Самуэль Кміціч
Самуэль Кміціц (? — 1692), стражнік Вялікага Княства Літоўскага, палкоўнік. Паходзіў з аршанскай шляхты.
Самуэль Кміціч | |
---|---|
![]() | |
Нараджэнне |
1630
|
Смерць | 1692[1] |
Род | Q63532409? |
Дзейнасць | ваенны, палітык |
Вайсковую службу пачаў паручнікам у 1654. У час вайны 1654—1667 гг. быў сярод афіцэраў, якія ўзбунтаваліся супраць Януша Радзівіла і стварылі вайсковую канфедэрацыю ў Вербалове (1655). Вызначыўся гераізмам у вайне са шведамі. Увосень 1658 прывёў вайсковае злучэнне (12 харугваў) на Віцебшчыну для падтрымкі сялянска-шляхецкага партызанскага руху. Удзельнічаў у бітве пад Палонкай (1660) і пераследзе Хаванскага, у бітве пад Кушлікамі (1661). На чале палка хадзіў на Смаленшчыну (1663), пад Рослаўль і Бранск (1664), ваяваў з Хаванскім пад Полацкам (1665). У канцы вайны стаяў з палком на поўначы Беларусі, блакуючы маскоўскую залогу ў Полацку. Пасля Андрусава стала жыў на Аршаншчыне. Меў маёнткі Невадніцу ў Гарадзенскім, Краснае Сяло ў Менскім, Сідрычын у Варшанскім паветах. Да канца жыцця актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны.
Вобраз Кміціца, паслужыў прататыпам для Анджэя Кміціца ў рамане Генрыка Сянкевіча «Патоп».
Зноскі
- ↑ Samuel Kmicic (h. Radzic) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
ЛітаратураПравіць
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — ISBN 5-343-01637-5
- Tadeusz Wasilewski Samuel Kmicic // Polski Słownik Biograficzny, t. XIII, 1967—1968. — S. 81-83.
- Konrad Bobiatyński Testament strażnika wielkiego litewskiego Samuela Kmicica // Rocznik Lituanistyczny № 4, 2018. — S. 137—158.