Рыбасома

(Пасля перасылкі з Рыбасомы)

Рыбасома — немембранная арганела клеткі ўсіх жывых арганізмаў, якая складаецца з РНК і бялку; элементарны апарат сінтэзу бялковых малекул. Падзяляюцца на цытаплазматычныя і мітахандрыяльныя. Асноўная функцыя рыбасомы — зборка бялковых малекул з амінакіслот, якія дастаўляюцца малекуламі транспартных РНК (тРНК). У клетцы да некалькіх дзясяткаў мільёнаў рыбасом.

Рыбасома

Вельмі малыя (15—30 нм), змяшчаюцца як у эўкарыятычных клетках, так і ў клетках пракарыёт (бактэрый). Колькасць рыбасом у розных тыпах клетак складае ад некалькіх тысяч да некалькіх мільёнаў.

Рыбасома складаецца з дзвюх субадзінак — вялікай і малой. Кожная субадзінка ўяўляе сабой комплекс рыбасомных РНК (рРНК) з бялкамі. Субадзінкі рыбасом фарміруюцца ў ядры, а затым праз ядзерныя поры выходзяць у цытаплазму. На рыбасомах ажыццяўляецца зборка малекул бялкоў з амінакіслот.

Вялікія і малыя субадзінкі рыбасом размяшчаюцца ў цытаплазме асобна адна ад другой і аб'ядноўваюцца толькі для сінтэзу бялку. Ініцыятарам зборкі рыбасомы з'яўляецца малекула інфармацыйнай (матрычнай) РНК (іРНК, мРНК), якая змяшчае інфармацыю аб структуры таго бялку, які трэба сінтэзаваць.

Сфарміраваныя рыбасомы могуць знаходзіцца ў свабодным стане ў гіялаплазме або прымацоўвацца да паверхні эндаплазматычнай сеткі ці ядра. Свабодныя рыбасомы сінтэзуюць бялкі, неабходныя для патрэб самой клеткі. Рыбасомы, прымацаваныя да эндаплазматычнай сеткі і абалонкі ядра, сінтэзуюць бялкі, прызначаныя для вывядзення з клеткі, а таксама розныя мембранныя бялкі.

Літаратура правіць