Самаране

(Пасля перасылкі з Самарыцяне)

Самара́не, або самарыця́не (іўр.: שומרונים) — этна-канфесійная група яўрэяў Ізраіля. Агульная колькасць (2015 г.) — 777 чал.

Самаране
(שומרונים)
Агульная колькасць 777 (2015 г.)
Рэгіёны пражывання  Ізраіль
Мова іўрыт, арамейская
Рэлігія іўдаізм
Блізкія этнічныя групы астатнія яўрэі

Паходжанне правіць

Існуюць дзве супрацьлеглыя версіі паходжання самаран. Першая абапіраецца на Біблію і меркаванні часткі іўдзейскіх пісьменнікаў, якія лічылі самаран нашчадкамі прышлага насельніцтва. Пасля заваявання старажытнай Ізраільскай дзяржавы ў 722 г. да н. э. Сарган II высяліў адсюль 27290 жыхароў у Месапатамію. На іх месца ў Самарыю былі пераселены выхадцы з Двурэчча. Згодна з паданнем, іўдзейскі Бог даслаў ільвоў, каб забіць іх. Таму Сарган II адправіў да перасяленцаў іўдзейскага святара навучыць іх божым пастановам. У далейшым яны ўшаноўвалі як іўдзейскага Бога, так і сваіх паганскіх багоў. Пасля вяртання яўрэяў на радзіму самаране працягвалі адрознівацца ад мясцовага насельніцтва сваёй рэлігіяй і традыцыямі.

Другая версія належыць самім самаранам. Яны сцвярджаюць, што паходзяць ад старажытных яўрэяў з Ефраімава і Манасіева пакаленняў. Пасля смерці Ісуса Навіна паміж яўрэямі адбыўся рэлігійны раскол. Самаране з’яўляюцца нашчадкамі адной з дзвюх груп, якая адасобілася ад асноўнай. Сваё найменне яны тлумачаць не жыхарствам у вобласці Самарыя, а тэрмінам іўр.: שַמֶרִים «ахоўнік» традыцый. Генетычныя даследаванні пацвярджаюць версію адзінага або вельмі блізкага паходжання самаран з астатнімі палесцінскімі яўрэямі.

Гісторыя правіць

Адносіны паміж самаранамі і традыцыйнымі іўдаістамі заўсёды заставаліся вельмі напружанымі з моманту вяртання яўрэяў у Палесціну ў 538 г. да н. э. Самаране не ўдзельнічалі ў пабудове новага храма ў Іерусаліме, а шанавалі Бога ў сваім храме на гары Герызім. У час уваходжання Палесціны ў склад дзяржавы Селеўкідаў (312 — 64 гг. да н. э.) сталыя нападкі з боку прыхільнікаў іерусалімскага храма вымусілі самаран арыентавацца на эліністычныя колы. У II ст. да н. э. яны цалкам адмовіліся ад атаяснення з іўдзеямі і падтрымалі агульнадзяржаўныя культы. Храм на гары Герызім быў афіцыйна прысвечаны Зеўсу. У 128 г. да н. э. храм быў разбураны Хасманеямі. Пра тое, што варожыя адносіны да самаран захоўваліся і пасля гэтай падзеі, сведчаць сачыненні Іосіфа Флавія, Кумранскія рукапісы, а таксама прытча аб добрым самараніне ў Новым Запавеце.

Пасля ўваходу Палесціны ў склад Рымскай імперыі і задушэння рымлянамі іўдзейскіх паўстанняў самаране ўзнавілі свой храм на гары Герызім, вялі актыўную дзейнасць як на тэрыторыі імперыі, так і ў суседняй дзяржаве Сасанідаў. У пачатку IV ст. легендарны самаранскі першасвятар Баба Раба канчаткова ўсталяваў адзіныя каноны літургіі.

Пасля прыняцця хрысціянства стаўленне імперскіх улад да самаран рэзка змянілася. У час кіравання Зянона Ісаўра самаране падвергліся ганенням. У 484 г. самаране паўсталі. Яны захапілі некалькі цэркваў, абразілі хрысціянскага епіскапа і абвясцілі сваю дзяржаву з цэнтрам у Кейсарыі. Паўстанне было задушана, а адсечаная галава правадыра Хуста падаравана хрысціянамі Зянону Ісаўру. У 529 г. самаране зноў паўсталі. У адказ імператар Юстыніян I разгарнуў шырокія рэпрэсіі, храм на гары Герызім зноў быў разбураны, а вера самаран апынулася пад забаронай.

Пасля арабскага заваявання Блізкага Усходу значная частка самаран прыняла іслам. Колькасць астатніх самаран стала скарачалася з-за звычаю эндагаміі — шлюбаў толькі знутры сваёй абшчыны. Да канца XX ст. захавалася толькі 4 роды, паміж прадстаўнікамі якіх магчымы шлюбы.

Падчас станаўлення дзяржавы Ізраіль прыхільнікі сіянізму разглядалі самаран як частку яўрэйскага народа і імкнуліся інтэграваць іх у ізраільскую супольнасць. У выніку самаране атрымалі ў Ізраілі статус рэлігійнай меншасці. У нашы дні большасць самаран жыве ў паселішчы Кір’ят-Луза на тэрыторыі Палесцінскай аўтаноміі і ў горадзе Халон каля Хайфы.

Рэлігія правіць

Рэлігія самаран — монатэізм, заснаваны на веры ў адзінага Бога. Галоўнай сакральнай кнігай самаран прызнаецца Тора, якая складаецца з версіі Пяцікніжжа, адрознай ад іўдзейскай і хрысціянскай. Акрамя таго, шануюцца гістарычныя аповеды, маецца ўласная агіяграфія. Галоўнае сакральнае месца — гара Герызім, якую абавязкова наведваюць у пасху. Для самаран характэрна эндагамія — дазвол шлюбаў толькі з прадстаўнікамі сваёй рэлігіі.

Мова правіць

Іўрыт — мова набажэнства, з сярэдзіны XX ст. шырока ўжываецца ў побыце. Да гэтага часу асноўнай гутарковай мовай быў асобны арамейскі дыялект.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць