Санаторна-курортнае лячэнне

Санаторна-курортнае лячэнне, від медыцынскай дапамогі, якая аказваецца ў санаторна-курортных арганізацыях, заснаваны на прымяненні пераважна прыродных лячэбных фактараў. Мэта яго — захаванне і ўмацаванне здароўя грамадзян, павышэнне якасці іх жыцця, паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

Санаторна-курортныя арганізацыі прадастаўляюць санаторна-курортныя паслугі і размешчаныя на курортах ці ў лячэбна-аздараўленчых мясцовасцях: санаторый (для дарослых, дарослых і дзяцей, дзяцей), студэнцкі санаторый-прафілакторый, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр.

Студэнцкі санаторый-прафілакторый — санаторна-курортная арганізацыя для аказання санаторна-курортных паслуг, у тым ліку без адрыву ад вучобы, асобам, якія навучаюцца ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі.

Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр — санаторна-курортная арганізацыя для дзяцей, якія пацярпелі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых тэхнагенных катастроф, у якой прадастаўляюцца санаторна-курортныя паслугі з арганізацыяй навучальна-выхаваўчага працэсу.

У Рэспубліцы Беларусь арганізацыю і каардынацыю дзейнасці па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ажыццяўляе Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Навуковыя распрацоўкі ў гэтай сферы ажыццяўляюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, навукова-даследчымі ўстановамі і ўстановамі адукацыі Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі. Падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый ажыццяўляецца ва ўстановах Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства гандлю і іншых арганізацыях.

Асноўныя задачы і кірункі дзяржаўнай палітыкі па аптымізацыі санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва вызначае Канцэпцыя санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь 4 лістапада 2006.