Роберт Бёрнс
Роберт Бёрнс (англ.: Robert Burns, шатл. гэл.: Raibeart Burns, 25 студзеня 1759 — 21 ліпеня 1796) — шатландскі паэт, фалькларыст, аўтар шматлікіх вершаў і паэм, напісаных на скотсе і шатландскіх дыялектах англійскай мовы[8][9].
Роберт Бёрнс | |
---|---|
Robert Burns | |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Robert Burness (да 1786 года) |
Дата нараджэння | 25 студзеня 1759[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 ліпеня 1796[4][5][…] (37 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Бацька | William Burnes[d][7] |
Маці | Agnes Broun[d][7] |
Жонка | Jean Armour[d] |
Дзеці | Elizabeth Bishop (Burns)[d] і Роберт Бёрнс[d] |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | аўтар песень, паэт, пісьменнік, музыказнавец, фермер |
Гады творчасці | 1774—1796 |
Кірунак | Рамантызм |
Жанр | верш, паэмы, песні, балады, гімн, кантата |
Мова твораў | шатландская раўнінная мова і шатландскі варыянт англійскай мовы |
Дэбют | O, Once I Lov'd a Bonnie Lass (1774) |
Подпіс | |
robertburns.org (англ.) | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дзень 25 студзеня, які самі шатландцы называюць Бёрнсавай вячэрай (Burns supper), — нацыянальнае свята ў Шатландыі. Гэты дзень адзначаецца прыхільнікамі творчасці паэта ва ўсім свеце.
Біяграфія
правіцьРоберт Бёрнс нарадзіўся 25 студзеня 1759 года ў вёсцы Алаўэй (за 3 км на поўдзень ад горада Эйр, графства Эйшыр) у сям’і селяніна Уільяма Бёрнеса (William Burness, 1721—1784). У 1765 годзе яго бацька ўзяў у арэнду гаспадарку Маўнт-Оліфант, і хлопчыку прыйшлося працаваць нароўні з дарослымі, трываючы голад і іншыя ліхтугі. З 1783 года Роберт пачынае пісаць вершы на эйшырскім дыялекце. У 1784 годзе памірае бацька, і пасля шэрагу непаспяховых спроб заняцца сельскай гаспадаркай Роберт з братам Гілбертам пераязджае ў Мосгіл. У 1786 годзе выходзіць першая кніга Бёрнса, Poems, Chiefly in the Scottish dialect («Вершы, пераважна на шатландскім дыялекце»). Да пачатковага перыяду творчасці таксама адносяцца: «Джон Ячмень» (John Barleycorn, 1782), «Вясёлыя жабракі» (The Jolly Beggars, 1785), «Малітва святога Вілі» (Holy Willie's Prayer), «Святы кірмаш» (The Holy Fair, 1786). Паэт хутка робіцца вядомым па ўсёй Шатландыі[10].
Пра вытокі папулярнасці Бёрнса Ёган Гётэ адзначыў:
Возьмем Бёрнса. Ці не таму ён вялікі, што старыя песні яго продкаў жылі на вуснах народа, што яму спявалі іх, так бы мовіць, тады яшчэ, калі ён быў у калысцы, што хлопчыкам ён гадаваўся сярод іх і парадніўся з высокай дасканаласцю гэткіх узораў, што ён знайшоў у іх жывую аснову, абапіраючыся на якую мог пайсці далей? І яшчэ, ці не таму ён вялікі, што яго ўласныя песні адразу ж знаходзілі чуллівыя вушы сярод яго народа, што яны затым гучалі яму насустрач з вуснаў жняцоў і вязальшчыц снапоў, што імі віталі яго вясёлыя таварышы ў шынку? Тут і сапраўды мусіла нешта атрымацца[11]. |
У 1787 годзе Бёрнс пераязджае ў Эдынбург і прыняты ў вышэйшым свеце сталіцы. У Эдынбургу ён пазнаёміўся з папулярызатарам шатландскага фальклору Джэймсам Джонсанам, разам з якім пачаў выдаваць зборнік «Шатландскі музычны музей» (The Scot's Musical Museum). У гэтым выданні паэт апублікаваў мноства ўласных твораў і шатландскіх балад ва ўласнай апрацоўцы.
Выдавецкая справа прыносіла Бёрнсу пэўны даход. Ён паспрабаваў укласці заробленыя ганарарамі сродкі на арэнду фермы, але толькі згубіў свой невялікі капітал. Асноўнай крыніцай сродкаў для існавання з 1791 года была работа на пасадзе зборшчыка падаткаў у Дамфрысе.
Роберт Бёрнс вёў даволі вольны вобраз жыцця, і ў яго было тры незаконнанароджаныя дачкі ад раптоўных і непрацяглых сувязяў. У 1787 годзе ён узяў шлюб са сваёй даўняй каханай Джын Армар. У гэтым шлюбе ў яго нарадзілася пяцёра дзяцей[12].
У 1787—1794 гадах створаны вядомыя паэмы «Тэм о’Шэнтар» (Tam o'Shanter, 1790) і «Шчырая беднасць» (For A'That and A'That, 1795), «Ода, прысвечаная памяці міс Освальд» (Ode, sacred to the Memory of Mrs. Oswald, 1789).
Па сутнасці, займацца паэзіяй Бёрнс быў вымушаны ў перапынках паміж работай. Апошнія гады ён правёў у галечы і за тыдзень да смерці ледзь не трапіў у пазыковую турму[10].
Бёрнс памёр 21 ліпеня 1796 года ў Дамфрысе. Яму было толькі 37 гадоў. Па меркаванні біёграфаў XIX ст., адной з прычын заўчаснай смерці паэта было празмернае ўжыванне алкаголю. Гісторыкі XX ст. схіляюцца да таго, што Бёрнс сканаў ад наступстваў цяжкай фізічнай працы ў маладосці і прыроджанага рэўмакардыту, які ў 1796 годзе ўскладніўся перанесенай дыфтэрыяй[13][14].
Асноўныя даты жыцця
правіць- 25 студзеня 1759 — нараджэнне
- 1765 — Роберт з братам паступаюць у школу
- 1766 — пераезд на ферму Маўнт-Оліфант
- 1773 — Роберт піша першыя вершы
- 1777 — пераезд на ферму Лохлі
- 1784 — смерць бацькі, пераезд у Мосгіл
- 1785 — Роберт знаёміцца з Джын, напісаны «Вясёлыя жабракі», «Палявыя мышы» і многія іншыя вершы
- 1786 — Бёрнс перадае права на ферму Мосгіл брату; нараджэнне блізнят; паездка ў Эдынбург
- 1787 — прыём паэта ў Вялікай Ложы Шатландыі; выходзіць першае эдынбургскае выданне паэм; падарожжы па Шатландыі
- 1789 — работа акцызным
- 1792 — прызначэнне ў інспекцыю порта
- 1793 — другое эдынбургскае выданне вершаў у двух тамах
- снежань 1795 — цяжкая хвароба Бёрнса
- 21 ліпеня 1796 — смерць
- 25 ліпеня 1796 — пахаванне, у гэты ж дзень нарадзіўся пяты сын Бёрнса — Максвел
Мова Бёрнса
правіцьХаця Бёрнс і навучаўся ў вясковай школе, але яго настаўнікам быў чалавек з універсітэцкай адукацыяй — Джон Мёрдак (Murdoch, 1747—1824). Шатландыя тады перажывала пік нацыянальнага адраджэння, была адным з самых культурных куткоў Еўропы, у ёй налічвалася пяць універсітэтаў. Пад кіраўніцтвам Мёрдака Бёрнс займаўся, акрамя іншага, паэзіяй Аляксандра Поўпа. Як сведчаць рукапісы, літаратурнай англійскай мовай Бёрнс валодаў дасканала, выкарыстанне ж шатландскай (паўночны дыялект англійскай, у адрозненне ад гэльскай — кельцкай шатландскай мовы) — свядомы выбар паэта.
