Саламея Русецкая

першая ў Рэчы Паспалітай жанчына-доктар, аўтар мемуараў

Саламея Рэгіна Русецкая, па мужах Гальпір, або Гальпірова, і Пільштын, або Пільштынова (1718 — пасля 1760) — першая ў Рэчы Паспалітай жанчына-лекарка, вандроўніца, асветніца. Паводле Д. Кашавара, прыдворны доктар асманскіх султанаў Махмуда І, Мустафы ІІІ і расійскай імператрыцы Ганны Іванаўны[3], таксама лекар у рэзідэнцыі вялікага гетмана літоўскага Міхала Радзівіла Рыбанькі. Аўтар польскамоўных мемуараў «Авантуры майго жыцця».

Саламея Русецкая
Род дзейнасці афтальмолаг, мемуарыстка, урач, падарожнік, пісьменніца
Дата нараджэння 1718[1][2]
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1763
Грамадзянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзілася ў Наваградскім ваяводстве ў сям’і шляхціча[3] Яўхіма Русецкага. Паводле Д. Кашавара, яшчэ да замужжа навучылася чытаць і пісаць, ведала і польскую, і старабеларускую, трапна страляла з пісталета і мушкета[3]. У 1731 годзе 13-гадовую Саламею выдалі замуж за лекара — немца Якуба Гальпіра, і маладыя накіраваліся ў Стамбул, дзе Гальпір пачаў лекарскую практыку. Саламея зацікавілася справамі мужа і неўзабаве пачала яму дапамагаць. Вызначалася назіральнасцю, розумам і здольнасцямі, таму неўзабаве авалодала метадамі лячэння і пачала практыкываць самастойна. Знаёмы іракскі лекар раскрыў ёй спосабы і сродкі лячэння хвароб вачэй. Паводле Д. Кашавара, лепей за ўсё Саламеі атрымлівалася выразаць катаракту[3]. Праз пэўны час набыла досыць досведу, каб атрымаць афіцыйны дазвол на лекарскую дзейнасць. У мемуарах называла сябе акулісткай. Вывучыла нямецкую, турэцкую, рускую і лацінскую мовы.

Слуга Гальпіра, італьянец, навучыў Саламею асновам лацінскай мовы, і яна змагла выпісваць рэцэпты. Набытыя кнігі па медыцыне і фармакалогіі дапамаглі ёй удасканальваць веды. Сярод самых вядомых пацыентаў лекаркі ў гэты час быў трансільванскі князь Іожаф Ракачы  (венг.), галоўны прэтэндэнт на венгерскі прастол.

У 1733 годзе нарадзілася дачка Канстанцыя[3].

Аднойчы Саламея выручыла свайго мужа, які быў абвінавачаны ў смерці аднаго з набліжаных султана. Вінаватым аказаўся канкурэнт мужа — аптэкар Фансека, які падліў атруту ў мікстуру. Добрае імя Гальпіраў было захавана.[3]

Неўзабаве цяжка захварэла, у яе ўсохла нага, а боль працінаў усё цела. У 1735 годзе Якуб Гальпір, узяўшы ўсе зберажэнні, з'ехаў у Боснію, дзе яму абяцалі лепшы заробак, Саламея наняла фурманку і з малой Канстанцыяй і двума старымі слугамі паехала за мужам. Дарогай займалася лекарскай дзейнасцю, шлях праходзіў праз балгарскія гарады Ямбол, Пазарджык, Філібе (цяпер Плоўдзіў), пры сустрэчы са злодзеем Хусейнам Рудым праявіліся і камунікацыйныя здольнасці Саламеі.[3]

Пасля заўчаснай смерці мужа ў Босніі Русецкая атрымала ў спадчыну значныя сродкі, якія выдаткоўвала ў асноўным на вандроўкі і справы міласэрднасці, у т. л. на выкуп палонных. Такім чынам, за 300 чырвонцаў, яна выкупіла і свайго будучага другога мужа, афіцэра Юзафа Фартуната дэ Пільштына, разам у 1739 годзе яны вярнулася на радзіму. Як лекарку яе запрасілі Міхал Радзівіл Рыбанька і яго жонка Францішка Уршуля Радзівіл. У Нясвіжы паспяхова працягвала медыцынскую практыку.

