспадарчай дзейнасці, якія належалі радыкальнай іўдзейскай секце — верагодна, секце есеяў.

Найбольш вядомыя помнікі: Статут, гімны, Дамаскі дакумент, скрутак вайны.

Рукапісы пячор Іўдзейскай пустыні (Вадзі-Мурабаат і іншыя) уяўляюць сабой дакументы гаспадарчай дзейнасці канца I — пачатку II ст. н.э. і архівы паўстання Бар-Кохбы (132—135); рукапісы Масады — апошняга ўмацавання іўдзейскіх паўстанцаў у час Іўдзейскай вайны 66—73 гг. н.э. — уключаюць каля 800 надпісаў гаспадарчага характару на чарапках (астраконах) на іўрыце і грэчаскай мове.

Да рукапісаў Мёртвага мора адносяць таксама шэраг дакументаў ранневізантыйскага і арабскага перыядаў (IV—VIII стст.) на сірыйска-палесцінскай, грэчаскай і арабскай мовах. Фрагментарнасць рэштак рукапісаў перашкаджае аднаўленню першапачатковых тэкстаў, таму значная іх частка не апублікавана.

Літаратура

правіць
  • Мёртвага мора рукапісы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 328. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  • Амусин И. Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1960.
  • Амусин И. Д. Находки у Мертвого моря. М., 1965.
  • Амусин И. Д. Тексты Кумрана. М., 1971.
  • Лившиц Г. М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967.
  • Старкова К. Б. Литературные памятники Кумранской общины. Л., 1973.