Новы саюзны дагавор

(Пасля перасылкі з ССД)

Новы саюзны дагавор — праект дагавора, які мусіў замяніць Дагавор 1922 года пра ўтварэнні СССР, каб захаваць і рэфармаваць яго. Цырымонія падпісання дагавора паміж РСФСР і некаторымі іншымі саюзнымі рэспублікамі была прызначана на 20 жніўня 1991 года, але ёй перашкодзіў путч 19 жніўня 1991 года. Падрыхтоўка дагавора вядома як Новаагароўскі працэс, названы ад Нова-Агарова, урадавай сядзібы, дзе вялася праца над дакументам і дзе прэзідэнт СССР і генеральны сакратар КПСС Міхаіл Гарбачоў вёў перамовы з кіраўнікамі саюзных рэспублік.

Перадгісторыя правіць

У снежні 1990 года былі падняты пытанні рэарганізацыі СССР.

3 снежня Вярхоўны Савет СССР падтрымаў канцэпцыю прапанаванага Прэзідэнтам СССР М. С. Гарбачовым праекта Саюзнага Дагавора і перадаў яго для абмеркавання на IV З’ездзе народных дэпутатаў СССР[1].

24 снежня 1990 года дэпутаты IV З’езда народных дэпутатаў СССР, правялі пайменнае галасаванне і пастанавілі лічыць неабходным захаванне СССР як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры забяспечвацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці[2].

У той жа дзень, па ініцыятыве і настойлівым патрабаванні Прэзідэнта СССР М. С. Гарбачова[3], З’ездам была прынята пастанова па пытанні аб правядзенні ўсесаюзнага рэферэндуму аб захаванні абноўленага Саюза як федэрацыі раўнапраўных суверэнных Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік[4]. За прыняцце пастановы прагаласавалі 1677 дэпутатаў, супраць — 32, устрымаліся — 66[3].

Усесаюзны рэферэндум пра захаванне СССР правіць

17 сакавіка 1991 года адбыўся рэферэндум, на якім за захаванне і абнаўленне СССР прагаласавала большасць грамадзян, за выключэннем насельніцтва шасці рэспублік (Літва, Эстонія, Латвія, Грузія, Малдова, Арменія), у якіх вышэйшыя органы ўлады адмовіліся праводзіць рэферэндум, бо раней абвясцілі пра незалежнасць ці пра пераход да незалежнасці паводле вынікаў рэферэндумаў пра незалежнасць, якія адбыліся ў іх раней.

ССД-федэрацыя (Саюз Савецкіх Суверэнных Рэспублік) правіць

 
Чырвоным і аранжавым пазначаны рэспублікі ў складзе Саюза Суверэнных Дзяржаў (ССД); чорным  — дзяржавы, якія адмовіліся падпісаць новы саюзны дагавор.

На аснове канцэпцыі рэферэндуму ўпаўнаважанай цэнтральнымі і рэспубліканскімі ўладамі рабочай групай у рамках г.зв. нова-агароўскага працэсу вясной-летам 1991 года быў распрацаваны праект па заключэнні новага саюза — Саюза Савецкіх Суверэнных Рэспублік[5] (СССР[5], Саюз ССР[5], Саюз Суверэнных Дзяржаў[5]) як мяккай, дэцэнтралізаванай федэрацыі.

Праект дагавора пра стварэнне Саюза быў двойчы парафіраваны (папярэдне падпісаны) — 23 красавіка і 17 чэрвеня 1991 года. Канечная рэдакцыя «Дагавора пра Саюз суверэнных дзяржаў» апублікавана ў газеце «Праўда» 15 жніўня. У той жа газеце 3 жніўня 1991 года апублікавана выступленне Прэзідэнта СССР Гарбачова па тэлебачанні, у якім адзначалася, што «саюзны дагавор адкрыты да падпісання» з 20 жніўня 1991 года. У новым Дагаворы адзначалася: «Дзяржавы, якія ўтвараюць Саюз, валодаюць усёй паўнатой палітычнай улады, самастойна вызначаюць свой нацыянальна-дзяржаўны лад, сістэму органаў улады і кіравання[6], яны могуць дэлегаваць частку сваіх паўнамоцтваў іншым дзяржавам — удзельнікам Дагавора…». Больш таго, у 2-м[5] раздзеле 23-га артыкула новага Дагавора гаварылася: «Гэты дагавор… набывае моц з моманту падпісання… паўнамоцнымі дэлегацыямі. Для дзяржаў, якія яго падпісалі, з той жа даты Дагавор пра ўтварэнне СССР 1922 года страчвае сілу»[7].

