Рыгор Абрамавіч Міранскі
Рыгор Абрамавіч Міранскі (руск.: Григорий (Гершон) Абрамович Миранский; 25 лютага 1875, Рэжыцкі павет, Віцебская губерня — студзень 1942, Мінскае гета[1]) — мінскі фотамайстар, служачы пажарнай аховы[2]; адзін з першых фотарэпарцёраў Мінска і піянераў беларускай мастацкай фатаграфіі. Яго творчасць частка культурнай спадчыны Беларусі[3].
Рыгор Абрамавіч Міранскі | |
---|---|
руск.: Григорий Миранский | |
Імя пры нараджэнні | Гершон Міранскі |
Род дзейнасці | фатограф |
Дата нараджэння | 25 лютага 1875 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | студзень 1942 (66 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Абрам Міранскі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 25 лютага 1875 года ў Рэжыцкім павеце Віцебскай губерні, у яўрэйскай сям’і. Пазней сям’я пераехала ў Мінск. У 19 год, у 1894 годзе, стаў супрацоўнікам Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства. Паралельна вымушаны шукаць заробку, бо ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзя служба ў пажарных частках лічылася ганаровай і не аплачвалася.
Невядома, дзе і калі Рыгор Міранскі вывучаў фотамастацтва, але ў канцы XIX стагоддзя ён стаў вядомым фатографам і ўладальнікам фотаатэлье ў цэнтры Мінска. У 1896 годзе, разам з кампаньёнам Абрамам Левінманам, Міранскі атрымаў дазвол мінскага губернатара на адкрыццё ўласнай фотастудыі. Супрацоўніцтва з Левінманам доўжылася 2 гады. Фотастудыя размяшчалася ў цэнтры Мінска — на вуліцы Губернатарскай, у доме Ярохава. Улічваючы даволі высокую канкурэнцыю ў асяроддзі фатографаў, «Цэнтральная фатаграфія Міранскага» дадаткова займалася бірулькамі, брошкамі з фота, пакрыццём фотаэмаллю.
З 1898 года Міранскі пачаў працаваць самастойна. Пасведчанне № 4661/28 выдадзена ў 1898 г. «Цэнтральная фатаграфія Рыгора Міранскага» пераехала ў дом Курлянда на Губернатарскай вуліцы. У 1901—1902 гадах Міранскі быў таксама ўладальнікам фатаграфічнага салона ў Слуцку (з 28 жніўня 1901 па сакавік 1902 года), а потым перадаў яго Левінману[4].
У 1902 годзе, праслужыўшы 8 гадоў у пажарнай ахове радавым ахвотнікам, ён быў абраны на пасаду начальніка атрада трубнікаў, узначаліў 65 ствольшчыкаў, трымаў на пажарах наканечнік пажарнага рукава[5].
Захаваліся звесткі аб тым, што у 1911 годзе Міранскі звяртаўся ў «Элвад» аб вызваленні яго ад дадатковай платы, «якая узымаецца з яго за электраэнергію, спажываную электрычнай лямпай для здымання ў цемры»[6].
У 1912 годзе ў Санкт-Пецярбургу адбыўся III Міжнародны пажарны кангрэс і выстава пажарнага абсталявання, дзе Рыгор Міранскі экспанаваў шэраг сваіх фатаграфій па прафесійнай тэматыцы. У 1913 годзе Міранскі атрымаў званне «Ганаровы патомны грамадзянін Мінска».
Нягледзячы на бурныя гістарычныя падзеі, рэвалюцыйныя змены дзяржаўнага ладу, Міранскі працягваў займацца фатаграфіяй.
У савецкі час, з 1920 па 1924 гады Міранскі займаў пасаду намесніка старшыні праўлення Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства, быў удзельнікам яго адміністрацыйнай і фінансавай камісій.
Міранскі выканаў серыю твораў з выявамі разбураных пад час польскай акупацыі будынкаў у беларускіх гарадах і мястэчках. Гэты цыкл, магчыма, дэманстраваўся на Першай Міжнароднай выставе супрацьпажарных і выратавальных сродкаў у 1925 годзе ў Зальцбургу[4].
У 1926 годзе ў газеце «Звязда» паведамляецца, што пад час святкавання 50-годдзя Мінскай гарадской пажарнай аховы памочнік старшыні каманды Рыгор Абрамавіч Міранскі быў узнагароджаны срэбранай пажарнай каскай за шматгадовую сумленную службу, і таксама ён атрымаў ганаровае званне «Герой працы»[7].
Паводле ўспамінаў мастака Леаніда Ракава[1] (1930—2022) Рыгор Міранскі, што даводзіўся братам ягонай бабулі, у час акупацыі знаходзіўся ў Мінскім гета, дзе і памёр ад голада ў студзені 1942 года.
Заняцце фатаграфіяй
правіцьМіранскі быў рознабаковым майстрам, працаваў у жанрах партрэта, пейзажа, архітэктурнай фатаграфіі, фотарэпартажа[7].
Быў сябрам Віцебскага фатаграфічнага гуртка.
