Рэфлекс (ад лац.: reflexus — адлюстраванне) — рэакцыя арганізма ў адказ на раздражненне са знешняга або ўнутранага асяроддзя, якая ажыццяўляецца нервовай сістэмай.

Рэфлекторная дуга

правіць
 
Схема каленнага рэфлекса

Структурнай асновай рэфлексу з'яўляецца ўтвораная нейронамі рэфлекторная дуга, або шлях, па якім нервовыя імпульсы ідуць ад рэцэптара да рабочага органа.

У рэфлекторнай дузе прынята адрозніваць пяць аддзелаў (частак): 1) рэцэптары, 2) адчувальны шлях, 3) нервовы цэнтр (участак ЦНС), 4) рухальны шлях, 5) рабочы орган.

У самую простую двухнейронную рэфлекторную дугу ўваходзяць адчувальны і рухальны нейроны.

Любы рэфлекс пачынаецца з раздражнення рэцэптараў — спецыяльных адчувальных утварэнняў. Яны прыстасаваны да ўспрыняцця энергіі раздражняльніка і яе пераўтварэння ў нервовыя імпульсы. Рэцэптарам можа быць як нервовы канец — дэндрыт, так і ўся спецыялізаваная клетка (напрыклад, святлоадчувальныя клеткі вока). Ад рэцэптара па валакне нервовы імпульс дастаўляецца да цела адчувальнага нейрона. Яно знаходзіцца ў спіннамазгавым нервовым вузле па-за межамі цэнтральнай нервовай сістэмы (ЦНС). Пасля гэтага па аксоне ад цела адчувальнай клеткі ўзбуджэнне трапляе ў ЦНС, дзе праз сінапс перадаецца на рухальны нейрон. Ад рухальнага нейрона яно накіроўваецца да рабочага органа і змяняе яго дзейнасць. У рабочым органе рэфлекторная дуга заканчваецца.

Прыкладам самага простага рухальнага рэфлексу з'яўляецца каленны рэфлекс. Ён праяўляецца ў хуткім пад'ёме нагі пасля рэзкага ўдару малаточкам па сухажыллі ніжэй каленнай рэпкі.

Для ажыццяўлення рэфлексу неабходна анатамічная і функцыянальная цэласнасць усіх частак рэфлекторнай дугі. Большасць рэакцый арганізма ў адказ ажыццяўляецца пры ўдзеле значнай колькасці нейронаў. Звычайна паміж адчувальным і рухальным маюцца ўставачныя нейроны. Яны пераключаюць узбуджэнне з адчувальнага на рухальны нейрон і перадаюць яго ў вышэй- або ніжэйляжачыя аддзелы спіннога мозга. Такім чынам, структурную аснову рэфлекторных дуг складаюць нейронныя ланцугі з адчувальных, уставачных і рухальных нейронаў.

Безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы

правіць

Безумоўныя рэфлексы — адносна пастаянныя, прыроджаныя рэакцыі арганізма на ўздзеянні знешняга свету, якія ажыццяўляюцца з дапамогай нервовай сістэмы. Гэта відавыя, стэрэатыпныя рэакцыі арганізма на дзеянне розных раздражняльнікаў. Яны адыгрываюць важную ролю ў паводзінах, забяспечваюць падтрыманне ўмоў для нармальнай жыццядзейнасці, а таксама ляжаць у аснове міжвольных рухаў. Да іх адносяцца харчовыя (жаванне, смактанне, глытанне, аддзяленне сліны, страўнікавага соку і інш.), абарончыя (адхопліванне рукі ад гарачага прадмета, кашаль, чханне і інш.), палавыя (якія забяспечваюць размнажэнне) і некаторыя іншыя рэфлексы.

У працэсе індывідуальнага развіцця на аснове безумоўных рэфлексаў фарміруюцца новыя, больш складаныя прыстасавальныя паводзінскія рэакцыі — умоўныя рэфлексы. Як вынікае з назвы, для іх утварэння патрабуюцца пэўныя ўмовы.

Літаратура

правіць
  • Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М.В.Машчанка, А.Л.Барысаў; пер. з рус. мовы В.У.Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.