Заручыўшыся рэкамендацыямі магнатаў, Саламея надумала паехаць у Пецярбург. У Расіі імператрыца Ганна Іванаўна наблізіла Русецкую да сябе, прыняла яе ў штат прыдворных слуг. Пэўны час Русецкая практыкавала ў Вене, лячыла членаў асманскага пасольства і асабіста[3] аўстрыйскага імператара. У Вене нарадзіўся сын Францішак-Ксаверы Пільштын[3]. Апошняе вядомае месца лекарскай практыкі — Стамбул. Гэтым разам сярод пацыентаў былі асманскія саноўнікі, сёстры султана і жанчыны яго гарэма.

У 1760 годзе са Стамбула Русецкая паломнічала да Святых месцаў, у планах было наведванне Палесціны і Егіпта. Далейшы лёс невядомы.

Спадчына правіць

 
Першая старонка запісак Саламеі Русецкай

Пакінула цікавы ўзор эпісталярнай спадчыны — дзённік-кнігу пад назвай «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў…» (польск.: Echo na świat podane procederu podróży i życia mego awantur…), мудрагелістая назва адпавядала тагачаснаму стылю барока. Кніга Русецкай-Пільштыновай вядома таксама як «Авантуры майго жыцця» (польск.: Proceder podróży i życia mego awantur). Твор вызначаецца і як барочны прыгодніцкі раман з рысамі аўтабіяграфізму. Мемуары Саламеі выступаюць крыніцай па гісторыі і геаграфіі, дзе аўтарка перадала свае ўспаміны і ўласныя разважанні, цікавыя замалёўкі людзей, што сустракала ў вандроўках па краінах Захаду і Усходу. Шмат месца ў кнізе адведзена апісанню побыту і нораваў розных народаў, выкладзены метады лячэння розных хвароб. Лекарка шмат у чым абапіралася на здабыткі народнай медыцыны, расказвала пра яе тагачасны ўзровень, распаўсюджвала вучэнне пра гігіену і фізічнае выхаванне.

Літаратар Альгерд Бахарэвіч звяртае ўвагу, што была ў Саламеі камерцыйная жылка:[4]

 

…чытаючы «Авантуры», не перастаеш зьдзіўляцца, зь якім чыста ўсходнім, перанятым ёй, відаць, ад стамбульцаў спрытам яна, застаўшыся бяз тынфа ў кішэні, хутка зарабляе ня толькі на ежу, але і на тое, каб дапамагаць безьлічы іншага народу: сваім шматлікім бесталковым мужыкам, сыну, нейкім незнаёмым людзям, нявольнікам-туркам — і ўласным нявольнікам.

 

Арыгінал мемуараў Саламеі Русецкай захоўваецца ў музеі князёў Чартарыйскіх у Кракаве, датуецца 1760 годам. Упершыню кніга Русецкай выйшла ў Польшчы ў 1957 годзе. У Беларусі дзённік выдадзены ў перакладзе Міколы Хаўстовіча ў 1993 годзе.

Беларускія пераклады правіць

  • Авантуры майго жыцця: Раман / Пер. з пол. М. Хаўстовіча. — Мн.: Маст. літ., 1993. — 381 с.
  • Авантуры майго жыцця: [раман: для старэйшага школьнага ўзросту] / Саламея Пільштынова. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2008. — 332, [1] с. — (Бібліятэка школьніка) ISBN 978-985-02-1052-4
  • Авантуры майго жыцця: [раман] / Саламея Пільштынова. — Мн.: Попурри, 2015. — 381, [1] с. — (Мая беларуская кніга) ISBN 978-985-15-2486-6

Ушанаванне памяці правіць

300-годдзе з дня нараджэння навагрудскай лекаркі было адзначана ў Спісе памятных дат ЮНЕСКА. Круглы стол, прысвечаны асобе Саламеі Русецкай, прайшоў у НАН Беларусі ў лістападзе 2018 года.

Зноскі

  1. Salomea Regina Pichelsteinowa // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. Salomea Regina Pilsztynowa // MAK
  3. а б в г д е ё ж з Кашавар 2020.
  4. Бахарэвіч А. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012.

Літаратура правіць

  • Асветнікі зямлі Беларускай. Х — пачатак ХХ ст. : энцыклапедычны даведнік / рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) i iнш.; 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2006. — С. 353.
  • Грыцкевіч, В. П. Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая / В. П. Грыцкевіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — 53 с. — (Нашы славутыя землякі)
  • Кашавар Д. В. Беларускія жанчыны, якія апярэдзілі час. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2020.

Спасылкі правіць