Рыжскі мірны дагавор (1921)

(Пасля перасылкі з Рыжскі мірны дагавор)

Рыжскі мірны дагавор 1921 — пагадненне пра спыненне савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў і нармалізацыю адносін. Заключаны 18 сакавіка 1921 у Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога.

Рыжскі мірны дагавор 1921
Апошняя старонка дагавора
Апошняя старонка дагавора
Дата падпісання 18 сакавіка 1921
Месца падпісання Рыга, Латвія
Страціў сілу 17 верасня 1939
Падпісалі Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік РСФСР
Польшча Польшча
Бакі РСФСР, УССР, БССРПольская Рэспубліка
Статус не дзейнічае
Заменены
Мовы польская, руская, украінская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікікрыніц Тэкст у Вікікрыніцах

Перадгісторыя

правіць

Савецка-польская вайна была развязана Польшчай пры актыўнай матэрыяльна-ваеннай падтрымцы краін Антанты. Яшчэ з канца 1918 г. кіруючыя колы Польшчы спрабавалі захапіць памежныя з ёй тэрыторыі Беларусі, Украіны і Літвы. Польшча не прызнавала ССРБ і БНР як суб’ект міжнароднага права. Для барацьбы з польскімі войскамі ў лютым 1919 г. савецкае камандаванне ўтварыла Заходні фронт. Адначасова ўрады ССРБ, Літоўска-Беларускай ССР і РСФСР неаднойчы прапаноўвалі польскаму ўраду «вырашыць палюбоўна і міралюбіва ўсе спрэчныя і тэрытарыяльныя пытанні». Аднак Польшча не адказвала на іх заклікі. Імкнучыся да тэрытарыяльных захопаў беларускіх, украінскіх і літоўскіх зямель, польскія войскі ў 2-й палове лютага 1919 г. пачалі наступаць у раёне КоўнаГродна і ў напрамках Баранавічы, Пінск. 21 красавіка 1921 г. яны захапілі Вільню, а 8 жніўня — Мінск. СНК РСФСР спрабаваў дасягнуць мірнага пагаднення з Польшчай за кошт значных тэрытарыяльных уступак — аж да ракі Бярэзіна, на якой стабілізаваўся фронт. Але яго прапановы былі адхілены. Польскія кіруючыя колы хоць і не разлічвалі на большыя тэрытарыяльныя захопы, аднак выконвалі свае абавязацельствы перад саюзнікамі і прымалі актыўны ўдзел у спробе задушыць савецкую уладу.

22 снежня 1919 г. нарком замежных спраў РСФСР Г. В. Чычэрын накіраваў польскаму ўраду Л. Скульскага ноту з прапановай тэрмінова пачаць перагаворы аб міры. Але адказу савецкі бок не атрымаў, таму што гэта жыццёва важнае для Польшчы пытанне вырашалася заходнімі дзяржавамі, для чаго міністр замежных спраў Польшчы С. Патэк выязджаў у Лондан і Парыж. Падтрымліваючы Польшчу як элемент Версальскай сістэмы і сілу, што супрацьстаяла бальшавікам і савецкай уладзе, краіны Антанты стрымана ставіліся да яе імкнення захапіць землі Беларусі, Украіны і Літвы, бо лічылі іх тэрыторыяй Расійскай дзяржавы.

Каб пазбегнуць працягу вайны з Польшчай, СНК РСФСР 28 студзеня 1920 г. выступіў з заявай «Аб асновах савецкай палітыкі і адносінах з Польшчай». У ёй гаварылася, што «чырвоныя войскі не пераступяць цяперашняй лініі Беларускага фронту, якая праходзіць паблізу наступных пунктаў: г. Дзвінск, г. Дрыса, г. Дзісна, г. Полацк, г. Барысаў, м. Парычы, ст. Пціч, ст. Белакаровічы». Гэта была 5-я мірная прапанова савецкага ўрада, у якой прапаноўвалася ўсе пытанні вырашаць шляхам перагавораў. У аснову перагавораў аб заключэнні міру польскі ўрад паклаў патрабаванне, узгодненае з дзяржавамі Антанты, аб аднаўленні Рэчы Паспалітай. Гэта ідэя была сфармулявана ў праекце мірнага дагавора паміж Польшчай і Расіяй, які быў прапанаваны ў сакавіку 1920 польскім бокам. У адпаведнасці з ім Савецкая Расія павінна была адмовіцца ад усякіх правоў на тэрыторыю, што ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., і прызнаць той рэжым, які ўсталюе Польшча.

