Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту

Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту — выканаўчы орган Абласнога выканаўчага камітэта Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха). Існаваў з 26 лістапада (9 снежня) 1917 па 25 лютага 1918 з цэнтрам у Мінску21 лютага 1918 у Смаленску).

Утвораны на 1-м пленарным пасяджэнні Аблвыкамзаха «для каардынацыі дзеянняў камісараў і рашэння асабліва важных пытанняў». У яго ўваходзілі аддзелы (камісарыяты) на чале з часова абранымі камісарамі:

  • Кіраўнікі спраў — П. Осіпаў, В. Г. Кнорын, Савацееў, Селязнёў (лістапад 1917—люты 1918)
  • ваенны (А. Ф. Мяснікоў)
  • унутраных спраў (К. І. Ландар)
  • харчовы (М. І. Калмановіч, у студзені І. Новікаў)
  • фінансавы (І. П. Федзянёў, у студзені часова І. І. Рэйнгольд)
  • нацыянальны (С. І. Берсан)
  • зямельны (Н. М. Дайнека, у студзені Саржынскі)
  • працы (І. Я. Алібегаў, у студзені Панцялееў)
  • гандлю і прамысловасці (У. М. Фрэйман, у студзені Ф. Г. Шалаеў)
  • народнай асветы (вакансія, у снежні Л. П. Рэзаўскі, у студзені Шлес, у лютым Савацееў)
  • юстыцыі (У. С. Селязнёў, са студзеня Р. В. Пікель)
  • апекі (В. П. Красноў, у снежні Муха, снежні—студзені В. І. Смірноў, студзені-лютым Катлярэўскі)
  • пошт і тэлеграфа (Несцярэнка)
  • чыгуначны (вакансія, са студзеня Смірноў)

Абавязкі старшыні выконвалі К. І. Ландар (лістапад—снежань), А. Ф. Мяснікоў (1-я дэкада студзеня), М. І. Калмановіч (2-я дэкада студзеня). У пачатку 2-й дэкады студзеня 1918 пасада старшыні СНК была скасавана; замест яе была ўтворана калегія камісараў, якія па чарзе старшынствавалі на пасяджэннях і падпісвалі пастановы. У студзені—лютым 1918 былі арганізаваны новыя аддзелы (камісарыяты):

  • народнай гаспадаркі (П. Казлоў)
  • па справах бежанцаў (М. Вігілянскі)
  • аховы здароўя (Л. Грамашэўскі)

Былі таксама рэарганізаваны і аддзелы. У студзені пры аддзеле па нацыянальных справах былі створаны 2 пададдзелы па польскіх (С. Гельтман) і яўрэйскіх (Фрыдлянд) справах; ваенны аддзел быў рэарганізаваны ў Ваенны камітэт на чале калегіі з 9 асоб (старшыня А. Ф. Мяснікоў). На яго складалася задача стварэння Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі і дэмабілізацыя армій Заходняга фронту. У канцы студзеня былі аб'яднаны камісарыяты працы і гандлю (І. І. Рэйнгольд).

Юрысдыкцыя СНК фактычна пашыралася на Мінскую, неакупіраваную частку Віленскай губерняў і Заходні фронт. Члены камісарыятаў працавалі ў кантакце з Мінскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў і ўваходзілі ў адпаведныя яго аддзелы. У абавязак камісараў уваходзіла і ажыццяўленне дэкрэтаў СНК РСФСР. У іх межах кожны аддзел быў упаўнаважаны самастойна вырашаць пытанні сваёй кампетэнцыі. Розныя дырэктывы, не прадугледжаныя дэкрэтамі цэнтральнага ўрада, выдаваліся для выканання толькі пасля зацвярджэння іх на агульным сходзе членаў Аблвыкамзаха.

