Рыгор Іванавіч Баравік
Рыгор Іванавіч Баравік (нар. 28 студзеня 1939) — беларускі тэатральны рэжысёр[1].
Рыгор Іванавіч Баравік | |
---|---|
Дата нараджэння | 28 студзеня 1939 (85 гадоў) |
Род дзейнасці | прафесар |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат мастацтвазнаўства |
Навуковае званне |
|
Альма-матар | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьСкончыў ў 1966 годзе Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «Рэжысура драмы», распачаў творчую дзейнасць у тэатрах рэспублікі. Паставіў адметныя спектаклі паводле твораў беларускай нацыянальнай класікі і сучаснай драматургіі, ажыццявіў вялікую колькасць пастановак паводле рускай і замежнай драматургіі. Спектаклі Рыгора Баравіка вылучаюцца дакладным і глыбокім увасабленнем аўтарскай задумы, арыгінальнай рэжысёрскай канцэпцыяй, цікавымі і яркімі акцёрскімі работамі. Гэта выклікала цікавасць гледачоў, атрымлівала высокую адзнаку ў рэцэнзіях на старонках газет і часопісаў.
Далейшаму творчаму развіццю Рыгора Баравіка паспрыяла паспяховае праходжанне стажыроўкі ў Маскве ў народнага артыста СССР, мастацкага кіраўніка МХАТ СССР, стваральніка тэатра «Современник» Алега Яфрэмава (1974), а таксама вучоба ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР (1986), падрыхтоўка і абарона кандыдацкай дысертацыі.
Працаваў галоўным рэжысёрам Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, у 1985 годзе стаў стваральнікам і мастацкім кіраўніком Маладзёжнага тэатра БССР, шмат зрабіў для станаўлення і фарміравання гэтага творчага калектыву.
На творчым рахунку Рыгора Баравіка больш за 100 спектакляў у тэатрах Беларусі, Расіі, Малдовы, Украіны. Сярод іх вылучаюцца спектаклі «Чатыры кроплі» Віктара Розава , «Міколка-паравоз» паводле Міхася Лынькова, «Чайка» Антона Чэхава, «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Беларускі ТЮГ), «Дагарэла свечачка» Алеся Петрашкевіча (Тэатр імя Я.Купалы), «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» паводле Святланы Алексіевіч, «Рамонт» Міхаіла Рошчына (Маладзёжны тэатр БССР), «Тры сястры» Антона Чэхава, «На ўсіх адна бяда» Пятруся Макаля (Малдаўскі маладзёжны тэатр «Лучафэрул», Кішынёў), «Сабачае сэрдца» Міхаіла Булгакава, «Эшалон» Міхаіла Рошчына (Кіеўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр драмы і камедыі), «Апошні шанц» Васіля Быкава (МХАТ СССР). Гэтыя і іншыя спектаклі былі адзначаны ўзнагародамі на міжнародных і рэспубліканскіх тэатральных фестывалях і конкурсах.
Адначасова з рэжысёрскай дзейнасцю Рыгор Баравік распачаў займацца навуковай і педагагічнай працай. Стаў кандыдатам навук, прафесарам, напісаў і выдаў чатыры манаграфіі, прысвечаныя актуальным праблемам гісторыі і тэорыі беларускага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. Педагагічную дзейнасць распачаў у 1994 годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, з 1999 года і па сённяшні дзень працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Тут Рыгор Баравік стаў арганізатарам новай кафедры рэжысуры на тэатральным факультэце, быў першым загадчыкам кафедры, у 2012—2024 гадах быў прафесарам кафедры рэжысуры. З 2024 загадчык новастворанай кафедры акцёрскага майстэрства і рэжысуры. Многія вучні Рыгора Баравіка сталі народнымі і заслужанымі артыстамі, заслужанымі дзеячамі культуры Рэспублікі Беларусь, галоўнымі рэжысёрамі і мастацкімі кіраўнікамі драматычных тэатраў нашай краіны. Дзейнасць Рыгора Баравіка адзначана ўзнагародамі і граматамі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.
Узнагароды
правіць- Медаль Францыска Скарыны (2020)[2].
Зноскі
- ↑ Баравік Рыгор Іванавіч . Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Праверана 27 студзеня 2018.(недаступная спасылка)
- ↑ Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 17 снежня 2020 г. № 464 «Аб узнагароджанні» Архівавана 12 мая 2021.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх