Рэквіем (літаратура)

Рэ́квіем (ад першага слова лацінскага тэксту «Requiem æternam dona eis, Domine» — «Спакой вечны даруй ім, Божа») — жанрава-стылявы тып твора спецыфічнага ідэйна-маральнага зместу — жалобна-элегічнага ці гераічнага, у якім паэтычна апяваюцца (нярэдка ў традыцыях народных галашэнняў) ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных процістаяць злу. У рэквіеме спалучаюцца лірычна-прачулы журботны (ці трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі.

У беларускай літаратуры рысы рэквіема ўпершыню праявіліся ў творах пачатку XX ст. («Зваяваным», «Курган» Я. Купалы, «Страцім-лебедзь», «Максім і Магдалена» М. Багдановіча).

У сучаснай паэзіі рэквіем найчасцей увасабляецца ў жанрах паэмы, балады. Трагічнае пачуццё страт і гарачы антыфашыцскі пафас, высокае філасофска-гуманістычнае асэнсаванне праблем сучаснасці характэрны для паэм «Блакада» Р. Барадуліна, «Голас сэрца» П. Броўкі, «Паэма расстання» Г. Бураўкіна, «Заазёр’е» А. Вярцінскага, «Трыпутнік» К. Кірэенкі, «Варшаўскі шлях» А. Куляшова, «Паэма жніва» Н. Мацяш. Асаблівасці рэквіема ўласцівы малым паэтычным формам, дзе зліваюцца трагічнае і гераічнае («Хатынскі снег» Г. Бураўкіна, «Рэквіем» А. Вярцінскага, «Над брацкай магілай» А. Куляшова, «Рэквіем» М. Танка і інш.).

Радзей рэквіем выяўляе сябе ў прозе: у ёй слаба выражаны інтанацыйны лад, эмацыянальнае гучанне. Рысы рэквіема ўласцівы творам А. Адамовіча «Хатынская аповесць», В. Быкава «Абеліск», «Мёртвым не баліць», «Знак бяды», «Аблава», В. Казько «Суд у Слабадзе», І. Пташнікава «Тартак», дакументальным кнігам Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С. Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».

Літаратура правіць