У пастанове польскага ўрада ад 8 сакавіка 1920 г. аб пазіцыі Польшчы на мірных перагаворах з РСФСР катэгарычна заяўлялася, што «неабходна адмовіцца ад планаў утварэння беларускай дзяржавы, саюзнай з Польшчай», Гродзеншчына і Віленшчына без якіх-небудзь умоў павінны быць уключаны ў склад Польшчы. Толькі на тэрыторыі Мінскай губерні і на ўсход ад яе меркавалася зрабіць беларускім арганізацыям уступкі «ў галіне самакіравання і культуры». Савецкая Расія не магла пагадзіцца з такімі ўмовамі і зноў прапанавала польскаму ўраду спыніць ваенныя дзеянні на ўсім польска-савецкім фронце і пачаць мірныя перагаворы ў нейтральнай дзяржаве — Эстоніі або ў Петраградзе, Маскве ці Варшаве. Урад Польшчы настойваў на правядзенні іх толькі ў Барысаве і без устанаўлення перамір’я. Савецкі ўрад не пагаджаўся з гэтым.

8 красавіка 1920 г. народны камісар замежных спраў РСФСР накіраваў ноту ўрадам Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі з прапановай схіліць Польшчу да мірных перагавораў. Але адказу не атрымаў. Польскае кіраўніцтва прыняло рашэнне пра далейшае наступленне на ўсходзе. Сітуацыя рэзка змянілася пасля ліпеньскага наступлення РСЧА, калі былі вызвалены Кіеў, Мінск і войскі паступова прасоўваліся на захад. Польскі ўрад 6 ліпеня звярнуўся да краін Антанты за садзейнічаннем хутчэйшаму заключэнню міру з РСФСР. Становішча Польшчы абмяркоўвалася ў ліпені 1920 г. на канферэнцыі ў Спа, якая прызнала ваенныя магчымасці польскай дзяржавы катастрафічнымі.

Вялікабрытанія на працягу савецка-польскай вайны неаднаразова рабіла захады па спыненню вайны і выпрацавала прапановы па размежаванню, — «лінія Керзана» павінна была ўсталяваць усходнюю граніцу Польшчы па мяжы рассялення палякаў, з аднаго боку, і беларусаў і ўкраінцаў, з другога. Аднак нота Керзана па сутнасці была ультыматумам Савецкай Расіі і таму роля Вялікабрытаніі як пасярэдніка была адрынутая. У ноце ў адказ Чычэрын падкрэсліў, што РСФСР згодна нават «на больш выгадную для польскага народа тэрытарыяльную граніцу», у прыватнасці ў раёне Беластока і Холма. 22 ліпеня міністр замежных спраў Польшчы Я. Сапега накіраваў ноту Чычэрыну, у якой прапанаваў тэрмінова пачаць перагаворы. Адначасова начальнік Генштаба польскай арміі звярнуўся да вярхоўнага камандавання РСЧА з прапановай спыніць ваенныя дзеянні. Урад РСФСР пагадзіўся на перагаворы. Іх планавалася пачаць 30 ліпеня 1920 г. у Баранавічах. 31 ліпеня былі вызначаны савецкія ўмовы мірных перагавораў з Польшчай. Расія адмаўлялася ад англійскага пасрэдніцтва і перагавораў з Польшчай да паражэння Чырвонай Арміі пад Варшавай у жніўні 1920, якое прывяло да пералому ў вайне і, урэшце, перамогі Польшчы.