Членамі новага саюза мусілі стаць дзевяць з пятнаццаці саюзных рэспублік былога СССР: як заявіў М. С. Гарбачоў у тэлевізійным звароце 3 жніўня 1991 года, 20 жніўня новы саюзны дагавор мусілі падпісаць Беларусь, Казахстан, РСФСР, Таджыкістан і Узбекістан, а восенню да іх маглі далучыцца Азербайджан, Кыргызстан, Украіна і Туркменістан[8].

Зрыў падпісання дагавора правіць

Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы 18-21 жніўня ажыццявіў няўдалую спробу гвалтоўнага адхілення М. С. Гарбачова з пасады Прэзідэнта СССР, сарваўшы падпісанне Саюзнага дагавора.

Супярэчнасці паміж цэнтральнымі і рэспубліканскімі ўладамі і нацыянальнымі элітамі паглыбіліся, і ўсе саюзныя рэспублікі адна за другой абвясцілі пра незалежнасць.

ССД-канфедэрацыя правіць

5 верасня 1991 года V з’езд народных дэпутатаў СССР прыняўшы «Дэкларацыю правоў і свабод чалавека»[9], абвясціў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзяржаўных адносін, падрыхтоўкі і падпісання Дагавора пра Саюз Суверэнных Дзяржаў[10].

6 верасня Дзяржаўны Савет СССР прызнаў выхад Латвіі, Літвы і Эстоніі з Саюза ССР.

Увосень 1991 года па санкцыі цэнтральных і рэспубліканскіх улад рабочай групай нова-агароўскага працэсу быў распрацаваны новы праект Дагавора — па стварэнні Саюза Суверэнных Дзяржаў (ССД) як канфедэрацыі незалежных дзяржаў («канфедэратыўнай дзяржавы»)[11][12].

Папярэдняя згода на заключэнне 9 снежня 1991 года дагавора пра стварэнне ССД са сталіцай у Мінску было дадзена 14 лістапада 1991 года толькі сям’ю рэспублікамі (Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан). Дзве рэспублікі, у якіх напярэдадні адбыліся рэферэндумы пра незалежнасць (Азербайджан і Украіна), адмовіліся ўвайсці ў канфедэратыўны саюз. Татарстан пагадзіўся падпісаць дагавор толькі непасрэдна і самастойна, нароўні з іншымі былымі саюзнымі рэспублікамі СССР.[13]

Аднак, 8 снежня 1991 года кіраўнікі трох дзяржаў (Рэспублікі Беларусь, Расіі і Украіны) на сустрэчы ў Белавежскай пушчы, «адзначаючы, што перамовы пра падрыхтоўку новага Саюзнага Дагавора зайшлі ў тупік, аб’ектыўны працэс выхаду рэспублік са складу Саюза ССР і ўтварэння незалежных дзяржаў стаў рэальным фактам»[14], заключылі Белавежскае пагадненне пра стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў — міжурадавай і міжпарламенцкай арганізацыі, якая не мела статусу дзяржавы. Да СНД пазней далучыліся іншыя саюзныя рэспублікі.

У снежні 1992 года З’езд народных дэпутатаў Расійскай Федэрацыі звярнуўся да парламентаў дзяржаў — былых рэспублік Саюза ССР, і да Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, з прапановай разгледзець пытанне пра стварэнне канфедэрацыі ці іншай формы збліжэння незалежных дзяржаў Еўропы і Азіі — былых рэспублік Саюза ССР, народы якіх выражаюць імкненне да яднання[15], але гэта прапанова не была падтрымана.

