Плошча Карла Маркса (Свіслач)

(Пасля перасылкі з Рынкавая плошча (Свіслач))

Плошча Карла Маркса — цэнтральная плошча ў г. Свіслачы Гродзенскай вобласці.

Рынак на плане мястэчка 1795 года

Гістарычна насіла назву Рынак або Гімназічная плошча. Апошняя назва фактычна датычылася ўсёй плошчы, але магла таксама выкарыстоўвацца як азначэнне толькі заходняй яе часткі, якая прылягала да гімназічнага ансамбля[1]. Жонка графа Вінцэнта Тышкевіча Тэрэза Панятоўская адразу пасля замужжа запатрабавала перабудаваць Свіслач так, каб мястэчка было падобнае да Варшавы. Тышкевічам была праведзена поўная перапланіроўка мястэчка. У цэнтры створана прасторная чатырохбаковая плошча. Ад плошчы, як промні сонца, разыходзіліся прамыя вуліцы: Мсцібаўская (Каліноўскага), Брэсцкая (Леніна), Гродзенская (Камсамольская), Варшаўская (Савецкая), Рудаўская (Першамайская) і Дворная (Дзяржынскага)[2].

Па ўспамінах графа Лявона Патоцкага «ў самым цэнтры мястэчка была квадратная рыначная плошча, упрыгожаная абеліскам, што завяршаўся пазалочаным шпілем. Вялі да яго з чатырох бакоў шырокія, пад шнур пракладзеныя вуліцы, забудаваныя ладнымі дамамі, пакрытымі гонтай… У самым цэнтры рынкавай плошчы, паміж вуліцамі Мсцібаўскай і Рудаўскай, узвышалася прамавугольнае збудаванне, пабудаванае з каменя, з 48 крамамі… На самой плошчы пяць заезных двароў: пад Арлом, Аленем, Волам, Аднарогам і Лебедзем. У адным куце аптэка, у іншым — кафенгаўз (кавярня), самавіты, з більярдам, для забавы прыезджых. Насупраць кафенгаўза распасціраўся вялікі пляц, на левым боку якога знаходзіўся драўляны парафіяльны касцёл з вежай і гадзіннікам…»[3].

Зноскі