Прадугледжвалася ўстанаўленне перамір’я і граніцы па «лініі Керзана», скарачэнне польскай арміі да 50 тыс. чал., узбраенне рабочых, правядзенне аграрнай рэформы і інш. У той жа дзень на занятай ад польскіх войск тэрыторыі Беларусі была паўторна абвешчана незалежная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі. У Дэкларацыі адзначалася, што рэспубліка «вызначае сваю заходнюю граніцу па этнаграфічнай граніцы паміж Беларуссю і буржуазнымі дзяржавамі, якія прымыкаюць да яе». 3 жніўня Вялікабрытанія накіравала ноту ўраду РСФСР, у якой патрабавала спыніць наступленне савецкіх войск на этнічных граніцах Польшчы. У адказ у ноце ўрада РСФСР сцвярджалася гатоўнасць весці перагаворы непасрэдна з Польшчай. 7 жніўня польскі ўрад пагадзіўся на перагаворы з савецкім бокам. Але 10 жніўня адмовіўся ад іх, бо савецкія ўмовы быццам бы парушалі суверэнітэт Польшчы і дапускалі ўмяшанне ў яе ўнутраныя справы.

Наступленне РСЧА ў 1-й палове жніўня 1920 г. і перанясенне фронту пад Варшаву змянілі намеры аб заключэнні міру. Палітбюро ЦК РКП(б) паставіла перад РСЧА задачу «разбіць панскую Польшчу», зрабіць яе савецкай і тым самым разбурыць версальскую сістэму, у якую Польшча ўваходзіла адным з асноўных элементаў. Аднак паражэнне РСЧА ў бітве на Вісле пад Варшавай прывяло да пералому ў вайне на карысць Польшчы. У новых умовах У. І. Ленін і палітычнае кіраўніцтва РСФСР дзеля заключэння міру гатовы былі ісці на значныя тэрытарыяльныя ўступкі.

Перамовы

правіць
 
Карыкатура, 1921 г.

Перагаворы пачаліся ў Мінску 17 жніўня 1920 г., калі польская армія перайшла ў контрнаступленне. У хуткім часе яны былі перанесены ў Рыгу. Пытанні аб папярэдніх умовах міру і тэрытарыяльных уступках Польшчы абмяркоўваліся на самым высокім узроўні савецкага кіраўніцтва — асноўныя палажэнні прэлімінарнага міру разгледжаны 22 верасня на IX канферэнцыі РКП(б). На наступны дзень Усерасійскі ЦВК прыняў заяву аб асновах пагаднення паміж РСФСР і Польшчай. У ёй падкрэслівалася, што РСФСР «безумоўна і без усякіх абмежаванняў прызнавала незалежнасць і суверэннасць Польшчы, Украіны, Беларусі, Літвы» і прапаноўвала пацвердзіць незалежнасць Беларусі, Украіны і Літвы. Была прапанавана граніца па р. Шчара, Агінскім канале, рэках Ясельда, Стыр і далей па граніцы паміж Расіяй і Галіцыяй. Ленін раіў савецкай дэлегацыі на мірных перагаворах, каб у выпадку неабходнасці яна ішла далей насустрач патрабаванням Польшчы. У верасні 1920 польская дэлегацыя атрымала сакрэтную дырэктыву ад Савета абароны дзяржавы — «дагавор павінен увасобіць ідэю заканчэння векавой барацьбы паміж Польшчай і Расіяй за спрэчныя землі».

Перагаворы працягваліся з 21 верасня 1920 г. у Рызе. 25 верасня Польшча прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі Украінскай ССР. Аднак дэлегацыя Беларускай ССР такога прызнання з польскага боку не атрымала, хоць і была ў Рызе з 18 верасня. Расійска-ўкраінская дэлегацыя прапанавала праект перамір’я і прэлімінарных умоў міру. Да пачатку кастрычніка польскія войскі энаходзіліся на лініі воз. Нарач—мяст. Койданава—в. Случ—Князь. Урад РСФСР настойваў на тэрміновым заключэнні дагавора, каб не рыхтавацца да зімовай ваеннай кампаніі. ольская дэлегацыя прапанавала устанавіць ўсходнія граніцы Беларусі па лініі этнаграфічнага рассялення беларусаў, а заходнія прыкладна па лініі Керзана, вывесці савецкія і польскія войскі на 25 вёрст ад устаноўленых межаў і самавызначэнне Беларусі на аснове плебісцыту, г. зн. стварэнне буфера паміж Польшчай і Расіяй. Расійскі бок гэты варыянт не задаволіў[1]. 12 кастрычніка падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. Перамір’е на фронце наступіла 19 кастрычніка. Прэлімінарны мір быў вынікам кампрамісу — Польшча атрымлівала захопленыя амаль палову Беларусі і частку Украіны. Пад націскам польскіх дыпламатаў у 1-м артыкуле дагавора было запісана: «Расія і Украіна адмаўляюцца ад усякіх правоў і дамаганняў на землі, якія размешчаны на захад ад гэтай граніцы». У артыкулах дагавора былі замацаваны тэрытарыяльныя, ваенныя, палітычныя і эканамічныя пытанні бакоў, якія вялі перагаворы. Дагавор меў палажэнні аб узаемным прызнанні незалежнасці Беларусі і распаўсюджанні на яе ўсіх абавязацельстваў і правоў, якія прадугледжваліся дагаворам. Беларускія дэлегацыі ні ад БССР, ні ад БНР не ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і падпісанні дагавора. Рада і ўрад БНР настойліва дамагаліся ўдзелу ў польска-расійска-ўкраінскіх перагаворах.