«Бёрнсава страфа»
правіцьЗ імем Бёрнса звязваюць асаблівую форму страфы: шасцірадкоўе па схеме AAABAB з укарочанымі чацвёртым і шостым радкамі. Падобная схема вядомая ў сярэднявечнай лірыцы, у прыватнасці, у правансальскай паэзіі (з XI века), але з XVI ст. папулярнасць яе паволі згасла. Яна захавалася ў Шатландыі, дзе шырока выкарыстоўвалася і да Бёрнса, але звязваецца з яго імем і вядомая ў якасці «Бёрнсавай страфы», хоць афіцыйная яе назва, стандартны габі, ідзе ад першага твора, які праславіў гэтую страфу ў Шатландыі, — «Элегія на смерць Габі Сімпсана, дудара з Кілбархана» (каля 1640) Роберта Семпіла з Белтрыза; «габі» — не ўласнае імя, а мянушка выхадцаў з мястэчка Кілбархан у Заходняй Шатландыі.
Беларускія пераклады
правіцьВыбраныя творы Роберта Бёрнса выходзілі асобнымі выданнямі на беларускай мове ў перакладах Язэпа Семяжона — «Шатландская слава» (1957), «Вам слова, Джон Ячмень» (1982). Сярод іншых перакладчыкаў паасобных вершаў Бёрнса — Юрка Гаўрук, Галіна Дубянецкая і Алена Таболіч[15].
Іншае
правіць- Вядомы амерыканскі музыкант Майкл Джэксан у жніўні 2008 года запісаў дыск з пакладзенымі на музыку вершамі шатландскага паэта. Выдаваць дыск не планавалася[16].
- Адным з музычных твораў класічнага беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» была кампазіцыя на верш «Вясёлыя жабракі» Роберта Бёрнса[17].
Зноскі
- ↑ различные авторы Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский, К. К. Арсеньев, Ф. Ф. Петрушевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1907.
- ↑ Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911.
- ↑ Carnegie Hall linked open data — 2017. Праверана 2 мая 2022.
- ↑ Daiches D. Robert Burns // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Robert Burns // Internet Broadway Database — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Бёрнс Роберт // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б Pas L. v. Genealogics — 2003.
- ↑ The Famous Grouse и The Macallan отпраздновали в Москве день рождения Роберта Бернса (руск.)
- ↑ День рождения Роберта Бёрнса (руск.)
- ↑ а б М. Н. Гутнер. Бернс // История английской литературы. Том 1. Выпуск второй. М.: Издательство Академии Наук СССР, 1945. (руск.)
- ↑ Johann Peter Eckermann. Gespräche mit Goethe in den letzten Jahren seines Lebens. Leipzig, 1827. (ням.)
- ↑ Роберт Бернс. Биография (руск.)
- ↑ The Death of Robert Burns (англ.)
- ↑ Richard Hindle Fowler. Robert Burns. Routledge, 1988. ISBN 0-415-00169-2 (англ.)
- ↑ Бёрнс Роберт // Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Мінск, 1995.
- ↑ Майкл Джэксан праспяваў вершы Роберта Бёрнса(недаступная спасылка) // Еўрапейскае радыё для Беларусі, 28 жніўня 2008
- ↑ Куды крочаць «Песняры»? // Літаратура і мастацтва, 25 сакавіка 1983
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Роберт Бёрнс
- Вершы Бёрнса ў перакладзе Галіны Дубянецкай у часопісе «Дзеяслоў» Архівавана 28 ліпеня 2011.
- Роберт Бэрнс — старонка ў часопісе «Прайдзісвет»
- Robert Burns Country — «афіцыйны» сайт Роберта Бёрнса (англ.)