Іншыя тыпы культаў (нерэлігійныя) гл. на старонцы Культ.

Рэлігійны культ (лац.: cultusшанаванне, пакланенне, ад coloапрацоўваю, шаную) — рэлігійнае шанаванне якіх-небудзь прадметаў, рэальных ці фантастычных істот, якія надзяляюцца звышнатуральнымі ўласцівасцямі, у тым ліку божастваў; а таксама сукупнасць абрадаў, звязаных з такім шанаваннем.

Найбольш развіты ў язычніцтве, якое фактычна складаецца з разнастайных культаў: татэмічны культ, пахавальны культ, прамысловы культ, радавыя і сямейныя культы, шаманскі культ, культ племяннога бога і інш. Можна таксама вылучаць віды культаў паводле аб'ектаў: культ сонца, культ неба, культ вады, культ жывёл (заалатрыя), культ раслін, культ агню, культ продкаў, культ цара і г.д. Для кожнага язычніцкага бажаства існаваў свой культ, напрыклад, культ Ваала, культ Астары і інш.

Складовымі элементамі культу з'яўляюцца рэлігійна-магічныя дзеянні (абрады) і прадметы, якія адносяцца да іх (свяшчэнныя выявы, храмы, свяцілішчы і інш.). З гэтымі дзеяннямі і матэрыяльным прыладдзем культу непарыўна звязаны больш-менш расчлянёныя сістэмы рэлігійных вераванняў, пачуццяў, а таксама адпаведных сацыяльных роляў і адносін (жрэцтва, царкоўная арганізацыя). У вузейшым сэнсе пад культам разумеюць толькі тыя рэлігійныя адносіны, якія звязаны з верай у вышэйшыя, звышнатуральныя істоты і накіраваны на іх уміласціўленне; у такім разе ў паняцце культу не ўключаюцца магічныя (вядзьмаранне) абрады і абрады загавору духаў (экзарцызм).

У манатэістычных рэлігіях пад культам разумеецца рэлігійная абраднасць: служыцелі культу, каталіцкі культ, культавыя прадметы.

Рэлігійны культ варта адрозніваць ад такіх палітычных, эстэтычных, этычных і філасофскіх феноменаў, як «культ сілы», «культ поспеху», «культ чалавека», «культ розуму» і інш.

Гл. таксама правіць