10 красавіка Савету паслоў у Парыжы, кіраўнікам знешнепалітычных ведамстваў РСФСР і Польшчы была накіравана тэлеграма, у якой ставілася пытанне аб удзеле дэлегацыі БНР у мірных перагаворах. У адным з 26 мемарандумаў, накіраваных да сярэдзіны лютага 1921 г. урадам вядучых еўрапейскіх дзяржаў, В. Ластоўскі заяўляў, што «ні Расія, ні Польшча не правамоцны гаварыць аб будучыні Беларусі». Але краіны Антанты не прыслухаліся да голасу кіраўніка ўрада БНР — іх сімпатыі былі на баку Польшчы. Аднак не толькі Польшча выступала супраць удзелу беларускіх дэлегацый у перагаворах. Расійскае кіраўніцтва таксама не было зацікаўлена ў тым, каб у перамовах удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі і з боку БССР, і з боку БНР. Бо ў Рызе магла ўзнікнуць сітуацыя (паводле сцвярджэння Чычэрына), калі беларуская дэлегацыя (у любым складзе) магла разбурыць дыпламатычныя камбінацыі не толькі РСФСР, у складзе якой заставаліся этнічныя беларускія землі Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны, але і Польшчы, якая адмаўляла неабходнасць вяртання да БССР «польскай і літоўскай Беларусі». У сувязі з гэтым ВРК БССР яшчэ 10 верасня 1920 г. выдаў РСФСР мандат на вядзенне мірных перагавораў з Польшчай. Кіраўнік расійскай дэлегацыі на перагаворах А. А. Ёфэ лічыў мэтазгодным, каб прадстаўнік Беларусі прысутнічаў у Рызе ў якасці «кансультанта ці эксперта». Кіраўнік дэлегацыі БССР А. Р. Чарвякоў, які ў 2-й палове верасня—пачатку кастрычніка 1920 г. быў у Рызе, ставіў перад Іофе пытанне аб допуску беларускай дэлегацыі на перагаворы, але Іофе адмовіў ёй у гэтым, спаслаўшыся на ўказанні ЦК РКП(б). Пасля чаго Чарвякоў пісаў у Мінск, «што Беларусь у перагаворах удзелу не прымае ні пад якім выглядам», бо яе падзел ужо прадвырашаны, а яго «добрае беларускае імя будзе скампраметавана навекі». Другі Усебеларускі з’езд Саветаў, разгледзеўшы пытанне аб удзеле БССР у Рыжскіх перагаворах, пацвердзіў мандат ВРК БССР з пашырэннем яго прадстаўнічых паўнамоцтваў. Размова ішла аб праве «ўстанаўлення ад імя ССРБ граніц, заключэння міру і звязаных з заключэннем міру дагавораў эканамічных, аб абмене ваеннапалоннымі і іншых». З’езд ратыфікаваў дагавор аб перамір’і і пралімінарных умовах міру.