Сярод насельніцтва ў тыя часы была вельмі папулярнай партрэтная фатаграфія. Міранскім была выканана вялікая колькасць мужчынскіх, жаночых, дзіцячых, адзіночных, парных і групавых партрэтаў візітнага і кабінетнага фарматаў.
Шмат было зроблена і фотавыяў гарадской забудовы Мінска. Архітэктурныя фатаграфіі Міранскага вызначаліся строгай кампазіцыяй, удалым выбарам пункту здымкі. Усё гэта падкрэслівала выразныя стылявыя асаблівасці будынкаў.
Пад час супрацоўніцтва з Абрамам Левінманам кампаньёны прадавалі свае негатывы з відамі Мінска для паштовак І. Каплана і А. Рудэрмана[6].
І пасля таго выдаўцы ахвотна набывалі ў Міранскага фатаграфіі з архітэктурнымі выявамі Мінска цэлымі цыкламі для вытворчасці паштовак, якія выходзілі серыямі з некалькіх дзясяткаў сюжэтаў[8].
Большая частка яго фотаработ пачатку XX стагоддзя не захавалася, але існуюць здымкі 35-й гадавіны добраахвотнага пажарнага таварыства. Фатаграфіі былі зроблены з вышыні, на заднім плане прапрацаваны ўсе дэталі, святло, ракурс[5].
Даследчык творчасці Міранскага, гісторык i мастацтвазнаўца Надзея Саўчанка адзначала:
Рыгор Міранскі — адзін з нямногіх мінскіх фатографаў, хто непасрэдна выязджаў на месца падзей і выконваў больш складаную рэпартажную здымку, якая патрабавала ўважлівага назірання за ходам падзеі, хуткай арыентацыі ў выбары больш выгаднага пункта здымкі, умелага выкарыстання святла і ракурсаў[4].
Творчасць
правіцьНайбольш вядомыя фотаработы ў Мінску:
- Будынак Прысутных месцаў на рагу пл. Свабоды і вул. Інтэрнацыянальнай
- Сярод вядомых твораў Міранскага — групавы здымак больш за 500 дэлегатаў з’езда сіяністаў Расіі, які адбыўся ў Мінску 22—28 жніўня 1902 года[9].
- У 1904 годзе на фотавыстаўцы ў Ліёне здымкі Міранскага былі адзначаны срэбраным медалём. Перамаглі не партрэтныя і пейзажныя выявы, а тыя, дзе Міранскі падаў сябе як фотарэпарцёр па пажарнай тэматыцы [10].
- У 1908 годзе зрабіў фота сям’і Івана Пуліхава, які быў павешаны ў 1905 годзе за замах на мінскага губернатара Паўла Курлова.
- У 1912 годзе фотаздымкі Міранскага дэманстраваліся на выставе падчас VI Міжнароднага пажарнага кангрэса[5].
- У 1925 годзе фотаздымкі Міранскага дэманстраваліся ў Зальцбургу на міжнароднай выставе супрацьпажарных і выратавальных сродкаў. На здымках былі паказаны разбураныя і абпаленыя пад час Першай сусветнай вайны беларускія мястэчкі[5].
- Фатаграфіі Рыгора Міранскага ўяўляюць сабой не толькі гістарычную, але і навуковую каштоўнасць. Асабліва фатаграфіі па пажарнай тэматыцы — амаль што адзіныя выяўленчыя крыніцы па дарэвалюцыйнай гісторыі пажарнай справы на Беларусі.
Памяць
правіць- Фатаграфічныя творы Рыгора Міранскага знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, музеі Максіма Багдановіча ў Гродна, а таксама ў прыватных зборах.
- У Мінску жыве нашчадак Рыгора Міранскага — Марк Міранскі[11].
Зноскі
- ↑ а б mishpoha.org
- ↑ Міранскі Рыгор Абрамавіч . Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 23.12.2022.
- ↑ Пожарный и фотограф Григорий Миранский(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 снежня 2022. Праверана 23 снежня 2022.
- ↑ а б в Словарь терминов изобразительного искусства с иллюстрациями. МИРАНСКИЙ, Григорий
- ↑ а б в г МЧС Республики Беларусь. Пожарный и фотограф Григорий Миранский(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 снежня 2022. Праверана 23 снежня 2022.
- ↑ а б Величко: Фотографы и фотоателье Минска
- ↑ а б Сяргей Харэўскі Традыцыі беларускага фотамастацтва // svaboda.org
- ↑ Словарь терминов изобразительного искусства с иллюстрациями. МИРАНСКИЙ, Григорий
- ↑ ЕЭБЕ/Минский съезд сионистов
- ↑ Збор Музея Максіма Багдановіча ў Гродна
- ↑ Фотограф Григорий Миранский
Літаратура
правіць- Выяўленчае мастацтва Беларусі XX стагоддзя / М. Р. Баразна. — Мінск, 2017. — С. 30.
- Фотографы земли Белорусской, 1850—1918 / А. М. Величко. — Минск, 2018. — С. 212—214, 286.