Да 12(25) снежня 1917 паралельна са створаным СНК працягваў дзейнічаць ранейшы орган улады — Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (старшыня бюро ВРК К. І. Ландар). Аддзелы СНК Заходняй вобласці і фронту, створаныя па аналогіі з цэнтральнымі органамі ўлады — СНК РСФСР, з цягам часу павінны былі прыстасоўвацца да мясцовых асаблівасцей праз рэарганізацыі, змену кіраўніцтва, наладжванне супрацоўніцтва з рабочымі арганізацыямі, служачымі ранейшых урадавых устаноў, органаў самакіравання і інш. З усіх аддзелаў асноўны цяжар дзейнасці па ўсталяванні савецкай улады, ажыццяўленні яе дэкрэтаў прыпадаў на камісарыяты працы, гандлю і прамысловасці, народнай гаспадаркі, фінансавы і некаторыя інш. У кірунку арганізацыі гаспадарчага жыцця былі ўзяты на ўлік найважнейшыя прадпрыемствы па выпуску тавараў народнага ўжытку, устаноўлены 8-гадзінны рабочы дзень, наладжана дапамога беспрацоўным, створаны трыбуналы працы для ўрэгулявання канфліктаў паміж рабочымі і ўладальнікамі прадпрыемстваў. З мэтай барацьбы з сабатажам СНК прыняў у снежні 1917 пастанову аб накладанні штрафаў на прадпрымальнікаў, якія не падпарадкоўваліся пастановам савецкай улады. Для патрэб працоўных адкрываліся пункты грамадскага харчавання, будаваліся інтэрнаты, выдзяляліся дадатковыя сродкі. Камісарыят фінансаў узяў пад кантроль усе банкі і грашова-крэдытныя ўстановы, усклаў падаткі на маёмныя пласты насельніцтва. Камісарыят народнай гаспадаркі пачаў улік і нацыяналізацыю матэрыяльных каштоўнасцей франтавых арганіізацый Усерасійскага земскага саюза, Усерасійскага саюза гарадоў, Земсаюза і інш. Уся маёмасць, у т.л. былых дзяржаўных устаноў, жывы і мёртвы інвентар, грашовыя сродкі аб'яўляліся нацыянальнай уласнасцю і пераходзілі ў распараджэнне СНК.

Усе мерапрыемствы СНК праводзіліся, як правіла, ва ўмовах сабатажу з боку былых служачых дзяржаўных, грамадскіх і інш. устаноў. Большасць прафсаюзаў ставілася да органаў савецкай улады апазіцыйна і неахвотна ішла на супрацоўніцтва з імі. У адказ на захады Усебеларускага з'езду 1917 па стварэнні нацыянальных органаў улады ў ноч з 17 на 18 снежня 1917 па загаду К. І. Ландара з'езд быў распушчаны. 12 лютага 1918 была распушчана Цэнтральная беларуская вайсковая рада, арыштаваны некаторыя яе дзеячы. У снежні 19171918 па загаду СНК было спынена выданне газеты «Социалист-революционер», «Дзённік мінскі», «Утренняя газета», «Дэр Векер») і інш. Для ўмацавання новай улады на чале з камісарыятам юстыцыі пачалося стварэнне рэвалюцыйных трыбуналаў. Небяспека антыбальшавіцкіх выступленняў, актывізацыя 1-га польскага корпуса Ю. Р. Доўбар-Мусніцкага, пагроза з боку германскіх войск узмацнілі дзейнасць ваеннага і іншых аддзелаў у кірунку стварэння атрадаў РСЧА. Праца СНК спынена 19 лютага 1918 выканаўчая ўлада, якая распаўсюджвалася «на губерні Смаленмкую, Віцебскую, Магілёўскую і частку Мінскай», як асобная структура з названага органа не вылучалася. Новы орган улады — Абласны выканаўчы цэнтр — пачаў функцыянаваць у складзе 12 камісарыятаў.

Літаратура

правіць

Сяменчык, М. Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту / Мікалай Сяменчык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузелі—Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с. — С. 188—189. — ISBN 985-11-0214-8.