Умовы дагавора

правіць

Рыжскі мірны дагавор быў падпісаны дэлегацыямі Польшчы, РСФСР і УССР у Рыжскім палацы Шварцкопф на польскай, рускай і ўкраінскай мовах. Ад імя Савецкай Беларусі дагавор падпісала РСФСР, што і было адзначана ў яго прэамбуле. Ён складаўся з 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Рыжскі мірны дагавор узаконіў захоп Польшчай значнай часткі беларускіх і ўкраінскіх зямель. Дэмакратычны прынцып права беларускай нацыі на нацыянальна-тэрытарыяльнае самавызначэнне ў этнічных межах з маўклівай згоды вядучых еўрапейскіх краін быў праігнараваны польскім бокам. РСЧА і савецкая дыпламатыя не змаглі адстаяць справядлівыя этнічныя межы Беларусі. Прыняўшы польскія ўмовы міру, савецкі ўрад Расіі не змог абараніць пракламаваныя ім прынцыпы нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння народаў і адстаяць асноватворныя палажэнні міжнароднай падітыкі. Дагаворныя бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Згодна з 2-м артыкулам дагавора савецка-польская граніца ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тыс. км з насельніцтвам 4,6 млн чал. (1931). Паводле дагавора бакі абавязваліся паважаць дзяржаўны суверэнітэт адзін аднаго, адмаўляліся ад умяшання ва ўнутраныя справы, варожай прапаганды, пагаджаліся не дапускаць на сваіх тэрыторыях утварэння і знаходжання арганізацый і груп, дзейнасць якіх магла быць скіравана супраць аднаго з бакоў. Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. Бакі ўзаемна адмаўляліся ад патрабаванняў вярнуць расходы і страты, панесеныя ў час вайны. Кожны з бакоў прадастаўляў грамадзянам поўную амністыю за палітычныя злачынствы. РСФСР і УССР пагадзіліся вярнуць Польшчы розныя ваенныя трафеі, вывезеныя з Польшчы са студзеня 1772 г., а таксама архівы, бібліятэкі і іншыя культурныя каштоўнасці, вывезеныя з Польшчы ў Расію ў час Першай сусветнай вайны. Польшча вызвалялася ад адказнасці за даўгі і іншыя абавязацельствы былой Расійскай імперыі. Расія павінна была выплаціць Польшчы 30 млн руб. золатам за ўклад апошняй у расійскую эканоміку. У далейшым савецкія выплаты па дагаворы рабіліся інструментам міжнароднага ціску, напрыклад, пры спробе заключэння савецка-польскіх гандлёвых пагадненняў (1925 г.)[2].Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўстанаўліваліся неадкладна пасля падпісання дагавора. Дадаткі да дагавора рэгулявалі эканамічныя і прававыя пытанні. Дагавор падпісалі ад імя РСФСР, БССР і УССР Іофе, Я. Ганецкі, Э. І. Квірынг, Ю. М. Кацюбінскі, Л. Л. Абаленскі, ад урада Польшчы — Я. Домбскі, С. Каўзік, Э. Ляховіч, Г. Страсбургер, Л. Васілеўскі. Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 г., Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, — 16 красавіка 1921 г., ЦВК УССР — 17 красавіка 1921 г. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30 красавіка 1921 г. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 г.

Эпілог

правіць

Польскі і савецкі ўрады РСФСР, УССР і БССР сістэматычна парушалі абавязацельствы не весці варожую прапаганду, не дапускаць на сваіх тэрыторыях утварэння і знаходжання арганізацый і груп, дзейнасць якіх была скіравана супраць дзяржаў, што падлісалі дагавор. Польскія ўлады ўстанавілі ў Заходнея Беларусі жорсткі рэжым сацыяльнага, нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту. Дагавор дзейнічаў да пачатку Другой сусветнай вайны і ўз’яднання Зах Беларусі з БССР.