Шматбаковай згоды па прапанаваным пазней (у сакавіку 1994 года) праекце стварэння аналагічнага канфедэратыўнага саюза (Еўразійскі Саюз) таксама не было дасягнута. Толькі дзве дзяржавы ўступілі ў Саюз Расіі і Беларусі.

Зноскі правіць

  1. Постановление ВС СССР от 3 декабря 1990 года № 1809-1 «Об общей концепции нового Союзного Договора и предлагаемом порядке его заключения» // Ведомости СНД и ВС СССР. — 1990. — № 50. — ст. 1077.
  2. Постановление СНД СССР от 24 декабря 1990 года № 1853-1 «О сохранении Союза ССР как обновленной федерации равноправных суверенных республик» // Ведомости СНД и ВС СССР. — 1990. — № 52. — ст. 1158.
  3. а б Любарев А. Е. Выборы в Москве: опыт двенадцати лет. 1989—2000. — М.: Стольный град, 2001. — 412 с. — ISBN 5-89910-019-2.
  4. Постановление СНД СССР от 24 декабря 1990 года № 1856-1 «О проведении референдума СССР по вопросу о Союзе Советских Социалистических Республик» // Ведомости СНД и ВС СССР. — 1990. — № 52. — ст. 1161.
  5. а б в г д Праект дагавора аб ССД-федэрацыі (Саюзе Савецкіх Суверэнных Рэспублік) (ліпень 1991)
  6. Узброеныя Сілы, МУС, а таксама некаторыя функцыі замежнапалітычнага ведамства станавіліся прэрагатывай рэспубліканскіх органаў улады.
  7. Дагавор аб утварэнні СССР перастаў існаваць як асобны дакумент у 1924 годзе, калі разам з дэкларацыяй аб утварэнні СССР быў аб’яднаны ў першую Канстытуцыю СССР (якая перастала дзейнічаць у снежні 1936 года ў сувязі з прыняццем новай канстытуцыі СССР):
      Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, урачыста абвяшчаючы непахіснасць асноў Савецкай улады, у мэтах выканання пастановы 1 з’езда Саветаў Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а таксама на падставе Дагавора аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, прынятага на 1 з’ездзе Саветаў Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у горадзе Маскве 30 снежня 1922 года, і, прымаючы да ўвагі папраўкі і змены, прапанаваныя цэнтральнымі выканаўчымі камітэтамі саюзных рэспублік, пастанаўляе:

    Дэкларацыя аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік складаюць Асноўны Закон Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

    Конституция СССР 1924 г.

     
    Такім чынам, Дагавор аб Саюзе суверэнных дзяржаў прадугледжваў адмену дагавора аб утварэнні СССР, які не існаваў з 1924 года, і рэспублікі, якія яго падпісалі, былі б адначасова саюзнымі рэспублікамі СССР і членамі ССД.
  8. «Многое сложилось бы иначе…» // Красная звезда, 16 Августа 2003 года. Архівавана 15 кастрычніка 2006.
  9. «Декларация прав и свобод человека» утверждена Постановлением СНД СССР 5 сентября 1991 года № 2393-1 // Ведомости СНД и ВС СССР. — 1991. — № 37. — ст. 1083.
  10. Постановление СНД СССР от 5 сентября 1991 года № 2391-1 «О мерах, вытекающих из совместного Заявления Президента СССР и высших руководителей союзных республик и решений внеочередной сессии Верховного Совета СССР» // Ведомости СНД и ВС СССР. — 1991. — № 37. — ст. 1081
  11. Праект дагавора аб ССД-канфедэрацыі (лістапад 1991)
  12. Проект договора о Союзе Суверенных Государств // Правда. — 1991. — 27 ноября.
  13. Рэспубліка Татарстан
  14. Заявление глав государств Республики Беларусь, РСФСР, Украины 8 декабря 1991 года Архівавана 11 мая 2008. // Ведомости СНД и ВС РСФСР. — 1991. — № 51. — ст. 1798.
  15. Обращение СНД РФ от 14 декабря 1992 года № 4087-1 «К парламентам независимых государств — бывших республик Союза ССР» // Ведомости СНД и ВС РФ. — 1992. — № 51. — 24 декабря. — ст. 3022.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць