Савецкая плошча (Гродна)

(Пасля перасылкі з Савецкая плошча, Гродна)

Савецкая плошча — адна з галоўных плошчаў у цэнтральнай частцы Гродна. Размешчана на стыку вуліц Савецкай, Кірава, Карла Маркса, Стэфана Баторыя, Маставой, Замкавай, Калючынскай і Кастрычніцкай.

Савецкая плошча
Гродна
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Гродна
Ранейшыя назвы (Стары) Рынак, Ратушная, Парадная, Саборная, Стэфана Баторыя, Kirchplatz
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Плошча з боку касцёла

Старыя назвы — (Стары) Рынак, Ратушная, Парадная, Саборная, Стэфана Баторыя, Kirchplatz. Цяперашнюю назву атрымала ў 1940 годзе.

Гісторыя правіць

Пасля таго, як у 1376 годзе Гродна стала ўладаннем князя Вітаўта, горад знаходзіўся ў эканамічным росквіце. У 1389 Вітаўтам закладваецца драўляны касцёл на заходнім боку плошчы, а сама плошча звязваецца з дзядзінцам вуліцай Замкавай і на ёй размяшчаецца рынак. Рынак становіцца цэнтрам грамадскага і гандлёвага жыцця горада, мае квадратную форму. Пасля атрымання горадам Магдэбургскага права ў 1496 годзе, у 1513 на гарадскім пляцы будуецца Ратуша, якая мае вежу з гадзіннікам, а таксама гандлёвыя шэрагі. У 1540 на пачатку вуліцы Замкавай (на месцы сучаснага палаца культуры Тэкстыльшчыкаў) будуецца Замкавы двор, а ў 1560 на месцы сучаснага дома № 1 па вуліцы Савецкай — першая гарадская карчма.

На пярэднім боку будынак Ратушы, на заднім — палац Радзівілаў, пачатак XX ст.

Наступны этап плошчы звязаны з імем караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй і памёр тут. У 1586 годзе замест драўлянага будуецца каменны касцёл, а на ўсходнім боку пляца ў 1580 будуецца палац Баторыя, які захаваўся да нашых дзён.

Савецкая плошча ў пачатку XX стагоддзя, на дальнім боку відаць Сафійскі сабор (Фара Вітаўта). Здымак зроблены з будынка палаца Баторыя

Падчас вайны 1654—1667 спалена карчма, а горад разрабаваны.

Фотаздымак будынка Ратушы, 1932 г.

У 1673 годзе прынята рашэнне праводзіць кожны трэці Сейм Рэчы Паспалітай у Гродна, пасля чаго магнаты пачынаюць актыўна набываць землі горада для будаўніцтва рэзідэнцый. Да канца XVII ст. на паўднёвым боку плошчы будуецца палац Радзівілаў, а палац Баторыя перабудоўваецца ў палац Бжастоўскіх. Насупраць фары Вітаўта ў пачатку XVIII ст. будуецца езуіцкі касцёл, а ля яго ў 1709 — першы, а ў 1763 — другі паверх аптэкі. Абодва будынкі захаваліся амаль без зменаў. У пачатку XVIII ст. перабудаваны будынак палаца Баторыя выкарыстоўваецца для пасяджэнняў сейма, таксама перабудоўваецца і палац Радзівілаў. На той час плошча была выбрукавана, ля ратушы быў вырыты калодзеж.

Фара Вітаўта, пашкоджаная пажарам у канцы XIX ст.

Пасля Падзелаў Рэчы Паспалітай Гродна стала цэнтрам губерні ў Расіі. У 1803 годзе на тэрыторыі езуіцкага кляштара размяшчаюцца казармы і турма (якая размяшчаецца тут і ў нашы дні), у 1806 Фара Вітаўта перабудоўваецца ў праваслаўны Сафійскі сабор, у 1807 ратуша перабудоўваецца ў стылі класіцызму, паміж ёй і паўднёвым бокам плошчы закладваецца сквер з фантанам, рысы якога захаваліся і цяпер. У 1889 годзе яшчэ раз быў перабудаваны ў псеўдарускім стылі Сафійскі сабор. На паўночным боку плошчы ў 1898 годзе ўзводзіцца будынак дома Мураўёва ў стылі мадэрн, а ў 1910 годзе паўднёвы бок плошчы замыкаецца шараговай 2-павярховай забудовай з лаўкамі на першым паверсе.

Пасля падпісання Рыжскага дагавора ў 1921 годзе Гродна адыходзіць да Польшчы. Сафійскі сабор становіцца гарнізонным касцёлам і ў 1935 годзе перабудоўваецца ў гатычным стылі.

Падчас Другой сусветнай вайны быў моцна пашкоджаны паўдневы бок плошчы. Будынкі Ратушы і палаца Радзівілаў так і не былі ўзноўлены. Таксама быў знесены флігель палаца Баторыя і будынкі на паўночным боку плошчы. У 1950-я гады ў Цэнтральным скверы на плошчы пастаўлены фантан з дэкаратыўнай чашай у цэнтры круглага басейна (арх. М. Максімец)[1]. У 1958 годзе на заходнім боку плошчы быў збудаваны будынак Палаца культуры тэкстыльшчыкаў. А 29 лістапада 1961 года была ўзарвана Фара Вітаўта, на месцы якой так нічога і не было пабудавана. У 1962 годзе на гэтым месцы пасадзілі дрэвы, сквер знаходзіцца там і цяпер. У савецкі час на плошчы праходзілі дэманстрацыі.

У 2006 годзе плошчу адрамантавалі. На ёй знішчылі ўсе старыя дрэвы, прыбралі фантан. На момант знішчэння дрэвам каля Фарнага касцёла мусіла быць каля 80 гадоў. У некаторых крыніцах ёсць інфармацыя, што гэты ўчастак садзілі ўжо ў XIX ст. Вялікі сквер паміж цяперашнімі Маставой і Баторыя заклалі ў 1950-е на месцы разбуранага ў час вайны квартала.[2] У час рэканструкцыі плошчы збудавалі падземны пераход пад вуліцай Баторыя. Працы праходзілі з парушэннем заканадаўства.[3] Адзін з найстарэйшых археалагічных пластоў горада пашкодзілі – чыноўнікі выдалі дазвол на археалагічныя вышукі толькі праз месяц пасля пачатку земляных прац. У час пракладкі камунікацый зруйнавалі падмуркі палаца Радзівілаў. Супрацоўніца Міністэрства культуры спыняла працы, стаўшы пад экскаватар[4], гродзенская моладзь пратэставалі супраць руйнавання, захінаючы падмуркі сабой. Некаторыя знаходкі краязнаўцам і археолагам даводзілася вымаць проста з-пад каўша экскаватара.

Зараз плошча з'яўляецца месцам правядзення гарадскіх святаў.

Будынкі правіць

Паўночны бок правіць

 
Паўночны бок плошчы
 
Вул. Савецкая, 1. Будынак былога палаца Сангушак. Від з боку Савецкай плошчы.

№ 1 па вул. Савецкая: Двух- і трохпавярховы будынак. Помнік архітэктуры. Дом, вядомы як «Палац Сангушак», мае даўнюю гісторыю. Пабудаваны ў 1742 г. на месцы гарадской карчмы XVI ст. У другой палове XVIII ст. ім валодаў Антоній Тызенгаўз, а затым яго спадчыннікі. У XX ст. ў доме знаходзіліся: майстэрня гарадзенскага фотамайстра Гельгора, аптэка, крама канцтавараў, крама Лінніка па продажы швейных машын, веласіпедаў, матацыклаў, радыё-фотатавараў. Пасля вайны размяшчаліся прамтаварныя і харчовыя крамы, піўны ларок. У 1962 г. адкрылася дыетычная сталовая. Пасля закрыцця сталовай там некаторы час размяшчалася крама «Цацкі». У 1970-х — 1980-х гг. у будынку працавалі цырульня і крама «Саюздрук».

Цяпер з боку Савецкай плошчы знаходзяцца крама «Ратушная» (працуе пан.-пят. 9:00—20:00, суб.-няд. 10:00—17:00), крама адзення «Стыль» (працуе пан.-пят. 11:00—19:00, суб. 11:00—18:00, няд. 11:00—16:00).

 
Пл. Савецкая, 2. Будынак дома купца Мураўёва.

№ 2: дом купца Мураўёва — трохпавярховы будынак. Вылучаецца чырвоным колерам цэглы, з якой пабудаваны. Узведзены ў 1898, па іншых звестках, каля 1914 ці нават у 1890 годзе. Помнік архітэктуры стылю мадэрн. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 у будынку размяшчалася абласная бібліятэка імя Карскага. З канца 1980-х гг. дом не эксплуатуецца, цяпер на рамонце.

№ 23 па вул. Калючынская: трохпавярховы будынак. Быў пабудаваны да 1885 года. Тады гэта быў адзін з самых вялікіх будынкаў у горадзе. У ім размяшчаліся яўрэйскія школы. У савецкі час там быў інтэрнат, потым кватэры, якія адсялілі ў сярэдзіне 2000-х. Дом прастойваў каля 10 гадоў. У 2016 году яго набыў гродзенскі бізнесмен Станіслаў Сямашка. Пасля рамонтных прац у 2018 годзе на трох паверхах размясціліся апартаменты, на першым паверсе рэстаран каўказскай кухні.[5]

№ 2А па Савецкай плошчы: двухпавярховы будынак з мансардай, збудаваны ў 2022-2023 годзе Станіславам Сямашкам з парушэннямі археалагічнага нагляду.[6] Будынак перакрыў дом № 23 па Калючынскай.

Усходні бок правіць

№ 4: Комплекс кляштара езуітаў. Фарны касцёл і Аптэка.

 
Будынак аптэкі. Пл. Савецкая, 4.
 
Інтэр’ер музея ў аптэцы

Будынак былой аптэкі езуіцкага кляштара.

Двухпавярховы будынак. Помнік архітэктуры XVII—XVIII стагоддзяў. Першая на тэрыторыі Беларусі аптэка была заснавана ў 1687 годзе. Каменны будынак быў пабудаваны ў 1709 годзе, а ў 1763 быў дабудаваны другі паверх. Будынак амаль увесь час выконваў першапачатковую функцыю — аптэкі. Толькі пасля 1944 года і да пачатку 1990-х гг. у будынку размяшчаўся салон мэблі. Цяпер у будынку таксама размяшчаецца аптэка, медыцынскі музей, з боку двара — крама рэлігійных кніг і абразоў.

Пабудова аптэкі двухпавярховая, пастаўлена тарцом да вуліцы. Цікавы фасад па другім паверсе, у якім багата прадстаўлена архітэктура барока: з гаўбцамі і фігурным франтонам, развітымі апраўленнямі вокнаў, карнізнымі цягамі.

Аптэка працуе штодзённа з 8:00 па 21:00, нядзеля 9:00—18:00. Музей працуе аўт.-суб. 9:00—17:00. Уваход у музей бясплатны, праз аптэку. Крама рэлігійных кніг працуе па буднях 18:00—20:00, па святах 8:30—20:30.

№ 1 па вул. Маркса: трохпавярховы будынак. Вядомы як палац С. Баторыя ці «Баторыеўка». Помнік архітэктуры. Меркуецца, што ў гэтым будынку кароль С. Баторый праводзіў соймы Рэчы Паспалітай і прымаў амбасадараў. У гэтым будынку 15 снежня 1586, на трэці дзень пасля смерці Баторыя, для ўладкавання спрэчкі прыдворных лекараў П. Сымоні і Н. Бучэлла пра прычыну смерці караля, цырульнік Я. Зыгуліц зрабіў бальзамаванне цела караля. У далейшым будынак выкарыстоўваўся як каралеўская рэзідэнцыя, але з пачатку XVIII ст. вядомы ўжо як палац Сапегаў. У 1832 будынак перабудаваны. Пасля пажару 1885 вонкавы выгляд і планіроўка Баторыеўкі ізноў былі значна зменены, яго асноўны аб’ём стаў 3-павярховым. На пачатку XX ст. у будынку знаходзіліся цэнтральная гасцініца і прыватная гімназія К. Баркоўскай. Да 2021 года будынак займала Кафедра нармальнай анатоміі чалавека Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Заходні бок правіць

 
Галоўны фасад палаца культуры тэкстыльшчыкаў, пл. Савецкая, 6.

№ 6: Палац культуры тэкстыльшчыкаў — трохпавярховы, прамавугольны ў плане будынак, пабудаваны ў 1958 годзе на месцы старых камяніц па тыповаму праекту (архітэктар І. Рожын) з выкарыстаннем элементаў класіцызму. З тыльнага боку фасаду прымыкае паўкруглы ў плане аб’ём, дзе размешчана парадная лесвіца, а таксама частка фае. Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе каланады на ўсю вышыню будынка, якая ўтварае неглыбокую лоджыю з цэнтральным уваходам. На першым паверсе размешчаны вестыбюль, фае, клубныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя памяшканні. На другім паверсе знаходзіцца глядзельная зала на 400 месц, фае, танцпол, пакоі для кружкоў. На трэцім паверсе размяшчаецца лекцыйная зала на 120 месц.

Працяглы час існавала легенда, што будынак пабудаваны «задам наперад»: фасад, які выходзіць да Дома быту, павінен быць галоўным. Але са слоў дачкі прараба Р. Папова, які будаваў гэты будынак, пры ажыццяўленні праекта была прыбрана каланада перад галоўным фасадам, таму ён і выглядае незавершаным. У савецкі час перад галоўным уваходам падчас дзяржаўных святаў усталёўвалася трыбуна, ля якой праходзілі святочныя калоны.

У 2019 годзе будынак пачалі рэканструяваць на сродкі абласной інвестыцыйнай праграмы. Меркавалася, што будынак здадуць у верасні 2021 года. Гродзенскія мастакі, мастацтвазнаўцы і экскурсаводы заклікалі арганізаваць там мастацкі музей з прасторай для сучаснага мастацтва. Улады вырашылі перадаць палац гісторыка-археалагічнаму музею пад экспазіцыю прыроды і гісторыі Гродзенскай вобласці. У выніку праект паставілі на паўзу праз недахоп сродкаў, пасля ад ідэі адмовіліся. У пачатку 2024 года гарадскія ўлады абвесцілі, што там будзе Палац шлюбаў, дзе таксама будуць праводзіць урачыстасці і выставы.[7]

Паўднёвы бок правіць

На паўднёвым боку няма ніякіх пабудоў, і таму вызначыць дакладна межы плошчы цяжка. Раней тут знаходзіліся Ратуша і палац Радзівілаў.

Цікавыя аб’екты правіць

Зноскі

  1. Фонтаны // Гродно: Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1989. — 440 с. — ISBN 5-85700-015-7.
  2. “Уничтожили за один вечер”. Как 15 лет назад Советская площадь осталась без единого дерева . Hrodna.life - навіны Гродна (29 лютага 2024). Праверана 29 лютага 2024.
  3. Ліст ад УП "БЕЛНІІПГРАДАБУДАУНІЦТВА" – працы ў цэнтры Гродна не ўзгадняліся з градабудаўнічымі праектамі(нявызн.). harodnia.comharodnia.com. Праверана 29 лютага 2024.
  4. В Гродно уничтожают фундамент Дворца Радзивиллов(нявызн.). harodnia.comharodnia.com. Праверана 29 лютага 2024.
  5. "Аб'ект будзе вельмі вясёленькі". Сямашка адкрыў у цэнтры Гродна свой палац . Hrodna.life - навіны Гродна (29 лютага 2024). Праверана 29 лютага 2024.
  6. Сохранить_ невозможно_ уничтожить. Что не так со стройкой возле дома Муравьева и почему раскопки там были необходимы (руск.). Hrodna.life - новости Гродно (29 лютага 2024). Праверана 29 лютага 2024.
  7. HL. Стала вядома, што будзе ў Палацы тэкстыльшчыкаў, які стаіць пусты ўжо пяць гадоў . Hrodna.life - навіны Гродна (22 лютага 2024). Праверана 29 лютага 2024.

Літаратура правіць

  • Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.

Спасылкі правіць