Рэакцыя

правіць

Супраць падрыхтоўкі і падпісання дагавора катэгарычна выступілі Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), кіраўніцтва БНР, а таксама прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі БССР. 25 сакавіка 1921 г. урад БНР прыняў зварот «Усяму культурнаму свету», у якім падпісанне дагавора характарызавалася як ганебны праступак і «кашмарная насмешка над дэмакратыяй і яе ідэаламі». Урад БНР заявіў, што дагавор ніколі не будзе прызнаны беларускім народам і ён «будзе бароцца да канца за сваю незалежнасць і непадзельнасць». У адозве ЦК БПС-Р «Да лепшых сыноў польскай нацыі» прагрэсіўныя дэмакраіычныя сілы Польшчы заклікаліся да выступлення супраць несправядлівага ў адносінах да Беларусі міру. У ёй празорліва гаварылася: «Ведайце і памятайце, што раскрыжаваны вамі беларускі народ уваскрэсне, але толькі ганьба няпраўды і крыві ляжа на вас і сыноў вашых». Напярэдадні падпісання дагавора ЦБ КП(б)Б санкцыянавала рэпрэсіі Надзвычайнай камісіі (ЧК) супраць БПС-Р, якая выступала за аднаўленне БССР на ўсёй этнічнай тэрыторыі. У БССР былі арыштаваны 860 актывістаў партыі беларускіх эсэраў і больш за 60 дзеячаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921 г., Прага) прыняла рэзалюцыю «Аб Рыжскім трактаце». У ёй гаварылася, што беларускі народ вёў, вядзе і будзе весці змаганне за незалежнасць і непадзельнасць Беларусі. Усе актыўныя беларускія сілы заклікаліся да рашучай рэвалюцыйнай барацьбы супраць падзелу Беларусі, ворагам беларускага народа лічыўся кожны, хто згодзіцца прызнаць дагавор. Рыжскі мір не прызнала і Другая Усебеларуская канферэнцыя (1925 г., Берлін). На грабежніцкі дагавор адгукнуліся разам з палітычнымі дзеячамі і беларускія пісьменнікі Я. Купала, Я. Колас, У. Дубоўка, А. Дудар. Яны выступілі ў друку з творамі, якія асуджалі яго.

  Такі палітычны падзел Беларусі не абапіраецца ні на якія геаграфічныя асновы. Межы праведзены па жывому целу Беларусі...[3]  

 — пісаў вядомы беларускі навуковец і нацыянальны дзеяч Аркадзь Смоліч.

Зноскі

  1. Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мн.: БДУ, 2003. — 307 с. — С. 136.
  2. Цынкевіч, В. М. Беларуска-польскія гандлёва-эканамічныя сувязі ў 1923—1939 гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 2002. — № 2. — С.
  3. Смоліч, А. Геаграфія Беларусі / Паслясл. А. Ліса; Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. — Мн.: Беларусь, 1993. — 374 с. — С. 7. — ISBN 5-338-01035-6.

Літаратура

правіць
  • Бародзіч, С., Міхнюк, У. Рыжскі мірны дагавор / Святлана Бародзіч, Уладзімір Міхнюк //
  • Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: документы и материалы: [в 2 т.] / Ин-т истории партии при ЦК КПБ, Филиал Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС, Ин-т истории АН БССР, Архивное управление при Совете Министров БССР. Т. 1: 1921—1929 гг. — Мн.: Госиздат БССР, 1962. — 620 с.
  • Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5. Беларусі у 1917—1945 гг. / Рэдкал. М. Касцюк і інш. — Мн.: Экаперспектыва, 2006. — С. 117—121.
  • Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. 2—3. — М., 1964—1965.
  • Документы внешней политики СССР. Т. 3. — М., 1959. — С. 618.
  • Дуж-Душэўскі, К. Беларусь і Рыжскі мір // Спадчына. — 1995. — № 6. — С.
  • Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922). — Мн.: БелНДІДАС. — 398 с.
  • История внешней политики СССР. Ч. 1. — М., 1966.
  • Ладысеў У. Ф. Рыжскі мірны дагавор: перамога савецкай дыпламатыі ці паражэнне // Беларускі Гістарычны Часопіс. — 2001. — № 3. — С. 23-29.
  • Мирный договор между Россией и Украиной, с одной стороны, и Польшей — с другой // Спадчына. — 1993. — № 4. — С. 12 — 22.
  • Михутина, И. В. Польско-советская война 1919—1920: (Ранее не опубликованные документы и материалы). Ч. 1—2. — М., 1994.
  • Ольшанский, П. Н. Рижский договор и развитие советско-польских отношений, 1921—1924. — М., 1974.
  • Пічэта, У. Польска-савецкія адносіны і Рыжскі мір // Полымя. — 1928. — № 4. — С.
  • Рыжскі мірны дагавор 1921 г. І лёсы народаў Усходняй Еўропы: Матэрыялы міжнар навук.-тэарэт. Канф. (Мінск, 16-17 сакавіка 2001 г.) — Мн., 2001.

Спасылкі

правіць