Рэктар
Рэктар — галоўная пасадовая асоба вышэйшай навучальнай установы, галоўным чынам універсітэта, акадэміі або інстытута, якая адказвае за агульнае кіраванне ўстановай, яе адміністрацыйную, навуковую і фінансавую дзейнасць.

Гісторыя
правіцьТэрмін «рэктар» паходзіць з лацінскай мовы (лац.: rector), дзе азначае «кіраўнік». Пасада рэктара мае даўнюю гісторыю і ўзыходзіць да Сярэднявечча, калі першыя ўніверсітэты Еўропы (напрыклад, Балонскі і Парыжскі ўніверсітэты) засноўвалі гэтую пасаду для арганізацыі навучальнага працэсу і абароны інтарэсаў студэнтаў і выкладчыкаў.
Паўнамоцтвы і абавязкі
правіцьПаўнамоцтвы рэктара залежаць ад заканадаўства краіны і статута канкрэтнай навучальнай установы. Аднак у большасці выпадкаў рэктар:
- вызначае стратэгію развіцця адукацыйнай установы;
- кіруе навуковай і адукацыйнай дзейнасцю;
- прадстаўляе ўніверсітэт у дзяржаўных і міжнародных арганізацыях;
- кіруе фінансавымі і кадравымі пытаннямі;
- падпісвае дакументы, звязаныя з адукацыйным працэсам і адміністрацыйнай дзейнасцю;
- нясе адказнасць за выкананне акадэмічных стандартаў і законаў.
Абранне і прызначэнне
правіцьУ розных краінах і ВНУ рэктар можа прызначацца дзяржаўнымі органамі, абірацца прафесарска-выкладчыцкім складам або зацвярджацца апякунскай радай.
Тэрмін паўнамоцтваў адрозніваецца, звычайна складае ад 3 да 5 гадоў.
Умовай прызначэння на пасаду рэктара з'яўляецца наяўнасць у прэтэндэнта навуковай ступені як мінімум кандыдата навук або эквівалентнай.
Рэктар у розных краінах:
- Беларусь — рэктары дзяржаўных ВНУ прызначаюцца Прэзідэнтам, а прыватных — уласнікамі па ўзгадненні з міністэрствам адукацыі.
- Германія — рэктар абіраецца ўніверсітэцкім сенатам і зацвярджаецца ўладамі адпаведнай федэральнай зямлі.
- ЗША — ва ўніверсітэтах функцыі рэктара часта выконвае прэзідэнт (англ.: President), а ў некаторых навучальных установах — канцлер (англ.: Chancellor), якіх прызначае апякунская рада (англ.: Board of Trustees) у прыватных ВНУ ці рада кіруючых (англ.: Board of Regents / Board of Governors) у дзяржаўных ВНУ.
- Польшча — рэктар дзяржаўнага ўніверсітэта абіраецца калегіяй выбаршчыкаў, якая складаецца з выкладчыкаў і працаўнікоў, дэлегатаў ад студэнтаў і аспірантаў, а рэктары прыватных ВНУ прызначаюцца ўласнікамі.
- Расія — рэктар абіраецца вучонай радай універсітэта, затым зацвярджаецца Міністэрствам навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі.
Сімволіка і атрыбуты
правіцьУ некаторых краінах і ўніверсітэтах рэктар мае адпаведны цырыманіяльны строй і традыцыйныя рэгаліі: мантыю, ланцуг і жазло. Гэтыя рэгаліі выкарыстоўваюцца ва ўрачыстых выпадках, напрыклад на цырымоніях уручэння дыпломаў і афіцыйных пасяджэннях.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Кваліфікацыйны даведнік «Пасады служачых устаноў адукацыі ўсіх тыпаў» // Дадатак да Пастановы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь № 53 ад 28.04.2001 г.