«СМЕРШ» (скарачэнне ад «СМЕРць Шпіёнам») — афіцыйная назва органаў савецкай ваеннай контрразведкі ў 1943—46 гадах.

Пасведчанне супрацоўніка СМЕРШ (1943)

Існавалі тры незалежныя органы:

Гісторыя

правіць

Паводле пастановы СНК СССР ад 19 красавіка 1943 года ўпраўленне асобых аддзелаў НКУС пераўтворана ў Галоўнае ўпраўленне контрразведкі «СМЕРШ» і перададзена ў падпарадкаванне Народнага камісарыята абароны СССР. Узначаліў ведамства Віктар Абакумаў, падпарадкаваны непасрэдна Сталіну.

Паводле пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны ад 31 мая 1943 г. было створана таксама Упраўленне контрразведкі Народнага камісарыята ВМФ. Пры франтах і флатах дзейнічалі аддзелы контрразведкі «СМЕРШ».

У канцы 1943 года — першай палове 1944 года на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі аддзелы контрразведкі «СМЕРШ» 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў (з кастрычніка 1943 пачалося фарміраванне Беларускай ваеннай акругі і яе органаў «СМЕРШ»). У студзені 1945 г. БВА перайменавана ў Беларуска-Літоўскую ваенную акругу (БЛВА), а органы контрразведкі — у аддзелы «СМЕРШ» БЛВА (з ліпеня 1945 г. Мінская і Баранавіцкая ваенныя акругі).

У сакавіку 1946 г. створана 3-е Галоўнае Упраўленне (ваенная контрразведка) Міністэрства дзяржаўнай бяспекі СССР, а ў ваенных акругах, у тым ліку БВА (акруга адноўлена ў сакавіку 1946 г.) — асобыя аддзелы.

Дзейнасць

правіць

Органы «СМЕРШа» вялі барацьбу са шпіёнамі, дыверсантамі, тэрарыстамі, спынялі дзейнасць зарубежных разведак у часцях і установах Чырвонай Арміі, выконвалі іншыя спецыяльныя заданні.

Адным з напрамкаў работы СМЕРШа было цэнтралізаванае кіраванне зафронтавай дзейнасцю: каардынацыя падрыхтоўкі агентуры для выканання задач за лініяй фронту, аналіз матэрыялаў аб рабоце органаў і школ разведкі нацыстаў, іх асабістым складзе. Гэтым займаўся 4-ы аддзел ГУКР СМЕРШ.

З красавіка 1943 года па люты 1944 года ў органы і школы Abwehr і SD было заслана 75 савецкіх шпіёнаў. Было арыштавана 176 нямецкіх дыверсантаў.

Па афіцыйных дадзеных з 1 кастрычніка 1943 па 1 мая 1944 савецкай контрразведкай у тыл немцаў было перакінута 345 агентаў, у тым ліку 50 перавербаваных нямецкіх разведчыкаў.

З 1943 года да канца вайны цэнтральным апаратам ГУКР СМЕРШ НКА СССР і яго франтавымі ўпраўленнямі актыўна праводзіліся радыёгульні, у ходзе якіх на савецкую тэрыторыю ўдалося выманіць некалькі соцень кадравых супрацоўнікаў і агентаў нямецкай разведкі, а таксама захапіць дзясяткі тон грузаў.

Акрамя таго, дзейнасць ГУКР СМЕРШ таксама ўключала фільтрацыю салдат, якія вярталіся з палону, а таксама папярэднюю зачыстку прыфрантавой паласы ад нямецкай агентуры і антысавецкіх элементаў (сумесна з войскамі НКУД па ахове тылу дзеючай арміі і тэрытарыяльнымі органамі НКУД). СМЕРШ прынімаў актыўны ўдзел у вышуку, затрыманні і вядзенні следства па справах савецкіх грамадзян, якія ўдзельнічалі ў антысавецкіх узброеных групах, якія ваявалі на баку Германіі, такіх як Руская вызваленчая армія.

У мастацтве

правіць

Дзякуючы мноству навукова-публіцыстычных артыкулаў, літаратурных твораў і мастацкіх фільмаў, найбольш вядомы «Смерш» Наркамата абароны СССР.

  • Раман «У жніўні сорак чацвёртага» («Момант ісціны») Уладзіміра Багамолава. Сюжэт кнігі апісвае работу нізавога звяна «Смерша» — вышукнікоў-афіцэраў, якія займаюцца непасрэдным вышукам разведгрупы праціўніка, закінутай у тыл Чырвонай Арміі. Адметнасць рамана — аўтар прыводзіць рэальныя дакументы (з якіх выдалена службовая інфармацыя), у якіх адлюстравана работа «Смерша» па вышуку нямецкіх агентаў-парашутыстаў. Само слова «Смерш» у рамане ні разу не ўпамінаецца.
  • «У жніўні 44-га…» — расійска-беларускі мастацкі фільм 2000 года рэжысёра Міхаіла Пташука, экранізацыя рамана Уладзіміра Багамолава. У ролях: Яўген Міронаў, Уладзіслаў Галкін, Юрый Калакольнікаў і іншыя.

Літаратура

правіць
  • Надтачаеў В. М. «СМЕРШ» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 54. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Долгополов Ю. Б. Война без линии фронта. — М., 1981.
  • Остряков С. З. Военные чекисты. — М., 1979.
  • Смирнов Н. «Смерш» против абвера // Армия. 2000. № 1—2.